Анатоль Сыс: Чалавек агню

У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў на мінскіх мітынгах ды акцыях часта можна было сустрэць маладога коратка стрыжанага хлопца з вусікамі і бародкай. Ён заўсёды стаяў у першых шэрагах, выступаў выключна на беларускай мове, палымяна і бескампрамісна.
Анатоль Сыс 25 сакавіка 1989 года ў скверы Янкі Купалы г. Мінска. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011.

Анатоль Сыс 25 сакавіка 1989 года ў скверы Янкі Купалы г. Мінска. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011.

Рысы ягонага твару хутчэй нагадвалі бязлітаснага іспанскага канкістадора. Такім, у прынцыпе, ён і быў, калі справа тычылася адраджэння Беларушчыны. У звычайным жыцці лічыўся ранімым і самотным, хаця ягоныя зборнікі «Агмень» і «Пан лес» сталі сапраўдным прарывам у беларускай літаратуры. Калі б не яго заўчасная, трагічная і недарэчная смерць, то легендарнаму айчыннаму паэту Анатолю Ціханавічу Сысу 26 кастрычніка споўнілася б 60 гадоў.

Першы з першых


Апошнія гады папулярнасць набірае акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» калі грамадскія і культурніцкія дзеячы і актывісты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ладзяць у Курапатах чытанні забітых сталінскімі катамі ў страшэнным 1937 годзе беларускіх літаратараў. Аднак мала хто ведае, што адным з натхняльнікаў такой традыцыі быў Анатоль Сыс.

Праўда, здарылася гэта не ў Курапатах, а ў сталічным парку імя Янкі Купала. І здарылася даволі даўно — 1 лістапада 1987 года, калі там па ініцыятыве «нефармальных» арганізацый «Талака» і «Тутэйшыя» адбыўся мітынг, прысвечаны Дню памяці продкаў («Дзяды»).

Па ўспамінах удзельнікаў, у прыватнасці, Кастуся Тарасава, на мітынгу сабралася каля 300 чалавек — даволі няшмат па сучасных мерках, аднак — сапраўдная нечаканасць па тагачасных савецкіх. На мітынг прыйшлі людзі, якія канчаткова ўсвядомілі, што сталінізм— зло, таму павінен быць незваротна асуджаны.

Мінскія партыйныя ўлады былі ў шоку. Але ж правакацый чакалі і самі ўдзельнікі. Бо памяталі падзеі 20 красавіка 1986 года, калі нацкаваныя ўладамі савецкія воіны-інтэрнацыяналісты («афганцы») літаральна разграмілі ля Траецкага прадмесця дзіцячае свята «Гуканне вясны». Школьнікам закідвалася тое, што такім чынам яны адзначаюць дзень народзінаў … Адольфа Гітлера.

Праўда, 1 лістапада 1987 года ўсё прайшло мірна. Як успамінаў кіраўнік «Тутэйшых» Алесь Бяляцкі, «хапуна» не было: кіраўніцтва рэспублікі банальна разгубілася, бо за 60 гадоў савецкай улады аніякіх непадкантрольных мітынгаў і быць не магло.

І ўсё ж інтрыга мела месца, як і яе наступствы. І інтрыгу ўнёс менавіта Анатоль Сыс. Ён выступіў пасля Кастуся Тарасава, які заявіў, што Дзяды аб’ядноўваюць усе ахвяры беларускага народа: не толькі часоў савецкіх рэпрэсій, але і падзелаў Рэчы Паспалітай і інш.

Спачатку Сыс зачытаў свой «Маналог “тутэйшага”». Арганізатары мітынгу не мелі адпаведную апаратуру, таму чытаць трэба было жывым голасам. Натоўп слухаў у поўным маўчанні.

Затым Анатоль Ціханавіч распачаў сваю знакамітую прамову, прысвечаную памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Калі меркаваць па тэксце, то гэтая прамова, хутчэй за ўсё, была вынікам калектыўнай працы. У ёй яшчэ мелі месца аглядкі на саветчыну. Так, Сыс прыводзіў прыклад ленінскай нацыянальнай палітыкі ў форме беларусізацыі, акцэнтаваў увагу на тое, што Браніслаў Тарашкеіч з-за сваёй вялікай папулярнасці быў абраны (завочна) у Прэзідыўм Антыфашысцкага камітэта ў Парыжы разам з Максімам Горкім і Эрнстам Тэльманам.

Аднак у прамове было сказана і такое, што без перабольшвання можна лічыць сапраўдным узрушэннем падмуркаў савецкай прасторы. Рэпрэсіі 1920-х-канца 1930-х гадоў на Беларусі Анатоль Сыс назваў не іначай як генацыдам, бо сталіністы выбіралі для катавання «самых разумных, самых сумленных, тых, хто не ўмеў і не жадаў схіляць галаву».
Анатоль Сыс 25 сакавіка 1989 года ў скверы Янкі Купалы г. Мінска. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011.

Анатоль Сыс 25 сакавіка 1989 года ў скверы Янкі Купалы г. Мінска. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011.


За Сталіна!


Улады мусілі неяк адказаць. На ролю тарана быў абраны малады, але ўжо вядомы і, безумоўна, таленавіты журналіст Анатоль Майсеня, які ў будучым са з’яўленнем Аляксандра Лукашэнкі на палітычнай арэне будзе захапляцца новым кумірам, аднак неўзабаве кіне выклік новаму рэжыму. Цалкам рэалізаваць сябе Майсеня не паспеў, бо заўчасна трагічна загінуў у 1996 годзе, як раз напярэдадні сумнавядомага лукашэнкаўскага рэферэндуму.

У сярэдзіне лістапада 1987 года Анатоль Майсеня выступіў са старонак галоўнай партыйнай газеты рэспублікі «Советская Белоруссия» з артыкулам «Мера памяці: палемічныя нататкі з нагоды адной падзеі, што адбывалася 1 лістапада ў Мінску». Аўтар прызнаў наяўнасць масавых парушэнняў законнасці ў гады кіравання Сталіна ў адносінах да самых шырокіх колаў насельніцтва, аднак, не называючы ні імёнаў, ні прозвішчаў, абрынуўся з рэзкай крытыкай на ўжыванне тэрміну «генацыд». Майсеня лічыў, што Сталін пры ўсёй сваёй супярэчнасці ніколі не вёў свядомую палітыку, накіраваную на знішчэнне свайго народа. Таму, лічыў Анатоль Майсеня, выступоўцу не зашкодзіла б, перш чым рабіць крок на трыбуну, хаця б разабрацца ў тэрмінах.

Не трэба забываць і тое, што на двары стаяў 1987 год, а таму шматлікія і важныя дакументы былі невядомыя даследчыкам. Аднак калі б вастрыё крытыкі Майсеня накіраваў толькі супраць неабгрунтаванага выкарыстання тэрмінаў, было б поўбяды. Справа ў тым, што ў артыкуле пад сумнеў ставіўся тагачасны нефармальны рух на Беларусі з ягонымі «таннымі» нацыяналістычнымі ідэямі і г.д. Таксама Майсеня выказаўся за рэалізацыю ў рэспубліцы палітыцы двухмоўя (беларуская мова ў такім выпадку ператваралася ў даважак да рускай).

Чым далей у лес…


Артыкула Майсені ўладам падалося мала, на іх погляд ён атрымаўся залішне мяккім. І вось 29 снежня 1987 года тая ж «Советская Белоруссия» надрукавала артыкул Валянціна Пепяляева «Памяць добрая і злая», у якой абвінаваціла Анатоля Сыса ў палітычнай блізарукасці. Пепяляеў катэгарычна адмовіў у палітычнай рэабілітацыі вядомых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка і Аляксандра Цвікевіча. Маўляў, яны заўсёды выступалі супраць савецкай улады, а Лёсік 25 красавіка 1918 года разам з іншымі лідарамі БНР падпісаў тэлеграму кайзеру Вільгельму II.

На дапамогу — Быкаў!


На абарону ўдзельнікаў мітынгу 1 лістапада, а значыць, і Сыса, стаў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. 9 студзеня 1988 года «Советская Белоруссия» надрукавала яго артыкул «Пытанні, што чакаюць адказу», у якім Быкаў абвінаваціў Майсеню і Пепяляева ў тым, што яны па сутнасці ўводзяць размову ў бок. Іх асноўны прыём, сцвярджаў Быкаў, — абвязковая спасылка на нашых ідэалагічных праціўнікаў з іх гатоўнасцю выкарыстаць супраць нас любы наш недахоп і ўжо напэўна — любое наша прызнанне ва ўласных памылках. Таму ўсе спробы штосьці патлумачыць з драматычных падзеяў трыццатых гадоў аўтары дзвюх публікацый зводзяць да доказаў таго, што многія кіраўнікі, культурныя і навуковыя дзеячы рэспублікі былі рэпрэсаваныя цалкам абгрунтавана, што важкіх прычынаў для перагляду іх справаў няма.

Жыве Беларусь!


Анатоль Сыс увайшоў у нашу гісторыю і тым, што ўпершыню на шматлюдным мітынгу выгукнуў словы «Жыве Беларусь!». Здарылася гэта 20 сакавіка 1988 года. Справа ў тым, што на той час сталічныя ўлады былі апантаныя пабудовай другой веткі метро, што пагражала ўнікальнаму помніку — Кафедральнаму сабору. Прадстаўнікі «Талакі» і «Тутэйшых» выступілі рашуча супраць. На іх бок стаў вядомы мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк. На старонках «Известий» праціўнікаў метро падтрымаў Васіль Быкаў.

У той дзень, па ўспамінах удзельнікаў, сабралася каля тысячы чалавек. Арганізатары добра падрыхтаваліся, бо ў натоўпе луналі лозунгі «Верхні горад — экзамен перабудовы», «Повернуть метро вспять!» і інш. І раптам Сыс, які на мітынгу зачытаў свой бессмяротны «Маналог Апанаса Філіповіча («У гэтай краіне не маю я дому…»), крыкнуў: «Жыве Беларусь!»

 Анатоль Сыс чытае верш «Маналог Апанаса Філіповіча» на мітынгу ў Мінску 20 сакавіка 1988 года. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011

 Анатоль Сыс чытае верш «Маналог Апанаса Філіповіча» на мітынгу ў Мінску 20 сакавіка 1988 года. Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988-2009. Вільня, Беласток, 2011

Сяргей Вітушка, лідар «Талакі» праз шмат гадоў успамінаў, што быў вельмі незадаволены, бо існавала дамоўленасць: ніякай палітыкі.

Ініцыятыва Сыса выклікала незадаволенасць і ўладаў. Адзін за адным у рэспубліканскім друку выходзілі гнеўныя артыкулы кшталту «Эволюция политического невежества» и др.

Анатолю Сысу адмовіў …Сыс


Слынны паэт спрычыніўся да яшчэ адной значнай і трагічнай падзеі — мітынгу ў Мінску ў Дзень памяці продкаў 30 кастрычніка 1988 года. У адрозненні ад лістападаўскіх леташніх гэтыя «Дзяды», як вядома, былі брутальна разагнаныя. Аднак заяўку на правядзенне падаваў менавіта Анатоль Сыс разам з кіраўніком «Тутэйшых» Алесем Бяляцкім. Заявы былі накіраваныя ў Першамайскі і Савецкі раёны сталіцы, аднак мясцовая адміністрацыя забараніла мітынг і абмежавалася фармальнымі адпіскамі. Камічным было тое, што тагачасны кіраўнік Савецкага раёна таксама меў прозвішча Сыс.

 Заява Алеся Бяляцкага і Анатоля Сыса аб правядзенні мітынгу. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 Заява Алеся Бяляцкага і Анатоля Сыса аб правядзенні мітынгу. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Адмова адміністрацыі Савецкага раёна Мінска аб правядзенні мітынгу. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.


Анатоль Сыс — у сваім родзе велічная і адначасовая супярэчлівая постаць, якая патрабуе далейшага дэталёвага вывучэння. Можна пагадзіцца са словамі Сяржука Сыса аб тым, што Анатоль Ціханавіч стварыў не толькі свае лепшыя вершы, а быў яшчэ і палітыкам, прычым нацыянальная свядомасць, усведамленне неабходнасці пераменаў прыйшлі да Анатоля Сыса амаль адначасова з паэзіяй.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!