«Апошні са страчанай паліталогіі». Якім быў Уладзімір Роўда?

Памёр Уладзімір Роўда, беларускі палітолаг, аўтар шматлікіх артыкулаў, трохтомнага падручніка «Параўнаўчая паліталогія» і надзвычай цікавага і грунтоўнага падручніка «Палітычная сістэма Рэспубліка Беларусь», выдадзенага ў ЕГУ ў Вільні. 
Крытычны паліталагічны падручнік не мог і дасюль не можа выйсці ў Беларусі. Дарэчы, аналітычная і дынамічная прадмова да падручніка, напісаная У. Роўдам, цудоўна ўводзіць у беларускую палітычную тэму і сталася першай крытычнай чытанкай для многіх французскіх палітычных журналістаў, якія цікавіліся Беларуссю.

У 1990-ыя гады Уладзімір Роўда актыўна прымаў удзел у адукацыйнай грамадзянскай супольнасці, разам з Віктарам Чарновым, яшчэ адным заўчасна памерлым палітолагам, выдаваў часопіс «Грамадзянская альтэрнатыва». Супрацоўнічаў з мінскім ЕГУ. Так, некаторыя студэнты-палітолагі з франка-беларускага факультэта праходзілі практыку, пісалі артыкулы ў часопісе. У. Роўда часта выступаў, як палітычны аналітык. Вядомы як прынцыповы беларускамоўны палітолаг: выкладаў па-беларуску, шмат крытыкаваў, дзе б ні працаваў, непрынцыповую пазыцыю ў пытанні падтрымкі беларускай мовы. У размовах і на лекцыях заўсёды казаў: «Паліталогія ў Беларусі мусіць развівацца толькі па-беларуску». Выкладаў у «Беларускім Калегіюме».

Роўда належаў да генерацыі беларуска-савецкіх палітолагаў, якія навучаліся і сфарамаваліся як спецыялісты за савецкім часам. Побач з Роўдам варта паставіць такія імёны, як Сяргей Панькоўскі, Святлана Навумава, Ірына Бугрова, Віктар Чарноў. Усіх іх мы заўчасна страцілі, усе яны належаць да страчанай беларускай незалежнай паліталогіі. Усе яны прыйшлі з сумежных дысцыплін, не былі чыстымі палітолагамі па адукацыі, але выбралі палітыку як тэму і дысцыпліну ў якасці даследчай і выкладчыцкай працы.

Палітолаг і філосаф (кандыдат філасофскіх навук) У. Роўда быў сучасным праеўрапейскім мысляром, якога ніяк не назавеш кабінетным палітолагам, бо ён шмат супрацоўнічаў з рознымі партыямі, кансультаваў палітыкаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. У шматлікіх інтэрв'ю падкрэсліваў свой палітычны, часцяком не модны, выбар для Беларусі: курс на еўрапеізацыю і хаўрус толькі з ЕС.

Ён чуйна рэагаваў на новыя павевы як у акадэмічным вымярэнні (напрыклад, кпіў з палітолагаў, якія не разумелі гендарнай прызмы ў палітыцы; актыўна ўводзіў у палітычную навуку чыннік палітычнай культуры), так і ў грамадскай сферы (крытыкаваў не толькі афіцыйныя ўлады, але і беларускую апазіцыю за кансерватызм, а яшчэ крытыкаваў два бакі ў тым, што яны не вучацца на сваіх памылках).

Апошнія гады займаўся палітычнай думкай Аляксіса дэ Таквіля і актуальнасцю яго думкі ў 21 стагоддзі.

Навучаючыся ў мінскім ЕГУ на паліталогіі ў канцы 90-х гадоў 20 стагоддзя, я пазнаёміўся з У. Роўдам на адным з семінараў у 1999 годзе. Спадар Уладзімір тады не працаваў у мінскім ЕГУ, ён далучыўся да ЕГУ пазней, пасля пярэбараў у Вільню. Пры падтрымцы У. Роўды я выдаў свае першыя паліталагічныя артыкулы ў часопісе, які выдавалі У. Роўда і В. Чарноў. Яны сталіся першымі беларускім палітолагамі, з якімі я пазнаёміўся і як студэнт, і як ужо малады палітолаг. Бо, навучаючыся на франка-беларускім факультэце палітычных навук ЕГУ, студэнты спачатку часцяком лепей ведалі французскіх палітолагаў, чымся сваіх, беларускіх. Таму маё рэальнае знаёмства з нашымі палітолагамі пачалося са сп. Уладзіміра.

А яшчэ мне часта прыгадваюцца кплівасць і гумар сп. Уладзіміра. Калі мы працавалі разам ў Вільні і спыняліся ў адным і тым жа гатэлі, то часам увечары мы выходзілі разам на вячэру. Ён вельмі любіў на дэсерт замовіць лёды з садавінай і абавязкова вафэльнай трубачкай зверху. Калі яму прыносілі дэсерт, ён любаваўся ім і казаў: «Калі я быў хлапчуком, я прыблізу пра такі дэсерт марыў. Мінула 40-50 год — і толькі цяпер мая мара збылася». А аднаго вечара мы пайшлі шукаць месца для вячэры. І першая кавярня па дарозе была сеткавай кавярняй “Carskoje selo” («Царскае сяло»). Афіцыянт на вуліцы запрасіў нас зайсці, на што сп. Уладзімір, спыніўшыся і прыжмурыўшы вочы, сказаў: «Мы зойдзем да вас з калегам, як толькі вы зменіце назву».

Памёр палітолаг, які меў права называцца палітолагам, бо да канца застаўся на маргінезе і крытычным як да ўлад, так і да апазыцыі. Шкада, што апошнія гады палітолаг стаўся незапатрабаваным і самотным, адарваным ад студэнцтва. А яшчэ памёр эксцэнтрычны выкладчык, які часта нагадваў мне хутчэй упадніцкага пісьменніка, чымся стэрэатыпнага палітолага, пагатоў, выкладчыка.

І мы ўсе згубілі аднаго з апошніх з кагорты тых, хто ствараў новую беларускую паліталогію.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: