Артур Вакараў: «Я маю густ і хачу мець свабоду выбару»

Сёння «Буржуазныя каштоўнасці» — адзіная крама ў Мінску, якая мэтава займаецца вінтажнай мэбляй ды прывозіць свой тавар з Заходняй Еўропы. Ці выгадна гэта ў Беларусі? Чаму ў Галандыі — танней? Чаму «скандынаўскі дызайн» 1960-х каштуе больш за неабарока 100-гадовай даўніны?..

На гэтыя ды іншыя пытанні мы папрасілі адказаць Артура Вакарава, творчага дырэктара крамы, адначасна — стваральніка вядомай дызайн-студыі «Адліга». Сама крама — гэта двух’яруснае памяшканне, якое ўяўляе сабой «мэблевы лабірынт», дзе можна напаткаць практычна ўсё: ад утульных мяккіх канапаў з разнымі падлакотнікамі да ружэйнага кабінету з мудрагелістымі вензелямі па баках.

Крама існуе ўжо амаль год, ад пачатку 2017-га, таму можна падвесці пэўныя вынікі. Дамо слова самому Артуру Вакараву.


«Блышыныя рынкі — гэта «fun», а нашы партнёры — аптавікі»

— Ці мела гісторыя з крамай нейкую перадгісторыю?

— Ніякай папярэдняй крамы не было, але сама тэма неяк круцілася ў паветры. Дызайн-студыя «Адліга» — маё месца працы ўжо на працягу 20 гадоў, а гэтая авантура — фактычна другая праца. Знайшоўся інвестар, адкрыты да новых справаў, які таксама любіць вінтажную тэму. Усё гэта абдумвалася і пераварвалася на працягу 5 гадоў — і вось стрэліла.

— Вы асабіста калекцыянер? Ці абстаўляеце свой дом вінтажнай мэбляй?

— Калекцыянер — гэта вельмі дасведчаная асоба, прынамсі ў нейкай вузкай галіне. У адным стылі мэблі, у нейкіх манетках, марках. Я не калекцыянер, наўпрост маю густ і хачу мець свабоду выбару. У нас чалавек, на жаль, не мае выбару — ён можа любіць ар-дэко, але вымушаны набываць «Пінскдрэў». Таму што самому прывезці з Захаду — гэта дужа складана і непрыемна, дорага.

Для фізічных асобаў — гэта размытнёўка, 4 еўра за кілаграм, у выніку атрымліваецца, што яно столькі не каштуе. Напрыклад, буфет важыць 100 кілаграмаў, каштуе на Захадзе 100 еўра, а заплаціць за яго трэба будзе на мытні 400… Калі мы ладзілі свой першы рэйд, наўпрост аб’ехалі сяброў за мяжой на мікрааўтобусе, паспрабавалі прывезці як фізічныя асобы. Мы тады шмат заплацілі, нас прымусілі ўсё пераважваць, усю ноч вошкаліся, вельмі стаміліся…

— Як гэта ўсё выглядае на Захадзе? Нейкія блышыныя рынкі?

— Блышыныя рынкі — гэта «fun», але гэта не прадуктыўна ў выпадку нашага бізнесу. У нас гэта ўсё возіцца вялікімі фурамі. Усё, што вы бачыце ў краме, фактычна ўлезе ў адну фуру. А па блышыных рынках можна гойсаць і нарыць там сабе «вінілаў» — гэта зусім іншы аб’ём і фармат.

У Галандыі мы маем партнёра — аптовую кампанію, якая па ўсім свеце прадае свой тавар не фізічным асобам, а ўладальнікам крамаў. Іх плошча — 4000 квадратных метраў — гэта на 50 фур. Прыязджаеш і выбіраеш сабе калекцыю. А можна збіраць самому, па крамках, па людзях. Але гэта спецыфічная праца: трэба знайсці склад, наймаць грузчыкаў, упакоўшчыкаў, паперы рабіць… Пры гэтым, так танней, бо аптавікі, скупляючы ў людзей, накручваюць кошт. А паколькі беларусы бедныя, мы ўвесь час спрабуем шукаць шляхі, каб сабекошт быў ніжэйшым.


«Не фактар якасці, а фактар выбару»

— Ці можа быць такі кейс, што старая якасная рэч каштуе там танней, чым у Беларусі новая з «Пінскдрэва»?

— Не хацеў бы казаць, што «Пінскдрэў» робіць няякасныя рэчы: новыя топавыя лінейкі ў іх вельмі файныя. Наўпрост, такое ва ўсіх, а камусьці хочацца іншага, а наша фабрыка ніяк не можа выдаць лінейкі прадукцыі па 50 стылях, якія існавалі ў Еўропе за апошнія 200 гадоў. Таму гэта не фактар якасці, а фактар наяўнасці выбару. У «Пінскдрэва» кошты не вышэйшыя, чым кошты на новую мэблю за мяжой. Але ўжываная мэбля за мяжой каштуе танна.


Абагульняць нельга. Ёсць «скандынаўскі дызайн» — ён модны і даражэзны, усе ад яго «пруцца», ніхто не хоча новы, а хочуць 1960–1980-я — такі трэнд зараз. Калі набываць такую мэблю ў крамах за мяжой — гэта жудасныя кошты, тысячы еўра за крэселка, дзясяткі тысяч — за канапу і г.д. А ёсць «папса» — простая якасная вінтажная мэбля. У нейкай дацкай вёсачцы яе можна знайсці вельмі танна — гэтым мы зараз і займаемся. Апошнія дзве фуры мы так і збіралі, я выбіраў кожную рэч асобна, наездзіўшы 2 000 кіламетраў па Даніі.

— Цікавая рэч — у трэндзе «скандынаўскі дызайн», а не ампір ці неабарока, масіўныя драўляныя шафы і г.д. — тое, з чым звычайна асацыюецца антыкварная мэбля… Як так?

— У ва ўсім свеце — ужо не асацыюецца. А на Беларусі, пэўна, яшчэ так. Бо ў нас гэтага няма наўпрост — такіх масіўных разных шафаў, а людзям хочацца, зноў жа, быць не як усе. А там — на Захадзе — шмат так званага неарэнесансу — папулярных рэплікаў са старажытнасці, зробленых пасля Другой сусветнай вайны: недзе ў 1950–1960-я гады яны аднавілі вытворчасць пад барока і ракако. Шмат нарабілі — шмат засталося, таму нікому асабліва тое не цікава. Адначасна, засталася пэўная цікавасць і ў ЗША, бо жывая яшчэ ўява пра класічны амерыканскі дамок, дзе ўнутры ўсё ў віктарыянскім стылі. А Еўропа, Японія, Сінгапур, Тайвань — там мода на «скандынаўскі стыль». У кожным вялікім горадзе будзе 5–10 крамаў з жудасна дарагой і прыгожай скандынаўскай мэбляй.


«Далёка не ў кожным музеі…»

— Ці лічыце вы, што прывіваеце беларусам густ, завозячы такую мэблю?

— Не ведаю наконт прывівання, напэўна, у тых, хто сюды прыходзіць, быў нейкі адкладзены попыт ці нават голад на такія рэчы: хацелася, але не было змогі. У нас ёсць колькі буцікаў, якія завозяць новую італьянскую ці скандынаўскую мэблю, але, зноў жа, там вельмі дорага ўсё. Я, як графічны дызайнер, дазволіць сабе такога не магу. Таму я проста даю людзям магчымасць.

Канешне, мы троху адукацыі робім. Прыйшлі неяк дзве дзяўчыны, пры грашах, бачна, і закінулі нам: «Скандынаўскага ў вас няма!..» А тады не было сапраўды. Я яшчэ падумаў: «Трэба, трэба…» І тут яны спыняюцца перад ампірным сервантам і кажуць адна адной: «Вось, ёсць жа!» А гэта ж максімальна далёка ад скандынаўскага… Таму мінімальна адукоўваць людзей трэба. Да нас можна і наўпрост прыйсці — паглядзець, што такое ар-дэко, ар-нуво і г.д. А дзе яшчэ такое паглядзіш? Нават у музеі ж далёка не ў кожным.

— Цікава, а былі замовы акурат ад музеяў? Для аднаўлення сядзібаў ці мемарыяльных дамоў-кватэраў якіх?..

— Былі нейкія сядзібы, але ці гэта музеі ў чыстым выглядзе? Ці гэта людзі наўпрост аднавілі і жывуць?.. Не ведаю. Але з дзяржаўных, каб хто звяртаўся і рэальна набываў — не прыгадаю. Зрэшты, магчыма, я і прапусціў чаго, бо шмат часу праводжу за мяжой.


«Увесь час вазіць з Галандыі — сумна»

— Ці выгадна ў Беларусі ў прынцыпе займацца вінтажнымі рэчамі і антыкварыятам? Ці ёсць попыт наогул?

— Попыт дакладна ёсць. А так — бізнес як бізнес, нешта зарабляем, арэнду і падаткі плацім. Ёсць фарматы менавіта антыкварных крамаў — там антыкварыят даражэзны. А ў нас — эклектыка. У бліжэйшых планах — паехаць у Італію і прывезці адтуль мэблю 1950–1960-х, людзі нас там ужо чакаюць. Нам гэта наўпрост цікава, не хочацца сябе і кліентаў абмяжоўваць: маглі б увесь час вазіць з Галандыі, але гэта сумна.

— У Мінску вы адны займаецеся вінтажнай мэбляй?

— Менавіта вінтажнай — так. Не чуў, каб і ў 1990-я гады нешта падобнае было. Магчыма, ёсць нейкія прыватныя аматары, якія самі бусікамі нешта возяць, каб пасля прадаваць праз інтэрнэт ці свайму колу кліентаў. Але ў іх будзе збольшага менавіта антыкварыят: яны гэта з цяжкасцю вязуць, пасля прадаюць вельмі доўга і дорага.

«Глянуць кожную драпінку…»

— Не збіраецеся пашырацца? Наогул, што яшчэ ў планах?

— У нашых планах пашырэнне плошчаў за кошт таго, што вынесем рэстаўрацыйную майстэрню ды фотастудыю. Тады можна будзе зрабіць тут значна прыгажэй, асобныя зоны для розных стыляў мэблі, магчыма, падказкі з гатовымі рашэннямі інтэр’ераў — камплекты ў адным стылі. Асобна — крама-склад, гэта не так прыгожа, але там будзе яшчэ больш усяго, і ўсё будзе прадавацца праз інтэрнэт.


— Больш прадаецца ўжывую ці віртуальна?

— Амаль усе кліенты прыязджаюць. Замовы праз інтэрнэт ёсць, але людзі збольшага браніруюць нешта, каб потым прыехаць, пабачыць, пасядзець. А як інакш можа быць з ужыванай вінтажнай мэбляй? Трэба глянуць кожную драпінку, адчуць дух!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць