Дзесяць фактаў пра бабулю ўсіх дзяцей — Астрыд Ліндгрэн

Шведская пісьменніца Астрыд Ліндгрэн нарадзілася 14 лістапада 1907 года. Яе называюць бабуляй усіх дзяцей на свеце. А яшчэ яе імя носіць закон у Швецыі і планета на небасхіле...
Фота: sweden.se

Фота: sweden.se

Кажуць, яна была бунтаркай у партках і мужчынскім пінжаку, якая першая ў сваім горадзе састрыгла доўгія валасы, не пабаялася нарадзіць дзіця без мужа ў тагачаснай пурытанскай Швецыі, а ў сваіх творах пайсці супраць традыцыйных поглядаў на выхаванне дзяцей. Вось яшчэ 10 фактаў пра Астрыд Ліндгрэн.

Ларс

Першае дзіця Астрыд з'явілася на свет, калі ёй было 19 гадоў. Тады яна не была ў шлюбе і катэгарычна адмаўлялася назваць імя бацькі дзіця. Нараджаць Астрыд паехала ў Капенгаген, бо ў Даніі маці-адзіночкі мелі права захаваць ананімнасць біялагічнага бацькі. Там жа яна была вымушана пакінуць свайго малога сына Ларса ў прыёмнай сям'і, бо грошай на жыццё не было. Але Астрыд прыязджала да сына пры кожнай магчымасці. Яна забрала Ларса пасля таго, як у 1931 годзе выйшла замуж за Нільса Стурэ Ліндгрэна, які ўсынавіў хлопчыка.

Піпі

Вілла "Курыцы" — дом, у якім адбываліся здымкі шведскага тэлесерыяла пра Піпі. Фота Christian Koehn (Fragwürdig), wikimedia.org.

Вілла "Курыцы" — дом, у якім адбываліся здымкі шведскага тэлесерыяла пра Піпі. Фота Christian Koehn (Fragwürdig), wikimedia.org.

Шведскія выдавецтвы адразу адмовіліся друкаваць аповесць пра Піпі Доўгуюпанчоху, бо палічылі яе антыпедагагічнай. Надрукавала яе ў 1945 годзе маладое выдавецтва «Рабен і Шогрэн», у конкурсе якога годам раней Астрыд Ліндгрэн атрымала другое месца за кнігу «Брытт-Мары раскрывае душу». З таго часу «Піпі» атрымала сусветную вядомасць і была перакладзена на 60 моваў.

Спадар Швабра

Папярэднікам Карласана быў Спадар Лільёнкваст — Швабра. Ён дапамагаў хвораму хлопчыку ачуняць і падняцца з ложка. Спадар Швабра кожны дзень прылятаў да свайго сябра, і яны весела бавілі час разам. А потым ужо хлопчык стаў Малышом, а Спадар Швабра  атрымаў прапеллер і імя — Карлсан.

У Савецкім Саюзе гісторыі пра Карлсана былі экранізаваны раней, таму нават у Швецыі Карлсана часцей паказвалі такім, як у мультфільмах Барыса Сцяпанцава.

СССР

Наклады выданняў кніг Астрыд Ліндгрэн у Савецкім Саюзе былі неверагоднымі. Але пісьменніца не атрымала за іх ні капейкі: савецкі закон аб аўтарскім праве прадугледжваў бяскарную ўзурпацыю правоў на ўсе тэксты, выдадзеныя да 1973 года. Але Астрыд Ліндгрэн была рада і таму, што яе героі настолькі папулярныя і любімыя ў СССР.

Падатак 102% і сацыял-дэмакраты

Astrid Lindgren as "Pomperipossa", 1976. © Per Kagrell, astridlindgren.se

Astrid Lindgren as "Pomperipossa", 1976. © Per Kagrell, astridlindgren.se

У 1976 годзе прагрэсіўны падатак на прыбытак Астрыд Ліндгрэн склаў 102%. У адказ яна адправіла ў стакгольмскую газету «Экспрэсен» адкрытае пісьмо, у якім распавяла казку для дарослых пра Памперыпосу з Монісманіі. Гэтым сатырычным артыкулам яна паказала, якім забюракрачаным, самазадаволеным, заклапочаным толькі ўласнымі інтарэсамі з'ўляецца апарат шведскай сацыял-дэмакратычнай партыі, што знаходзілася ва ўладзе ўжо 40 гадоў запар. У выніку гэта прывяло да вялікай акцыі пратэсту, падчас якой гучала крытыка сацыял-дэмакратаў, у тым ліку і за падатковую сістэму. На парламенцкіх выбарах сацыял-дэмакраты згубілі частку галасоў, і гэтага было дастаткова для стварэння апазіцыйнай кааліцыі ў парламенце.

Lex Lindgren

Калі 78-гадовая Ліндгрэн даведалася пра дрэннае абыходжанне з жывёламі на буйных фермах Швецыі, яна адправіла адкрыты ліст у цэнтральныя стакгольмскія газеты. У лісце была яшчэ адна казка — пра карову, якая пратэстуе супраць дрэннага абыходжання з быдлам.

Гэтай казкай пісьменніца распачала кампанію, якая цягнулася тры гады. У 1988 годзе быў прыняты закон аб абароне жывёл, які атрымаў назву Lex Lindgren (Закон Ліндгрэн). Але сутнасць закона не задаволіла Астрыд. Яна лічыла яго малаэфектыўным і прапагандысцкім.

Астэроід і помнік

Фота Stefan Ott, wikimedia.org

Фота Stefan Ott, wikimedia.org

Астрыд Ліндгрэн — першая шведская пісьменніца, якой быў пастаўлены помнік яшчэ пры жыцці і яна ўдзельнічала ў яго адкрыцці. Яе імем назвалі невялікую планету (калі Астрыд даведалася пра гэта, яна пажартавала, што цяпер яе можна называць Астэроід Ліндгрэн). За пяць гадоў да смерці яе назвалі Чалавекам года. На гэта Астрыд іранічна заўважыла: «Можа скласціся ўражанне, што ўсе шведы падобны на мяне зараз: глухія, сляпыя і старыя».

Ружа

У 1991 годзе ў гонар пісьменніцы быў названы створаны ў Даніі гатунак ружы Astrid Lindgren.
Фота flicr.com

Фота flicr.com


Юнібакен

У самым цэнтры Стакгольма на востраве Юргодэн знаходзіцца дзіцячы музей казак Астрыд Ліндгрэн. Называецца ён Юнібакен (Junibacken). Тут няма экспанатаў за шклянымі вітрынамі, няма ахоўнікаў і сумнага настрою! Тут дзеці з усяго свету могуць дакранацца да герояў казак, лазіць па іх, лётаць з імі, спаць, гатаваць ежу ў лялечным посудзе, наведваць лялечныя домікі. Тут на вялікай паляне размешчаны «гарадок», у якім жывуць героі казак Астрыд Ліндгрэн, а таксама іншых скандынаўскіх пісьменнікаў.

Піпі па-беларуску

Астрыд Ліндгрэн займае 18 месца сярод самых перакладаемых аўтараў у свеце і трэцяе — сярод дзіцячых пісьменнікаў пасля Андэрсана і братоў Грым.  Яе творы перакладзены на 76 моваў. Беларуская мова стала 64-й. Кнігу «Піпі Доўгаяпанчоха» пераклаў Дзмітрый Плакс, а выдаў Зміцер Колас. На прэзентацыі першага беларускага выдання «Піпі Доўгайпанчохі» ў красавіку 2008 года прысутнічала дачка пісьменніцы Карын Нюман, дзякуючы якой Піпі з'явілася на свет.
Карын Нюман падчас прэзентацыі

Карын Нюман падчас прэзентацыі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: