Бясстрашная беларуска Ніна Багінская трапіла ў нямецкі глянец

73-гадовая Ніна Багінская — адзін з сімвалаў пратэстаў у Беларусі. Зараз пра яе напісалі ў часопісе, які чытаюць многія немкі. Выпуск часопіса Brigitte, аднаго з самых папулярных ў Германіі, з артыкулам пра Ніну Багінскую — навагодні. У гэтым — свая сімволіка, піша www.dw.com.



"Час жанчын. Бачання таго, як палепшыць свет" — прыкладна так можна перакласці загаловак да фатаграфіі Ніны Багінскай. "У імя прыстойнасці" — так называецца публікацыя.

Без Ніны Багінскай не праходзіць ніводная больш-менш буйная вулічная акцыя ў Мінску. Яна — самы прыкметны і самы бясстрашны ўдзельнік пратэстаў супраць Лукашэнкі. Сілавікі не раз забіралі ў яе бел-чырвона-белыя сцягі, якія яна, дарэчы, шые сама. У кватэры, дзе яна жыве, праводзілі ператрус, а яе фраза "я гуляю", якую яна сказала, калі супрацоўнікі АМАПу хацелі перашкодзіць ёй выйсці на вуліцу са сцягам, стала амаль татэмнай для пратэстоўцаў. Калі яна выходзіць на вуліцу, моладзь менш затрымліваюць — такія яе назіранні.

Пра Ніну Багінскую распавядалі многія вядучыя друкаваныя СМІ ў Германіі, у прыватнасці, Der Spiegel, Die Zeit і Süddeutsche Zeitung, яе мужнасці прысвячалі навінавыя сюжэты на галоўных тэлеканалах. І вось цяпер пра яе напісаў адзін з самых папулярных жаночых часопісаў — Brigitte.

У Германіі гэты часопіс можна купіць у любым кіёску, убачыць на століку ў пакоі чакання ў лекара, пагартаць у цырульні. Чытаюць яго ў асноўным жанчыны ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў. Часопіс выходзіць раз на два тыдні і асвятляе многія тэмы: мода, касметыка, псіхалогія, здароўе, падарожжа, рэцэпты. Але ў ім зусім няма палітыкі. Таму той факт, што непалітычны часопіс для шырокай жаночай аўдыторыі прысвяціў Ніне Багінскай у сваім навагоднім выпуску цэлы разварот, ды яшчэ і самы першы артыкул, вельмі адметны.

 

Ніна Багінская і час жанчын

"Час жанчын. Бачання таго, як палепшыць свет" — прыкладна так можна перакласці загаловак да фатаграфіі Ніны Багінскай. "У імя прыстойнасці" — так называецца публікацыя.

Гэты артыкул-партрэт распавядае пра маленькую, з выгляду далікатную сівавалосую жанчыну, геолага ў мінулым, бабулю і прабабулю.

На свой першы пратэст Ніна Багінская выйшла яшчэ ў 1988 годзе ў Курапатах пад Мінскам, дзе знаходзяцца масавыя пахаванні беларускіх ахвяр сталінскага рэжыму, тлумачыць аўтар артыкула чытачкам.

Пазней Багінская брала ўдзел у акцыях апазіцыі, якія праводзяцца ў памяць пра Чарнобыльскую катастрофу, пра зніклых апазыцыйных палітыкаў, у знак пратэсту супраць анексіі Крыма. Яе шмат разоў затрымлівалі, выпісвалі штрафы. "Мне трэба пражыць 120 гадоў, каб іх выплаціць", — цытуе Brigitte спадарыню Ніну.

"Што ёю рухае?" — задае пытанне аўтар артыкула. "Пачуццё справядлівасці", — адказвае яна.

Урад павінен клапаціцца пра дабрабыт краіны і яе жыхароў, а не збіваць і кідаць за краты невінаватых людзей, падкрэслівае Ніна Багінская.

Яна не губляе надзеі. Кожная імперыя калі-небудзь распадаецца, кажа гераіня. Сваё жыццё пасля Лукашэнкі яна ўяўляе сабе за ігрой гульнёй на фартэпіяна, вязаннем і навядзеннем парадку ў кватэры і на дачы.

Паводле www.dw.com.

Пераклад НЧ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: