«Быць годным памяці герояў АК». Анджэй Пачобут расказаў, чаму не піша прашэння на памілаванне

Чытач Свабоды падзяліўся фрагментамі з ліста журналіста Анджэя Пачобута, які амаль паўгода сядзіць па «польскай справе».


Анджэй піша, што ў яго ўсё ў парадку. «Турэмная стабільнасць», — коратка апісвае ён свой побыт.

Журналіст чытае кнігі, нядаўна прачытаў «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Шмат ходзіць па камеры, каб «хоць неяк падтрымліваць фізічную форму». Рыхтуецца да суду, дату якога яшчэ не прызначылі.

Пачобут яшчэ раз заявіў, што не будзе пісаць прашэнне на памілаванне. «Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца ці прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. Па такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і не годнымі памяці герояў АК (Арміі Краёвай. — РС)», — піша на волю Анджэй Пачобут.

Ён паўторна адзначыў, што нікому не даваў і не дае дазволу звяртацца да Лукашэнкі ў гэтай справе. Нагадаем, Юры Васкрасенскі заявіў, што ён ад свайго імя будзе прасіць аб вызваленні Пачобута.

«З такім падыходам зразумела, што чакае мяне працяглае наведаванне турмаў і лагераў, але тым, чыю годнасць і гонар я абараняю, было значна цяжэй, і іх прыклад заўсёды мяне натхняў. І гэта не змянілася!» — тлумачыць Анджэй.

Анджэй Пачобут за кратамі з 25 сакавіка па падазрэнні ў «распальванні варожасці» (частка 3 артыкула 130 КК). Яму пагражае да 12 гадоў зняволення. У СІЗА ён у цяжкай форме перанёс каронавірус. Да таго ж гарадзенец мае праблемы з сэрцам, у яго збіваецца рытм. У Горадні яго чакаюць жонка, двое дзяцей, старыя бацькі.

Разам з Пачобутам па «польскай справе» праходзіць старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс. Яшчэ трох фігурантак справы вызвалілі ўзамен на выезд іх за мяжу.

Пісаць лісты Анджэю Пачобуту можна па адрасе: 222163, горад Жодзіна Мінскай вобласці, вуліца Савецкая 22А, турма № 8. Пачобуту Андрэю Станіслававічу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Асоба: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: