Былы мэр Віцебска Вадзім Заранкін узначаліў гарадскую хімчыстку

Былы старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін цяпер займае пасаду дырэктара хімчысткі — ААТ «Аб'яднанне "Лотас"».


На сайце адкрытага акцыянернага таварыства дырэктарам цяпер значыцца Заранкін Вадзім Уладзіміравіч. На гэтай пасадзе ён змяніў 73-гадовага Юрыя Галыкіна, які кіраваў аб’яднаннем, што падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама, яшчэ з 2000 года, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

2020 год пры Галыкіне ААТ «Аб'яднанне “Лотас”» завяршыла з чыстым прыбыткам у 53 000 рублёў. 24 000 рублёў выплацілі на дывідэнды, яшчэ 1000 рублёў паклалі ў інвестфонд.

Мяркуючы па запісах у рэестры, Вадзім Заранкін быў прызначаны на новую пасаду 1 красавіка 2021 года, то-бок праз два месяцы пасля сыходу з пасады мэра. Зменшага, гэтым чыслом датуецца апавяшчэнне аб прызначэнні (замене) кіраўніка ААТ «Аб'яднанне “Лотас”».

Нагадаем, што Вадзім Заранкін кіраваў Віцебскам роўна год. Пасля яго сыходу крэсла мэра заставалася вакантным чатыры з паловай месяцы, нядаўна старшынёй Віцебскага гарвыканкама Лукашэнка прызначыў Мікалая Арлова.

Заранкін мае двух сыноў: Вадзіміра і Філіпа. Абодвух затрымлівалі ў Мінску пасля выбараў, Філіпа — у верасні, Вадзіміра — у кастрычніку. Абодвух суд пакараў арыштам, хоць яны гаварылі, што ў пратэстах не ўдзельнічалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: