Цырульніцу асудзілі на два гады хіміі — і да яе на стрыжку пачалі масава запісвацца людзі

Валянціне Мядзведзь з Бярозы 46 год. У невялікім горадзе яе ведаюць многія як вельмі добрага майстра-цырульніка, які па даступнай цане начаруе любую фрызуру. Сярод пастаянных кліентаў у яе лічыўся і з дзясятак мясцовых міліцыянераў. «Яны любяць усё лепшае, а я стрыгла на ўзроўні барбершопа», — кажа жанчына.


Хто ж ведаў, што ў адзін момант Валянціна стане баяцца людзей у форме, а адзін з іх выйграе справу супраць цырульніцы ў судзе. За абразу супрацоўніка міліцыі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса жанчыне прысудзілі два гады хатняй хіміі. Таксама яна павінна будзе кампенсаваць яму «маральныя пакуты» на 1500 рублёў.

Цяпер на змену міліцыянерам у кліенты да жанчыны пайшлі неабыякавыя беларусы, суседзі. «Наша Ніва» расказвае яшчэ адну гісторыю беларускай салідарнасці.


«Перавучылася на цырульніцу, бо грошай у ДК на жыццё не хапала»

Да таго, як прыйсці ў прафесію цырульніка, Валянціна займалася ў Бярозе афармленнем гарадскіх святаў: рабіла дэкарацыі і на Купалле, і на Дажынкі, і на рэгіянальны фестываль гумару «Спораўскія жарты», працуючы ў мясцовым ДК.

«Я з дзяцінства праяўляла прагу да малявання, таму і паступіла ў Мірскую мастацкую вучэльню на мастака-афармляльніка (дэкаратара). Праўда, умовы ў 90-я там былі зусім не рамантычнымі. На непапулярныя спецыяльнасці бралі ўсіх, і там аказалася нямала дзяцей з нешчаслівых сем'яў. Я марыла маляваць Мірскі замак на пленэрах, а ў выніку змагалася з тым, каб з майго пакоя не скралі ўсе рэчы. Адзін з навучэнцаў увогуле пырнуў мяне нажом — пасля трапіў у калонію, хаця я прасіла не караць яго, каб не ламаць хлопцу жыццё. Справа была ў зайздрасці: мая сям’я чатыры гады пажыла ў Германіі, тата быў вайскоўцам, служыў таксама ў Афганістане. З замежжа мы прывезлі шмат дэфіцытных рэчаў — ад кававаркі да моднага адзення. Нягледзячы на такія моманты, я ўсё адно скончыла вучэльню з добрымі адзнакамі, праяўляла сябе лідаркай», — згадвае Валянціна.

Грошай на жыццё з заробкаў у ДК не хапала, таму Валянціна пайшла на біржу працы і ў выніку перавучылася на цырульніцу ў Брэсце.

«Я і сама па сабе ўжо рабіла ў Бярозе вясельныя фрызуры ды макіяж на святы. Заставалася навучыцца стрыгчы па схемах, з матэматычна-скульптурным, прафесійным падыходам».

15 год Валянціна адрабіла ў мясцовай сетцы салонаў «Вікторыя», а паўтара года таму вырашыла працаваць на сябе — каб мець вольны графік і больш часу надаваць дачцэ: з 2013 года жанчына адна гадуе сваю Леру (цяпер дзяўчынцы 13 год).

Маючы імідж добрага спецыяліста, жанчына ўжо была досыць папулярнай асобай у горадзе: яе часам маглі спыніць на вуліцы, каб параіцца, «як з маімі валасамі лепш пафарбавацца, пастрыгчыся». Пасля рэзананснай судовай справы гэтая папулярнасць вырасла ў разы.


 «Сорамна глядзець змагарам у вочы»

«Калі шчыра, то мне сорамна глядзець змагарам у вочы. Не тое каб была апалітычнай, але ў падрабязнасці жыцця краіны да 2020 года не ўдавалася. У 1994-м прагаласавала за Лукашэнку, як і многія: гаварыў ён прыгожа, лёгка было падмануцца. А пасля на выбары зусім не хадзіла. Нават летась не змагла, бо на той момант мела падазрэнне на каронавірус. Але ў мяне было жаданне перамен. Бо нават сітуацыя з маім заробкам у ДК нікуды не вартая. А так жыве шмат беларусаў. Верылася, што мы нарэшце зможам ўсё змяніць», — шчыра прызнаецца гераіня.

На акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў жанчына не выходзіла: кажа, што перажывала, што не зможа стрымацца пры выглядзе гвалту, яе забяруць — і тады непаўнагадовая дачка засталася б адна. Праўда, ад канфлікту з праваахоўнымі органамі гэта яе ўсё адно не выратавала. Жанчына згадвае, як развіваліся падзеі да суда.

«Праз два дні пасля выбараў уключылі інтэрнэт. Я ўбачыла, што чынілася ў Мінску — адразу пачалася істэрыка, слёзы. Хацелася быць упэўненай, што ненармальнасць гэтых падзей асэнсоўваю не адна я. З суседзямі такое не абмяркуеш: у маім доме жывуць адны пенсіянеры.

Так што я стала дадавацца ва ўсе магчымыя суполкі і чаты, каб больш даведацца пра настрой грамадства. У адзін з дзён у вайбер-суполцы «Бяроза — сумленныя людзі» абмяркоўвалі збор праўладнага мітынгу на плошчы. А я прапанавала ўсім неабыякавым грамадзянам паралельна сустрэцца ў парку. Абмеркаваць, як жыць далей, пазнаёміцца (калі шчыра, у мяне нават былі свае карыслівыя мэты: часта чула, як на мітынгах знаходзяць каханне, а я ўсё ж жанчына самотная. Можа б, з кім пазнаёмілася).

Сабрацца ў парку ніхто так і не паспеў: ужо праз пару гадзін на парозе кватэры стаялі два міліцыянеры, якія папярэдзілі пра недапушчальнасць арганізацыі няўзгодненых масавых мерапрыемстваў і папрасілі Валянціну сцерці яе паведамленне, а таксама выдаліцца з чаціка. Адным з іх быў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Зміцер Лішко — важны для далейшага аповеду персанаж.


«Кіпела ад злосці, бо пасля выплаты штрафу засталася з голым гаманцом»

У Бярозе, як і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі, летам на вуліцах выстройваліся працяглыя ланцугі салідарнасці. Адзін з іх атрымаўся вельмі запамінальным дзякуючы падтрымцы мясцовага топ-менеджара Зміцера Юркевіча. Ён 17 год адпрацаваў на горадаўтваральным прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы», большую частку з іх займаў пасаду намесніка дырэктара па эканоміцы. Спачатку Зміцер напісаў адкрыты ліст у падтрымку мірных акцый, а пасля дазволіў рабочым выйсці падтрымаць жанчын з кветкамі ў абед. Акампанементам да акцыі стала песня «Перамен», якая гучала з чарады фур на дарозе.

Зміцеру Юркевічу прыйшлося звольніцца, многіх актывістаў задушылі штрафамі, і ўжо ў верасні акцыі ў Бярозе пачалі згортвацца.

«6 верасня, у нядзелю, я адправілася ў "Еўраопт", бо даведалася, што ўлюбёныя пракладкі прадаюць на акцыі. Ніякіх мітынгаў на плошчы і ў месцах, дзе яны адбываліся раней, на шляху не сустрэла. Не даходзячы да крамы, побач з прыпынкам, спынілася пагутарыць са сваёй знаёмай. І неўзабаве да мяне падышоў той самы міліцыянер Лішко са словамі: «О, і Мядзведзь тут!» Ëн папярэдзіў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, зняў усё на відэа і сышоў. Каб вы разумелі, побач было чалавек 8, гэта былі розныя групкі людзей. Аніякіх сцягоў, лозунгаў — нават балонікаў з кветкамі. Я пайшла ў краму і вярнулася дахаты, а ўжо ў панядзелак да мяне завітаў участковы, каб скласці пратакол па артыкуле 23.34 КаАП».

За адсутнасцю адэкватных доказаў віны Валянціны ёй прысудзілі адносна невялікі штраф — 3 базавыя велічыні (на той момант — 81 рубель). Але жанчына ўсё адно была поўная злосці і крыўды.

«Мой месячны заробак складае каля 350 рублёў. Яшчэ 250 — аліменты ад мужа. Каля 230 сыходзіць на камуналку, школу, падаткі, лізінг на пыласос. І тут гэты штраф на пустым месцы! Я кіпела ад злосці, бо пасля сплаты засталася амаль з голым гаманцом», — расказвае суразмоўца.

Менавіта на гэтай эмацыйнай хвалі яна і напісала ў тэлеграме, што думае пра свайго крыўдзіцеля: што ён — «гнілы, слізкі тып, шкура і паліцай».

«Гэта не было нейкай навіной: людзі ў горадзе даўно абмяркоўвалі ў негатыўным плане не толькі яго. Многія адмаўляліся абслугоўваць міліцыянераў, адыходзілі ад іх у краме падалей. Я сама пасля жнівеньскіх падзей перастала стрыгчы людзей у форме, хаця гэта былі мае пастаянныя добрыя кліенты. У нейкі момант мне стала нават шкада іх. Я б вось не змагла жыць, калі вакол грэбуюць. Аднак за свой ілжывы пратакол Лішко заслужыў такіх слоў».

Неўзабаве пасля каментара ў тэлеграме да Валянціны прыйшлі, каб канфіскаваць мабільны тэлефон і паведаміць, што на яе заведзеная крымінальная справа па факце абразы супрацоўніка міліцыі. Зміцер Лішко папрасіў суд спагнаць з Валянціны 2000 рублёў маральнай кампенсацыі. У выніку суд задаволіў 1500. Акрамя таго, жанчыне прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (змякчальнай мерай паслужыла наяўнасць непаўналетняй дачкі).


«Дачка бачыла мае слёзы і перамалявала сцяг у дзённіку на бел-чырвона-белы»

«На адным з допытаў следчая намякала: калі б я пазваніла Лішко і выбачылася, можа б, ён адклікаў пазоў. Але чаму я павінна выбачацца? Я тое самае думаю пра яго і сёння, гэта праўда», — кажа жанчына.

Перажывала ўвесь час яна толькі за дачку Леру. Асабліва пасля таго, як тая, наглядзеўшыся на слёзы маці, перамалявала ў дзённіку афіцыйны сцяг на бел-чырвона-белы.


«Я пра гэты выпадак нават не ведала. Роўна да таго моманту, пакуль у школе не папрасілі замяніць дзённік на новы, перанёсшы туды пры гэтым усе старыя адзнакі і расклад. Я дачцэ сама нічога пра падзеі ў краіне не тлумачу. Наадварот, кажу: "Твая справа — вучыцца, а справа бацькоў — рабіць усё, каб змяніць будучыню сваіх дзяцей". Але яна і сама ўсё разумее. Спадзяюся, праблем у школе праз мяне ў яе не будзе».

У першыя дні пасля прысуду Валянціна адчувала паніку і прызнакі дэпрэсіі, але цяпер, кажа, сабралася і гатовая змагацца за сябе далей. Без дапамогі адваката, напрыклад, склала апеляцыйную скаргу.

«Мне больш чым паўгода трэплюць нервы, і сёння, можна сказаць, у мяне ўжо выпрацаваўся імунітэт. Я ні пра што не шкадую дакладна. Тым больш цяпер я даведалася, што побач жывуць такія неверагодныя, салідарныя людзі. Мясцовыя прапаноўвалі скінуцца на кампенсацыю маральнай шкоды, але я адрэзала: хачу зарабіць сама. І людзі масава пацягнуліся за стрыжкамі, запісаліся ў кліенты.

Асабліва спагадлівымі аказаліся тыя, каму раней таксама несправядліва прысуджалі штраф. Яны, як і я, прайшлі праз гэтае беззаконне. Цэны за стрыжку ў мяне дагэтуль адны з самых нізкіх у горадзе — 10 рублёў. Многія калегі павысілі, але я прынцыпова не хачу: калі бачыш цэны на прадукты, рука не падымаецца гэта зрабіць. Вакол мяне жывуць людзі, якім не хапае заробкаў і на паўмесяца. А калі ў сям’і тры хлопцы, і ўсіх трэба пастрыгчы? Вось наладзяцца справы ў краіне — тады і будзем падымаць цэны».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: