Чалавек, якога баяўся Лукашэнка

Да гэтага чалавека нельга было ставіцца абыякава. Адны яго лічылі кар’ерыстам, які дзеля ўлады і папулярнасці гатовы пайсці на ўсё. Другія ледзь не багатварылі, бачылі ў ім сапраўднага лідара. На небасхіле беларускай палітыкі ён прамільгнаў нібы метэор і знік, пакінуўшы яркі след.

Віктар Ганчар у 1990 годзе, Экономист, 1990.

На жаль, ён не пакінуў ні асабістых запісаў, ні мемуараў, бо не паспеў: сышоў усяго ў сорак два гады ў сваю апошнюю восень. Яго імя старанна закрэсліваецца сённяшнімі беларускімі ўладамі, бо ў свой час не пабаяўся кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку. 16 верасня спаўнілася 20 гадоў з часу знікнення Віктара Іосіфавіча Ганчара.


З дацэнтаў у дэпутаты

«Зорны час» Віктара Ганчара настаў у сакавіку 1990 года, калі адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР 12 склікання. Да гэтага часу жыццё Ганчара складвалася даволі ўдала. У 33 гады ён, кандыдат юрыдычных навук, працаваў дацэнтам права ў адной з прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў Мінска — Інстытуце народнай гаспадаркі (славуты Наргас).

Аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі Віктара Ганчара, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі Віктара Ганчара, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Кампанія ў Вярхоўны Савет, як і годам раней выбары народных дэпутатаў СССР, зноў абудзілі палітычнае жыццё ў Беларусі, а таксама амбіцыі прадстаўнікоў самых розных слаёў насельніцтва. У парламент імкнуліся ўсе: ад простых працоўных да кіраўніцтва рэспублікі.

Паспытаць шчасця вырашыў і Ганчар. Праз некалькі гадоў у інтэрв’ю «Народнай газеце» ён патлумачыць прычыны рэзкага павароту ў сваім жыцці. Па яго словах, ён адчуў у сябе нейкі бар’ер, які неабходна было тэрмінова пераадолець. Ганчар заявіў, што дасягнуў у выкладчыцкай справе такіх межаў, за якія рухацца далей ужо было нельга. Таму і рынуўся ў палітыку.

На выбар Ганчара, канешне, паўплывала кампанія 1989 года, да якой наргас меў непасрэднае дачыненне. Справа ў тым, што на паўторных выбарах, якія адбыліся 14 мая 1989 года, па Мінскай-Заводскай нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе была вылучана кандыдатура 26-гадовага студэнта факультэта эканомікі сельскай гаспадаркі Васіля Судаса, які да таго ж быў сакратаром камітэта камсамола факультэта і воінам-інтэрнацыяналістам.

Акрамя Ганчара вылучыцца кандыдатамі ад калектыва ВНУ было шмат жадаючых. Спецыяльная канферэнцыя наргаса па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета, якая пачала сваю працу 16 студзеня 1990 года, зацвердзіла ажно 16 прэтэндэнтаў. Праўда, падчас абмеркавання шэсць з іх узялі самаатвод.

Атмасферу канферэнцыі дакладна апісаў карэспандэнт інстытуцкай газеты «Экономист»: «Надо отдать должное делегатам конференции — они очень требовательно, не глядя на ранги оценивали каждого кандидата. Плюрализм мнений при обсуждении не ограничивался, а атмосфера была исключительно демократична. Однако часто высказывания с трибуны, около свободных микрофонов и реплики с мест были далеки от парламентских приемов. Поражали пропитанные ядом колкости, язвительные выпады, хлесткие политические обвинения, которыми обменивались выступающие. Уважаемые профессора и доценты не отличались на сей раз выдержкой и высоким академическим стилем (адзін з выкладчыкаў назваў студэнтаў — паплечнікаў Ганчара «детской площадкой — Аўт). Поток эмоций захлестнул и представителей студенчества».

Пасля галасавання найбольшую колькасць галасоў набралі Ганчар (101) і рэктар Фёдар Баравік (89). Па прычыне таго, што ні адзін з кандыдатаў не атрымаў большасць, надыходзіў другі этап галасавання.
І тут Ганчар і яго паплечнікі прапанавалі наступнае. Яны лічылі, што галасаванне па вылучэнні кандыдатур павінна быць таемнае, з дапамогай бюлетэняў. Адкрытае галасаванне, на іх думку, да таго ж у прысутнасці рэктара, негатыўна ўплывае на дэлегатаў. У гэтым пытанні Ганчара падтрымала большасць студэнтаў — удзельнікаў канферэнцыі. У выніку тайнага галасавання Ганчар перамог Баравіка і быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты па сталічнай Васняцоўскай выбарчай акрузе №6.

Манаграфія Віктара Ганчара, выданне 1986 года, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Манаграфія Віктара Ганчара, выданне 1986 года, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Гісторыя з вылучэннем Ганчара, без перабольшвання, унікальная. Тады, у студзені 1990 года, у сценах Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава фактычна адбылася мірная міні-рэвалюцыя, якая, да таго ж, прадэманстравала моц студэнцтва, незадаволенага існуючымі парадкамі.
На гэтым жарсці не скончыліся. У акружную выбарчую камісію па Васняцоўскай акрузе №6 звярнуліся старшыня прафкама студэнтаў наргаса Іван Нарковіч і аспірант Генадзь Падгорны (былы кіраўнік Фонда дзяржаўнай маёмасці і гендырэктар БелСел, зараз — намеснік кіраўніка Фрунзенскага раёна Мінска) са скаргай на тое, што канферэнцыя нібыта была неправамоцнай. Аднак акружная, а затым і Цэнтральная выбарчая камісія не задаволілі скаргу.

На шляху ў Ганчара ўзнікла іншага праблема. Разам з такімі цяжкавагавікамі, як лаўрэат Дзяржпрэміі БССР імя Янкі Купалы, першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Васіль Зуёнак, дырэктар мінскага ўнівермага «Беларусь» Гаўрыла Шавялевіч і інш. па Васняцоўскай акрузе быў зарэгістраваны неапаратны кандыдат, слесар-інструментальшчык падшыпнікавага завода №11 Мікалай Ерхаў. Улічваючы, што акруга Ганчара ў большасці была пралетарскай, працоўныя маглі праявіць з Ерхавым салідарнасць. Гэтага не адбылося: напэўна нават простыя людзі пачалі ўсведамляць, што для парламенцкай працы патрэбныя высокаадукаваныя спецыялісты.

«Кансультант»


На пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 31 студзеня 1991 года старшыня парламента Мікалай Дземянцей назваў Віктара Ганчара сваім кансультантам і добрым памочнікам. Ганчар абурыўся і публічна выказаў нязгоду. Канешне, Віктар Ганчар не збіраўся быць звычайным «кансультантам». Ужо літаральна праз некалькі дзён пасля пачатку працы Вярхоўнага Савета 12 склікання (15 мая 1990 года) Віктар Ганчар стаў вядомы на ўсю БССР, як (гэта трапна заўважыў яго калега Сяргей Навумчык) калісьці стаў вядомы Юрый Гагарын пасля свайго касмічнага палёту.

Большасць дэпутацкага корпусу лічыла, што Віктар Ганчар з яго юрыдычнай адукацыяй і навуковай ступенню мусіць заняць пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве. Гэта была вельмі важная камісія, праз якую абавязкова павінны былі праходзіць усе законапраекты. Аднак нечакана для ўсіх пры абмеркаванні кандыдатур на пасаду старшыні камісіі ў чэрвені 1990 года Віктар Ганчар узяў самаадвод. Дзмітрый Булахаў, які быў абраны кіраўніком камісіі, назваў учынак Ганчара «позёрством».

Сам Ганчар не стаў болей вылучаць сваю кандыдатуру, а ўвайшоў у склад камісіі Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе на чале з Генадзем Карпенкам.

Што крылася тады за ўчынкам Ганчара з вылучэннем на пасаду старшыні камісіі па заканадаўстве? Звычайная імпульсіўнасць, жаданне заявіць пра сябе і адначасова нежаданне звязваць сябе нейкімі абавязкамі з парламенцкай большасцю? Сам Ганчар так і не патлумачыў свой учынак.

З цягам часу Ганчар зрабіўся своеасаблівым нефармальным «кансультантам» усяго парламента. Практычна ні адна павестка дня новай сесіі, ні адзін законапраект не абыходзіўся без увагі Ганчара. Як юрыст, ён жорстка крытыкаваў, на яго погляд, дрэнна падрыхтаваныя праекты законаў. Напрыклад, 15 кастрычніка 1990 Ганчар назваў праект закона міністэрства юстыцыі аб уласнасці «неуважением к парламенту» і адначасова ўхваліў адпаведны законапраект дэпутацкай групы БНФ, назваўшы гэта дэпутацкім подзвігам.

Першае, на чым імкнуўся зрабіць сабе імя Віктар Ганчар, дык гэта Канстытуцыя незалежнай Беларусі. Праца над ёй пачалася яшчэ ў чэрвені 1990 года. У складзе адпаведнай Канстытуцыйнай камісіі былі створаны дзве працоўныя групы. Першая група была «галоўнай», ёй кіраваў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў. А вось другую, т.зв. «альтэрнатыўную групу» ўзначаліў Віктар Ганчар. Група Ганчара складвалася, па словах Дземянцея, «из прогрессивных людей». Туды ўвайшлі дэпутаты Дэмакратычнага клуба, а таксама прадстаўнікі БНФ.

Ганчар, як юрыст, лічыў, што былыя рэспублікі СССР павінны выконваць свае абавязацельствы ў межах Белавежскіх пагадненняў, і што аніякай паглыбленай інтэграцыі не трэба. Напрыклад, калі на пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання 27 сакавіка 1996 года Ганчар спытаў Лукашэнку, навошта патрэбна беларуска-расійская супольнасць, калі пытанні мытні, вайсковага супрацоўніцтва прапрацаваны ў Белавежскіх пагадненнях, то адказ беларукага кіраўніка быў даволі арыгінальны: маўляў, «все тормозится из-за азиатских стран».

У сувязі з незалежнасцю паўстае і іншае пытанне: стаўленне Ганчара ўвогуле да нацыянальнай культуры, мовы, сімвалаў. І тут узнікаюць пэўныя цяжкасці. Складваецца ўражаннне, што, ва ўсялякім разе ў публічных выступах, Ганчар наўмысна пазбягаў абмяркоўваць гэтыя праблемы. Аднак публічнага сумневу наконт культуры і мовы Ганчара ніколі не выказваў. Не зафіксавана і прыкладаў яго сутычак з парламенцкай апазіцыяй БНФ, якая тады выступала галоўным апалагетам незалежнасці.

Што да другога важнага пытання — прэзідэнцкай ўлады, то тут погляды Віктара Ганчара прайшлі цвёрдую эвалюцыю. Спачатку ён быў прыхільнікам парламенцкай рэспублікі. Калі ў кастрычніку 1990 года працоўная група №2 прадставіла свой праект Канстытуцыі, раздзел аб прэзідэнце там адсутнічаў. Аднак ужо 20 студзеня 1993 года пры абмеркаванні праекта Канстытуцыі Ганчар актыўна лабіруе канстытуцыйную норму, паводле якой прэзідэнт — не толькі кіраўнік дзяржавы, але і выканаўчай улады. Менавіта «гістарычнае» выступленне Ганчара 20 студзеня 1993 года прывяло да таго, што дэпутацкая большасць канчаткова схілілася да «моцнага прэзідэнта».

Прычынай эвалюцыі поглядаў Ганчара на прэзідэнцтва стала яго праца ў якасці намесніка кіраўніка Маладзечна (гэтую пасаду ў маі 1991 года заняў Генадзь Карпенка). Ганчар на ўласныя вочы пабачыў ўсе недахопы мясцовай улады і прыйшоў да цвёрдага пераканання, што толькі моцная ўлада здольная навесці парадак, правесці рэформы. Аднак Ганчар, калі можна так сказаць, быў прыхільнікам дэмакратычнага цэнтралізму — прынцыпу, які быў прапісаны яшчэ ў савецкіх канстытуцыях. Ён быў перакананы, што можна арганічна сумясціць моцную ўладу і мясцовую ініцыятыву.

Пакуль яшчэ разам

Калі ў Беларусі пачалася першая прэзідэнцкая кампанія, Віктар Ганчар фармальна ні чым быў не звязаны з камандай Лукашэнкі, у адрозненні, напрыклад, ад Булахава, які стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.

Віктар Ганчар на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, Згода, 1993.

Віктар Ганчар на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, Згода, 1993.


Ганчар вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда, абранне якога прайшло 28 красавіка 1994 года. Калі Ганчар быў бы абраны, то гэта абсалютна выключала яго магчымасць далейшага ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі альбо займання дзяржаўнай пасады. Да таго ж, Канстытуцыйны Суд паводле тагачаснай рэдакцыі Асноўнага Закона меў вельмі вялікія паўнамоцтвы.

Пасля перамогі Лукашэнка прызначыў Віктара Ганчара віцэ-прэмьерам па сацыяльных пытаннях. Гэта было несувымерна мала, улічваючы адносіны Ганчара і Лукашэнкі, а таксама інтэлектульны ўзровень, адукацыю і вопыт работы Ганчара ў Маладзечне. На жаль, аспекты перамоваў Лукашэнкі і Ганчара пра пасаду апошняга невядомы з-за адсутнасці дакументаў (5 верасня 1996 года пры абмеркаванні кандыдатуры Ганчара на пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Уладзімір Канаплёў сцвярджаў, што Ганчар «просился на должность Гродненского губернатора и послом в Китай»).

Нягледзячы на тое, што Ганчару дастаўся, бадай, самы цяжкі ўчастак працы, ён дэманстраваў гатоўнасць змяніць нешта да лепшага і прыняць правіла сумленнай дзяржаўнай гульні. Напрыклад, у інтэрв’ю «Народнай газеце» ў верасні 1994 года пад назвай «Каждый мужчина должен иметь здоровое честолюбие» Ганчар заявіў, што ён, па-першае, службовая асоба, а затым — палітык: «Поэтому те, кто привык к другому имиджу Гончара — активного и напористого депутата, должен про это забыть. Я буду появляться в эфире и давать интервью только по той проблематике, которая связана с моими нынешними функциональными обязанностями».

У снежні 1994 года ў лукашэнкаўскім урадзе адбыўся першы буйны кадравы скандал: Ганчар падаў заяву аб сыходзе з пасады. Гэта было цалкам чаканым, бо каманда Лукашэнкі ўяўляла сабой не аднадумцаў, а эклектычную групу, якая вырашыла тактычную задачу: прывяла да ўлады пэўную фігуру. Цяжка было ўявіць, што Ганчар, з аднаго боку, і Сініцын, Шэйман і Ціцянкоў — з другога спрацуюцца надоўга.

Ніякіх кампрамісаў

Калі Віктара Ганчара абралі ў Вярхоўны Савет 13 склікання, то гэта сведчыла, што яго вопыт палітыка і адміністратара ўсё ж быў запатрабаваны. Для Лукашэнкі гэта стала сапраўдным галаўным болем, бо Ганчар быў адным з тых, хто задаваў парламенту баявы тонус у супрацьстаянні з выканаўчай уладай. Лукашэнка, калі прысутнічаў на паседжаннях сесій, вымушаны быў выслухваць ад Ганчара непрыемныя пытанні. Напрыклад, 4 мая 1996 года на пытанне Ганчара пра тое, чаму міністр абароны Леанід Мальцаў, міністр унутраных спраў Валянцін Агалец і старшыня праўлення Нацбанка Тамара Віннікава прызначаны без згоды Вярхоўнага Савета, Лукашэнка раздражнёна кінуў: «Я вам должен сказать, что мне незачем отвечать на эти вопросы, указы я вам отправлю в оригинале, почитате и поймете».

Нездарма з боку ўлады ў ход пайшлі адкрытыя правакацыі. У чэрвені 1996 года службовая машына Ганчара была абстраляна міліцэйскім патрулём, у выніку чаго была параненая яго памочніца. У верасні 1996 года Лукашэнка публічна абвінаваціў Ганчара ў тым, што той нібыта незаконна завалодаў вялікай сумай грошаў на пабудову асабняка.

Непасрэднае сутыкненне былых паплечнікаў адбылося падчас рэферэндуму 1996 года, паводле якога прэзідэнт атрымоўваў яшчэ больш істотныя паўнамоцтвы, а Вярхоўны Савет увогуле ліквідаваўся.

5 верасня 1996 года Ганчар быў абраны Вярхоўным Саветам на пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, што стала балючым ударам па Лукашэнку. Беларускі кіраўнік, ведаючы Ганчара, адразу зразумеў, што рана ці позна прыйдзецца ўжываць экстраныя захады. Гэта здарылася 14 лістапада 1996 года, калі Ганчар быў вызвалены з пасады спецыяльным прэзідэнцкім указам (нагодай паслужыў ліст членаў ЦВК наконт «антыканстытуцыйных» прамоваў Ганчара). Рэферэндум, як вядома, адбыўся 24 лістапада 1996 года і стаў своеасаблівай лукашэнкаўскай рэвалюцыяй «зверху». У выніку канчаткова сфармавалася тая сістэма ўлады, якую навукоўцы і палітолагі называць рэжымам Лукашэнкі. Яго характэрнымі рысамі сталі жорстка цэнтралізаваныя метады кіраўніцтва, дамінанта дзяржаўнай эканомікі, палітычныя інстытуты, заарэнтаваныя на аднаго правадыра, максімальна шырокае выкарыстанне надзвычайна-рэпрэссіўных і валюнтарысцкіх метадаў вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем.

Сяброўскі шарж на Віктара Ганчара, Згода, 1993.

Сяброўскі шарж на Віктара Ганчара, Згода, 1993.

Нават калі Ганчар апынуўся па-за сістэмнай палітыкай, ён не здаваўся і дастаўляў шмат праблемаў Лукашэнку. Дастаткова ўспомніць альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары вясной 1999 года, даклад спецыяльнай камісіі па антыканстытуцыйных дзеяннях выканаўчай улады, які Ганчар збіраўся агучыць напярэдадні свайго знікнення.

Трагедыя Віктара Ганчара палягае ў тым, што, нягледзячы на ўсе свае недахопы, ён свята верыў у няўхільныя юрыдычныя законы, у сістэму стрымак і проціваг, быў цвёрда ўпэўнены, што ў новым грамадстве палітычныя гульцы не будуць пераходзіць рубікон. І, канешне, Ганчар нават і не ўяўляў, што напярэдадні другога тысячагоддзя ў еўрапейскай краіне будзе мець месца фізічнае знішчэнне палітычных апанентаў.

Нягледзячы на тое, што пра Віктара Ганчара напісана і апублікавана пэўная частка матэрыялаў, трэба не аслабляць увагу да гэтай трагічнай фігуры нашай гісторыі, каб не дапусціць паўтарэння падобнага ў будучыні. Калі дабівацца гарантый аднаўлення дэмакратычных пераменаў, то адна з іх справядліва палягае ў катэгарычным асуджэнні знікнення і Віктара Ганчара, і Юрыя Захаранкі, і Анатоля Красоўскага, і Дзмітрыя Завадскага.

Калі Віктара Ганчара ў далёкім 1990-м спыталі, навошта ён ідзе ў дэпутаты, то яго адказ быў такім: «Наше общество остро нуждается в притоке неординарных, ярких личностей. С другой стороны, наличие таких личностей приводит к возникновению сложных психологических ситуаций, поскольку их позиция по многим вопросам, неожиданна, нестандартна и трудно прогнозируема. Столкнувшись с проблемами психологической ситуации, такие личности пытаются преодолеть “отторжение” путем смягчения и усреднения своей позиции, что неизбежно оказывает разрушающее воздействие на личность. Проблема уважительного, терпимого, доброжелательного отношения к любой позиции — наиболее насущная и важная для нашего общества».

Ці не актуальныя гэтыя словы і праз дваццаць пяць гадоў кіравання Лукашэнкі?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!