Чалавек, якога мне не хапае

Беларускія пісьменнікі ведалі — мая бабуля, Валянціна Міканораўна Шчадрына, дапаможа вырашыць любое пытанне. На яе разлічвалі. Многія называлі сваім лепшым сябрам.

28-га траўня ёй споўнілася б 90 гадоў. У брэжнеўска-гарбачоўскія часы яна працавала ў сакратарыяце Праўлення СП СССР — кансультантам па беларускай літаратуры. У перакладзе Валянціны Міканораўны выходзілі кнігі Анатоля Кудраўца, Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Яна Скрыгана, Міколы Гіля...

Уладзімір Караткевіч, пасля яе перакладу рамана «Каласы пад сярпом тваім», давяраў свае будучыя творы толькі ёй. Леанід Дайнека прапаноўваў стаць перакладчыцай усіх яго гістарычных раманаў. Спрыяла яна не толькі ў літаратурных справах. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу Валянціны Шчадрыной быў датэрмінова вызвалены з ЛТП Міхась Стральцоў…

Калі ж у 1987 годзе выйшла на пенсію, то, не маючы пасады, перастала быць цікавай для большасці сваіх «найлепшых сяброў».  

Бабуля мне казала: «Сапраўднае сяброўства не ўласціва беларусам. Успомні, як пакутваў ад душэўнай чэрствасці Янкі Купалы Якуб Колас, Кузьма Чорны купляў дружбу Пятра Глебкі гарэлкай, Міхась Стральцоў не дачакаўся прыезду да сябе ў ЛТП сваіх блізкіх прыяцеляў». Раней прыхільніца светлых фільмаў Жэрара Філіпа, на пенсіі палюбіла экзістэнцыяльныя драмы Жана-Пьера Мельвіля. Асабліва часта пераглядала фільм «Самурай». У гэтых стужках галоўныя героі (паліцэйскія, бандыты, стукачы, прастытуткі, дэтэктывы) перажываюць вялікае расчараванне.

Бабулі было цікава разгадваць унутраную драму таго ці іншага мельвілеўскага героя. «Мне падабаюцца персанажы Мельвіля. Яны духоўна ўзвышаюцца над сваімі расчараваннямі. Вось да чаго трэба імкнуцца, — казала яна. — Старайся не паказваць сваю крыўду, хавай эмоцыі, якія выяўляюць тваю слабасць. Асабліва калі будзеш сварыцца са сваёй дзяўчынай. Калі яна пачне крычаць: проста надзень плашч, капялюш і з арыстакратычным спакоем Алэна Дэлона ідзі гуляць па горадзе», — вучыла яна мяне, школьніка.

Сама ж шкадавала, што ў маладыя гады жыла збольшага аднымі эмоцыямі.

Яна выйшла замуж за простага рускага хлопца Анатоля, які быў родам з сяла Канстанцінава, радзімы Сяргея Ясеніна. Мой дзядуля меў няўрымслівы ясенінскі характар. Жарснае ўзаемнае каханне насуперак усім і ўсяму, такая ж вялікая ўзаемная рэўнасць, бурныя прымірэнні і развод, — такі вынік іх супольнага жыцця. Да апошніх сваіх дзён бабуля і дзядуля не маглі спакойна ўзгадваць адно пра аднаго: крыўды, папрокі, нечаканыя ўспаміны пра іх нядоўгае, але сапраўднае шчасце, непрыхаваная жарсць — усё гэта нікуды не знікала і заставалася з імі.

Бабуля хацела, каб я навучыўся валодаць сваімі эмоцыямі. «Бяда беларусаў, што многае яны робяць не думаючы», — казала яна і праводзіла такую гульню: я павінен быў з кнігай на галаве прайсці з аднаго канца пакоя ў другі. Бабуля магла пачаць мяне смяшыць, палохаць, усяляк збіваць з панталыку, я ж не мусіў звяртаць ніякай увагі і, захаваўшы кнігу на галаве, дайсці да канца пакоя. Як жа яна радавалася, калі я выйграваў. Тады яна абавязкова гатавала што-небудзь асабліва смачнае, напрыклад, катлеты, якія ў яе ўдаваліся проста дзівоснымі; смачнейшых я ніколі не еў у сваім жыцці.

Калі яна прыйшла ў 1968 годзе на пасаду літаратурнага кансультанта, нашы пісьменнікі прыемна здзівіліся. Перад імі была не сухая чыноўніца, а вясёлая, артыстычная, кампанейская жанчына, якая цудоўна ведала беларускую мову, непадманна любіла родную літаратуру.    

 Янка Брыль быў рады з ёю пагутарыць, Іван Чыгрынаў у спробе быць дасціпным забываў пра сваю знарочыстую важнасць, Васіль Быкаў захапляўся яе харызматычнасцю і смеласцю.

Бабуля ўспамінала: «Многія нашы пісьменнікі (я не кажу пра Янку Брыля ці Караткевіча) такія панурыя... Бракавала ім той лёгкасці, якая была, скажам, у таджыкскіх ці грузінскіх літаратараў. Я цешылася, калі мне ўдавалася прымусіць сваіх суайчыннікаў усміхнуцца, зрабіць так, каб яны пачалі жартаваць, адчулі сябе хаця б крыху такімі ж унутрана свабоднымі, якімі былі арыстакраты з "Каласоў пад сярпом тваім"».

Бабуля не магла змірыцца з маёй падлеткавай змрочнасцю: «Я была такой жа. Маленькай хадзіла па сваіх родных Вербавічах і глядзела на ўсіх, як звярок. Гэтаму былі прычыны. Мама ўвесь час казала, што я непрыгожая, няважная і толку з мяне не будзе. Не тое, што мой старэйшы брат Віктар. Усё памянялася ў вайну». «Як?» — спытаў я. «Віктар быў у партызанах і аднойчы  папрасіў мяне аднесці ў лес дзве гранаты. Я ўзяла з сабой сяброўку. Ідзем па суседняй вёсцы. У руках кошыкі з травой.  Мінаем апошнюю хату, у якой, чуем, грае гармонік. Раптам з яе выскокваюць два маладыя паліцаі: «Дзеўкі, пайшлі з намі! Ігрышча пачынаем, а няма з кім скакаць!» Што нам было рабіць — пайшлі. У хаце падсунулі кошыкі пад лаву і, усміхнуўшыся, закружыліся ў «Лявонісе»... Страх адчула толькі ў лесе, калі прынеслі гранаты. Мне тады было шаснаццаць. У той дзень я зразумела: чалавек, калі ўсміхаецца, — на вачах прыгажэе. Так што хочаш, унучак, каб цябе любілі, каб звярталі ўвагу дзяўчаты, усміхайся, не будзь «мяшком», як многія, і... вучыся танцаваць».

Было б несправядліва казаць, што пасля выхаду маёй бабулі на пенсію ў яе не засталося сярод беларускіх пісьменнікаў блізкіх людзей. Да самай смерці яна падтрымлівала сувязь з вядомым літаратурным крытыкам Нічыпарам Пашкевічам. Другім блізкім сябрам быў празаік Алесь Савіцкі. Ідэйны апанент Васіля Быкава, Савіцкі, аднак, умеў сябраваць, умеў, калі трэба, падтрымаць Валянціну Міканораўну. Мяне ж ён здзіўляў сваёй фізічнай сілай. Калі разам з бабуляй мы адпачывалі ў канцы 1980-х у Доме творчасці пісьменнікаў «Іслач», я быў зачараваны, як гэты немалады чалавек мог адзін ссекчы сасну, несці яе, рабіць з ёй, як са штангай, фізічныя практыкаванні, а затым, пакалоўшы, пашчапаўшы, развесці вялікае партызанскае вогнішча. Для мяне, першакласніка, ён заставаўся сапраўдным суперменам.

Я сказаў пра гэта бабулі, яна жартоўна зазначыла: «Сапраўдны пісьменнік — гэта той, хто ўмее да глыбіні душы здзівіць, натхніць. І не абавязкова сваімі творамі. Успомні рускага паэта Васіліска Гнедава. Ён кулаком забіў ваўка. Пасля такога яркага ўчынку не так важна, што ён пісаў і як».

Сярод яе нешматлікіх сапраўдных сяброў вылучаўся Уладзімір Караткевіч.  

«Гэты чалавек створаны з кантрастаў, — казала Валянціна Шчадрына. — Яго шляхетнасць і галантнасць магла абярнуцца капрызлівасцю і з’едлівасцю, змрочнасць нечакана прарывалася цэлым каскадам жартаў, вясёлых застольных апавяданняў. А як ён спяваў! Ён быў адзін з нямногіх нашых пісьменнікаў (магу яшчэ назваць Янку Брыля і Ніла Гілевіча), хто меў выдатны голас. За бяседным сталом мы спаборнічалі, хто больш ведае песень».

Безумоўна, мне было цікава, ці не было ў Валяніцны Шчадрыной і Уладзіміра Караткевіча рамана, але бабуля толькі здзіўлена разводзіла рукамі: «Ты што?! Я была закаханая ў многіх яго герояў, такіх нетыповых і для нашай літаратуры і ментальнасці, але ж у самога аўтара — не! Разумееш, ён быў як вялікае дзіця. Яму не каханка была патрэбная, а другая мама. Мяне цікавілі зусім іншыя мужчыны».  

Іхняя дружба пачалася з перакладу «Каласоў пад сярпом тваім». Бабуля ўспамінала, што «...ад гэтага твора немагчыма было адарвацца. Валодзя паказаў новую Беларусь: арыстакратычную, фізічна і духоўна моцную, нічым не горшую за іншыя еўрапейскія краіны. З такім аўтарам і такой літаратурай я яшчэ не сутыкалася. Зрабіць так, каб пра такую Беларусь даведаліся ў Расіі стала справай гонару...»

Гэта была сапраўдая вайна з маскоўскім выдавецтвам «Советский писатель», якое чыніла ўсялякія перашкоды для выхаду рамана на рускай мове. Рэдактары рэзалі тэкст па жывым, была арганізаваная серыя адмоўных рэцэнзій. Караткевічу часта не хапала цярпення, ён злаваўся, мог адным неасцярожным словам сапсаваць усю справу. Валянціна Міканораўна праяўляла сапраўдны дыпламатычны талент. Колькі было фармальных і нефармальных сустрэч з рэдактарамі і высокім выдавецкім начальствам! Нарэшце, у 1974 годзе пераклад выйшаў у свет. Дапамог у гэтым станоўчы водгук Мікалая Улашчыка, якому мая бабуля, як яшчэ аднаму рэцэнзенту і паважанаму вучонаму, дала прачытаць «Каласы...»

«Каб не Улашчык, нічога б не было», — казала яна.

Гісторыю змагання за «Каласы...» бабуля расказвала з такім запалам, быццам пераказвала сюжэт якога-небудзь трылера ці баевіка. Кожны вечар я, пяцікласнік, прасіў працяг гісторыі. Калі бабуля расказвала пра эпапею з «Каласамі...», мяне мала цікавіла беларуская літаратура. Мне здавалася, што ніводзін твор нашых пісьменнікаў не зможа быць напісаны цікавей за раманы Бероўза пра Тарзана альбо Брэма Стокера пра Дракулу. Бабуля сваімі ўспамінамі кардынальна памяняла маё стаўленне. За час летніх канікул, якія правёў у Маскве, я пазнаёміўся з усім Караткевічам.

А пазней бабуля пазнаёміла мяне з яшчэ адным аўтарам — А. Мрыем і яго «Запіскамі Самсона Самасуя»; гэту кнігу яна марыла перакласці.

«А. Мрый — пісьменнік адчувальнай энергетыкі. Калі мне бывае зусім сумна, што нават і Мельвіля глядзець не хочацца, я перачытваю перад сном некалькі старонак і адчуваю палёгку», — казала бабуля.

Калі ёй было цяжка чытаць самой, то прасіла, каб я для яе па ролях разыгрываў сцэнкі з рамана А. Мрыя. Я не вельмі любіў чытаць уголас, бо заікаўся, але, дзякуючы настойлівасці бабулі і паланёны гэтай прозай, паступова пазбаўляўся свайго недахопу.

«Бачыш, ты ўжо не заікаешся, — праз нейкі час казала Валяніцна Міканораўна. — Скажы дзякуй А. Мрыю! Ты добра чытаеш. Відаць, станеш артыстам. Прыедзеш у Маскву, будзеш іграць у тэатры, а я прыйду на цябе глядзець».

«Але чаму ў Маскву?» — здзіў­ляўся я.

«Пабачыш», — адказвала яна.

Мінуў час, я і праўда пераехаў жыць у Маскву. Каля чатырох гадоў  зарабляў на жыццё акцёрскай прафесіяй. Толькі бабуля мяне на сцэне не ўбачыла. Яе ўжо не было…

Успамінаю Валянціну Міканораўну і здзіўляюся.

Здзіўляюся яе ненавязлівай увазе. Да кожнага пісьменніка (ці гэта апошні графаман, ці класік) выказвала аднолькавы клопат. Ніколі не лічыла сябе добрай маці, але выдатна выхавала (адна!) дзвюх цудоўных дочак Вольгу і Людмілу.

Яе ўменне фактычна з нічога прыдумаць займальную гульню, праз якую ты можаш навучыцца больш, чым у мудрых педагагічных кнігах, натхняе мяне і сёння, калі я праводжу акцёрскія заняткі для дзяцей.

А яе мілая асаблівасць адцягваць працу да апошняга, каб затым за  месяц зрабіць выдатны пераклад, — як гэта мне блізка і зразумела!

Даведнік пра беларускіх пісьменнікаў быў маёй любімай кнігай, якую мы з ёй разам разглядалі: колькі цікавага, вострага, займальнага, нешаблонага я чуў пра таго ці іншага нашага творцу.

Дзякуючы маёй бабулі пазнаёміўся ў 1987 годзе з выдатным дзіцячым пісьменнікам Станіславам Станіслававічам Шушкевічам. Памятаю яго гнеў, калі міма прайшла Эдзі Агняцвет. У той жа вечар бабуля расказала пра ролю Агняцвет у арышце Шушкевіча. Менавіта тады я даведаўся пра сталінскія рэпрэсіі, пра стукачоў, катаў і ахвяраў…

Кожная мая сустрэча з бабуляй давала мне нешта новае.    

Зараз мне яе вельмі не хапае.

Вельмі.

Красавік — травень 2017 г.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: