Чалавек з татуіроўкай: «вялікі бос» з амбіцыямі Цэзара

Ён стаяў ля вытокаў незалежнай Беларусі і фактычна заклаў эканамічны падмурак. Аднак зрабіў свядомы выбар на карысць рэжыму, стаў ягоным верным служкам, здрадзіў асабістым прынцыпам і зазнаў палітычнае небыццё. Леаніду Козіку сёння — 70. 

«Новы час» працягвае знаёміць чытачоў з юбілярамі — палітычнымі і дзяржаўнымі дзеячамі, тымі, хто працаваў з сённяшнім беларускім лідарам. Нашаму чарговаму герою ў пятніцу, 13 ліпеня, спаўняецца 70 гадоў. Ён, без перабольшвання, стаяў ля вытокаў незалежнай Беларусі, фактычна заклаў эканамічны фундамент краіны, паставіў свой подпіс на арыгінале Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, падчас парламенцкіх сесій часта абсякаў дэпутата Аляксандра Лукашэнку, змагаўся са Станіславам Шушкевічам за пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду першага прэзідэнта. Аднак у 1995-м зрабіў свядомы выбар на карысць рэжыму, стаў ягоным верным служкам, здрадзіў асабістым прынцыпам, але ўсё ж зазнаў палітычнае небыццё: шматгадовы дзейны кіраўнік краіны раз-пораз традыцыйна пазбаўляецца сваіх паплечнікаў.


Інстынкт свабоды


Неўзабаве пасля выхаду першага нумара (напачатку кастрычніка 1990 года) выданне Вярхоўнага Савета Беларусі «Народная газета» распачала серыю публікацый са старшынямі пастаянных камісій парламента. Сваімі думкамі ахвотна дзяліліся Ніл Гілевіч, Дзмітрый Булахаў, Мечыслаў Грыб, Уладзімір Гаркун, Пётр Садоўскі і інш. У канцы года (18-25 снежня) «Народная газета» размясціла гутарку са старшынёй пастаяннай камісіі парламента па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі пад назвай «Законы вядуць да свабоды». Старшыня панаракаў на тое, што нарадзіўся 13-га дня, аднак усё ж у адзін дзень з мужным Юліем Цэзарам. Таксама ён паведаміў, што служыў у ракетных войсках, і нават двойчы пабываў на легендарным савецкім палігоне Капусцін Яр.

Камісію ўзначаліў выхадзец з Барысава, дырэктар мясцовай швейнай фабрыкі імя Крупскай Леанід Пятровіч Козік, які ў сорак адзін год трывала стаяў на нагах, распачаўшы свой працоўны шлях токарам штамповачнага цэха Барысаўскага завода аўтатрактарнага абсталявання (БАТЭ). Скончыўшы юрфак БДУ, Козік цягам 1976 года быў памочнікам пракурора горада Барысава. Аднак праз год вярнуўся на БАТЭ, дзе восем год працаваў кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства і завочна закончыў аспірантуру вышэйшай школы прафсаюзнага руху імя Шверніка ў Маскве.

Калі ў 1985 годзе Козік быў прызначаны дырэктарам швейнай фабрыкі, то вымушаны быў скончыць Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава.

З такім багажом Леанід Козік вырашыў балатавацца ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, лічачы, што ён варты запаветнага дэпутацкага мандата.

Заява Леаніда Козіка аб рэгістрацыі кандыдатам у народныя дэпутаты, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Заява Леаніда Козіка аб рэгістрацыі кандыдатам у народныя дэпутаты, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Аднак такой думкі прытрымліваўся не толькі Козік, які зарэгістраваўся па Барысаўскай-Паўднёвай выбарчай акрузе №53. Канкурэнцыю Козіку складалі ажно 5 чалавек. Ды якія! Выбарчую акругу Козіка цалкам можна назваць дырэктарскай: кіраўнік БАТЭ, намеснік дырэктара Барысаўскага завода «Аўтагідраацяпляльнік», намеснік дырэктара Барысаўскага грузавога аўтапарка №1. Таксама вылучыліся галоўны механік Барысаўскага завода пластмасавых вырабаў і старшыня Мінскага абласнога камітэта ДОСААФ.

Па выніках галасавання 4 сакавіка 1990 года ў другі туры выйшлі Леанід Козік і Пётр Кішык, намеснік дырэктара Барысаўскага завода «Аўтагідраацяпляльнік». У Козіка была яўная перавага, бо з 21 793 жыхароў акругі, якія прынялі ўдзел у галасаванні, за яго аддалі галасы 7504, між іншым як за Кішыка — 4461.
У другім туры, які адбыўся 18 сакавіка 1990 года, Козік упэўнена перамог Кішыка: з 17 957 выбаршчыкаў дырэктара швейнай фабрыкі падтрымалі 11 528.

Уліковая картака Леаніда Козіка — кандыдата ў народныя дэпутаты Беларусі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Уліковая картака Леаніда Козіка — кандыдата ў народныя дэпутаты Беларусі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Чаму перамог менавіта Козік? Ньюансаў шмат, але трэба звярнуць увагу на вельмі ўдалы паліттэхналагічны крок Козіка. Ягоная перадвыбарная платформа пад назвай «Уся ўлада Саветам» (і гэта пры тым, што Козік з’яўляўся не толькі членам КПСС, а быў у складзе Барысаўскага гаркама КПБ) была надрукавана за дзень да выбараў — 3 сакавіка 1990 года ў выданні Барысаўскага абкама і гаркама КПБ «Камуністычная праца». У праграме адсутнічала якая-небудзь канкрэтыка, лічбы, яна была цалкам папулісцкай з налётамі філасофскай фантазіі. Леанід Козік лічыў, што гарбачоўская перабудова закранула галоўны інстынкт чалавечай натуры — імкненне да свабоды. Свабода, паводле Козіка, не толькі асаблівы стан душы, калі чалавек можа гаварыць усё, што думае, але і матэрыяльны дабрабыт, роўнасць усіх. Квінтэсенцыя свабоды, лічыў Козік, гэта калі звычайны чалавек можа сказаць: «Добры дзень, таварыш прэзідэнт», а ў адказ пачуць: «Добры дзень, чым я магу быць карысным?».


Самая галоўная

Ленід Козік падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Камуністычная праца. Орган Барысаўскага райкома і гаркома КПБ.

Ленід Козік падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Камуністычная праца. Орган Барысаўскага райкома і гаркома КПБ.

Памкненні Леаніда Пятровіча не абмежаваліся статусам простага дэпутата. У Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання былі створаны галоўныя структурныя адзінкі — пастаянныя камісіі. Адна з іх — па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі. Пры абмеркаванні кандыдатур на пасаду старшыні камісіі кіраўнік парламента Мікалай Дземянцей назваў гэтую камісію «самой главной».
Віктар Ганчар прапанаваў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі. Аднак дырэктар шклоўскага саўгаса «Гарадзец» адмовіўся. Лукашэнка патлумачыў гэта тым, што ён больш-менш разбіраецца ў сельскай гаспадарцы, але ж старшыня такой камісіі павінен валодаць усімі аспектамі эканомікі. Ён, казаў Лукашэнка, мусіць быць «до мозга костей реформатором, если хотите, революционером».

Кандыдатуру Козіка на пасаду старшыні камісіі прапанаваў слынны лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, а таксама дэпутат Іван Данілевіч. Апошні казаў пра Козіка наступнае: «Мы видели его сдержанность, рассудительность и его хладнокровие, у него большая школа практического опыта. Он знает, что такое хорошие законы, и что такое законы плохие». На карысць Козіка выказаўся дэпутат Анатоль Лябедзька, прыгадаўшы выраз Бердзяева пра тое, што «человек, лишённый собственности, лишён и свободы».

Акрамя Козіка на пасаду старшыні камісіі балатаваліся Пётр Пракаповіч, Уладзімір Чакушаў і першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў. Аднак партыйны бонза зняў кандыдатуру, а з Пракаповічам атрымаўся трагікамічны канфуз. Калі дэпутат, журналіст і аглядальнік «Народнай газеты» Іван Герасюк задаў Пракаповічу пытанне, што такое маркетынг, то знакаміты будаўнік-банкір не знайшоў, што адказаць.
Ленід Козік падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Камуністычная праца. Орган Барысаўскага райкома і гаркома КПБ.

Ленід Козік падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Камуністычная праца. Орган Барысаўскага райкома і гаркома КПБ.

Таму асноўная барацьба разгарнулася паміж Козікам і Чакушавым. У сваім выступе Козік зазначыў, што суверэнітэт — на першым месцы, далей — эканоміка. Леанід Пятровіч распавёў сваім калегам заганнасць савецкай гаспадарчай мадэлі: «Нам нужна реформа, которую мы так желаем и которой так боимся, ибо она нарушит наши представления о социальной справедливости. Наши цены не низкие, а завышенные, они предполагают дефицит». Козік асудзіў і рабаўніцкую палітыку закупачных цэнаў: «Мясо — по два рубля за киллограм, а телевизор стоит 700 рублей».

20 чэрвеня 1990 года Леанід Козік быў абраны старшынёй камісіі.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся адпаведныя матэрыялы — пратаколы паседжанняў камісіі Козіка. Яны сведчаць, што камісія зрабіла каласальную працу. Вось некалькі прыкладаў.

Так, ужо 24 верасня 1990 года камісія прапанавала шэраг законапраектаў для разгляду на другой сесіі Вярхоўнага Савета: аб уласнасці, аб арэндзе, аб прадпрыемствах і інш.

На паседжанні камісіі 22 мая 1991 года пры абмеркаванні Дзяржаўнай праграмы па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва прапанавалася «убрать из неё лозунги, чётче изложить первоочередные меры по ускорению перехода к рыночной экномике, уделить больше внимания развитию предпринимательства».

Ленід Козік падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Камуністычная праца. Орган Барысаўскага райкома і гаркома КПБ.

На паседжанні камісіі 11 чэрвеня 1992 года пры абмеркаванні саўмінаўскіх законапраектаў аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і аб імянных прыватызацыйнных чэкавых кніжках была адзначана «недисциплинированность и беспринципность разработчиков».

У камісіі падчас старшынства Козіка працавала звыш дваццаці членаў. Многія з іх былі розных палітычных поглядаў, але іх аб’ядноўвала адно — жаданне дабрабыту Беларусі. Дастаткова, напомніць, што ў камісіі працаваў кіраўнік «ценявога» ўрада БНФ Уладзімір Заблоцкі.

У сваіх выступах на паседжаннях парламенцкіх сесій Леанід Козік заўсёды заяўляў аб прыхільнасці да рыначных адносінаў, рашуча адказваў антырэфарматарам. Так, калі 10 кастрычніка 1990 года дэпутат Лукашэнка заявіў, што не пачуў у прамове Козіка рыначнай канцэпцыі, старшыня камісіі адказаў: «Все атрибуты рынка есть, слушать надо». Калі 19 студзеня 1993 года Лукашэнка заклікаў Козіка «проявить гражданское мужество» і зняць з парадку дня законапраект аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, то атрымаў адмову.

Дэкларацыя


Камісія адыграла вялікую ролю ў распрацоўцы Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай ССР 27 ліпеня 1990 года. Леанід Пятровіч асабіста курыраваў артыкул 8 (экалагічная бяспека і Чарнобыль), але, па ўласным прызнанні 24 ліпеня, «лично проработал Декларацию от первой до последней статьи». Артыкул 12 Дэкларацыі наконт таго, што асноўныя яе палажэнні рэалізуюцца шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, — непасрэдная прапанова камісіі.

Супраць Шушкевіча


Быў такі момант у палітычнай біяграфіі Леаніда Пятровіча. Пасля адстаўкі Мікалая Дземянцея 25 жніўня 1991 года паўстала пытанне пра новага старшыню парламента. 18 верасня ні Станіслаў Шушкевіч (першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета), ні Вячаслаў Кебіч (старшыня Савета Міністраў) не набралі неабходнай колькасці галасоў. Тады Кебіч зняў сваю кандыдатуру, а ў якасці альтэрнатывы Шушкевічу быў вылучаны Козік. Ягоную кандыдатуру прапанаваў дэпутат Мікалай Канюшык. У выніку перамог Шушкевіч.

Уся прэзідэнцкая раць


Леанід Козік заўсёды сімпатызаваў моцнай прэзідэнцкай уладзе. Так, у маі 1991 года, калі ў Вярхоўным Савеце абмяркоўвалася пытанне аб інстытуце прэзідэнцтва, Козік заўважыў, што без прэзідэнта не абыйсціся.
Калі пасля прыняцця Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года распачалася прэзідэнцкая кампанія, Козік вырашыў паспытаць шчасця. Ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу колькасцю 667 чалавек на чале з Таццянай Логінавай. Аднак неабходную — не менш 100 тыс. — колькасць подпісаў сабраць не ўдалося. Цікава, што асноўныя перадвыбарныя тэзы Козіка былі апублікаваны ў «Настаўніцкай газеце» 27 ліпеня — пасля прэзідэнцкіх выбараў. Козік у прыватнасці, выступіў супраць аб’яднання грашовых сістэм Беларусі і Расіі.
Што за татуіроўка ў Леаніда Пятровіча? Армія ці страсці маладосці? Крыніца: www. euroradio.fm.

Што за татуіроўка ў Леаніда Пятровіча? Армія ці страсці маладосці? Крыніца: www. euroradio.fm.

Лукашэнка, Расія і ракавы Пуцін


Леанід Козік, магчыма, пасля рэферэндуму 14 мая 1995 года зразумеў, што Лукашэнка — усур’ёз і надоўга. Таму лёгка згадзіўся на сваё прызначэнне на пасаду члена калегіі міждзяржаўнага эканамічнага камітэта Эканамічнага саюза СНД 18 жніўня 1995 года.

Лукашэнка далей рухае сваім пратэжэ. 4 лютага 1998 года прэзідэнт прызначае Козіка намеснікам прэм’ер-міністра, а 12 верасня 2001 года — намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Аднак Лукашэнка рухаў Козіка не за прыгожыя вочы. З беларускага боку Козік становіцца старшынёй камісіі па выпрацоўцы канстытуцыйнага праекта саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Задача Лукашэнкі — атрымаць як мага больш ільготаў ад расійскага боку. Беларусь і Расія абменьваюцца шэрагам праектаў канстытуцыйных актаў, у распрацоўцы якіх прымае ўдзел і сын Козіка Андрэй — юрыст-аспірант Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Падчас сустрэчаў з Лукашэнкам Леанід Козік прыкрываў сваю татуіроўку. Крыніца: www. ctv.by

Падчас сустрэчаў з Лукашэнкам Леанід Козік прыкрываў сваю татуіроўку. Крыніца: www. ctv.by

Сутнасць праектаў з беларускага боку палягала ў тым, каб быць фармальна незалежнымі пры расійскіх эканамічных і палітычных прэферэнцыях.

Аднак у расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які быў апантаны беларуска-расійскай інтэграцыяй, здалі нервы. 13 чэрвеня 2002 года пры наведванні Навуковага цэнта сардэчна-сасудзістай хірургіі імя Бакулева Пуцін прапанаваў беларускім калегам вызначацца і «перестать жевать жвачку». Менавіта тады прагучала знакамітае пуцінскае: «Мухи — отдельно, котлеты — отдельно».

Увечары ў той жа дзень па беларускім тэлебачанні выступіў Козік у абарону беларускага прэзідэнта. Аднак Лукашэнка палічыў, што Козік не справіўся з задачамі. У ліпені 2002 года Козік быў абраны старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, пакінуўшы пасаду намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Па прафсаюзнай лініі


Стаўшы кіраўніком афіцыных прафсаюзаў, Козік пачаў праводзіць даволі жорсткую палітыку. Найперш ён расправіўся з галоўным рэдактарам прафсаюзнага выдання «Беларускі час» Аляксандрам Старыкевічам. Козік цалкам рэфарміраваў склад Савета Прэзідыума Федэрацыі, пачаў усюды расстаўляць сваіх людзей. Так, ягоны сын Андрэй быў накіраваны ў Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў, дзе хутка зрабіў кар’еру першага прарэктара.

Леанід Козік кіраваў афіцыйнымі прафсаюзамі з ліпеня 2002 па верасень 2014. Гэтыя гады запомніліся ягонымі неадэкватнымі прапановамі (налог з халасцякоў), заявамі (прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Лукашэнку за стварэнне нібыта эфектыўнай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі), барацьбой з незалежным прафсаюзам на мікашэвічскім «Граніце», пераследам студэнтаў МИТСО за грамадзянскія і палітычныя перакананні.

Сыход Леаніда Пятровіча быў цалкам заканамерным і ўпісваўся ў формулу: маўр зрабіў сваю справу. Сённяшнія заявы Леаніда Пятровіча наконт таго, што ён сам напісаў заяву аб адстаўцы, выклікаюць усмешку. Тым больш, што нічога не прадракала адстаўку: напярэдані чэмпіяната па хакеі-2014 Лукашэнка публічна выказаў падзяку афіцыйным прафсаюзам за ўдзел у мясцовых выбарах.


Чалавек у цывільным


У верасні 2011 года малодшы і старэйшы Козікі зрабілі ракавую памылку: запрасілі на пасаду рэктара МИТСО Станіслава Князева — кадравага супрацоўніка КДБ. Князеў — цікавая фігура. У ліпені 1994 года з рук Кебіча Князеў атрымаў генеральскія пагоны, аднак ў жніўні 1994 года Лукашэнка іх ануляваў. У 1998 годзе Князеў, які перабіваўся ў ахове на прыватных прадпрыемствах, прыйшоў на паклон да новага гаспадара і вярнуўся на працу ў КДБ. Потым Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком Інстытута нацыянальнай бяспекі, а затым — першым кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта. Доўга там Князеў не пратрымаўся і неўзабаве 25 сакавіка 2003 года быў прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, дзе і навучаўся сын Козіка — Андрэй. У 2007 годзе Князеў сышоў і марнеў пры Інстытуце нацыянальнай бяспекі.

Калісьці Андрэй Козік і Станіслаў Князеў былі, як кажуць па-руску, «не разлей вода». Крыніца: telegraf.by.

Калісьці Андрэй Козік і Станіслаў Князеў былі, як кажуць па-руску, «не разлей вода». Крыніца: telegraf.by.

Да адстаўкі Леаніда Князеў і Козік-малодшы лічыліся сябрамі. Але калі пад Леанідам Пятровічам захісталася крэсла, Князеў і Андрэй сталі ворагамі. Малодшаму Козіку ў пачатку кастрычніка 2014 года з дапамогай Прэзідыума Федэрацыі прафсаюзаў удалося звольніць Князева. Аднак чэкіст праз міністэрства адукацыі здолеў аднавіцца.

З сыходам бацькі ў Козіка-малодшага не было аніякіх шансаў. У кастрычніку 2014 года пакінў МИТСО і ён.
Аднак Андрэй яшчэ лёгка адкараскаўся. Дастаткова ўспомніць сумныя лёсы сына былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра — Аляксандра і сына некалі галоўнага ідэолага Замяталіна — Дзяніса.

У лукашэнкаўскай Беларусі знакамітая фраза Сталіна пра тое, што сын за бацьку не адказвае, дзейнічае з дакладнасцю наадварот.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!