Чараўнік сядзібы «Ос». Бізнесовец дае выхаванцам інтэрнатаў шанец на жыццё

Гаспадар сядзібы «Ос» у Ратамцы Дзяніс Орліс ужо некалькі гадоў селіць у сябе выхадцаў з псіханеўралагічных інтэрнатаў, дапамагае ім знайсці працу і аднавіць дзеяздольнасць.

Дзяніс Орліс


Мой візіт у сядзібу «Ос» прыйшоўся на час школьных вакацый, калі там гасцяваў школьны лагер. Пастаянных жа насельнікаў цяпер чацвёра: Сяргей, Саша, Лена і Юля. Хутка павінен прыехаць яшчэ адзін — Саша. Усіх іх бізнесовец Дзяніс Орліс называе сваімі дзецьмі, пры гэтым у яго самога пяцёра родных дзяцей.

Каб распавесці, як прыйшоў да такой сацыяльнай місіі, Дзяніс узгадвае гісторыю свайго роду, якую адкрыў нядаўна.


Адвакат, фармацэўт і чапаевец

— Некалі жыў адзін гродзенскі габрэй, мешчанін Янкель Орліс, у яго было трое сыноў — Самуіл, Меер і Гілель. Самуіл — гэта мая лінія, і толькі яна працягваецца, дзве іншыя перарваліся.

Самуіл, прапрапрадзед Дзяніса, нарадзіўся ў 1833 годзе. Ён быў адвакатам, прысяжным павераным. У 1866 годзе ў яго нарадзіўся сын Маркус, які стаў вядомым хімікам-фармацэўтам. У 1899 годзе ў яго нарадзіўся сын Давід, дзед Дзяніса.

У 1914-м годзе Давіда эвакуявалі ад Першай сусветнай вайны ў глыб Расіі, у Балашоў, там 15-гадовы юнак працаваў справаводам у амбулаторыі страхавой касы — гэта банкаўская медустанова, якая выплачвала грошы па страхоўцы.

У 1917 годзе Давід пайшоў у рэвалюцыю. Дзяніс паказвае фатаграфію, на якой яго 20-гадовы дзед, сакратар палкавога суда, — на Урангелеўскім фронце разам з Чапаевым, Фурманавым і палітработнікамі чапаеўскай арміі.

Давід Орліс крайні справа ў верхнім шэрагу разам з Чапаевым пасля ўзяцця Уфы. Фота -- Вікіпедыя


— Дзед дажыў да 84 гадоў, хаця мог памерці не адзін раз: пры родах, на Урангелеўскім фронце, у тыле за Уралам, дзе ён атрымаў медаль «За доблесную працу», і ад сухотаў. Пасля вайны ўрач сказаў, што яму засталося жыць год ці два. Але дзед так заняўся фізкультурай, што вылечыўся і пражыў доўгае жыццё. Ён займаўся да смерці. Я бачыў, як ён ставіў два крэслы — адно насупраць другога, клаўся на іх, а зверху на жывот — чатыры гантэлі па 12 кілаграмаў, і гадзінамі так ляжаў. Хадзіў так, што за ім нельга было ўгнацца, я б сказаў, бегаў. І піў круты кіпень.

Гэтыя звычкі, пэўна, засталіся з часоў Грамадзянскай вайны, яны дапамагалі захаваць жыццё ў арміі таго часу, а гэта — холад, голад і неабходнасць перамяшчацца разам з кавалерыяй. Давід трымаўся іх з 20-гадовага ўзросту і да 80-гадовага.

Фатаграфіі продкаў Дзяніса Орліса


Давід Орліс быў галоўным рэдактарам тыпаграфіі імя Сталіна ў Мінску (Дом друку на Акадэміі навук) і цэнзарам, але ў 1936 годзе быў выключаны з партыі.

Ён усё жыццё грэбаваў мяшчанствам. Калі ён аддаваў маёмасць у фонд Міжнароднай асацыяцыі дапамогі рабочым, жонка прасіла пакінуць хаця б падушкі, бо ў іх нічога не было.

Давід Орліс стаў першым у родзе пасля Янкеля, у каго нарадзіліся тры сыны — Марк, Арсень і Рэм (Раман). Падчас вайны ён паспеў эвакуявацца, а жонка — не. Яна здолела выжыць у акупаваным Мінску з трыма дзецьмі.

— Орлісы заўжды былі за народ. І дзеда настолькі паважалі, што ніхто не выдаў яго дзяцей фашыстам як габрэяў і як дзяцей камуніста, — кажа Дзяніс.

Хол сядзібы ўпрыгожваюць карціны дзядзькі Дзяніса Арсеня Орліса


Бацька Дзяніса Марк стаў пісьменнікам, дзядзька Арсень — мастаком, яго карціны ўпрыгожваюць сцены сядзібы «Ос». Як бацька ўсё жыццё пісаў кнігі і не выдаваўся (толькі летась свет убачыла адна з яго 99 кніг), так і дзядзька ўсё жыццё маляваў, але не выстаўляў свае творы. Яшчэ адзін дзядзька, Раман, пайшоў па ваеннай кар’еры і быў чэмпіёнам па спартыўнай хадзьбе.


Продкі гавораць

З часам Дзяніс зразумеў, якая моцная сувязь у яго існуе з продкамі — да таго, што яго подпіс амаль супадае з подпісам на дакументах, завераных некалі Янкелем Орлісам.

— Нам прасцей ісці, калі мы ідзем шляхам нашага роду. Я ўсё жыццё ішоў такім шляхам і не разумеў, чаму, — кажа бізнесовец.

Цяпер у Дзяніса свая будаўнічая кампанія, якая працуе на рынку ўжо 20 гадоў, і некалькі сядзіб.

— Некалі я ўгаварыў партнёра набыць гэты будынак у Ратамцы. Вакол было балота, а будынак ужо каля дзесяці гадоў разбураўся, і яго прадавалі па кошце зямлі на знос. Ён аграмадны — больш за 2000 квадратных метраў. Я думаў стварыць тады гасцінічны бізнес, і яшчэ не ведаў, што ў майго продка была гасцініца ў Гродна. Там, дзе цяпер гатэль «Неман», да 1939 года стаяла гасцініца «Орліс».

Будучую сядзібу «Ос» ад пачатку рабілі даступнай: апроч нізкага ўваходу, шырокіх дзвярэй і прасторнага хола тут ёсць нумары, дзе могуць з камфортам размясціцца людзі на інвалідных вазках. Хаця, прызнаецца Дзяніс, мэты зрабіць даступны гатэль не было, проста ўсё атрымалася само сабой. Ён мяркуе, што і тут без продкаў не абышлося. Гаспадар любіць паўтараць, што ім даводзілася вырашаць складаныя пытанні сяброўства паміж народамі, і, пэўна, гэта перадалося і Дзянісу. Нездарма ён падтрымлівае людзей з інваліднасцю, былых вязняў нямецкіх лагераў, а таксама выхаванцаў інтэрнатаў для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сядзіба Ос


Год на сядзібе — як 5–7 у інтэрнаце

Аднойчы Дзянісу прапанавалі ўзяць да сябе на сядзібу рабят з Багушэўскага псіханеўралагічнага інтэрната і даць ім магчымасць пабыць па-за яго сценамі. Гэта стала магчымым дзякуючы эксперыментальнай праграме, якую некалькі гадоў таму ў партнёрстве з Даніяй і Швецыяй ладзіла арганізацыя «Свет без межаў». Тады пры Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пабудавалі некалькі драўляных дамкоў для асобнага пражывання, дзе выхаванцы вучыліся жыць самастойна і весці гаспадарку. Ужо гэта было вялікім крокам — бо з савецкіх часоў нікому не ўдавалася пакінуць сцены інтэрната.

— Рабяты траплялі ў інтэрнат з дзяцінства і былі там да 18 гадоў. Ніхто з інтэрната ніколі не выходзіў не тое што «на волю», а нават за яго межы. Хіба толькі, калі ты будзеш сябе добра паводзіць, цябе возьмуць куды-небудзь на працу, — распавядае Дзяніс Орліс. — У савецкія часы дзецьмі ніхто асабліва не займаўся — іх проста ўтрымлівалі, а пасля 18 гадоў адпраўлялі паміраць у дарослыя псіханеўралагічныя інтэрнаты. Пасля гэты ўзрост паднялі да 24 гадоў, а цяпер — да 35.

З першай з такой праграмы Дзяніс пазнаёміўся з Ленай, яна тады ўжо жыла на адной з сядзіб.

— Гэта было чарцяня — мурзатае, натапыранае, лахматае, — з усмешкай узгадвае Дзяніс першыя ўражанні ад дзяўчыны.

Пасля Лена два тыдні пагасціла ў Ратамцы і вярнулася ў інтэрнат. А Дзяніс вырашыў браць да сябе новых рабят — не толькі з інтэрнатаў, а і з месцаў зняволення, і з сур’ёзнымі фізічнымі праблемамі.

Больш за пяць гадоў таму на сядзібу «Ос» прыехаў Сярожа — і застаўся. Ён — адзін з першых, хто атрымаў дзеяздольнасць, прайшоўшы падрыхтоўку і вытрымаўшы ўсе іспыты. Потым Дзяніс забраў з інтэрната Лену — іначай яе б ужо перавялі ў дарослы ПНІ. Лена не можа аднавіць дзеяздольнасць, таму што за 35 гадоў яе не навучылі чытаць, пісаць і лічыць. З усім астатнім яна выдатна спраўляецца: гатуе, прыбірае і, не ўмеючы лічыць, цудоўна вяжа. Дзяніс стаў апекуном Лены і спадзяецца, што ў дзяўчыны атрымаецца хоць часткова аднавіць дзеяздольнасць.

Не заўжды гэта атрымліваецца лёгка. Юля, якая прыехала на сядзібу з гомельскага інтэрната, тры разы спрабавала аднавіць дзеяздольнасць і двойчы суд ёй адмаўляў.

— Рабяты самі вучаць адзін аднаго, нават не я. Яны вучацца стасункам, ходзяць разам у краму. І за год на сядзібе яны атрымліваюць столькі, колькі за 5–7 гадоў у інтэрнаце. Гэта словы суддзі, якая 1,5 года таму адмовіла Юлі ў аднаўленні, а цяпер прызнала, што яна можа жыць самастойна, — даводзіць гаспадар сядзібы.

Дзяніс угаварыў сяброў з сядзібы па суседстве ўзяць кагосьці з рабят на працу. І так для Юлі знайшоўся занятак: яна дапамагае гаспадарам па доме, гуляе з дзіцем.

А яшчэ Юлі пашанцавала: яе паставілі на чаргу на атрыманне жылля. Так бывае не з усімі. Напрыклад, Сярожу на чаргу не паставілі, і Дзяніс зарэгістраваў у яго ў сваёй мінскай кватэры. Бо, каб стаць на чаргу ў сталіцы, Сяргею трэба 10 гадоў мець мінскую прапіску.

Дзяніс і Сяргей.


Самастойнае жыццё — не для ўсіх

На сядзібе выхаванцы інтэрнатаў могуць адаптавацца да грамадства, ад якога іх усё жыццё закрывалі. З дзяцінства ім нават не давалі мыцца — іх раз на тыдзень мылі ў лазні спецыяльныя мыйшчыкі. Яны не ведалі, што такое душ. Ім не давалі мыць посуд, гатаваць. Многія з іх не ведалі, што хлеб наразаюць. Калі Дзяніс упершыню звадзіў рабят у кіно і папрасіў падзяліцца ўражаннямі і параўнаць з тым, што яны бачылі раней, аказалася, што яны ні разу да гэтага ў кіно не хадзілі.

— Я даю ім крыху паспрабаваць звычайнага жыцця. Камусьці гэта падабаецца. А ёсць маладыя, па 18–20 гадоў, якія маглі б аднавіць дзеяздольнасць, атрымаць кватэры — але яны не хочуць. Ім у інтэрнаце добра. Іх там кормяць, пояць, мыюць, а цяпер яшчэ і вывозяць на нейкія мерапрыемствы. Яны нават у дамках побач з інтэрнатам не хочуць жыць — там жа трэба гатаваць, даглядаць свойскую жывёлу.

З працай на сядзібе ў Дзяніса цалкам спраўляюцца ўпяцёх: Сярожа, Лена, Саша, сам Дзяніс і яго старэйшы сын Улад. З заняткаў — работы па доме і на прысядзібным участку. Дадаецца працы, калі на сядзібу прыязджаюць госці: тады трэба рыхтаваць і прыбіраць нумары, гатаваць ежу, абслугоўваць наведвальнікаў за сталом.

Як кажа Дзяніс, рабяты — як «замарожаныя» з часоў Савецкага Саюза. Яны засталіся добрымі, чулымі, спагадлівымі. Іх пра нешта папросіш — яны не адмовяць. Надарвуцца, але будуць дапамагаць.

Праз сядзібу прайшло ўжо больш за дзясятак маладых людзей з інтэрната. Лёсы іх складваюцца па-рознаму. Сярожа, Лена, Юля, Саша — гэта пазітыўныя прыклады. Але бывае і па-іншаму.

Вялікая зала сядзібы

— Першаму пакаленню адноўленых няма дзе жыць, бо ніхто не думаў ставіць іх на чаргу ў 24 гады. А, паводле заканадаўства, калі не паставіць чалавека да гэтага ўзросту на чаргу, дзяржава яму нічога не павінна. Таму часам праз гэта суд не надта хоча іх аднаўляць у дзеяздольнасці. Бо жылля няма, працы няма — як жыць?

Дзяніс тлумачыць, што выхаванцы інтэрната маюць інваліднасць другой групы, і нават калі яны не могуць уладкавацца на працу, атрымліваюць пенсію па інваліднасці. Але за ўсіх іх — адноўленых у дзеяздольнасці ці не — гаспадар сядзібы «Ос» адчувае адказнасць. Таму і называе іх «дзецьмі», а яны часам клічуць яго «таткам».

Дзяніс Орліс


— Для мяне гэта, напэўна, тое, чым я хацеў бы займацца. Калі я магу камусьці дапамагчы — мне не складана. І атрымліваецца ў жыцці не толькі пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сына, але і даць камусьці шанец на нармальнае жыццё. Магчыма, і не адзін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: