«Чёток в мыслях, чёток в действиях…». Памяці Мікалая Дземянцея

Напэўна, найбольш ярка Мікалай Дземянцей запомніўся нам у ролі старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Многія з яго выказванняў у Авальнай залі імгненна станавіліся афарызмамі, а само прозвішча нярэдка фігуравала на плакатах удзельнікаў акцый пратэсту. 

У грамадска-палітычным жыцці Беларускай ССР 28 ліпеня 1989 года адбылася свайго роду сенсацыя: быў абраны новы старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Па тагачаснай канстытуцыйна-камуністычнай традыцыі ў гэтага вышэйшага органа дзяржаўнай улады меўся яшчэ і старшыня, аднак гэтая фігура была больш бутафорскай, дэкаратыўнай і не вырашала прынцыповых пытанняў. Нездарма на гэтую пасаду вельмі часта камандзіравалі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі: паэтаў і пісьменнікаў. Так, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР 10 склікання быў Іван Шамякін, а 11 — Іван Навуменка.

Іншая справа была з Прэзідыумам. Паводле Канстытуцыі БССР 1978 года, гэты орган меў вялікія паўнамоцтвы, у тым ліку і паміж сесіямі Вярхоўнага Савета. То бок, яго старшыня быў першай фігурай у рэспубліцы. Нездарма 28 ліпеня 1989 года пры абмеркаванні кандыдатуры на пасяджэнні сесіі можна было чуць слова «прэзідэнт». Таму пасаду старшыні Прэзідыуму павінен быў займаць выключна прадстаўнік партнаменклатуры, які праводзіў адпаведную лінію.

Такім прадстаўніком апынуўся Мікалай Іванавіч Дземянцей.


Хто такі і як абіраўся


На момант абрання старшынёй Прэзідыуму Мікалай Дземянцей займаў пасаду сакратара ЦК КПБ. Ён курыраваў сельскую гаспадарку і адказваў за выкананне знакамітай Харчовай праграмы: у свой час Дземянцей скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і працаваў аграномам адной з МТС на сваёй роднай Віцебшчыне. Нарадзіўшыся ў 1931 годзе, Дземянцей прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы да партыйнага боса.

У тых умовах не было аніякіх сумневаў, што новым старшынёй Прэзідыума будзе менавіта ён: вылучаўся ён на безальтэрнатыўнай аснове. Праўда, ішла гаворка, што на гэтую пасаду можа прэтэндаваць і Вячаслаў Кебіч. Аднак старшыня Дзяржплана разважліва адмовіўся і падтрымаў Дземянцея.

Абмеркаванне кандыдатуры Дземянцея нагадваюць брэжнеўскія часы, хаця ўжо быў перыяд канца гарбачоўскай перебудовы. Выступоўцы — ад старшыні калгаса (Уладзімір Бядуля) да шэфа КДБ (Веніамін Балуеў) — прамаўлялі Дземянцею сапраўдныя панегірыкі. Найбольш удала агульнае крэда адлюстраваў Анатоль Малафееў, першы сакратар Мінскага абкома КПБ: «Николай Иванович четок в мыслях, четок в действиях. Он владеет глубиной анализа и может делать правильные выводы».

Аднак перабудова не прайшла дарма: Дземянцей вымушаны быў адказваць і на непрыемныя пытанні. Адно з такіх задаў Глеб Ерамееў, самы малады дэпутат Вярхоўнага Савета, студэнт Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Яно тычылася адносінаў Дземянцея да Беларускага Народнага Фронта. Адказ Дземянцея, які падкрэслівае ягоную каснаязыкасць, быў такі: «Калі чалавек жадае зрабіць для беларускага народа нешта добрае, ён не павінен недзе хавацца і рабіць нешта падпольна. Гэта не сюрпрыз да дня нараджэння». А на пытанне (стэнаграма не зафіксавала прозвішча дэпутата), чаму «президент Белоруссии не говорит по-белорусски», Дземянцей прывёў прыклад «интернациональной аудитории».

Дземянцей прыйшоў на месца Георгія Таразевіча, які з’ехаў у Маскву і ўзначаліў адну з камісій Вярхоўнага Савета СССР. Многія гадалі: чаму? Аднак найбольш дасведчаныя ведалі адказ: падзеі 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску і Чарнобыльская катастрофа. Сам Таразевіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання ў чэрвені 1990 года, тлумачыў свой пераезд непаразуменнямі з партыйнымі ўладамі рэспублікі.

Ад выбараў да выбараў


Толькі што абраны Дземянцей павінен быў вырашыць праблему… выбараў. Надыходзілі выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання, якія мусілі адбыцца 4 сакавіка 1990 года.

Партнаменклатура была моцна напужана леташнімі выбарамі народных дэпутатаў СССР, калі некаторыя ўплывовыя гаспадарчыя і партыйныя босы не атрымалі запаветных мандатаў. Таму савецкія рэакцыянеры заклалі ў законапраект аб выбарах нормы, паводле якіх партнаменклатура атрымлівала перамогу.
Напрыклад, пры колькасці Вярхоўнага Савета ў 360 дэпутататаў 120 з іх павінны быць ад камуністычнай партыі і камсамолу. Гэтыя дэпутаты абіраліся не праз класічныя выбары, а на пасяджэннях сваіх арганізацый.

Вынік быў прадказальны. Аднак пад ціскам грамадскасці (у дзень абмеркавання законапраекта 27 кастрычніка 1989 года ля Дома Урада сабраліся тысячы людзей) і народных дэпутатаў СССР (Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Дабравольскі і іншыя) Вярхоўны Савет прыняў такі закон аб выбарах народных дэпутатаў (і ўнёс адпаведныя змены ў Канстытуцыю), паводле якога прадстаўніцтва ад грамадскіх арганізацый (ветэраны, інваліды, глухія і сляпыя) абмяжоўвалася да 50.

Сам Мікалай Іванавіч на выбарах у Вярхоўны Савет БССР 12 склікання, якія распачаліся 4 сакавіка 1990 года, рызыкаваць не стаў. Ён вылучыўся на безальтэрнатыўнай аснове па Ушацкай выбарчай акрузе №162. Вынікі выбараў цалкам разбураюць міф пра быццам бы ўсенародную любоў да Дземянцея, што сцвярджалася шматлікімі выступоўцамі 28 ліпеня 1989 года. І, хаця Дземянцей перамог у першым туры, трыумф нельга назваць абсалютным: з 17041 выбаршчыка старшыню Прэзідыума падтрымалі 9959, супраць выказаліся 7082. Дарэчы, выбарчая акруга Дземянцея была невялікая. Напрыклад, Шклоўская выбарчая акруга №310, дзе вылучаўся Аляксандр Лукашэнка, складала амаль 30000 жыхароў.


І зноў старшыня


Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання пачаў сваю працу 15 мая 1990 года. Натуральна, галоўная інтрыга палягала ў тым, хто будзе старшынёй (паводле зменаў у Канстытуцыю ад 27 кастрычніка 1989 года старшыня Вярхоўнага Савета з’яўляўся і старшынёй Прэзідыума). Партнаменклатура зрабіла стаўку на Дземянцея, аднак яму давялося пазмагацца. У Вярхоўны Савет 12 склікання было абрана шмат дэпутатаў, якіх не задавальняла сітуацыя, яны патрабавалі перамен. У якасці альтэрнатывы былі вылучаны кандыдатуры прарэктара БДУ Станіслава Шушкевіча, лётчыка-касманаўта Уладзіміра Кавалёнка і медыка з Барысава Рыгора Вячэрскага (апошні зняў сваю кандыдатуру на карысць Кавалёнка).

Беларускі Народны Фронт арганізаваў Дземянцею сапраўдную абструкцыю. Ля Дома Урада ў дзень выбараў (18 мая 1990 года) сотні людзей палілі партбілеты і разгарнулі плакаты з лозунгам: «Дементей — смерть наших детей!».

Супраць Дземянцея выказаліся і тыя дэпутаты, якіх цяжка западозрыць у сімпатыях да БНФ. Вось што казаў Лукашэнка: «Я бы честно отдал своё слово за товарища Шушкевича. Я подам голос за нового человека, за человека, который не загружен старым багажом. Я готов работать рядом с ним, помогать ему для того, чтобы наша республика стала могущественной и красивой».

Аднак 18 мая 1990 года ў выніку двух тураў перамог Мікалай Дземянцей. У першым туры з 323 галасоў ён атрымаў 161 (Кавалёнак — 47, Шушкевіч — 101). У другім — 167.

Многія дэпутаты рашуча выказаліся супраць, абвінавачваючы Дземянцея ў парушэнні працэдуры выбараў. Такую думку, напрыклад, выказваў юрыст Віктар Ганчар. 19 мая 1990 года Зянон Пазняк назваў выбары старшыні захопам улады. На рэпліку Дземянцея «Ваше время прошло», лідар БНФ пад апладысменты адказаў: «Не мое, а Ваше прошло».

Старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей і першы намеснік старшыні
Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, 1991 Крыніца: ww. vytoki.net

«Спокойно, товарищи, только спокойно»


Што заўсёды прываблівала ў Мікалаі Іванавічы, дык гэта ягоная алімпійская вытрымка ў час самых вострых парламенцкіх дэбатаў. «Спокойно, товарищи, только спокойно», — так казаў Дземянцей у канцы ліпеня 1990 года пры абмеркаванні праекта Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Хаця для хвалявання Дземянцею і яго прыхільнікам не было нагодаў. Парламенцкая большасць ухваліла афіцыйны праект Дэкларацыі, у якім было шмат навізны, аднак захавалася сувязь з мінулым. Дземянцей быў адным з тых, хто адстойваў у праекце пункт наконт таго, што Беларуская ССР удзельнічае ў падпісанні новага Саюзнага дагавора. Тым не менш, нават у такім выглядзе Дэкларацыя стала падмуркам сапраўднай беларускай незалежнасці.
Апошняя старонка арыгінала Дэкларацыі Беларусі аб дзяржаўным суверэнітэце ад
27 ліпеня 1990 года з подпісам Мікалая Дземянцея

«Бацька»


Звычайна такі тэрмін звязваюць з сённяшнім беларускім кіраўніком, аднак такую місію ў час свайго старшынства над Вярхоўным Саветам імкнуўся ўзяць на сябе Дземянцей. Вось што казаў Мікалай Іванавіч на 45-м паседжанні 3-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання 31 студзеня 1991 года: «Я буду делать все, чтобы не было стыдно мне перед белорусским народом, чтобы на мне как на гражданине БССР не было никакого пятна. Постараюсь, как говорят, быть верным сыном белорусского народа». Калі 12 чэрвеня 1991 года Вярхоўны Савет зацвердзіў пастанову аб ухваленні новага Саюзнага дагавора (пад федэратыўнымі лозунгамі фактычна захоўвалася ўнітарная дзяржава), адзін з дэпутатаў прапанаваў падпісаць дагавор «нашему батьке» — Мікалаю Дземянцею.

Аднак з «бацькам» звязаны і ганебныя старонкі. Напрыклад, незаконнная пастанова Прэзідыума Вярхоўнага Савета ў студзені 1991 года аб правядзенні рэферэндума аб захаванні СССР як абноўленай федэрацыі (была прынята падчас працы Вярхоўнага Савета), альбо публічнае асуджэнне і ціск з боку Дземянцея на ўдзельнікаў страйкаў вясной 1991 года (у сувязі з рэзкім падвышэннем цэнаў) у сваім артыкуле «Закон обязателен для всех» («Народная газета», 17 красавіка).

Час прыйшоў

Звон па Дземянцею празвінеў у драматычныя жнівенькія дні 1991 года. Амаль усе дэпутаты абвінавацілі яго ў падтрымцы путчыстаў. 20 жніўня 1991 года, калі дэпутат Лукашэнка патрабаваў даць тлумачэнні, Мікалай Іванавіч адказаў так: «Глубоко личное остается личным и не подлежит трепотне, у меня может произойти кровоизлияние или инсульт, но я уважаю Горбачёва, уважал и буду уважать». 24 жніўня Дземянцей заявіў, што з яго боку падтрымкі ГКЧП не было. Аднак 25 жніўня пасля палымяных прамоў дэпутатаў Зянона Пазняка, Генадзя Карпенкі, Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Ганчара было пастаўлена пытанне аб адстаўцы Дземянцея. Прычым, яна адбылася простым электронным галасаваннем (Дземянцей афіцыйна папрасіўся на пенсію). З 268 дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, «за» выказаліся 232.

На трох крэслах

Сутнасць Мікалая Дземянцея добра раскрываюць падзеі 19 верасня 1991 года, калі ў Вярхоўным Савеце абмяркоўвалася пытанне аб новай дзяржаўнай сімволіцы: герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Спачатку Дземянцей выказаўся супраць «флажков» і заклікаў разглядаць пытанне пра бюджэт, называючы яго «кассой»: «Нет кассы, нечего и обсуждать». Затым Дземянцей заявіў, што падтрымае новую сімволіку, і што нават гатовы цалаваць яе. Аднак у галасаванні па новай сімволіцы Дземянцей так і не ўдзельнічаў.

«Канстытуцыю далі, адчынілі дзверы…»


Мікалай Іванавіч быў апантанны ідэяй новай Канстытуцыі. Справа ў тым, што 22 чэрвеня 1990 года Дземянцей быў зацверджаны ў якасці старшыні Канстытуцыйнай камісіі (звыш сто чалавек). 30 кастрычніка 1990 года Дземянцей казаў наступнае: «Конституция не может быть выше реалий общественной жизни, её невозможно рассматривать в отрыве от политического режима. Если перевести на механический язык, это должна быть хорошая коробка передач, которая работает на восемь скоростей: три скорости назад, пять — вперёд».

Пасля адстаўкі з пасады старшыні Вярхоўнага Савета Дземянцей, тым не менш, працягваў кіраваць працай Канстытуцыйнай камісіі. Асабліва актыўна Мікалай Іванавіч выступаў за тое, каб захаваць квоту (па стане здароўя) за ветэранамі і інвалідамі ў будучым Вярхоўным Савеце (маглі абірацца на пленумах і з’ездах грамадскіх арганізацый). Напрыклад, 1 снежня 1993 года Дземянцей казаў, што «надо сострадание, у меня нет кости, я работаю на одной ноге».

Шмат у чым заслугай Дземянцея было тое, што 11 лістапада 1991 года Вярхоўны Савет разгледзіў у першым чытанні праект Асноўнага Закона. Пра Дземянцея, дарэчы, вельмі добра гаварыў Віктар Ганчар.

28 кастрычніка 1992 года старшынёй Канстытуцыйнай камісі стаў Станіслаў Шушкевіч, а Дземянцей адышоў у цень.


Нікуды без Лукашэнкі

Дземянцей цалкам падтрымаў Лукашэнку па ўсталяванні рэжыму асабістай улады і ліквідацыі Вярхоўнага Савета. У адрозненне ад былога суперніка Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах Вячаслава Кебіча, які стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Дземянцей апынуўся ў Савеце Рэспублікі першага склікання і ўвайшоў у склад камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Сам Дземянцей 22 студзеня 1997 года падтрымаў на пасаду старшыні камісіі па сацыяльных пытаннях Савета Рэспублікі сваю калегу па Вярхоўным Савеце і былога лукашэнкаўскага міністра аховы здароўя Інэсу Драбышэўскую, якая заявіла, што з усіх старшыняў Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання толькі Дземянцей «был самым демократичным и давал проявить себя».

Пасля Савета Рэспублікі Мікалай Іванавіч знік з грамадскага гарызонту, аднак ў 2005 годзе адзначыўся аўтабіяграфічным выданнем «Уроки жизни», дзе таксама «добрым словам» успамінаў апазіцыю БНФ.
Апошні публічны бенефіс Дземянцея адбыўся 11 снежня 2010 года на сустрэчы з Юрыем Казіяткам. Невядома, навошта і каму спатрэбілася непакоіць сталага чалавека, каб з ягоных вуснаў чуць цкаванне альтэрнатыўных кандыдатаў. 

Мікалай Дземянцей — гэта эпоха, аднак гістарычны і маральны тупік.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-07-11 08:02:33
Аператыўна падрыхтаваны артыкул... Можна ўспомніць яшчэ, як у красавіку 1995 г. дэпутат гукаў пра сваіх збітых калегаў: "Мала ім далі!"

Каментаваць