Імам Шаміль — дыктатар гор і ганаровы вораг Расіі

Ён рос хударлявым хваравітым хлопчыкам, аднак стаў дыктатарам Каўказу; ён прымусіў Расійскую Імперыю адпраўляць супраць сябе сотні тысяч жаўнераў і граміў іх непараўнальна меншымі сіламі.

Ён пабудаваў на Каўказе сапраўдную Ісламскую дзяржаву, што праіснавала 19 гадоў, а скончыў жыццё... дваранінам цара Аляксандра ІІ. Імам Шаміль — нацыянальны герой народаў Каўказа і ганаровы вораг Расіі.

«Першы хлопец на ауле»

Будучы імам Каўказу нарадзіўся 26 чэрвеня 1797 года ў сяле Гімры (зараз — Дагестан) у сям’і каваля, і належаў да старажытнага народу аварцаў (згадкі пра іх сустракаюцца яшчэ ў Платона і Страбона).

Па нараджэнню названы Алі, хлопчык часта хварэў — і, каб выратаваць яго, дзед, згодна з горскай традыцыяй, даў яму іншае імя. Спрацавала гэта ці адыгралі ролю нейкія іншыя чыннікі, але ўжо падлеткам Шаміля памятаюць як энергічнага, актыўнага, незвычайна моцнага і вынослівага юнака. Захаваліся паўлегендарныя паведамленні, як Шаміль, спрачаючыся, пераплываў небяспечныя водавароты ў рэках альбо пераскокваў высокія камяні — якія ніхто не мог пераплыць і пераскочыць ні да, ні пасля яго.

Першапачаткова Шаміль навучаўся ў Самуіла — дзеда свайго сябра Газі-Мухамада. Гісторыкі адзначаюць, што і Шаміль, і Газі-Мухамад неймаверна цягнуліся да ведаў, ажно да таго, што калі чулі, што ў нейкім сяле ёсць чалавек, які добра валодае той ці іншай галіной ісламу, ішлі да яго, каб навучыцца.

12 гадоў Шаміль пачаў вучобу ў буйным сяле Унцукуль, што за 10 кіламетраў ад Гімры. Калі Каўказская вайна дайшла да Паўночнага Каўказу, Шамілю было 20 гадоў, і ён ужо быў навучаны граматыцы, рыторыцы, логіцы і пачаў вывучаць вышэйшую філасофію і заканазнаўства. Прыкладна ў той жа перыяд ён быў уведзены ў нашкабадзійскае братэрства — адно з суфійскіх аб’яднанняў, якое мела свае карані ў Сярэдняй Азіі.

Мюрыд і ваяр

Газі-Мухамад — адзін з першапраходцаў ісламізацыі і антырасійскай барацьбы на Каўказе, першы імам Чачні і Дагестана, — застаўся блізкім сябрам Шаміля. Родам, як і Шаміль, з Гімры, Газі-Мухамад быў усяго на тры гады старэйшы за Шаміля, і іх сяброўства працягнулася да самай смерці. У вялікай ступені можна сказаць, што Шаміль стаў яго пераемнікам і з падвоенай сілай працягнуў радыкальныя рэформы горскай супольнасці, пачатыя Газі-Мухамадам: утварэнне цэнтралізаванай дзяржавы, змену прававой сістэмы і каштоўнасных арыенціраў родаплемяннога грамадства Паўночнага Каўказу.

Менавіта пад кіраўніцтвам Газі-Мухамада Шаміль пачаў свае першыя крокі ў якасці ваяра.

У 1829 годзе Газі-Мухамад быў абраны імамам Дагестана і Чачні і аб’явіў газават (свяшчэнную вайну) Расіі — і Шаміль далучыўся да яго атрадаў. Першыя гады сябра Шаміля займаўся актыўным насаджэннем сваёй улады сярод горных плямёнаў — як сказалі б зараз, выбудоўваў вертыкаль улады. Ідэалогіяй газавата быў суфізм (у рускай тэрміналогіі — мюрыдызм) — адгалінаванне суніцкага ісламу са сваімі культурнымі і містычнымі асаблівасцямі. Яно мела на ўвазе строгае выкананне нормаў Карану, паслухмянасць духоўным настаўнікам і імкненне да духоўнага росту. Паслядоўнікаў гэтага вучэння называлі мюрыдамі.

Газі-Мухамад

Газі-Мухамад


Першымі крокамі арміі Газі-Мухамада сталі атакі на лаяльныя царскай уладзе аўлы. Пасля войска мюрыдаў колькасцю ў некалькі тысяч чалавек штурмавала крэпасці «Бурную» і «Внезапную». У 1831-м Шаміль удзельнічаў у нападзе на Таркі і Кізляр, разам з іншымі мюрыдамі спрабаваў штурмаваць Дзербент. У том жа годзе пры сяле Атлы-буюне быў разбіты атрад рускіх. Аднак вайсковая і палітычная кар’ера першага імама аказалася нядоўгай. 17 кастрычніка 1832 рускія войскі ў колькасці не менш за 4000 чалавек асадзілі роднае сяло Шаміля і Газі-Мухамада — Гімры.

Два дні ішла бітва. Амаль усе абаронцы аўла загінулі. Шаміль, дзякуючы сваёй неверагоднай храбрасці, змог уратавацца. Гэты момант стане адным з самых яркіх у яго біяграфіі. Заблакаваны ў вежы са сваім сябрам дзяцінства, ён тады па-сапраўднаму паглядзеў смерці ў твар. Вось як гэты эпізод запісаны са словаў самога Шаміля.

Франц Аляксеявіч Рубо. Штурм аўла Гімры.

Франц Аляксеявіч Рубо. Штурм аўла Гімры.


«... Газі-Мухамад сказаў Шамілю: «Тут усіх нас пераб’юць, і мы загінем, не зрабіўшы шкоды няверным. Лепш выйдзем адсюль і загінем, прабіваючыся». З гэтымі словамі ён, насунуўшы на вочы шапку, кінуўся з дзвярэй. Толькі што выбег ён з вежы, як салдат ударыў яго ў патыліцу камянём. Газі-Мухамад упаў і адразу быў заколаты штыхамі. Шаміль, бачачы, што супраць дзвярэй стаялі два жаўнеры з нацэленымі ружжамі, у адно імгненне прыгнуў з дзвярэй і апынуўся ззаду абодвух. Салдаты адразу павярнуліся да яго, але Шаміль пасёк іх. Трэці салдат пабег ад яго, і ён дагнаў і забіў яго. У гэты момант чацверты салдат уваткнуў яму ў грудзі штых, так што канец увайшоў яму ў спіну. Шаміль, схапіўшы правай рукой рулю ружжа левай пасёк салдата (ён быў ляўша), вырваў штых і, заціснуўшы рану, пачаў рубіць у абодва бакі, але нікога не забіў, таму што салдаты ад яго адбягалі, уражаныя яго адвагай, а страляць баяліся, каб не параніць сваіх, якія атачалі Шаміля».

Камандуючы Барон Розен, якому данеслі аб гэтым эпізодзе, сказаў: «Ну, гэты хлапец наробіць нам з часам турбот...»

Шаміль, канешне, быў ужо далёка не хлопец. Пасля смерці Газі-Мухамада 35-гадовы ваяр стаў памагатым новага імама — Гамзат-Бека. Ён збіраў войскі, здабываў матэрыяльныя сродкі і камандаваў асобнымі атрадамі, якія нападалі на рускіх і на горцаў прарасійскай арыентацыі.

У 1834 годзе Гамзат-Бек уварваўся ў Аварыю і вынішчыў яе кіраўнікоў, якія падтрымлівалі імперыю ў Каўказскай вайне, але хутка і сам загінуў ад кроўнай помсты родных забітага хана.

Гамзат-Бек

Гамзат-Бек


Пасля смерці Гамзат-Бека Шаміль падымае ягоны штандар барацьбы і пачынае актыўную партызанскую вайну. Як з яго ўдзелам так і без яго падымаліся вялікія паўстанні — у Паўночным Дагестане, у Чачні, у Азербайджане. Войска Шаміля на той момант ацэньваецца ў 9 тысяч чалавек.

У 1839 годзе — першая буйная параза. Карная экспедыцыя генерала Грабе асадзіла Шаміля і яго войска ў крэпасці на гары Ахульга. Падчас крывавага штурму з немаўляткам на руках загінула жонка Шаміля Джавгарат, быў забіты яго дзядзька, а сястра кінулася ў прорву. Са жменькай мюрыдаў імам Шаміль прабіўся скрозь шэрагі ворагаў і схаваўся ў гарах Аварыі.

Франц Аляксеявіч Рубо. Штурм Ахульга

Франц Аляксеявіч Рубо. Штурм Ахульга



Трэці імам

Гэтая бітва стала для Шаміля вялікім іспытам — яна пахіснула веру многіх дагестанцаў у перамогу, затое ўмацавала веру рускіх у тое, што з мюрыдызмам на Паўночным Каўказе скончана. Аднак увосень 1839 года разам з самымі вернымі людзьмі, гатовымі памерці за яго, імам прыбывае ў Чачню. Там ужо ішло паўстанне, выкліканае экспедыцыяй палкоўніка Пуло зімой 1839–1840 гадоў, падчас якой горцаў арыштоўвалі і адбіралі ў іх зброю. Паўстанню паспрыяла і тое, што падчас экспедыцыі Пуло сцёр з твару зямлі два аўлы.

У гэтай абстаноўцы Шаміль хутка ўзначальвае і арганізуе супраціў, а па запрашэнні старэйшын Чачні робіцца імамам — лідарам ісламскай дзяржавы — імамата, сталіцай якога было абвешчанае сяло Дарго.

Да канца 1840-га Шаміль кантраляваў усю Чачню. Даследаванні сведчаць, што да чэрвеня 1840 года ўсе без выключэння чачэнскія грамады былі ўцягнутыя ў барацьбу супраць Расійскай імперыі.

З гэтага часу пачынаецца росквіт мюрыдызму як дзяржаваўтваральнай ідэалогіі на Каўказе, а таксама ўмацаванне асабістай улады Шаміля. Ён пачынае праводзіць шырокія адміністрацыйныя і прававыя рэформы з мэтай сфармаваць цэнтралізаваную ваенізаваную дзяржаву, якая б магла трывала супрацьстаяць шматгаловай гідры Імперыі.

Ісламскі рэфарматар

У 1842 годзе з набліжаных Шаміля быў створаны савет (дыван) — аналаг кабінета міністраў, які разбіраў палітычныя, адміністрацыйныя, рэлігійныя і судовыя справы. У суботы і нядзелю Шаміль асабіста прымаў жадаючых паскардзіцца.

У 1842–1847 гадах быў прыняты адзіны для ўсіх звод прававых нормаў Шаміля пад назвай «Нізам» («Парадак»), які ствараўся з правіл, што адпавядалі правілам шарыяту і рэгулявалі розныя бакі жыцця горцаў: ад крымінальнага права да пытанняў жаніцьбы і спадчыны. Нізам забараняў шэраг мясцовых звычаяў, такіх, як кроўная помста і выкраданне нявесты.

Шаміль цалкам ліквідаваў інстытут мясцовых князёў, старэйшын і ханаў, замяніўшы яго сваім адміністрацыйным апаратам, які складаўся з наібаў і мюрыдаў. У абавязкі мюрыдаў уваходзіла кіраванне наібствам (рэгіёнам), збор падаткаў, нагляд за выкананнем шарыяту, набор рэкрутаў. Пры наібах былі муфтыі, якія кіравалі дзейнасцю суддзяў і тлумачылі законы Карана. Пры гэтым прысуд пра смяротную кару абавязкова зацвярджаў асабіста імам. Мюрыды былі памочнікамі наібаў, складаючы іх гвардыю.

Пераўтварэнні прайшлі і ў войску. Партызанка змянілася рэгулярнымі падраздзяленнямі. Шаміль завёў палкі колькасцю ў 1000 чалавек. Кожны полк падзяляўся на 2 пяцісоценных, 10 соценных і 100 атрадаў па 10 чалавек з камандзірамі ў кожнага звяна. Сёлы, што найбольш пацярпелі ад рускай арміі, былі вызваленыя ад воінскай павіннасці — яна была замененая пастаўкамі на патрэбы войска.

У 1842 годзе Шаміль завёў артылерыю і нават пабудаваў у Ведзено завод па ліцці пушак. Артылерыяй камандавалі афіцэры-палякі, перабежчыкі з расійскай арміі. Увогуле, Шаміль вельмі лаяльна ставіўся да дэзерціраў, якія не хацелі ваяваць за імперыю. Хрысціянам у горнай Чачні дазвалялася жыць па сваіх законах і будаваць цэрквы. Многія з былых расійскіх салдат і афіцэраў прайшлі з Шамілём да самага канца — ажно да палону ў Гунібе.

Па зразумелых прычынах, радыкальныя рэформы Шаміля сустракалі і незадаволенасць. Асабліва ў мясцовых кіраўнікоў, якія пазбаўляліся ўлады. Але і шараговыя горцы звыклі жыць па адату. Новы парадак насаджваўся літаральна агнём і мячом. У 1844 годзе за забойства свайго стаўленіка Шаміль пагалоўна знішчыў жыхароў аўла Цантэры.

Нягледзячы на радыкальнасць рэформаў, Шаміль пакінуў у недатыкальнасці падмурак горскага грамадства — традыцыйную сельскую абшчыну (джамаат).

Узлёт і падзенне

У 1840-я гады Шаміль раз за разам знішчаў экспедыцыйныя корпусы і палкі, якія адпраўляліся на ліквідацыю горскіх войскаў ці ў карныя экспедыцыі супраць мірных жыхароў. І амаль заўсёды — меншым лікам. Вайсковы талент і адвагу Шаміля безумоўна прызнавалі нават яго ворагі.

Увесну 1842-га генерал Галавін адправіўся ў паход на рэзідэнцыю Шаміля, у сталіцу імамата Дарго, але адступіў з вялікімі стратамі. У тым жа годзе 2000 горцаў амаль цалкам знішчаюць у лясах 10-тысячны атрад генерала Грабе.

У 1845-м годзе новы галоўнакамандуючы Варанцоў, увайшоўшы ў імамат з 10 тысячамі войска, вярнуўся праз 12 дзён толькі з 7900, страціўшы, у тым ліку, 4 генералаў.

Да сярэдзіны 1850-х улада Шаміля ўмацавалася яшчэ больш. Ён афіцыйна прыняў званне Халіфа, што значыла заяўку на легітымнасць яго ўлады за мяжой Каўказа. Але прыкладна ў тыя ж гады ў войска імамата пачаліся няўдачы. Канец Крымскай вайны дазволіў Расіі адправіць на Каўказ вялікія сілы. Каўказскі корпус быў пераўтвораны ў армію і складаў да 200 тысяч чалавек. Горцаў пачалі давіць незлічонай колькасцю войскаў, працягваючы тактыку вырубкі лясоў, пабудовы крэпасцяў і здабывання лаяльнасці мясцовай радавой знаці з мэтай сеяння разладу між радамі і плямёнамі.

У 1858 годзе Шамілю давялося сутыкнуцца з паўстаннем у сваім тыле — свабодалюбівыя чачэнцы паўсталі супраць парадкаў Шаміля, якія ў многім былі чужыя традыцыйным законам, а таксама супраць яго аўтарытарнай манеры кіравання.

Адзін за другім падалі крэпасці і аулы пад кантролем імама. Да сярэдзіны чэрвеня 1859 года былі задушаныя апошнія цэнтры супраціву, а Шаміль збег у крэпасць Гуніб, дзе і адбыўся ягоны апошні бой.

З 400-мі самымі вернымі ваярамі ён апынуўся перад выбарам: памерці ў барацьбе ці здацца. Ён абраў апошняе, за што, па легендзе, ледзь не быў застрэлены сваім бліжэйшым наібам Байсангурам Беноеўскім.

Гэтага кроку ад Шаміля, відавочна, не чакаў ніхто, і менавіта пагадненне з імперскімі войскамі карнікаў зрабіла яго «неадназначнай асобай» нават для многіх чачэнцаў, хаця ягоны гераічны статус афіцыйна не аспрэчваецца. Сапраўднаму герою, як вядома, належыць памерці ў баю. Але нават пасля здачы Шаміля ў палон адкрытая вайна на Каўказе працягвалася яшчэ пяць гадоў.

Дастаўлены з Каўказу ў Санкт-Пецярбург, Шаміль двойчы сустракаўся з імператарам Аляксандрам ІІ, бачыўся з генералам Ярмолавым і быў адпраўлены ў ганаровую ссылку ў Калугу, дзе пражыў два гады і нават прыняў расійскае дваранства ў 1869-м, а пасля, па прычыне незадаволенасці кліматам, быў пераведзены імператарам у Кіеў, і нават быў адпушчаны на хадж у Меку. Амаль адразу пасля падарожжа імам Шаміль сканаў, пражыўшы без малага 74 гады.

Шаміль у публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. В. Тім

Шаміль у публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. В. Тім



Горы — як брацкая магіла

За ўвесь перыяд Каўказскай вайны (60 гадоў) у адной толькі Чачні афіцыйныя страты расійскіх войскаў склалі 96 тысяч чалавек — і гэта без уліку тых, хто памёр ад хвароб і раненняў у шпіталях.

Вайна з непакорным народам — гэта амаль заўсёды вайна на знішчэнне. У выніку генацыду і каланізацыі, якія праводзіла Расійская імперыя з канца XVIII стагоддзя па 1859 год на Каўказе, чачэнскі этнас быў на мяжы поўнага знікнення. Некаторыя плямёны (убыхі, шапсугі і іншыя) былі знішчаныя цалкам. Пасля вайны чвэрць з жывых чачэнцаў былі вымушаныя перасяліцца ў Турцыю.

Што ж у выніку гэтай вайны атрымала Расія? Неспакойны рэгіён, які патрабаваў для свайго ўтрымання велізарнага вайсковага кантынгенту. Адзіным плюсам шматгадовай узаемнай разні можна было назваць хіба што поўную лаяльнасць новай паўночна-каўказскай знаці да царскай адміністрацыі. Калі ў 1905–1907 гадах паўставалі Арменія, Грузія і Азербайджан, у Інгушэціі, Дагестане і Чачні ўсе было спакойна. Наадварот — кабардзінцы і інгушы разам з казкамі актыўна падаўлялі рэвалюцыйныя выступленні.

Аднак варта было імперыі аслабіць хватку — і ўсе пачалося зноў. Савецкай улады чачэнцы таксама не хацелі: з 1920 па 1941 года на тэрыторыях Чачні і Інгушэціі адбыліся 12 буйных узброеных паўстанняў, у якіх загінула больш за 3,5 тысяч байцоў РККА і ўнутраных войскаў. А што было пасля 1991-га — усе мы і так выдатна ведаем.

Калі глядзіш на гісторыю Чачні, ствараецца ўражанне, што гэтыя горы — нішто іншае, як велізарная брацкая магіла. Згубіўшы сотні тысяч жыццяў на заваёву гэтага краю, сёння, у 2018-м, Расія мае ўсё тое ж, што і 160 гадоў таму: суфізм, моцнага лідара і жыццё па шарыяту.

Яно было таго варта?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць