Няскораны міністр Міхаіл Марыніч

У свой час дзякуючы ягонаму самаадводу Аляксандр Лукашэнка заняў пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі ў Вярхоўным Савеце і высока заскочыў як палітык. Кіраўнік Мінгарвыканкама, міністр знешнеэканамічных сувязяў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2001, палітвязень... Сёння Міхаілу Марынічу споўнілася б 80 гадоў.

Міхаіл Марыніч паходзіў з Гомельшчыны (нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна). У СССР працоўную кар’еру зрабіў у будаўнічай галіне. З ёй быў звязаны і на сваёй першай высокай дзяржаўнай пасадзе.

Будаўніцтва метро. Фота з кнігі А. Тамковіча пра Марыніча

 У 1984 годзе стаў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкаму, курыраваў будаўніцтва сталічнага метро, якое якраз запрацавала ў тым годзе. У першыя гады незалежнасці Беларусі (1990-1991) узначаліў сталічны выканкам, стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета.



Эпахальны самаадвод


Калі парламент у 1993 годзе ўшчыльную заняўся вывучэннем дзейнасці камерцыйных структураў пры органах улады, менавіта Міхаіла Марыніча многія бачылі на пасадзе старшыні адмысловай расследавальніцкай камісіі. За Марыніча гатовыя былі прагаласаваць і дэпутаты Апазіцыі БНФ, разумеючы, што іх прэтэндэнт на ачольванне антыкарупцыйнай камісіі Сяргей Антончык наўрад ці пройдзе. Але Марыніч раптам бярэ самаадвод і прапануе замест сябе Яўгена Глушкевіча з Кантрольнай палаты. Той робіць тое самае. У выніку старшынём гэтай камісіі абіраецца Аляксандр Лукашэнка, які ў снежні 1993 года робіць нашумелы антыкарупцыйны даклад, а ўлетку наступнага году ўжо прымае прысягу як першы прэзідэнт Беларусі.

Чытайце таксама:

Няскораны Міхаіл Марыніч


Кажуць, Лукашэнка быў удзячны Марынічу за той ягоны самаадвод. Але сам палітык у інтэрв’ю «Новаму Часу» распавядаў, што адмова яго «была зусім не з жадання паспрыяць кар’ернаму росту былога дырэктара саўгаса». Папросту сама пасада не пасавала яму: «Я прывык займацца канкрэтнай справай, а не збіраць сумнеўнага зместу кампрамат на іншых». Тым не меней Лукашэнка прапанаваў Марынічу ачоліць свежастворанае Міністэрства знешнеэканамічных сувязяў, якое бачылася вельмі важным для рэфармавання эканомікі маладой незалежнай дзяржавы. Дарэчы, праіснавала яно нядоўга да 1998 года, калі было аб’яднана з Міністэрствам замежных справаў. Хаця многія эксперты лічаць, што ў той час, калі шэраг міністэрстваў у Беларусі можна  скасоўваць, такое ведамства магло быць запатрабаваным. Нездарма ж сам кіраўнік краіны ўвесь час на сустрэчах з дыпламатамі патрабуе ад іх больш займацца гандлёвым міжнародным супрацоўніцтвам.

Вось як Міхаіл Марыніч згадваў сваю міністэрскую працу: «Кожнаму тады здавалася, што для працы наступілі надзвычай цудоўныя часы. Маладая незалежная краіна з чыстага аркуша ўсталёўвала адносіны з еўрапейскімі краінамі, пачынала цікавыя і перспектыўныя бізнес-праекты. Гэта быў перыяд плённых кантактаў з замежнымі інвестарамі. Частка з іх развілася».

Але шмат праектаў не былі рэалізаваныя. Напрыклад, рэферэндум-1996 году перакрэсліў усё, што ўдалося дасягнуць на шляху Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю: «Я спрабаваў упэўніваць урад і Лукашэнку, што такія праекты патрэбныя Беларусі, але беспаспяхова. Ён гэтага не хацеў. Ужо тады зараджалася дыктатура, і ўпэўніваць у перавагах прыватнай уласнасці і прыходу замежнага капіталу Лукашэнку было ўсё цяжэй. Калі да рэферэндуму 1996 года мы больш кантактавалі з еўрапейцамі, то потым — з арабамі. Дэмакратычны свет у сэнсе інвестыцый для беларусаў фактычна закрыўся».


Выклік Лукашэнку і турма


Зрэшты, тады, у 1996-м, Марыніч не пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць рэферэндуму як прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір і міністр працы Аляксандр Сасноў. Але ён заставаўся ў чынавенскай фрондзе. Як падчас працы міністрам, так і пасля яе, будучы дыпламатам. У выніку ў 2001 годзе нечакана для многіх ён пакідае пасаду пасла Беларусі ў Латвіі, а па сумяшчальнцітве ў Эстоніі ды Фінляндыі, і вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты. Зацыркулявала версія, што Марыніч — гэта супернік Лукашэнкі ад наменклатуры, якая стамілася ад яго кіравання. Нават былі чуткі, што за рашэннем Марыніча стаіць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Мясніковіч, які акурат у той час паехаў адпачыць на балтыйскім узбярэжжы.

Фота з кнігі А. Тамковіча пра Марыніча

Фота з кнігі А. Тамковіча пра Марыніча

Як потым выявілася, Мясніковіч дачынення да марынічаўскага паходу на выбары не меў, але вось натхніўся Марыніч, па ягоным прызнанні, менавіта ў Латвіі ды Эстоніі, зразумеўшы, што Беларусь вядуць у тупік. Між тым, у штабе Марыніча буйных чыноўнікаў хапала — як дзейных, якія дапамагалі таемна, так і былых, якія не хаваліся. Як, напрыклад, колішні кіраўнік прэзідэнтуры Іван Пашкевіч. Аднак кандыдатам Марыніч зарэгістраваны не быў — не ўдалося сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.
Чытайце таксама:

Міхаіл Марыніч: «Я зразумеў — Беларусь вядуць у тупік»


У 2006 годзе павінна была адбыцца «кандыдацкая» спроба нумар два. Але, па ўсім, удзел у выбарах-2001 Марынічу не даравалі. У 2004 годзе яго арыштавалі і прысудзілі да 5 гадоў зняволення за тое, што ён быццам бы скраў камп’ютары ў кіраванай ім жа арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва», падораныя Амбасадай ЗША. Тэхніка знаходзілася ў гаражы сына палітыка, бо ў арганізацыі меліся праблемы з офісам, да ўсяго амерыканцы заявілі, што прэтэнзіяў не маюць і нават заклікалі вызваліць Марыніча.

З сям

З сям'ёй. Фота з кнігі А. Тамковіча пра Марыніча

Вызвалілі палітыка толькі ўвесну 2006 года. За кратамі Міхаіл Марыніч перажыў інсульт і другім разам ажаніўся. Марыніч здолеў паправіць здароўе, у 2007 годзе ў яго (у 67-гадовым узросце) нават нарадзіўся сын, што стала інфармацыйнай нагодай ужо для палітычна-свецкай хронікі. У 2010 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Міхаіла Марыніча ахвярай палітычных рэпрэсіяў, тады ж у яго здарыўся другі інсульт, а ў 2014-м палітыка не стала...
Чытайце таксама:

У Мінску развіталіся з Міхаілам Марынічам



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: