Феніксы з Караліна

Калі прыходзіць бяда, мала хто здольны ўбачыць у ёй магчымасці для далейшага развіцця. Але філосаф, фермер, грамадскі і царкоўны дзеяч Мікола Матрунчык, хату якога днямі знішчыў пажар, у роспач не ўпадае, а плануе збудаваць на пажарышчы «Народную акадэмію беларускіх смакаў». Вы можаце дапамагчы!
Таццяна і Мікола Матрунчыкі 

Таццяна і Мікола Матрунчыкі 

У вёсцы Караліна ў доме, збудаваным у 1950-х гадах, Мікола Матрунчык пражыў з сям’ёй каля 20 гадоў. Будынак быў дыхтоўны, некалі ён належаў дзядзьку спадара Міколы. Пры доме — гаспадарка, якую ён з задавальненнем паказвае. Па перыметры ўчастак засаджаны разнастайнымі дрэвамі, якія абараняюць яго ад вятроў. Да таго ж біяразнастайнасць дае ўстойлівасць, пры якой адны дрэвы дапамагаюць развівацца іншым, яны менш хварэюць і іх не трэба так апрацоўваць, як монакультурныя пасадкі.

Дрэвы, што растуць у садзе Матрунчыкаў, маюць сваё значэнне. Так, чатыры дубы пасадзілі чацвёра іх сыноў. Ёсць тут і палескі гатунак вішні, вядомы з XVII стагоддзя, і акацыі, і брызгліны, лістоўніцы, яблыні, тульпанавае дрэва, бук, ясень, парастак граба, які садзіў Якуб Колас у Мікалаеўшчыне, вязы з Зэльвы Ларысы Геніюш… І гэта толькі сад, а калі палічыць гарод ды свойскую жывёлу, якую трэба даглядаць, застаецца толькі здагадвацца, колькі сіл Мікола і Таццяна Матрунчыкі ўкладаюць у сваю гаспадарку.

— Я гэта люблю. Калі ўсё робіш з любоўю, то цяжар не адчуваецца. Гэта не праца, а натхненне, — адказвае гаспадар.

Аднак натхненне парушыў пажар, які пятага сакавіка знішчыў дашчэнту дом Матрунчыкаў.

— Мы цяпер нячаста выязджаем у Мінск, раз на тыдзень, бо жывем пры гаспадарцы. Здарэнне адбылося акурат у той дзень, калі мы ад’ехалі. Дома была адна мая матуля. Яна пайшла ўзяць кіпню на каву, і бачыць, што ў суседнім пакоі ўсё палае.

Жанчына перажыла сапраўдны шок, на шчасце, яе паспелі вынесці з хаты мужчыны, што апынуліся ў гэты час побач з домам. Жытло занялося вельмі хутка, і калі прыехалі пажарныя, даху ўжо не было. На шчасце, агонь не закрануў суседнія гаспадарчыя пабудовы.  

— Самі пажарныя здзіўляліся, што дом выгарэў дашчэнту, але два пакоі, дзе былі нашыя іконы і мы маліліся, амаль што не закранула. Таму сама сабой напрошваецца нейкая містыка: можа, гэта нам дадзена для таго, каб адыйсці ад нейкіх рэчаў і пачаць штосьці новае? — разважае спадар Мікола.

 Адзін з пакояў, які не закрануў пажар

 Адзін з пакояў, які не закрануў пажар


У яго ўжо ёсць пэўныя ідэі, якія ён хацеў бы ўвасобіць. Сям’я Матрунчыкаў трымаецца прынцыпаў пермакультурнага гаспадарання (ён грунтуецца на ўзаемасувязях з натуральных экасістэм), стварае на сваім участку біяразнастайнасць, трымае курэй, трусоў. Таксама спадар Мікола захапляецца традыцыйнай беларускай ферментаванай кухняй. Таму на сваёй гаспадарцы, якую спадзяецца адрадзіць, ён хоча стварыць своеасаблівую прастору ці творчую майстэрню па зборы і распаўсюдзе забытых традыцыйных смакаў — «Народную акадэмію беларускіх смакаў».

— Я хоць і жыў у Мінску доўгі час, але самымі «смачнымі» ў мяне заставаліся ўспаміны з дзяцінства — прыгатаваныя ў печы стравы, каўбасы, сальцісоны, кумпякі ўласнага вырабу. Але важна ўсё гэта не толькі спажываць, але і захоўваць. Бо народныя смакі губляюцца, кожнае пакаленне «падсаджваецца» на новыя смакі. Традыцыйныя ж смакі з'яўляюцца своеасаблівай культурнай каштоўнасцю. Бо можна збіраць нейкія рэчы, артэфакты, а як збіраць смакі? Іх класіфікацыя яшчэ не распрацаваная: ёсць салодкі, горкі, кіслы салёны — і ўсё. Калі знікнуць нашыя смакі — знікне частка жыцця.

Мікола Матрунчык прыйшоў да высновы, што ў харчаванні сучасных людзей не хапае ферментаванай ежы. Тым часам многія народы (і беларусы — не выключэнне) маюць яе ў сваёй традыцыі. Паўночныя народы квасяць рыбу, японцы робяць рыс місо, у нас жа квасілі яблыкі, агуркі, зялёныя памідоры…

Людзі папаўнялі запасы сваіх ферментаў, якія можна было аднавіць у арганізме толькі такім чынам, — тлумачыць гаспадар. — Адзін з паказчыкаў каштоўнасці прадукта — яго кіслінка: кіслы дражджавы хлеб, кіслае сухое віно, кіслая капуста. Гэта значыць, пэўныя рэчывы прадуктаў ператвараюцца ў шматлікія ферменты, якія чалавек губляе цягам жыцця. Праз гэта прыходзіць старасць і хваробы, бо абмен рэчываў у арганізме адбываецца не так, як трэба.

Мікола Матрунчык мяркуе, што ў яго творчай майстэрні кожны зможа прыехаць, паўдзельнічаць у ферментаванні і, канешне ж, пакаштаваць ферментаваныя прадукты. Безумоўна, людзі, якія цяпер падзяляюць бяду з сям’ёй, заўжды будуць жаданымі гасцямі на гаспадарцы.

— Дзякуючы гэтай ідэі і падтрымцы людзей адрастаюць крылы, — прызнаецца Мікола Матрунчык.
Ён мяркуе, што яго задумка, апроч іншага, будзе мець грамадскае і сацыяльнае значэнне, паспрыяе самазанятасці на вёсцы.

Падмацоўвае спадара Міколу ў яго памкненнях яшчэ і тое, што падчас пажару ў хаце згарэлі амаль усе кніжкі, але дзве, прысвечаныя ферментацыі, захаваліся. Яшчэ сярод рэчаў, якія вытрымалі выпрабаванне агнём, застаўся дубовы кубак, выкананы майстрам. Паплавіліся многія металічныя рэчы, а дрэва — выстаяла.


Першы шок ад пажару ў гаспадароў ужо прайшоў. Мікола Матрунчык кажа, што, пэўна, праз тое, што яны не бачылі, як агонь знішчае іх рэчы, не засталося моцнага цяжару ад таго, што на вачах знікае частка жыцця.

— Чалавек зліваецца з рэчамі, сярод якіх жыве, яны становяцца часткай яго ментальнасці. У хаце можна было з заплюшчанымі вачыма знайсці, дзе што стаіць. Але разам з тым я сёння адчуў іншае. У мяне згарэў абутак, і муж Таццяны Процькі Дзмітрый прывёз мне свой. Надзяваючы яго, я нібыта зрастаюся з гэтым чалавекам. Таму я стараюся ўспрымаць, што развітваюся са сваімі рэчамі, бо наперадзе новая мара, — з усмешкай кажа гаспадар.

Ён жартуе, што дзеля такога стаўлення да сітуацыі варта было вучыцца на філосафа — адпаведная адукацыя дапамагае яму перажыць стрэс.

Пакуль гаспадары жывуць на печы ў летняй кухні, маці спадара Міколы забралі ў Мінск. Згарэлы дом трэба будзе зруйнаваць, бо пах гару з яго ўжо не выветрыцца. Потым трэба будзе будаваць новы дом — яго праект зробіць архітэктар Вадзім Гліннік.

 Цяпер Мікола і Таццяна Матрунчыкі туляцца на печы ў летняй кухні

 Цяпер Мікола і Таццяна Матрунчыкі туляцца на печы ў летняй кухні


Мікола Матрунчык кажа, што ўражаны той падтрымкай, якую сям’я атрымала і працягвае атрымліваць з першага дня пасля здарэння. Сябры праваслаўнага Брацтва Віленскіх мучанікаў, што дзейнічае пры мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы і ў раду якога ўваходзіць Мікола Матрунчык, зладзілі талаку і дапамаглі разбіраць пагарэлыя рэчы. Накрылі дах дома над тымі пакоямі, якія не крануў агонь — каб іх не замачыла дажджом і можна было ўпарадкаваць тое, што захавалася. Дапамагаюць і сябры, і незнаёмыя людзі.

— Звычайна кажуць: тры беларусы — пяць партый, маўляў, беларусы не здольныя аб’яднацца. Але мы атрымалі такую лавіну суперажыванняў і прапановаў дапамагчы! Гэта дае надзею, што ў крытычны момант усё з’яднаецца, як трэба, — разважае Мікола Матрунчык. І працягвае:

— Грамадства можа змабілізавацца на самаразвіццё, але будзе частка тых, хто стане ўспрымаць усё скептычна. І я ўпэўнены, што з’явяцца скептыкі, якія скажуць: «Вось, Міколу добра: стары дом згарэў, ён сабе новы зробіць, а хоць бы нам хто дапамог». Я чытаў такія каментары. Але я таксама з любоўю буду ўспрымаць гэты недавер. І для нашай сям’і цяпер паўстала вялікая адказнасць і навука быць сумленнымі перад людзьмі, якія адгукнуліся і дапамаглі.  

 Палкі для скандынаўскай хадзьбы не пацярпелі падчас пажару. «Гэта знак, што трэба ісці наперад», — кажа гаспадар

 Палкі для скандынаўскай хадзьбы не пацярпелі падчас пажару. «Гэта знак, што трэба ісці наперад», — кажа гаспадар


— Чалавечая падтрымка такая неацэнная, што і хацеў бы ўпасці ў роспач, але проста не маеш права. Трэба глядзець наперад. А калі жывеш на зямлі, бачыш, як з’яўляецца маладое жыццё, гэта таксама надае сіл, у горадзе такога не ўбачыш, — дадае на развітанне жонка Міколы Матрунчыка спадарыня Таццяна.


Сям’і Матрунчыкаў усё яшчэ патрэбная любая дапамога. Так, неўзабаве спатрэбіцца адмысловец у будаўнічай сферы. Гаспадары будуць удзячныя за ўдзел справай (калі жадаеце папрацаваць на разборах завалаў, звязвайцеся з рэдакцыяй «Новага Часу» альбо тэлефануйце спадару Міколу: +375296269815), а таксама грашыма. Пералічыць іх можна на любы з наступных рахункаў (важна: уладальнiцу рахункаў трэба пазначаць Матрунчык Таццяна Аляксееўна):

1. Ідэя-банк BYN (рахунак у беларускіх рублях).
Нумар дагавора: 220983773
Нумар рахунка IBAN: BY65SOMA3014MB00000220983773
Алгарытм пераводу ў дрэве АРІП:
Банковские, финансовые услуги -> Банки,НКФО -> Идея Банк -> Пополнение счета (онлайн) -> 220983773

2. БПС-Сбербанк BYN (рахунак у беларускіх рублях).
Нумар дагавора: 5434026
Нумар рахунка IBAN: BY21BPSB3014F000000005434026
Алгарытм пераводу ў дрэве АРІП:
Банковские, финансовые услуги -> Банки,НКФО -> БПС-Сбербанк -> Пополнение счета с картой -> 5434026

3. Беларусбанк BYN (рахунак у беларускіх рублях).
Нумар рахунка IBAN: BY16AKBB31340000002110070000
Алгарытм пераводу ў дрэве АРІП:
Банковские, финансовые услуги -> Банки,НКФО -> Беларусбанк -> Пополнение счета -> BY16AKBB31340000002110070000

4. Беларусбанк USD (рахунак у доларах ЗША).
Нумар рахунка IBAN: BY46AKBB31341000001280070000

5. Беларусбанк EUR (рахунак у еўра).
Нумар рахунка IBAN: BY41AKBB31342000001120070000


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: