Ганна Севярынец пра штурм Курапатаў, паламаны лёс Колі і законы мурашніку

Настаўніца, пісменніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец разважае на Радыё Свабода пра «ўзяцце курапацкай вышыні» ў нядзелю, законы рою ці мурашніку на цяперашніх маршах і пра Колю Лукашэнку, аб якім ніхто не думае.

Чаму не дзейнічаюць вершы і заклікі не страляць

Мы, даследчыкі 1930-х, якія працавалі з пратаколамі, дакументамі і, здаецца, той час разумеем лепей за многіх, усё ж былі тэарэтыкамі. А на практыцы я аказалася не гатовая да сваіх перажыванняў. Цяпер, знаходзячыся ўнутры, я б наогул не звярталася ні з якімі вершамі, ні з якімі заклікамі, таму што яны не дзейнічаюць. Ніякія словы, ніякія паводзіны людзей з нармальнымі каштоўнасцямі не ў стане кагосьці спыніць.

Усе, у каго нейкае сумленне яшчэ было, ужо звольніліся. Я не магу сабе ўявіць, каб чалавек з нейкімі рэшткамі сумлення працаваў бы там па сёння. Але «чалавек з ружжом» яго ўсё ж апусціў у нядзелю перад хлопцам, калі той расхінуў куртку, крыкнуў «Страляй» і пайшоў на яго. Цяпер з імі трэба сустракацца не ў прасторы вершаў і словаў, а на вуліцы, і там будзе вырашацца, будзе ці не будзе ён страляць.

Хто думае пра Колю

Калі крышачку абстрагавацца ад сённяшняй сітуацыі, як настаўніца і як маці я думаю, што наогул пра Колю асабліва ніхто не думаў. Мне бясконца шкада Мікалая Аляксандравіча. Яму паламалі лёс, паламалі характар, паламалі асобу. Сітуацыі, у якіх ён апынаецца і знаходзіцца, нездаровыя. Ненармальна расці ў такой атмасфэры.

Чаму трэба было ісці на Курапаты іншым маршрутам

Па маіх адчуваннях, гэта быў вузлавы марш. У ім сышлося шмат рэчаў, шырэйшых, чым проста мірны пратэст за свабодныя выбары. На светаўспрыманне людзей, якія шмат гадоў рыхтавалі цяперашнюю хвалю, заклалі яе падмурак, наклалася практыка 11 папярэдніх маршаў, на якія мы схадзілі. Гэта зусім іншая практыка і зусім іншае адчуванне. Нават фізічна, калі ідзеш у маршы, ты разумееш, колькі людзей побач, на якой адлегласці ад цябе ідуць людзі, ці ідуць яны па ходніках, ці вы яшчэ ўмяшчаецеся ў праезную частку, за колькі хвілін вы праходзіце вузкае месца. Ёсць такія рэчы, якія ты проста адчуваеш целам, калі ідзеш на марш.

І калі я пабачыла аб’яву і гэты маршрут, проста адчула целам, што будзе адбывацца. Я не адчула расчаравання, я не спужалася, усё адбылося так, як я сабе ўяўляла, ведаючы, што такое цяперашнія маршы і што такое шлях на Курапаты ад парку Чалюскінцаў. Каб людзі сабраліся ля стэлы, адтуль таксама можна было дайсці да Курапатаў. Было б значна прасцей і больш слушна ісці па Багдановіча, нашым звычайным маршрутам, простым, без паваротаў і праблематычных вуліцаў, якія немагчыма прайсці вялікай калонай.

Чаму гэта быў штурм Курапатаў

Тут сышліся стары погляд папярэднікаў і погляд новай хвалі. Раней шэсці на Курапаты былі шэсцямі памяці. А цяпер, слушна нехта напісаў у сацсетках, гэта быў не марш на Курапаты, а гэта быў штурм Курапатаў. Калона пасля разгрому, тое, што ад яе засталося, ішла туды ня ў стане суму, а яна ішла туды, як на бой, як на бітву. Гэта сапраўды быў штурм. Людзям трэба было ўварвацца ў гэтую прастору і абазначыць, што яны занялі вышыню. І трэба было разумець, што людзі туды прыйдуць у настроі пераможцаў, і яны маюць права на гэты настрой. Я рада, што такі настрой там быў. Калі разважаць у нейкіх містычных катэгорыях, я ўпэўненая, што тыя, хто ляжыць у Курапатах, былі б рады адчуць і ведаць гэты настрой.

Чаму маршы маюць псіхалогію мурашніку ці рою

Трэба вывучаць псіхалогію гарызантальных сувязяў, псіхалогію рою альбо мурашніку, калі 200 тысяч, гатовыя выйсці на марш, адчуваюць адно і тое ж. Целам, нейкімі вусікамі. І, калі бачаць няўдалы маршрут, нават не аналізуюць, проста адчуваюць. Я чалавек вуліцы, не ўваходжу ні ў якія групы, якія распрацоўваюць стратэгію, я проста разумею, што такое роевая свядомасць. Тое, што адчула я, калі даведалася пра маршрут, упэўненая, адчулі тысячы людзей.

Чаму кожны можа стаць лідарам калоны

Калі раней ішлі маршы на Курапаты, заўсёды быў лідар, быў чалавек, які ідзе наперадзе, чалавек, які нясе звон, які арганізуе мітынг. А цяпер у пратэстаў няма ані лідэраў, ані людзей, якія стануць наперадзе. Наперадзе можа апынуцца хто заўгодна. Мы ж ня ведаем, як сфармуецца калона, хто адкуль падыдзе і каго адкуль пусцяць. І людзі, якія апынуцца наперадзе, проста могуць ня ведаць, як ісці ад Чалюскінцаў у Курапаты. Любы чалавек можа стаць перад неабходнасцю камандаваць калонай. Я аднойчы была ў галаве калоны і бачыла гэты момант.

Гэта працэсы, невядомыя людзям, якія хадзілі на шэсці раней. І ў нядзелю не было месца, дзе імгненныя лідэры маглі стаць і параіцца. Улічыце, што няма ніякай сувязі, ніякай магчымасці каардынавацца, усё адбываецца ў вельмі стрэсавым рэжыме.

Мы заўсёды імкнемся збіцца ў грамаду, бо тады ня страшна. Калі ідзе вялікая калона, яна павінна мець вялікую прастору. Напісалі, што ў нядзелю марш быў меншы за 100 тысяч. Ня быў. Людзей было вельмі шмат, былі тысячы людзей, якія не знайшлі калону, былі тысячы аўтамабілістаў, якія не знайшлі, дзе прыпаркавацца, дзе выйсці і да яе прымкнуць.

Чаму Курапаты не могілкі

Намі цяпер кіруе гісторыя. Мы знаходзімся ў моманце канцэнтрацыі гістарычных сувязяў і шляхоў, калі кожны чалавек нешта робіць, але вырашае агульная, гістарычная справядлівасць і заканамернасць. І гэты марш, абсалютна правальны з пункту погляду карцінкі і арганізацыі, успрыняўся мной як пераможны. Бо людзі ўзялі гэтую вышыню. Гэта гучыць дзіўна для тых людзей, якія хадзілі туды як на могілкі, але Курапаты ня могілкі — гэта наша вышыня і эпіцэнтар таго, што цяпер адбываецца. І гэтую вышыню грамадзтва павінна было ўзяць з боем — праз пакуты, кроў і жах на полі.

З чым папраўдзе змагаюцца мірныя пратэстоўцы

Тое, што ідзе змаганне Дабра са Злом, не сказаў толькі лянівы. Гэта адчуваюць усе. Але ў гістарычных фармулёўках я б нават пашырыла — не са стогадовым таталітарызмам ідзе барацьба, а з 300-гадовым, ад падзелу Рэчы Паспалітай мы ўключаныя ў гэты цыкль. З 1795 году кожныя 30 гадоў Беларусь падымаецца. Паглядзіце на стужку часу і ўспомніце ўсе беларускія паўстанні. Цяпер 30 гадоў пасля 1990-х.

Калі людзям спрабуеш тлумачыць, што мы не 26 гадоў перамагаем цяпер, першае, што я бачу ў вачах, — гэта жах, што мы цягнем на сабе такую ролю; а другое, што я бачу ў вачах, — гонар. Людзі цяпер у памежным стане, яны ўсе героі, гатовыя ў любы момант на гераічны ўчынак. Кожны дзень дзясяткі, сотні герояў зяўляюцца. Калі яны разумеюць, якую задачу на іх усклала гісторыя, які пачэсны цяжар, за колькіх спакутаваных людзей яны могуць цяпер перамагчы, якім коштам даецца перамога і колькі яна будзе важыць, людзі распраўляюць плечы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: