Ганна Сола, якая не падпісалася за ўладу

На мінулых выходных гэта была самая высакародная гісторыя ў беларускім спорце. Біятланістка Ганна Сола выйграла бронзавы медаль на чэмпіянаце свету і атрымала ад заўзятараў тысячы сардэчак, лайкаў і віншавальных каментароў у сацсетках.
І сёння менавіта Ганна — сціплая ўраджэнка Шумілінская раёна — самая ўлюбёная спартсменка ў зборнай лыжнікаў-стралкоў. Бо біятлон — гэта толькі частка яе цяперашняга вобраза. Другая частка — цвёрдая грамадзянская пазіцыя, якая вылучае дзяўчыну з агульнага шэрагу.

Яна наважылася зрабіць тое, на што не хапіла моцы больш ні ў каго ў камандзе — ні сярод жанчын, ні сярод мужчын.

Сола і сола

Калі глядзець на ўчынак Ганны з нейкай агульнай званіцы, то ў ім не ўбачыцца асаблівага гераізму. З пункту гледжання чыстай механікі яна ўвогуле нічога не зрабіла — проста вырашыла не ўляпвацца ў сумнеўную гісторыю. Сола моўчкі адышла ўбок, калі да біятлоннай зборнай давялі ідэю аб выключнай важнасці падпісання адкрытага ліста праўладных спартсменаў.

Ганна адмовілася ад подпісу пад тэкстам, у якім нібыта няма нічога зашкварнага, але ж «вы самі ўсё разумееце». Знакамітая антытэза лісту атлетаў свабоды — гэта закамуфляваная падтрымка ўсіх тых жудасцяў, якія абрынуліся на беларусаў з боку дзяржавы пасля 9 жніўня. Выбары, гвалт, рэпрэсіі… Аўтографы пад ухваленнем гэткай палітыкі збіралі пад чуллівай апекай кіраўнічых органаў — збіралі праўдамі і крыўдамі, так што многіх нават наўпрост выкарысталі ўсляпую. Запісалі агулам у лік прыхільнікаў улады — і паспрабуй толькі пікні.

Біятланісты не пікнулі — здаецца, яны свядома падпісаліся, за што потым кучна адграбалі ад заўзятараў у сацсетках і на інтэрнэт-пляцоўках. Асаблівага дыхту карыстальнікі давалі Дзінары Алімбекавай — алімпійскай чэмпіёнцы і, бадай, самай зорнай біятланістцы з сённяшняга складу зборнай. Напачатку яна спрабавала адбівацца ў інстаграме — маўляў, ніхто ў камандзе не падтрымлівае гвалт, а потым проста абмежавала магчымасць дадаваць каментары.

У канфармісты ў выніку запісаліся ўсе біятланісты і біятланісткі каманды. Усе тыя, за спаборніцтвамі якіх беларусы беларусы традыцыйна сочаць ва ўсе вочы. Ганна Сола сталася адзінай, хто не паддаўся агульнаму парыву. Яна пагадзілася на ролю белай вароны, і ніхто з нас не ведае, які ціск для таго ёй давялося пераадолець.

Гузікі і КДБ

Калі, дачытаўшы да гэтага месца, вы скептычна скрывіліся, тое можна зразумець. Так, гэта не суткі на Акрэсціна, якія выпалі на долю Алены Леўчанка ці Андрэя Краўчанкі. Гэта не звальненне, праз якое прайшлі Аляксандра Раманоўская і Святлана Кудзеліч. І тым больш не крымінальны пераслед, ад якога спрабуе ўратавацца ў Расіі Аляксей Кудзін.

Калі вы скрывіліся, то дарма і заўчасна. Бо не ведаеце кантэкст — і тое месца, якое займае біятлон у спісе дзяржаўных спартыўных прыярытэтаў.

А месца, між тым, вельмі цёплае. Такое, што яму можа пазайздросціць нават хакей — прынамсі сярэдняга звяна. Калі нехта з высокіх чыноўнікаў, надзьмуваючы шчокі, чарговы раз транслюе ў тэлеэфіры тую дакучлівую мантру, маўляў, «дзяржава стварыла ўсе ўмовы», то датычна віду, дзе патрэба шоргаць на лыжах і трапна страляць, перабольшванне тут адносна невялікае і даравальнае. Па беларускіх мерках, наогул — скразныя выгоды. Бо і грашовае ўтрыманне ў біятланістаў добрае, і матэрыяльна-тэхнічная база на ўзроўні, і сучасны цэнтр маецца — у Раўбічах, дзе ў мадэрнізацыю некалі ўбухалі вялізныя грошы. Карацей, патронаў не шкадуюць — і гэта не сказаць, каб алегорыя.

Але галоўнае нават не ў гэтым. А ў тым, што біятлонам шмат гадоў апякуецца адзін з самых уплывовых і рэсурсных уладных інстытутаў — Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Ад 2002 года да 2020-га мадэль працавала ўвогуле лінейна: хто ўзначальваў КДБ, той кіраваў і біятлоннай федэрацыяй — аўтаматычна меў гэткую грамадскую нагрузку. Праз такое сумяшчэнне прайшлі і Леанід Ерын, і Сцяпан Сухарэнка, і Юрый Жадобін, і Вадзім Зайцаў, і Валерый Вакульчык.

Цяперашні «галоўны кадэбіст» Іван Церцель такі спартыўны дадатак да службовых абавязкаў не атрымаў, і наўрад ці з гэтай нагоды засмуціўся — не да таго, яму б іншадумства сярод беларусаў адужаць і ўсіх заходніх лялькаводаў пералавіць. Аднак пераемнасць у біятлоне захавалася. Хай федэрацыяй ужо больш за тры гады кіруе былы трэнер Андрыян Цыбульскі, але цень КДБ яго надзейна ахінае. Бо над БФБ створана Назіральная рада — вышэйшы орган — і там, так бы мовіць, знаёмыя ўсё твары. З Вакульчыкам на чале.

Таму біятлон па-ранейшаму пад надзейнай аховай. І, адпаведна, — пад наглядам магутнага сілавога апарату. А гэта паводле нашай рэчаіснасці шмат да чаго абавязвае — і менеджараў, і трэнераў, і ўласна спартсменаў.
Біятлон — ці не самы строгі від спорту Беларусі. Зашпілены на ўсе гузікі, ён існуе нібыта на асаблівым становішчы.

Домрачава і Скардзіна

Канешне, будзе перабольшваннем сказаць, што біятланісты і біятланісткі нібы нейкія робаты — жывуць паводле адзінага рэгламенту, як героі Оруэла. Не, яны даволі медыйныя, адкрытыя маладыя людзі, у іх ва ўсіх ёсць інстаграмы, дзе шмат заліковых фотачак. Але ж правілы існуюць — і яны нетыпова эксклюзіўныя для спартыўнага побыту і тыпова будзённыя для стандартаў дзяржбяспекі.

На афіцыйным сайце федэрацыі, напрыклад, ёсць асобны раздзел, дзе акуратна прапісаны алгарытм, які павінен выканаць журналіст, калі ён хоча пагутарыць «пад дыктафон» з умоўнай Ірынай Крыўко. Пад загалоўкам «Парадак падачы заявак для арганізацыі інтэрв’ю» — бясконцы пералік патрабаванняў да рэпарцёра, якія трэба задаволіць, каб ні адна мыш не праскочыла. Пачынаючы з пісьмовага ўзгаднення самой просьбы — з падрабязным спісам асабістых дадзеных інтэр’юэра, і заканчваючы расповедам пра тэмы гутаркі і пытаннямі, якія плануецца задаць спартсмену.

Нядзіўна, што пры такіх парадках біятланісты часта не проста знаходзяцца пад апекай КДБ, але і фармалізаваныя пад крылом суровага камітэта. Напрыклад, самая славутая з прадстаўнікоў віду — чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава — была афіцыйна ўладкаваная ў «кадэбэшную» іерархію ў званні старшага лейтэнанта. Дый не толькі яна.  

«Амаль усе члены нацыянальнай зборнай — дынамаўцы і служаць у спартыўнай камандзе КДБ Беларусі», — казалі ў сілавым ведамстве яшчэ ў 2014 годзе, і наўрад ці што з таго часу тут змянілася.

Кажуць, былых камітэтчыкаў не існуе, але ўсялякая прымаўка ўмоўная. Домрачава, пакінуўшы спорт і зняўшы пагоны, не імкнецца запісвацца ў спісы адэптаў рэжыму, хаця на працягу кар’еры атрымлівала ад кіраўніцтва і кватэры, і машыны прэміум-класа. Зрэшты, не кажа і нічога насуперак, а проста маўчыць — нягледзячы на тое, што ў кастрычніку сілавікамі быў жорстка збіты яе родны брат Мікіта.

Не маўчыць Надзея Скардзіна — былая паплечніца Домрачавай і таксама алімпійская чэмпіёнка. Яна і ліст свабодных спартсменаў падпісала (за сумленныя выбары і спыненне гвалту), і не аднойчы каментавала актуальныя падзеі. Неяк не вытрымала і ўзарвала сеціва эмацыйным запісам: «Ненавіджу вас, АМАП!».
Але ж тое Скардзіна — яна скончыла кар’еру і цяпер жыве ў Швейцарыі, бо выйшла замуж за мясцовага біятланіста. Але ж тое Домрачава — сусветная зорка, якая працуе ў Кітаі поруч з такім жа знакамітым мужам Б’ёрндаленам.

Ганна Сола тут, на радзіме, пад патранажам спецслужбы, якую звычайныя грамадзяне лічаць за лепшае абыходзіць бокам. І яна паказвае, што прынцыпы — хай не геройскія, але дастаткова красамоўныя — для яе важней, чым асабісты філістэрскі камфорт.

Маршрутка і п’едэстал

Невядома, якія дасягненні і іспыты рыхтуе Ганне спартыўны лёс. У аўторак яна справіла 25-ты дзень нараджэння — ружовы ўзрост для біятлона, які патрабуе сталага спалучэння спрытнасці і разважлівасці. Спецыялісты адзначаюць хуткастрэльнасць Сола, але паспешлівасць не заўсёды ідзе дзяўчыне на карысць.
У суботу ў славенскай Паклюцы ўсё нарэшце сышлося адно да аднаго. На рубяжах у спрынце Ганна звыкла лупіла як з кулямёта — і гэтым разам усе стрэлы ляглі дакладна. А хуткасці на лыжні ёй хапіла, каб ускочыць на п’едэстал.

На дарослым узроўні гэта першая значная ўзнагарода сціплай беларускі, якая вырасла на Віцебшчыне ў вёсцы Завяззе, дзе нават у школу даводзілася хадзіць за тры кіламетры. Узыход да прафесійнага спорту даваўся Ганне цяжка, перарывіста, і ў нейкі час яна нават вырашыла кінуць дурное. Бо не бачыла прасвету — і, адпаведна, сэнсу таўчы ваду ў ступе. Яна сышла з біятлона ў 22, каб ціха з’ехаць на малую радзіму і там — у наваполацкай спартыўнай школе — пачаць паціху трэніраваць дзяцей.

Кажуць, трансляцыю эстафетнай гонкі з алімпійскага Пхенчхана яна глядзела ў тэлефоне, калі ехала ў звычайнай гарадской маршрутцы. Беларускі квартэт там сенсацыйна выйграў золата, і гэты поспех сябровак спарадзіў унутры ў Ганны Сола нейкі магічны зрух. Яна вырашыла вярнуцца, каб, сцяўшы зубы, паспрабаваць другі шанец.

Другі раз у тую ж раку — у яе выпадку дыялектыка спрацавала ў плюс. З той наваполацкай маршруткі — праз працу і мэтанакіраванасць — Ганна ўскочыла на сусветны п’едэстал. А ў дадатак да ўсяго яшчэ і стала фаварыткай у вачах заўзятараў. Сыплючы ёй віншаванні ў сацсеткі, беларусы ледзьве не ў кожным першым паведамленні адзначалі, маўляў, цяпер у гэтай зборнай ім ёсць каму суперажываць. І дадавалі што-нішто патрыятычнае накшталт «Жыве Беларусь!» — і тое было дарэчы.

Праз нейкі час, адпачыўшы і ўсвядоміўшы створанае, Ганна выйшла на сувязь у адказ. І напісала: «Дзякуй усім беларускім заўзятарам за падтрымку!»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: