Ганна Шапуцька: Курапацкую варту нельга перамагчы

Працягваем цыкл інтэрв’ю з актывістамі Варты абароны Курапатаў. Гэтым разам мы гаворым з грамадскай актывісткай Ганнай Шапуцька, якая ёсць адным з галоўных ініцыятараў і арганізатараў бягучай Варты абароны Курапатаў.

Фота Дзіяны Серадзюк


— Спадарыня Ганна, вы ўжо больш за дзесяць гадоў здзяйсняеце абарону Курапатаў. З’яўляецеся каардынатарам ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты», стала ўдзельнічаеце ў талоках на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў. Таксама я ведаю, што вашым сваяком з’яўляецца расстраляны «тройкай» НКУС пісьменнік Максім Гарэцкі. Якое значэнне Курапаты маюць для вас асабіста, і якое для беларускага народа?

— Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, яго наваколле (зона аховы), сама Курапацкая зямля, западзіны, з’яўляюцца і сведчаннем, і сведкамі велічэзнай трагедыі беларусаў, нямым, нерухомым помнікам дзяржаве-забойцы, дзяржаве-тэрарысту, дзяржаве-кату, якой на той момант быў СССР. Курапаты — месца, з якога пачалося адраджэнне беларусаў як нацыі, незалежнай, высокадухоўнай, культурнай, цывілізаванай краіны Беларусь. Курапаты — своеасаблівы тэст на чалавечую годнасць, адказ, кім мы ёсць. Я хачу, каб кожны палітык, дзяржслужбовец, у тым ліку і кіраўнік дзяржавы, заступаючы на пасаду, тут, у месцы чалавечага болю, даў клятву служыць беларускаму народу і ніколі не ўжываць гвалт, рэпрэсіі, катаванні, цаніць чалавечае жыццё, берагчы людзей, змагацца за кожнага жыхара Беларусі. Толькі тады мы зможам мець надзею, што падобнае масавае знішчэнне людзей дзяржавай застанецца страшным мінулым і ніколі не паўторыцца. Зараз мы толькі на пачатку адраджэння, змаганне за Беларусь працягваецца, і Курапаты сёння — цэнтр гэтага змагання.

— Больш за сем месяцаў працягваецца Варта абароны Курапатаў, і зараз маюцца ўсе падставы меркаваць, што яна стане самай працяглай грамадскай кампаніяй абароны за ўвесь 30-гадовы летапіс Народнага Мемарыялу. Праз што гэтая Варта патрапіць у найноўшую гісторыю Беларусі?

— Курапацкая варта — гэта людзі, звычайныя беларусы, самаахвярныя, адказныя, упартыя ў сваім жаданні дамагчыся Праўды, выканання Закону. Людзі, якія разумеюць, што лінія абароны Беларусі, фронт змагання за Беларусь знахо­дзіцца зараз тут, у Курапатах, што існаванне ў зоне аховы мемарыялу рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» (колішні «Бульбашъ-хол», заўв. аўт.) — гэта абраза нацыі, гэта працяг катаванняў, працяг забойства беларусаў у новай, як зараз кажуць, гібрыднай форме, гэта вайна з усё той жа камуністычнай сістэмай, карані якой дагэтуль не знішчаны і даюць свае парасткі, вайна з карупцыяй, змаганне за Чалавека, як бы высокамоўна гэта ні гучала. Спадзяюся, што Курапацкая варта так і ўвойдзе ў найноўшую гісторыю Беларусі — як працяг абароны беларусамі сваёй краіны ад камуністычнага зла, яго наступстваў.

— Улады ўпершыню за сваю гісторыю здолелі вызнаць, што Курапаты з’яўляюцца нацыянальным Некропалем, месцам спачыну вялізнай колькасці расстраляных савецкімі карнікамі жыхароў Беларусі. Ад дзяржавы быў упершыню ўсталяваны помнік. Ці здатная сённяшняя ўлада зрабіць сапраўдныя, рэальныя крокі дзеля ўшанавання памяці забітых? Якімі гэтыя крокі маюць быць насамрэч?

— На жаль, я ўпэўненая, што сучасная ўлада не здольная на сапраўдныя, рэальныя крокі дзеля ўшанавання памяці ахвяраў дзяржтэрору з той прычыны, што ва ўладзе зараз нашчадкі камуністычнай сістэмы, нашчадкі супрацоўнікаў НКУС, нашчадкі забойцаў курапацкіх ахвяраў. Пакуль не будзе пакаяння на дзяржаўным узроўні за масавыя, узаконеныя катаванні, знішчэнне людзей, не адбудзецца асэнсаванне і асуджэнне злачынстваў бальшавізму (у тым ліку сталіністаў), не будуць адкрытыя архівы і агучаная праўда — усе дзяржаўныя помнікі будуць фіктыўнымі, а рэпрэсіі супраць мірных грамадзян працягнуцца ў тых ці іншых формах.

— Частка так званых абаронцаў прыватнага бізнесу лічаць, што актывісты Варты адпрацоўваюць нечыя грошы і стаяць за нечымі інтарэсамі. Некаторыя выказваюць думку, што дзеянні Варты абароны наагул супрацьзаконныя. Якія падставовыя аргументы вы можаце ім прывесці? На што абапіраецца Варта абароны Курапатаў?

— Курапацкая варта — гэта цалкам стыхійная з’ява, гэта самаарганізацыя неабыякавых людзей, якім баліць за тое, што зараз адбываецца з Курапатамі, з краінай. Падмуркам законнасці дзеянняў абаронцаў з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Прадпісанне Мінкультуры, Прадстаўленне Генпракуратуры ад 27.12.2018 года, у якім дакладна сказана пра самавольны захоп бізнесоўцамі зямель зон аховы мемарыяла Курапаты, пра самавольнае будаўніцтва рэстарацыі. Прадстаўленне адваротнай сілы не мае, але ж тым не менш яно не выканана. Чым больш трымаецца Курапацкая варта, тым больш сведчанняў наўмыснага злачынства на Курапацкай зямлі мы маем. Спадзяюся, што хутка адбудзецца суд, які дасць прававую ацэнку дзеянням чыноўнікаў і бізнесоўцаў, хаця, канешне, я разумею, якая ў нас судовая сістэма, але ж тым не менш. Хачу заявіць усім ворагам Курапацкай варты: не шукайце спонсараў абароны Курапатаў, бо іх папросту няма. Курапацкая варта — гэта самаахвярны чын людзей, валанцёраў па духу, і таму Курапацкую варту нельга перамагчы. Бо як можна перамагчы праўду?!

Фота Дзіяны Серадзюк


— З 2007 года пасля знакамітай Мюнхенскай прамовы Пуціна праводзіцца агрэсіўная палітыка расійскага неаімперыялізму. У Расійскай Федэрацыі вельмі актыўна адраджаецца культ Сталіна. Правам арэнды на ўсю зямлю пад забаўляльна-рэстарацыйным комплексам «Поедем поедим» з плошчай прыблізна 1,2 гектара валодае расійская кампанія ТАА «Ренессанс». Валодае ажно да 2106 (!) года. Таксама мы бачым, як шматлікія прадстаўнікі «руского мира» і шчырыя сталіністы гуртуюцца вакол гэтай рэстарацыі. Ці не зацікаўленая перадусім Расія ў дэсакралізацыі і дыскрэдытацыі Народнага мемарыялу? Ці не намагаецца Расія назаўжды занурыць Беларусь у сваю ментальную і культурніцкую прастору?

— Расійская імперыя — гэта спрут, які сваімі шчупальцамі ахапіў усё навокал, у тым ліку і беларускае грамадства, уладу, бізнес. Добрым прыкладам ёсць змаганне курапацкіх валанцёраў-талакоўцаў са шкодным кустоўем спірэяй, якая за 30 гадоў распаўсюдзіла свае карані-шчупальцы па ўсёй тэрыторыі мемарыялу, і зараз патрэбна некалькі гадоў добраўпарадкавання тэрыторыі, каб цалкам пазбавіцца гэтай шкоднай расліны. Так і з імперыяй-суседкай, якая спрабуе захапіць нашу Беларусь, навязваючы нам сваё бачанне развіцця цывілізацыі, падмяняючы нашу мову, гісторыю, насаджваючы на нашай тэрыторыі падобныя «бульбашъ-холы», пераварочваючы чалавечую мараль з ног на галаву, што робіць для некаторых магчымым апраўданне масавага знішчэння дзяржавай Сталіна сваіх грамадзянаў, знішчэння генетычнага коду памяці і самазахавання беларускай нацыі, што, у сваю чаргу, прывядзе да знішчэння суверэнітэту краіны, да паглынання Беларусі Імперыяй Зла.

— У Беларусі пабудаваная так званая «Лінія Сталіна» — па сутнасці, самы вялікі яму помнік на планеце. На дзяржаўным узроўні святкуюць 7 лістапада — дату бальшавіцкага перавароту, у выніку якога былі забітыя дзясяткі мільёнаў чалавек. Камуністычны правадыр кіруе беларускай сістэмай адукацыі, а галоўны міліцыянт дэманстратыўна дэфілюе ў форме НКУС. Ці, можа, уся праблематыка вакол Курапатаў звязаная з тым, што яны — натуральная перашкода на шляху канчатковага ўхвалення ўладай палітыкі сталінізму?

— Прыкладаў навязвання беларусам неасталінізацыі хапае, гэта і «Лінія Сталіна», гэта і міністр МУС Шуневіч у форме энкавэдыста, які замест пакаяння распавядае пра гераічных байцоў гэтай злачыннай арганізацыі, ставіць ім помнікі па ўсёй Беларусі. Адбываецца замоўчванне страшных дзеянняў сталіністаў, што апраўдвае такім чынам катаў, апраўдвае забойствы супрацоўнікамі НКУС мірных грамадзян у СССР. Заклікаю беларусаў байкатаваць рэстарацыю «Поедем поедим» побач з Курапатамі, байкатаваць фірмы, якія дапамагаюць існаванню гэтай рэстарацыі, байкатаваць «Лінію Сталіна», патрабаваць адстаўкі Шуневіча, актыўна рэагаваць на кожны такі выклік. Разам мы можам і абавязаны захаваць нашу краіну Беларусь. Добраўпарадкаванне Курапатаў, дбанне пра Беларусь — справа кожнага з нас.

— Акрэсліце тры галоўныя станоўчыя дасягненні Варты абароны Курапатаў.

— Па-першае, гэта яднанне, самаарганізацыя, салідарнасць беларусаў, якая з кожным днём узрастае. Па-другое, вера ў будучыню Беларусі, вера, што падобнае масавае забойства дзяржавай сваіх людзей больш ніколі не паўторыцца, бо мы здольныя захаваць памяць, здольныя вынішчыць ген страху і стаць жыццярадасным еўрапейскім народам, а не прыгнечанымі рабамі імперыі. Ну і, па-трэцяе, вера ў справядлівасць, вера ў чалавека, які адчувае ў сваім сэрцы Бога і кіруецца яго законамі.

— На ваш погляд, якія адмоўныя чыннікі выявіла Варта абароны Курапатаў?

— Гэта — слабасць нашых палітычных партый, рухаў, арганізацый. Варожасць, супраціў Курапацкай варце ў асяродку беларускага чыноўніцтва, якое даўно павінна было закрыць рэстарацыю, выконваючы патрабаванні Канстытуцыі і іншых законаў Рэспублікі Беларусь, але ж ад страху згубіла прытомнасць, розум, гонар і годнасць. Таксама адмоўным ёсць апраўданне злачынных дзеянняў чыноўніцтва і бізнесу некаторымі грамадскімі дзеячамі, палітыкамі. Здрада і падмена паняццяў, супрацоўніцтва са злачынцамі за грошы апошніх.

— Што рабіць, каб абаронцы Курапатаў перамаглі, а разам з імі і ўся Беларусь?

— Трэба верыць, не спыняцца на палове шляху. Вера робіць нас моцнымі і непахіснымі. Ісці і рухацца наперад. Курапацкая варта — гэта не толькі абаронцы побач з мемарыялам, гэта вялікая колькасць людзей, салідарных з намі. Іх малітвы, іх падтрымка, іх моц абавязкова прывядуць да перамогі.

— Вы маеце выдатную мажлівасць звярнуцца да чытачоў «Новага Часу» з заклікам да веры і дзеянняў…

— Звяртаючыся да чытачоў, хачу заклікаць вас, сябры, станавіцца ў шэрагі абаронцаў мемарыялу Курапаты, у шэрагі абаронцаў Беларусі. Неабавязкова прысутнічаць на Варце фізічна, трэба кожнаму рабіць хаця б маленечкія крокі салідарнасці, распаўсюджваць інфармацыю пра Курапаты, пра Курапацкую варту, заклікаць сваіх сяброў і знаёмых байкатаваць рэстарацыю, байкатаваць тых, хто супрацоўнічае з рэстарацыяй, адгукацца на нашы звароты, петыцыі, праводзіць розныя флэшмобы, у тым ліку інфармацыйныя, не быць абыякавымі — і мы абавязкова пераможам. А хто зможа знайсці час — далучайцеся да абаронцаў, да Курапацкай варты. Насамрэч колькасць удзельнікаў штодзённай Курапацкай варты наўпрост уплывае на тое, як хутка рэстарацыя будзе зачыненая. Курапацкая варта трывае штодня, зімовы фармат з 16-00 да 21-00. Далучайцеся! Жыве Беларусь!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!