Гары Паганяйла: Працую ў тым жа рытме!

14 кастрычніка вядомы беларускі юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла святкуе 75-гадовы юбілей.

Фота: palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

“Жыву і працую ў тым жа рытме, што і дваццаць гадоў таму”, – кажа Гары Пятровіч сайту palitviazni.info.

Гары Паганяйла нарадзіўся ў турме на станцыі Плісецкая, што ў Архангельскай вобласці Расіі. Гэта была турма для рэпрэсаваных, і там свой тэрмін адбывала яго маці – Лідзія Паганяйла. Яна трапіла за краты, як жонка ворага народа. Яе другі муж Іван Паганяйла быў абвінавачаны ў шпіянажы, а ў тыя часы асабліва не разбіраліся. Маці таксама пасадзілі і асудзілі да расстрэлу. І толькі ў апошні момант расстрэльны прысуд замянілі на 15-гадовы тэрмін зняволення, які яна і адбывала ў турме на станцыі Плісецкая.

Першыя тры гады свайго жыцця ён правёў у гэтым самым лагеры, потым былі дзіцячыя інтэрнаты – аж да самага заканчэння школы. Маці была рэабілітавана толькі ў 1957-м.

Пасля арміі Гары Паганяйла паступіў на юрфак БДУ, які паспяхова скончыў, пасля чаго трапіў у сістэму юрыспрудэнцыі БССР. Амаль за сорак гадоў працы на гэтай ніве давялося працаваць суддзёй у Быхаўскім раёне, адвакатам у Касцюковіцкім раёне, следчым веннай пракуратуры, начальнікам аддзела адвакатуры Міністэрства юстыцыі БССР, загадчыкам юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска.

Пазней адвакацкую дзейнасць змяніў на праваабарончую і да гэтага часу працуе юрыстам і Беларускім Хельсінкскім Камітэце.

“Спадзяюся, што надыйдзе час, калі ў Беларусі некалі стануць вядомы тыя злачынствы, што адбываліся. Таму ад сумленных адвакатаў і праваабаронцаў зараз у пэўнай ступені таксама залежыць будучыня”, – кажа Гары Пятровіч.

"Новы час" віншуе Гары Пятровіча з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, поспехаў і аптымізму!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!