Выратавальнік, якога звольнілі за адмову здымаць сцяг: «Галоўнае — не баяцца»

«Я буду вельмі сумаваць па нашай камаандзе. У нас сапраўдная каманда. Мы ўсе розныя, але заўсёды падтрымліваем адзін аднаго», — кажа Арцём Ульянаў. 7 кастрычніка быў падпісаны загад аб яго звальненні з МНС.


— Напэўна, я яшчэ не зусім разумею, што звольніўся. Такое адчуванне, што проста ўзяў адпачынак, — распавядае хлопец. — Мне яшчэ засталося падпісаць абхадны ліст…

Арцём Ульянаў  камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №30 Ленінскага РАНС. Яго аддзяленне адмовілася выехаць на Байкальскую, 6, каб зняць сцяг. Арцём кажа, што яны з хлопцамі ад самага пачатку абмяркоўвалі, як будуць дзейнічаць, калі атрымаюць загад здымаць сцяг.

— Пасля 9 жніўня, калі на дамах пачалі з'яўляцца велізарныя бчб-сцягі, кіраўніцтва запэўнівала нас, што МНС па-за палітыкай і мы не будзем імі займацца — сцвярджае Арцём. — Але праз некаторы час ведамству ўсё-ткі давялося ўдзельнічаць у гэтым. Асабіста я і мая частка ні разу не выязджалі на такую працу. Вядома, мы абмяркоўвалі з калектывам, што нам можа паступіць загад здымаць сцягі, але ўсе былі катэгарычна супраць у гэтым удзельнічаць. Да 12 верасня ніхто з нашых хлопцаў на такую працу не выязджаў.

— Для мяне асабіста і для шматлікіх маіх калег бел-чырвона-белы сцяг пасля 9 жніўня стаў сімвалам пратэсту, сімвалам таго, што нельга мірыцца з несправядлівасцю, з гвалтам і, канечне ж, хлуснёй. БЧБ-сцяг — гэта сімвал свабоды для мяне. Напэўна, і для кожнага з нас. Таму ў той дзень усе нашы хлопцы адмовіліся ехаць на выклік. Пасля нам казалі, што, маўляў, вас ніхто не прасіў зняць сцяг, проста небяспеку ўяўляў той трос, на якім ён вісеў…


Арцём кажа, што не збіраўся распавядаць пра гэты выпадак да таго моманту, пакуль на яго не сталі аказваць ціск. Прычым, не кіраўніцтва часткі, да яго ў хлопца няма ніякіх прэтэнзій і крыўдаў. Ціск ішоў зверху. Больш за тое, пра Арцёма папаўзлі плёткі, што ён, маўляў, экстрэміст, завадатар і наогул не вельмі сумленны чалавек.

— У лістападзе было б 13 гадоў, як я працую ў частцы. Я прыйшоў туды 18-гадовым… Канечне, я буду сумаваць. Найперш, канечне, па сваіх хлопцах. Па камандзе. Яны ўсе таксама хацелі напісаць рапарты на звальненне. Я тады іх утрымаў. Хто ж тады будзе працаваць, не ідэолагі ж…

З таго дня частку Арцёма больш не прыцягвалі да зняцця сцягоў. Калектыў, які з ім працаваў, падтрымлівае яго рашэнне. Хлопцы кажуць, што здымаць сцягі яны не маюць намеру, і цяпер звальняцца па ўласным жаданні таксама: «Калі хочуць — няхай па артыкуле звальняюць».

За 13 гадоў у выратавальніка Арцёма Ульянава было шмат усяго. Тысячы выездаў, дзясяткі выратаваных жыццяў. Аднойчы ён таксама мог загінуць. Гэта быў пажар у пяціпавярховіку на Ракасоўскага. Гарэла кватэра на 5-м паверсе. Так атрымалася, што Арцём аказаўся адрэзаным агнём. Ён выскачыў на балкон, лёг на падлогу, вакол усё палала, на спіну капаў расплаўлены бітум.

—  Столькі думак пранеслася ў гэтыя хвіліны. Але пасля хлопцы да мяне прабіліся. Наогул, калі выклік на пажар паступае пасля гадзіны ночы, ды яшчэ перад выходнымі, — гэта заўсёды вельмі сур’ёзна. Таму мы звычайна яшчэ пакуль едзем, стараемся прапрацаваць усе варыянты. Але тым разам нешта пайшло не так. Наогул, кожны пажар пракручваеш у галаве, разбіраеш, што і як мы зрабілі, ці былі памылкі. Памылкі заўсёды бываюць.

Арцём расказвае пра свае выезды — і яго вочы свецяцца. Бачна, што хлопец вельмі любіў сваю працу. Ён быў на сваім месцы.

—  У гэтым годзе быў выезд. Можа, адзін з самых цяжкіх. Вісакосны год, відаць… Загінулі два чалавекі. Адзін з іх быў нежывы, ужо калі мы прыехалі. А другі быў у непрытомнасці. Але з-за заблакаваных дзвярэй мы не змаглі яго своечасова эвакуяваць. Хлопцы на балконе спрабавалі яго выратаваць, але... Калі людзі ставяць браніраваныя дзверы, яны думаюць, што сябе абараняюць. Але пры пажары гэта можа каштаваць ім жыцця.

Арцём расказвае і пра гумар выратавальнікаў і пра тое, як адбываецца пасвячэнне вадой маладых, пра сваіх сяброў і калег. Пра гук паветра, якое выдзьмуваецца з-пад маскі, пра сігнал свістка… Па ўсім бачна, што рашэнне звольніцца далося не вельмі лёгка.

Акрамя іншага, за месяц выратавальніку трэба будзе выплаціць 6125 рублёў, якія ён атрымаў яшчэ ў 2017 годзе пры заключэнні пяцігадовага кантракту і даўно выдаткаваў.

Жонка Арцёма ў дэкрэце, гадуе 2-гадовую дачку, жывуць яны на здымнай кватэры.

— Калі ўсё гэта пачалося, мы з жонкай абмяркоўвалі. Я казаў, што не змагу пайсці супраць сумлення. І яна мяне зразумела. Мы з ёй разам ужо 6 гадоў. А пазнаёміліся на працы. Яна працавала дыспетчарам у нас.

Хлопцу ўжо прапанавалі дапамогу валанцёры фонду BySol. Паступіла і прапанова працы ў Беларусі. Наогул, апошнія дні Арцём адчувае вялізарную падтрымку. Шмат званкоў, натхняльных каментароў.

На жыццё ў Арцёма шмат планаў. І ён яшчэ не вырашыў, чым будзе займацца.

— Мне падабаецца працаваць з дрэвам, ёсць жаданне займацца экалагічнай мэбляй, пачаць свой бізнес. Магчыма, буду займацца чымсьці, звязаным з актыўным турызмам, ёсць ідэі для стартапаў. У мяне шмат планаў. Важна, каб адбыліся перамены ў Беларусі. Бо з'язджаць я не збіраюся. Галоўнае — не баяцца, і ўсё будзе добра!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: