Год без Алеся Ліпая. 10 фактаў пра паэта, журналіста, заснавальніка БелаПАН

Год таму, 23 жніўня 2018-га, памёр Алесь Ліпай — паэт, журналіст, першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі, заснавальнік і кіраўнік недзяржаўнага агенцтва БелаПАН. Яму было 52 гады, піша «Свабода».
Алесь Ліпай, архіўнае фота "Свабоды". 25 сакавіка 2018 года

Алесь Ліпай, архіўнае фота "Свабоды". 25 сакавіка 2018 года

 

Пераслед за самвыдат

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчыне Капыльскага раёна. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценнай газеты «Лірнік». Быў удзельнікам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

 

Алесь Ліпай на 30-годдзі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», 2016 год


Карэспандэнт Свабоды

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. Расказваў, як гэта адбылося. Супрацоўнік Свабоды Васіль Фрэйдкін з Мюнхэна абтэлефаноўваў дзяржаўныя рэдакцыі (іншых тады не было), каб атрымаць каментар адносна разгону шэсця на Дзяды. Пагадзіўся толькі Алесь Ліпай, якому пасля гэтага прапанавалі сталае супрацоўніцтва. 

Заснавальнік агенцтва

Ад канца 1980-х працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у моладзевай газеце «Знамя юности». У кастрычніку 1991 года стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў найбуйнейшую недзяржаўную інфармацыйную кампанію краіны. На яго базе паўстаў аналітычны сайт Naviny.by. 

Журналіст і паэт

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першыя вершы друкаваў у раённай газеце «Слава працы». Дэбютная кніга паэзіі «Пад снегам» выйшла ў 2000 годзе. У 2007-м з’явіўся зборнік «Рэшта», а ў 2017-м — «Абдымкі». Аўтар тэкстаў да песень, якія выконваюць Зміцер Вайцюшкевіч і Ірына Відава. Зрабіў пераклад на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. 

Кніжная кантрабанда

На пачатку 1990-х арганізаваў перавозку кантрабандай у фуры больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, а затым распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках. У гэтым пераліку — непадцэнзурны зборнік Янкі Купалы «Спадчына», творы Андрэя Мрыя, Максіма Багдановіча ды іншых.

 

Алесь Ліпай, 2009 год 

Перамоўнік з тэрарыстам

У чэрвені 1996 году, падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі ў дзіцячым садку ў Мінску, Алесь браў інтэрв’ю ў тэрарыста, і тым самым адцягваў ягоную ўвагу. Згадваў, што да яго прыехалі людзі ў цывільным і сказалі, што нападнік патрабуе ў перамоўнікі менавіта журналіста Радыё Свабода. Закладнікаў удалося вызваліць, у журналіста застаўся аўдыёзапіс інтэрв’ю. 

Спонсар свята

Агенцтва БелаПАН было генеральным партнёрам менскага мітынгу-канцэрту «Свята Незалежнасці», прысвечанага 100-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Алесь Ліпай выступіў з эмацыйнай прамовай, заклікаў да салідарнасці з затрыманымі з палітычных прычын, прачытаў верш Уладзімера Някляева, напісаны за кратамі. 

Крымінальны пераслед

 

Алеся Ліпая вязуць на допыт пасля 7-гадзіннага ператрусу. 14 чэрвеня 2018 году

14 чэрвеня 2018 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў супраць Алеся Ліпая крымінальную справу — яго абвінавацілі ў нясплаце падаходнага падатку на суму 173 тысячы рублёў. Праваабаронцы звязвалі пераслед з ягонай прафесійнай дзейнасцю. Нават пасля таго, як выдаткі былі кампенсаваныя, справу спыняць не спяшаліся. Яе закрылі толькі пасля смерці фігуранта. 

Пакаранне за прафесію

Летась у жніўні Следчы камітэт пачаў справу супраць журналістаў шэрагу недзяржаўных медыяў па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу — несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены з асабістай зацікаўленасці. Следства сцвярджала, што БелаПАН і Tut.by скарысталіся доступам да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА. Журналісты сплацілі штрафы.

 

Годны помнік

Да гадавіны смерці Алеся Ліпая на краўдфандынгавай платформе «Улей» быў абвешчаны збор сродкаў на помнік. Неабходную суму — 10 тысяч рублёў — ужо сабралі. Помнік работы скульптара Вадзіма Мацкевіча будзе адкрыты на магіле журналіста ў Рудзенску ў прысутнасці родных і калегаў напрыканцы жніўня. Тут пахаваныя таксама яго маці і сястра.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!