«Гурман ад мастацтва» Кім Хадзееў і яго ўніверсітэты

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў зборнік дакументаў ««Бязродны касмапаліт» Кім Хадзееў ды іншыя». Кніга выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура». Яе ўкладальнік — гісторык і аўтар гэтага артыкула.


Кім Хадзееў (1929–2001) — мінскі інтэлігент, культуролаг і філосаф, які дзесяцігоддзямі аб’ядноўваў вакол сябе нонканфармісцкую творчую моладзь (і не толькі моладзь). Уласных твораў ён пакінуў вельмі мала, але пастаянна выступаў кансультантам і рэдактарам для паэтаў, тэатральных рэжысёраў і людзей розных іншых заняткаў. Кватэра Хадзеева была цэнтрам прыцягнення, куды можна было прыйсці па параду ў інтэлектуальнай сферы і дзе можна было знайсці сабе аднадумцаў ці калег для ажыццяўлення нейкай творчай задумы.

Постаць Кіма Хадзеева прыцягвае да сябе ў апошнія гады заўважную цікавасць. Яму прысвячаюцца вечары памяці, артыкулы, раздзелы ў кнігах. Перавыдаюцца яго артыкулы. Нарэшце, у 2019 годзе пра яго быў выдадзены зборнік успамінаў.

У зборніку «“Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў ды іншыя» сабраныя дакументы, якія асвятляюць дзве крымінальныя справы су­праць культуролага і звязаныя з імі падзеі.

Адным з першых пра Хадзеева напісаў ва ўспамінах «Мой город» (2005) Алег Белавусаў. Яшчэ раней, у 2000 годзе, Белавусаў запрасіў яго ў тэлеперадачу «Бар “У Олега”», якую вёў на 8-м канале. Зборнік «“Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў ды іншыя» адкрываецца тэкстам гэтай гутаркі. Падчас размовы Хадзееў распавёў пра розныя перыяды свайго жыцця — дзяцінства, студэнцкія гады, час зняволення, сталасць. Публікацыя на паперы дазваляе пракаментаваць рэаліі, якія абмяркоўвалі суразмоўцы, услухацца ў прозвішчы, якія называў інтэлігент. Так, дзякуючы падрыхтоўцы тэксту да публікацыі атрымалася ўстанавіць асобу аднаго са зняволеных Ленінградскай турэмнай псіхіятрычнай бальніцы (ЛТПБ), з якім таварышаваў Хадзееў, — эканаміста Навума Калужскага.

Кім Хадзееў. Фотаздымак з экзаменацыйнага аркуша пры паступленні ў БДУ. 1947 год

Упершыню Кім Хадзееў сутыкнуўся з палітычным пераследам, калі быў выключаны з філалагічнага факультэта БДУ загадам рэктара №50 ад 11 сакавіка 1949 года «за сістэматычнае ненаведванне заняткаў». Завязкай гісторыі паслужыў культпаход студэнтаў універсітэта на спектакль «Князь-возера» ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР у студзені 1949 года. Балет (у тым сезоне — прэм’ерны) быў пастаўлены на музыку Васіля Залатарова рэжысёрам Барысам Мардвінавым і балетмайстрам Канстанцінам Мулерам. Трое студэнтаў БДУ, якім даручылі выступіць на абмеркаванні прэм’еры, пакрытыкавалі балет за ўвядзенне драматычных сцэн. Імёны гэтых студэнтаў: Кім Хадзееў, Аляксандр Шлык і Разіта Калпакчы, усе трое сябравалі.

У лютым 1949 года новы штуршок набыла кампанія па барацьбе з «бязродным касмапалітызмам». У БССР яе «падагрэў» ХІХ з’езд КП(б)Б, які прайшоў 15–18 лютага 1949 года. Трох студэнтаў сталі бэсціць за «бязродны касмапалітызм» і «эстэцтвуючы фармалізм» як «падрастаючых гурманаў ад мастацтва». Шлык і Калпакчы пакаяліся ў сваіх эстэтычна-палітычных «грахах» на адпаведных партыйна-камсамольскіх сходах, Хадзееў не толькі не пакаяўся, але і зрабіў больш рэзкія выказванні. Сяброўства скончылася, як скончылася і вучоба Хадзеева ў БДУ.

Кампаніі па барацьбе з «бязродным касмапалітызмам» і месцы Кіма Хадзеева ў ёй у кнізе прысвечаны артыкул «Падгалоскі эстэцтвуючых фармалістаў» са шматтыражкі БДУ «За сталінскія кадры», інтэрв’ю з вядомым беларускім журналістам Уладзімірам Няхамкіным (Мехавым), які ў той час вучыўся на філфаку БДУ, і вытрымка з пратакола пасяджэння партбюро БДУ, на якім разбіралі персанальную справу Аляксандра Шлыка.

6 лютага 1951 года Кім Хадзееў быў арыштаваны супрацоўнікамі Міністэрства дзяржбяспекі БССР. Яго абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі» (артыкул 72 Крымінальнага кодэксу БССР). На жаль, мы не ведаем, што канкрэтна ставілася ў віну Хадзееву. Сам ён пазней сцвярджаў, што заклікаў забіць Сталіна, але яго словы ані пацвярджаюцца, ані абвяргаюцца іншымі крыніцамі. Суд накіраваў яго на прымусовае «лячэнне» ў Ленінградскую турэмную псіхіятрычную бальніцу (ЛТПБ).

ЛТПБ у першай палове 1950-х гадоў была напоўненая палітычнымі вязнямі, а рэжым у ёй быў нашмат лягчэйшы за рэжым у сталінскіх лагерах. У ЛТПБ Хадзееў знайшоў сабе кампанію па душы. У прыватнасці, ён пасябраваў з маладзёнамі з Масквы: Юрыем Айхенвальдам, Аляксандрам Асарканам і Паўлам Уліціным. Айхенвальд пасля выхаду са зняволення стаў паэтам і перакладчыкам, Асаркан — вядомым тэатральным крытыкам, Уліцін ужо на час арышту (другога ў сваім жыцці) быў авангардыстам, пісьменнікам-пачаткоўцам. Пра гады зняволення ў ЛТПБ і пра мастацкую самадзейнасць палітзняволеных ідзе размова ў артыкуле Юрыя Айхенвальда «Театр в сумасшедшем доме», таксама апублікаваным у зборніку.

Вокладка кнігі

Пасля смерці Сталіна палітвязняў сталі выпускаць з ЛТПБ. 15 лютага 1954 года на волю выйшаў і Хадзееў. Ён накіраваўся ў Мінск, дзе закончыў вышэйшую адукацыю на завочным аддзяленні педагагічнага інстытута і нават павучыўся ў аспірантуры. Але да абароны дысертацыі справа не дайшла. Хадзееў уладкаваўся на працу ў кніжны гандаль і стаў гуртаваць вакол сябе студэнцкую моладзь, ласую (часы «адлігі»!) на паўзабароненыя веды. Не губляў ён сувязяў і са сваімі маскоўскімі сябрамі, якія дзяліліся з ім самвыдатам.

Сярод іншага самвыдату праз Хадзеева трапілі ў Мінск творы Паўла Уліціна «Табу» і «Анти-Асаркан». Хадзееў не толькі чытаў іх сам, але і даваў пачытаць сябрам. Калі беларускі КДБ вырашыў разагнаць кампанію Хадзеева, гэтыя кнігі былі выкарыстаны як падстава для пачатку крымінальнай справы. Гэта былі кнігі мастацкай прозы, а не палітычныя трактаты. Тым не менш, Павел Уліцін дазваляў сабе ў іх жарты на палітычныя тэмы. Вось, напрыклад, вытрымкі з пародыі на гімн Савецкага Саюза з кнігі «Табу»:


…Союз угнетенных республик голодных

Тюрьмою народов, жандармом Европы

Сделалась ныне Великая Русь

Будь проклят ты, созданный

Сталинским строем голодный

и злобный…

… Сгинь ты, правительство антинародное,

Горе России, нещадное зло.

Знамя Советское, но не народное

Честных людей до тюрьмы довело.


На жаль, поўныя тэксты «Табу» і «Анти-Асаркан» нам недасяжныя — кнігі захоўваюцца ў архівах КДБ.

КДБ БССР 25 студзеня 1962 года арыштавала ў Мінску Кіма Хадзеева і акцёра Эдуарда Гарачага, які браў у Хадзеева кнігі Уліціна і, у сваю чаргу, даваў пачытаць сваім сябрам і калегам. 7 лютага ва Уліціна ў Маскве па справе Хадзеева і Гарачага прайшоў вобшук, забралі ўсе яго творы (і потым ніколі не вярнулі). У Мінску па справе дапытвалі некалькі дзясяткаў чалавек — сяброў і знаёмых Хадзеева і Гарачага, у многіх прайшлі вобшукі. Некалькі чалавек выключылі з універсітэта ды інстытутаў.

Кім Хадзееў зноў быў накіраваны ў ЛТПБ. Ён выйшаў адтуль 8 ліпеня 1963 года. Эдуард Гарачы быў асуджаны па артыкуле «антысавецкая агітацыя і прапаганда» да двух гадоў пазбаўлення волі, адбыў іх у Мардоўскіх лагерах для палітзняволеных. Павел Уліцін, як ні дзіўна, да адказнасці не прыцягваўся. Пра гэтую крымінальную справу ў зборніку «“Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў ды іншыя» пададзеныя дакументы нагляднага вядзення Пракуратуры СССР. Справа аб наглядным вядзенні менш інфарматыўная, чым следчая ці судовая справа. Але яна дае некаторае ўяўленне і пра творы Уліціна, якія паслужылі нагодай для следства, і пра паводзіны Хадзеева ў часе следства, і пра ўнутраныя дыскусіі ў КДБ па пытанні, ці можна было расцэньваць творы Уліціна як «антысавецкія».

Пасля чарговага выхаду са зняволення Хадзееў зноў вярнуўся ў Мінск і далей працягваў гуртаваць вакол сябе моладзь. Праз яго кватэру прайшлі некалькі пакаленняў рознага кшталту творцаў. У асяроддзі Хадзеева працягвалі чытаць самвыдат, за асяродкам пільна сачыў КДБ, але саджаць яго больш не саджалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: