Ігар Варашкевіч: «Людзі не даруюць рэжыму таго, што адбылося»

Размова з музыкам Ігарам Варашкевічам пра новы альбом, запісаны з гуртам «Крама» ў год каранавірусу і прэзідэнцкіх выбараў, і пра канцэрты ў менскіх дварах на Радыё Свабода.

Ігар Варашкевіч выступае ў Горадні 25 сакавіка 2019

— Калі паўгода таму я размаўляў з паэтам Фэліксам Аксёнцавам, ён сказаў, што працуе над тэкстамі для цябе і гурту «Крама», для вашага новага альбому. Ён нават назву альбому паведаміў — «Зацьменны блюз». Што з гэтым альбомам? Ці дапрацаваў Фэлікс тэксты? І ці запісаліся вы?

— Так, усё запісана. Цяпер апошняя стадыя — звядзенне і мастэрынг. Праца зацягнулася, праз каранавірус вясною яна спынілася, мы перасталі сустракацца. Напрыканцы траўня мы сабраліся зноў і дазапісалі бубны, і адразу два чалавекі захварэлі, гітарыст і клявішнік. І зноў праца спынілася на месяц ці паўтара. То бок цягам чэрвеня і паловы ліпеня мы нічога не рабілі. А потым пачаліся паслявыбарчыя падзеі…

Але, тым не менш, усё зроблена. Мы думалі і пакуль яшчэ думаем над назваю. Бо падчас працы з’явілася думка, каб назваць альбом не «Зацьменны блюз», а іначай. У нас з’явіліся яшчэ два варыянты: «Элвіс на М1» і «Права на блюз». Гэта назвы песень на альбоме. Я асабіста схіляюся да першапачатковай назвы: «Зацьменны блюз».

Хачу прысвяціць гэты альбом сваёй маці і сябрам, якія ўжо пайшлі з жыцця: Міхалу Анемпадыставу, Аляксандру Кулінковічу і шмат каму яшчэ.

— Вы з гэтымі песнямі ўжо недзе выступалі, недзе іх прэзэнтавалі?

— Практычна ўсе песні з альбома — акрамя, можа, дзьвюх — гучалі на канцэртах. Сам «Зацьменны блюз» ёсць на белсатаўскай праграме Сяргея Будкіна…

— А канцэрты, пра якія ты кажаш, яны былі яшчэ ў дакаранавірусны час?

— Так. Песні «Зацьменны блюз» і «Аўтазак» мы запісалі год таму. І мы іх выконвалі на канцэртах. А потым праца спынілася амаль на год, і ўзнавілася напрыканцы траўня сёлета. За гэтае лета мы запісалі практычна ўвесь альбом.

— Калі вы плянуеце выдаць гэты альбом на дыску? Ці, можа, дыску не будзеце выдаваць, а проста паставіце песні ў інтэрнэце?

— Мы плянуем выдаць альбом невялічкім тыражом на дыску. Колькі гэта будзе, я не ведаю. Напрыклад, у лэптопах кампаніі Apple няма дыскаводу, і дыск на такім кампутары я не магу паслухаць. У прынцыпе, выдаваць цяпер дыск — гэта даволі неразумна. Гэта хутчэй будзе зроблена для тых людзей, якія дапамагалі грашыма. А так — альбом пойдзе ў інтэрнэт, адкуль можна будзе яго спампаваць.

— Хто цяпер у «Краме» — тыя вэтэраны, якіх я бачыў на «Басовішчах» у першай палове 1990-х, ці ўжо новыя людзі?

— З першага складу «Крамы» засталіся я і Андрэй Лявончык, клявішнік. Басіст Аляксандар Ванькевіч не з першага складу, але ён у «Краме» грае ўжо практычна 20 год. Бубнач і гітарыст граюць з намі два-тры гады.

— Ты ўвесь час застаесся верны рок-энд-ролу і блюзу, як было гадоў 20 ці 30 таму. Ці не хацелася табе памяняць стыль?

— Я не бачу сэнсу ў гэтым пытанні. Тыя людзі, якіх я лічу сваімі бацькамі ў рок-музыцы, ну, напрыклад, польскі музыка Тадэвуш Налепа, чалавек, які паўплываў на мяне ў першую чаргу, — ён усё жыццё граў у адным стылі… Гурт Rolling Stones грае ў адным стылі… Гурт AC/DC грае ў адным стылі…

Я выкарыстоўваю розныя элемэнты ў сваёй музыцы. Яна не такая ўжо аднабокая. Мы не граем аўтэнтычны блюз. Пад такую катэгорыю можа трапіць хіба толькі Chicago Nights, а ўсё астатняе — гэта ўмоўны блюз. Гэта, па першае, не блюз, а блюз-рок з элемэнтамі і фанку, і рэгі, і водгукаў польскага року з часоў ваеннага становішча. Наша музыка дастаткова рознакаляровая, скажам так. У гэтым альбоме, напрыклад, будзе больш кантры-року.

— Ці цяжка жыць музыку падчас каранавіруснай пандэміі, калі фактычна ніякія масавыя культурныя імпрэзы не адбываюцца, ну і нельга выступаць з музычнымі канцэртамі? Як ты гэта трываеш?

— Я ж беларус. Я табе не буду расказваць анэкдот пра тое, як немцы павесілі рускага, украінца і беларуса, і што сказаў беларус, павісеўшы тры дні, бо ты напэўна гэты анэкдот сам ведаеш… Гэта я тут жартую, але наш гурт заўсёды ж існаваў у такіх не вельмі камфортных умовах, таму я шмат на якія рэчы ўжо не звяртаю ўвагі. Ёсць праца — добра, няма працы — нічога страшнага, з голаду ніхто не памірае. Магчымасць займацца любімай справай у мяне заўсёды ёсць, і для мяне гэтага дастаткова. Галоўнае, каб была вера ў тое, што робіш. Гэтая вера дае табе моц працягваць сваю працу і ўвогуле жыць.

— У Фэйсбуку ты нядаўна напісаў, што выступаў з канцэртам у нейкім двары ў Менску. Раскажы крыху пра гэты выступ і наагул пра тое, што гэта за фэномэн — дваровыя сустрэчы і сходы ў Беларусі. Чаго там збіраюцца людзі?

— Я нават учора (3 лістапада. — РС) выступаў на такой сустрэчы… Некалі Лукашэнка казаў пра Гітлера, што той аб’яднаў нацыю. Дык ён цяпер сам аб’яднаў нацыю. Вось людзі аб’ядналіся, нарадзілася нацыя, людзі знаёмяцца, выходзяць у двары, накрываюць сталы, заварваюць гарбату, прыносяць печыва, запальваюць нейкія агеньчыкі…

Наконт гэтых канцэртаў — я не вэтэран. Вэтэраны — гэта Піт Паўлаў, Паша Аракельян… Я немалады хлопец, ты ж ведаеш, і ў мяне бываюць праблемы са здароўем. Таму маіх канцэртаў было няшмат. Калі падлічыць, учора быў, пэўна, шосты ці сёмы. Учора было даволі дрэннае надвор’е. Мы граем, і я адчуваю, што гітара ўжо грае не так. Потым гляджу на клявішы, правёў па іх пальцам і зразумеў, што яны мокрыя. Мэтэаралягічныя ўмовы не спрыяюць, каб цяпер граць на вуліцы, тым больш у лістападзе, у цемры. Але атмасфэра вельмі добрая, людзі ўспрымаюць музыку неяк па-іншаму, усё адбываецца вельмі цёпла. Ніколі раней я не мог сабе ўявіць, што буду спяваць і граць у такіх вось умовах, але некаторыя такія канцэрты праходзяць нават лепей, чым у залі.

— А як на такіх дваровых канцэртах людзі рэагуюць на беларускую мову тваіх песень?

— Рэч у тым, што шмат хто з музыкаў выконвае не свае песні. На канцэртах джазавага саксафаніста Пашы Аракельяна, напрыклад, людзі спяваюць «Купалінку», спяваюць расейскамоўныя песні, песні з мультфільмаў… А я на сваіх выступах — я выступаю разам з клявішнікам Андрэем — папярэджваю людзей, што мы не будзем спяваць песню Цоя «Перемен», не будзем выконваць песню «Тры чарапахі», «Купалінку» і гэтак далей. Мы будзем выконваць свае песні, у нас іх даволі, і вы будзеце слухаць песні «Крамы». І людзі ўсё гэта нармальна ўспрымаюць. Тут парадокс у тым, што людзі не размаўляюць на мове, але яны, асабліва апошнім часам, сталі лічыць сябе сапраўднымі беларусамі.

— На тваю думку і адчуванне, людзі збіраюцца на такія дваровыя сустрэчы з палітычных прычын — ці гэта ўсё ж больш сустрэчы дзеля таго, каб бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, з якімі яны жылі побач гадоў 20, 30 ці 40 і да гэтага часу не знаёміліся і не сустракаліся? 

— Безумоўна, людзей аб’ядналі палітычныя прычыны. Гэта відавочна. Але на саміх сустрэчах палітыка не кідаецца ў вочы. Людзі прыходзяць туды цэлымі сем’ямі, там шмат дзяцей… На адным двары нехта стаіць з бел-чырвона-белым сцягам, на іншым такога чалавека няма… Пра што людзі гавораць насамрэч, я не ведаю, таму што я прыяжджаю, падключаю гітару, граю і бачу рэакцыю на мой выступ. Але я думаю, што тут ёсць і адно, і другое: людзі і абмяркоўваюць палітыку, і проста сустракаюцца. Для іх кожны такі вечар — невялікае свята.

— Хаця ўсе масавыя культурныя імпрэзы ў Беларусі ў залях збольшага адкліканыя, ёсць усё ж адна масавая імпрэза на вуліцах, якая цягнецца ўжо тры месяцы. Што ты думаеш пра цяперашнія пратэсты? Як усё гэта закончыцца?

— Як усё гэта закончыцца, ніхто не ведае — ні той бок, ні наш бок. Я думаю, што скончыцца ўсё гэта неяк нечакана, як яно і пачалося. Таму што шмат гадоў людзі трывалі гэтыя ўсе фальсыфікацыі і гэтак далей, людзі маўчалі, але гэта не магло працягвацца бясконца. Прайшлі дваццаць шэсць год, падраслі маладыя людзі, якія самі выйшлі на вуліцу, якіх ніхто не прымушаў. Я проста ведаю пра гэта. Выйшлі людзі супраць фальсыфікацыі выбараў. І іх адразу пачалі біць, катаваць, забіваць…

Цяпер стадыя такая, што пратэсты працягваюцца. Таму боку падаецца, напэўна, што яны перамаглі. Але яны ніяк не могуць перамагчы, таму што людзі не супакояцца і не даруюць (рэжыму. — РС) таго, што адбылося. Такога гвалту ў Беларусі не было з часу Другой сусветнай вайны. Некалі Лукашэнка сказаў: Беларусь — гэта адзіная з постсавецкіх дзяржаваў, якая не бачыла крыві. І ён заліў яе такой крывёй, якой тут ніхто не бачыў.

PS. Ігар Варашкевіч нядаўна аддаў на дабрачынны аўкцыён адну са сваіх гітараў. Грошы з продажу пойдуць у Фонд культурнай салідарнасці на падтрымку дзеячаў культуры, якія пацярпелі ад рэпрэсій.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: