—
Гэта тое, што тычыцца Нараўлянскага палаца. На гэтым зараз засяроджана ўся мая ўвага. Наогул, мне ў любы прамежак часу клёва. Гэта адно з маіх правілаў — атрымліваць асалоду ад жыцця. Я ніколі не бяру на сябе ролю пакутніка, таму што мне гэта непрыемна. Я стараюся атрымліваць асалоду ад таго, што раблю. А калі штосьці гэтаму перашкаджае, мяняю правілы.
«У Мінску я люблю толькі Купалаўскі»
— Можна сказаць, што Прудок — гэта ўвасабленне беларускай вёскі?
— Той Прудок, што ў маіх тэкстах? Ці сапраўдны?
— Сапраўдны Прудок.
— Я думаю, што сімвалам беларускай вёскі быў літаратурны Прудок, які стварыў я. А той, які ёсць, ён — сімвал Прудка ў Калінкавіцкім раёне. Вёскі розныя вельмі. Я б нават не сказаў, што гэта ўзор палескай вёскі... Гэта проста вёска, у ёй жывуць людзі, якія ходзяць на працу ў калгас, купляюць прадукты ў краме, увечары прыходзяць дадому і глядзяць тэлевізар, дояць карову. Вось і ўсё. Усе працэсы цыклічныя і паўтараюцца ў залежнасці ад сезону. Гэта такі спальны раён — месца, дзе жыццё ідзе ціха і спакойна.
— Мне падаецца, што ты апісваеш і жыццё значнай часткі сталічных жыхароў.
— Мінск розны. То-бок у Мінску магчымае такое ж жыццё, як і ў Прудку. Але там магчымае і іншае жыццё. А вось у Прудку няма выбару: тут ёсць свае правілы, свой набор магчымасцей — вельмі сціплы, мінімальны. Гэта не дрэнна, проста факт.
— У цябе часта бывае патрэба быць у Мінску?
— Апошнім часам не. Пупавіна, якая звязвала мяне з Мінскам, ужо даўно адарвалася. Адзінае там месца, якое я люблю, гэта Купалаўскі тэатр. Калі ў мяне да цягніка тры-чатыры гадзіны, няма ніякіх запланаваных сустрэч і я не ведаю, што рабіць, то проста іду ў Купалаўскі. Гэта адзінае месца, дзе я адчуваю сябе камфортна, дома. Астатні Мінск у прынцыпе не патрэбны для майго жыцця. Я не адразу гэта зразумеў, усведамленне прыходзіла паступова. Я жыву ў Прудку амаль пяць гадоў, і ў першы, другі год я не ўяўляў сябе без Мінска.
— Табе складана жыць пад шыльдай «знакаміты беларускі пісьменнік»?
— Я не звяртаю ўвагу на гэтую шыльду.
— Але цябе намагаюцца прыцягнуць у беларускі літаратурны свет.
— Першапачаткова я сам сябе туды зацягнуў. То-бок я выдаў кнігу, падаў яе на конкурс «Дэбют», даў некалькі інтэрв’ю і не супраціўляўся таму, каб прысутнічаць у літаратурных працэсах. У нейкі момант мне гэта стала непатрэбна: гэта не той дыялог, які я хачу весці. Калі на мяне чапляюць шыльду «знакаміты беларускі пісьменнік»... Няхай. Мне гэта не перашкаджае, я проста ў гэтым не ўдзельнічаю.
Часта, калі, напрыклад, я прымаю ўдзел у нейкім мерапрыемстве і мне дасылаюць тэкст з інфармацыяй пра мяне, якую трэба павесіць на сайце, словы «знакаміты беларускі пісьменнік» я прашу выкінуць. Проста гэта не мая асноўная роля і не тое, што характарызуе мяне цалкам, Я лічу, што гэта мяне вельмі звужае.
Традыцыйна слова «пісьменнік» у нас абавязвае да нейкіх паводзінаў, да нейкага прафесійнага этыкету, да тэм, якія мусяць хваляваць, да адказнасці... Мяне гэта не цікавіць. Я не хачу звязваць сябе абавязкамі, ды і ўвогуле роля пісьменніцкай прафесіі мне нецікавая.
Так, напэўна, пакуль я пішу кнігу, я пісьменнік. Гэта такі Present Continuous — працэс, які адбываецца ў дадзены момант. Але калі напісаў — я ўжо не пісьменнік.
— Але менавіта гэтая роля зараз робіць цябе ўплывовым. Ты адчуваеш сябе чалавекам, які мае ўплыў на іншых?
— Па шчырасці, не адчуваю. Ну які ўплыў?
— Гэта проста публічнасць. Не больш за тое.
— Якія, дарэчы, стасункі ў цябе складваюцца з мясцовымі, калінкавіцкімі, чыноўнікамі?
— У мяне не было ніякіх праблем ці пытанняў, якія я б вырашаў праз чыноўнікаў. Пры мясцовай уладзе ёсць некалькі людзей, з якімі мне прыемна мець зносіны. Яны чыталі мае кнігі, і ў мяне з імі склаліся сяброўскія адносіны. Ніякіх прэтэнзій да калінкавіцкіх чыноўнікаў я ў прынцыпе не маю.
— А як выглядаюць сяброўскія адносіны?
— Я маю на ўвазе «фрэндоўскія», «фэйсбучныя» адносіны. Ёсць, напрыклад, у выканкаме адна жанчына-начальніца, якая прачытала маю кнігу, потым схадзіла на спектакль, калі ён прыязджаў у Калінкавічы, і папрасіла пазнаёміць яе са мной пасля прагляду. Мы паразмаўлялі, яна выказала падзяку. Гэта прыемна — вось такім чынам сутыкацца з чыноўнікамі, таму што для мяне гэта новы досвед. Я ўжо прывучаны да войнаў з райвыканкамамі, а тут проста прыязныя адносіны.
З іншага боку, у нас з калінкавіцкім чынавенствам не было сутыкнення інтарэсаў. Яны мяне не чапаюць, а я — іх. Пакуль што так.
— Ты ніколі не хацеў выкарыстаць свой статус уплывовага чалавека і заняцца актывізмам?
— Я не бяру на сябе ніякіх глабальных роляў і місій. Калі з’яўляецца штосьці, што я хачу і магу вырашыць, я выкарыстоўваю ўсе свае рэсурсы і сацыяльны капітал, але спецыяльна рабіць з гэтага праект мне ніколі не прыходзіла ў галаву.
«Я хадзіў на магілу Дэдаля і прасіў прабачэння за тое, што фіговы гаспадар»
— У цябе ёсць расклад, па якім ты жывеш?
— Няма.
— Усё адбываецца стыхійна?
— Усё залежыць ад таго, над чым я ў дадзены момант працую. У мяне заўсёды ёсць праект, які дамінуе і якому я, максімаліст, адразу ўсяго сябе аддаю, падпарадкоўваю яму ўсё сваё жыццё. Гэта і праўда даходзіць да дзікага максімалізму — я так уцягваюся, што забываю паесці.
— Гэта нагадвае самазнішчэнне.
— Так, абсалютна. Гэтак было з «Прэм’ерай». Калі я працаваў над кнігай, то цалкам растварыўся ў ёй і ўсё змяшалася. Усё, што адбывалася вакол мяне ў рэальным жыцці, у кнізе — усё гэта перамяшалася ў кашу.
— Табе праз гэта бывае дрэнна фізічна?
— Так, на этапе «Прэм’еры» я рэальна разбураў сябе па ўсіх магчымых параметрах, таму што мне ўсю сваю энергію, усе рэсурсы трэба было аддаць гэтай кнізе. Мне было шкада аддаваць нешта ў нейкіх іншых кірунках, то-бок я разумеў, што калі дазволю сабе адпачынак і проста расслаблюся, то потым спатрэбіцца шмат часу, каб трапіць унутр тэксту. Калі ты не знаходзішся ўнутры і не пачынаеш там жыць, то нічога не атрымліваецца. Гэта складана патлумачыць, але калі туды трапляеш, гэта вельмі каштоўна і трэба паспець зрабіць усё магчымае, каб там усё пабудаваць.
— Паспець да чаго?
— Паспець зрабіць твор, таму што калі выкіне адтуль... Можна перарасці гэта ці згубіць цікаўнасць. Можна не скончыць. А калі знаходзішся ўнутры, трэба зрабіць максімум. Калі я пісаў, у мяне сыходзіла па тры-чатыры пачкі цыгарэт на дзень — гэта мяне самога пужала, таму што натуральна балелі лёгкія, галава. Я мала еў, таму што не хацеў губляць на гэта час, у мяне не было ніякага графіка. Паспаў, адпачыў некалькі гадзін — і зноў за працу. Я пасварыўся з усімі блізкімі людзьмі, з якімі толькі можна было, таму што не мог эмацыйна прысутнічаць у якіх-небудзь адносінах... Так, гэта самазнішчэнне.
— Мне падаецца, пасля такога цяжка пачынаць нешта новае.
— Таму зараз я нічога не пішу.
— А плануеш?
— У мяне зараз няма такой патрэбы. Гэта немагчыма запланаваць. Спачатку з’яўляецца нейкі паралельны свет: я жыву, хаджу, займаюся нейкімі справамі, знаёмлюся з людзьмі, а паралельна ў мяне выбудоўваецца іншы свет з зусім іншымі законамі гравітацыі, зусім іншым тэмпам, зусім іншымі гукамі. Спачатку гэта проста эскізы і рысы, а потым адтуль пачынае проста вывальвацца. Гэты свет пачынае ўплываць на падзеі ў рэальным жыцці, і тады з’яўляецца патрэба ўсё гэта сфармуляваць, выбухнуць гэтым. То-бок гаворка пра натуральную і незапланаваную патрэбу, таму я не магу спецыяльна вырашыць, што зараз напішу кнігу. Маўляў, у мяне скончыліся грошы і трэба зараз напісаць. У мяне была такая думка, але я сеў, падумаў і праз пяць хвілін зразумеў, што гэта не працуе. Тое, што я пішу і выдаю, таксама многія назавуць фігнёй, але для мяне гэта важна. Штучнае і ненатуральнае не прынясе мне кайфу.
— Але што рабіць, калі грошы сапраўды скончацца?
— Не ведаю. Атрымліваць кайф... Яны не сканчаюцца, аднекуль увесь час бяруцца, хоць я апошнія тры гады нідзе не працаваў і не пісаў ніякіх платных тэкстаў. Атрымаў толькі 50 долараў за ўдзел у роліку для «Агульнай дыктоўкі». Гэта мой адзіны заробак за тры гады, які не звязаны з кнігамі. Кнігі і спектаклі — ад іх мне таксама ідзе працэнт.
— Гэта вялікія грошы?
— Гледзячы чым мерыць.
— Сярэднім заробкам па краіне.
— Тады не.
— Ты зараз дабудоўваеш другую хату. Табе на гэта хапае рэсурсаў?
— Я не магу зрабіць усё адразу, але ў мяне і мэты такой няма. Працэс — гэта таксама жыццё. Калі я прыехаў сюды, у мяне была адна карціна, як я хачу гэтую хату аднавіць, але праз пяць гадоў гэтая карціна ўжо ні ў адным месцы не супадае з тым, што атрымліваецца. Таму мне патрэбны час, каб трошкі прызвычаіцца. Калі я прыехаў у Прудок, у мяне не было ідэі, што ў мяне будзе туалет, вадаправод — я хацеў ладу жыцця дзядоў. Але год пагуляўся з гэтым ладам і зразумеў, што я іншы і што ў мяне іншыя патрэбы. У мяне зараз адбываецца такая эклектыка, калі я сумяшчаю тое, што магу захаваць, з нечым новым, да чаго я прызвычаіўся. Цяпер я не баюся сябе ў гэтай прасторы і рэдка кажу «дзедава хата» Я кажу «мой дом» — для мяне гэта стала важна.
— Цяжка рабіць усё самому?
— Гэта нешта новае. Я ніколі раней не пракладваў электраправодку, не тынкаваў сцены, не займаўся разьбой па дрэве, а вучыцца гэтаму і рабіць пасля— гэта прыемна і цікава. Я люблю займацца інтэр’ернымі справамі, люблю шукаць якія-небудзь рэчы на барахолках. Я доўга шукаю, пакуль не знайду тое, што мне рэальна патрэбна. Я не буду пагаджацца на кампрамісы.
— Дзве хаты для аднаго чалавека зашмат?
— Другая хата не для мяне, а для маіх гасцей. Але так — адказнасці зашмат. У другой хаце быў гаспадар, мой дзед па мянушцы Дэдаль, і я называю гэта месца Дэдалева хата. Я доўга не мог распачаць там што-небудзь, і мяне мучыла сумленне. Калі я быў на могілках, то хадзіў на магілу Дэдаля і прасіў прабачэння за тое, што я такі фіговы гаспадар у дадзены момант. Таму для мяне пытанне ўласнасці — гэта пытанне адказнасці перш за ўсё.
— Але ты гэтую адказнасць зараз ні з кім дзяліць не гатовы?
— Гатовы абсалютна. Проста побач са мной цяпер няма чалавека, з якім я гатовы дзяліць гэтую прастору. Але для мяне гэтае пытанне не стаіць востра. Гэта як дзвярныя ручкі — пакуль я не знайду тое, што мне патрэбна, я не хачу абы-якую ўстаўляць у дзверы.
— А што табе патрэбна?
— Не ведаю. Гэта трэба ўбачыць адзін раз, каб зразумець.Аляксандр Чарнуха, onliner.by. Фота: Максім Маліноўскі