«Я працую Бураўкіным»

28 жніўня Генадзю Бураўкіну было б 85. Ён усё жыццё на ўласным прыкладзе яскрава паказваў, як можна быць паэтам і чыноўнікам і заставацца пры гэтым шчырым і сумленным чалавекам, для якога перадусім была родная краіна.
Фота Сяргея Шапрана.

Фота Сяргея Шапрана.


Мусіць, таму Бураўкін карыстаўся велізарным аўтарытэтам нават і тады, калі быў абсалютна не запатрабаваны маладой беларускай дзяржавай — да яго ўсё адно ішлі людзі, і ён, як у часы маладосці, заставаўся ў віры грамадскага жыцця.

Генадзя Мікалаевіча няма ўжо сем гадоў, і нам застаецца толькі прыгадваць, што гэта быў за чалавек і паэт.

Мара

Генадзь Бураўкін згадаў, што ў дзяцінстве хацеў быць або Сталіным, або пісьменнікам.

— Сталіным чаму? — пытаюся жартам. — Дыктатарам хацелі быць, Генадзь Мікалаевіч?
— Сталіным у тым сэнсе, што ўсё можа.

Тыповы Дземянцей

З Васілём Быкавым і Андрэем Макаёнкам. Фота Уладзіміра Крука

Калі Мікалай Дземянцей быў сакратаром ЦК па сельскай гаспадарцы, ён папрасіў Генадзя Бураўкіна, які быў тады галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», пазнаёміць яго з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным:

— Такія людзі, а я не знаёмы! Паехалі б куды-небудзь на прыроду, прыгатавалі б юшку! Але што параіш прачытаць перш, чым сустракацца, а то я ў літаратуры не разбіраюся.

Параіўшы «Сотнікава», «Знак бяды» Быкава, «Баладу Брэсцкай крэпасці» Барадуліна, Бураўкін сказаў пра тое Барадуліну — ён у адказ:

— Вядома-вядома!

Быкаў жа паморшчыўся:

— Навошта?

— Васіль, Дземянцей так гаворыць пра зямлю, пра ўсё, што з ёй звязана, што, можа, табе будзе цікава.

Аднак сустрэча тады не адбылася.

Мінае нейкі час. Бураўкін ужо ўзначальвае Дзяржтэлерадыё. Як аднойчы, пасля таго, як паказалі нейкі тэлеспектакль, незадаволены Дземянцей — які ўжо не сельскай гаспадаркай кіруе, а Прэзідыумам Вярхоўнага Савета, — тэлефануе Бураўкіну:

— Што гэта ў цябе ўчора па тэлевізары было?!

— А што вы лезеце не ў сваю справу, у тое, у чым не разбіраецеся?! — адказвае Бураўкін. — Я ж не лез у вашыя пытанні, не раіў, калі вы былі сакратаром па сельскай гаспадарцы!

Дземянцей пасля паўзы:

— Гэта я раней лічыў, што не разбіраюся, а цяпер зразумеў, што вельмі нават разбіраюся!

Пра гэтую размову Бураўкін распавёў Быкаву:

— Вось, Васіль, дару табе тыпаж: як чалавек, падняўшыся па службовай лесвіцы ўверх, лічыць, што разбіраецца ва ўсім, раз ужо яго на гэтую пасаду прызначылі.

Спосаб

У адказ на просьбу Мікалая Дземянцея падказаць спосаб падвышэння палітычнай пісьменнасці народа Бураўкін казаў:

— Мінскі раён адвязіце на месяц у Францыю, Стаўбцоўскі — у Англію, і гэтак далей развязіце ўсіх па свеце. А потым забярыце назад. І ўбачыце, што будзе. Першае, што яны зробяць, вярнуўшыся, — пагоняць вас усіх з вашых пасад!

«Добры вечар!»

Журналіст Дзмітрый Падбярэзскі гаварыў, што Генадзя Бураўкіна, як кіраўніка Дзяржтэлерадыё, не толькі паважалі, але і пабойваліся. Зрэшты, як любога начальніка. І было за што, бо ён мог цалкам справядліва «разнесці» тую ці іншую перадачу. У гэтым сэнсе пад яго асаблівым прыцэлам была рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм, дзе даволі часта праскоквалі ў эфір перадачы не першага гатунку. За што галоўнаму рэдактару Валянціну Мысліўцу не раз даставалася на арэхі.

«Мыслівец быў начальнікам у рэдакцыі, але ў адносінах з Бураўкіным свой начальніцкі гонар хаваў куды падалей. Ды што там казаць — баяўся ён Бураўкіна! — сведчыў Дзмітрый Падбярэзскі. — Добра памятаю, як аднойчы ў кабінеце Мысліўца зазвінеў тэлефон — той самы "спецсувязі" ад Бураўкіна. Ён схапіў трубку і ў адказ на голас з таго боку выпаліў: "Добры вечар!" Была толькі сярэдзіна працоўнага дня, і таму было зусім лагічна, што Бураўкін пацікавіўся, чаму галоўны літдрамы згадаў вечар. На што ў адказ шчыра прагучала: "Як пачуў ваш голас, Генадзь Мікалаевіч, у мяне ў вачах пацямнела!"»


Чынавенства

Хоць прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і абяцаў Бураўкіну пасаду міністра культуры і друку, але па вяртанні з ЗША ён пэўны час заставаўся без працы, пакуль нарэшце не быў прызначаны ўсяго толькі намеснікам міністра культуры і друку. Адпрацаваўшы год і звольніўшыся («Не магу я з імі!» — гаварыў ён жонцы), Бураўкін пайшоў да свайго сябра Валянціна Блакіта намеснікам рэдактара ў часопіс «Вожык». І калі неўзабаве ў філармоніі была наладжана творчая вечарына з нагоды ягонага 60-годдзя, першыя два рады ў зале, адмыслова пакінутыя для чынавенства, былі спрэс пустыя, бо ніхто з чыноўнікаў не наважыўся прыйсці павіншаваць апальнага паэта.

Сам-насам

Калі адкрывалі карцінную галерэю Леаніда Шчамялёва, Бураўкін аказаўся сам-насам з адным высокапастаўленым чыноўнікам, якога ведаў з савецкіх часоў.

— Вы не думайце пра нас кепска, — папрасіў той раптам. — Мы ўсё разумеем і па-ранейшаму глыбока паважаем вас.

Праца

У Нью-Ёрку. Хатні архіў Г. Бураўкіна

У Нью-Ёрку. Хатні архіў Г. Бураўкіна

Генадзь Мікалаевіч распавядаў, як ягоны знаёмы, з якім яны разам працавалі ў Нью-Ёрку і праз гады неяк сустрэліся, запытаўся, кім ён цяпер працуе? Бураўкін адказаў, што з дзяржаўнай службы сышоў і цяпер ходзіць на службу ў часопіс «Вожык». Знаёмы перапытаў:

— Дык кім цяпер працуеш?

Бураўкін зноў паўтарыў тое самае, але ўбачыўшы на твары візаві неразуменне, дадаў:

— Я цяпер працую Генадзем Бураўкіным.

Бескампраміснасць

«Нулявыя» гады. Выйшла паэтычная кніга «Жураўліная пара» Бураўкіна, якая ледзь не патрапіла пад цэнзурны каток: у друкарні раптам запатрабавалі зняць тры вершы. Здзіўлены свавольствам, аўтар прапанаваў: калі хочуць, няхай здымаюць, і кніга выходзіць з белымі старонкамі. Цікава было яшчэ і тое, што «сумнеўныя» вершы раней ужо друкаваліся, прычым у дзяржаўных СМІ: «Народнай газеце», «Звяздзе» і часопісе «Беларусь».

Каб знайсці кампраміс, Генадзь Мікалаевіч прапанаваў сустрэцца з друкарскім «рэцэнзентам» і абмеркаваць «крамольныя» вершы. Але той пажадаў застацца невядомым. У выніку кніга выйшла без купюр.

«Запомните этот день»

Журналіст Зіновій Прыгодзіч пераказваў аповед Бураўкіна пра сустрэчу з вучнямі Жодзінскай жаночай гімназіі, якую арганізаваў пісьменнік-жодзінец Уладзімір Сіўчыкаў. Спачатку ўсё ішло добра. Генадзь Мікалаевіч чытаў вершы, зала хораша на іх рэагавала. А вось калі справа дайшла да пытанняў, з-за стала прэзідыума падскочыла завуч па выхаваўчай рабоце і рэзка, з нейкім неадэкватным спалохам запярэчыла, амаль закрычала:

— Никаких вопросов!

Сіўчыкаў стаў супакойваць устрывожаную дамачку: гэта ж, маўляў, шаноўны, вядомы паэт. Яго «Калыханку» штовечара перадаюць па тэлебачанні…

— Как, это вы написали «Калыханку»?

— Я, — пацвердзіў Бураўкін. — І «Завіруху» таксама.

— И «Завіруху»?! — усё больш здзіўлялася і святлела тварам жанчына.

— І «Зачарованая мая».

— И «Зачарованая»! Дети, вы слышали? Запомните этот день — вы встречаетесь с великим человеком. Можете задавать свои вопросы…

Як Генадзь Бураўкін ратаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў

2006 год. Мінюст паставіў пытанне аб ліквідацыі старэйшай грамадскай арганізацыі — Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як чалавек неабыякавы і да таго ж адзін з ветэранаў пісьменніцкай сям’і, з якой было звязана ўсё яго творчае жыццё, Генадзь Бураўкін па абавязку душы і проста па сваім характары хадзіў на ўсе суды.

«У мяне было адчуванне жахлівай несправядлівасці ў адносінах калі не да самай святой справы ў гісторыі беларускай культуры, дык да адной з самых святых, — гаварыў ён. — Бо Саюз беларускіх пісьменнікаў — гэта і Янка Купала, і Якуб Колас, і Аркадзь Куляшоў, і Пімен Панчанка, і Максім Танк, і Іван Мележ, і Пятрусь Броўка, і Уладзімір Караткевіч, і Васіль Быкаў, і Алесь Адамовіч… Усё тое таленавітае, па чым зямлю нашу ведаюць ва ўсім свеце. А порстскія чыноўнікі вырашылі адным махам "ліквідаваць" усё гэта! Такое, не пабаюся гэтага слова, злачынства перад беларускай гісторыяй не магло не хваляваць».

І калі прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі вырашылі пагаварыць з пісьменнікамі неафіцыйна, запрасілі ў тым ліку Бураўкіна. І хоць паехаў проста з-за пісьмовага стала, спадзеючыся вярнуцца праз некалькі гадзін. Аднак не вярнуўся ні ў той дзень, ні назаўтра: падчас выступу ў міністэрстве ён раптам сказаў самому сабе: «Божа, а чаго я так хвалююся?», пасля чаго ўпаў тварам на стол. Ягонае сэрца спынілася. Аднак, на шчасце, побач быў Алесь Масарэнка — чалавек вопытны ў «сардэчных» справах: ён сунуў Бураўкіну нітрагліцэрын і пачаў масаж сэрца, якое стаяла чатыры хвіліны.

Першае, што сказаў, апрытомнеўшы, Генадзь Мікалаевіч: «Не дачакаецеся!» І меў рацыю: тым разам удалося ўратаваць і яго самога, і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Метафара

З Уладзімірам Някляевым. Хатні архіў Г. Бураўкіна

З Уладзімірам Някляевым. Хатні архіў Г. Бураўкіна

Бураўкін у бальніцы. Да яго не патрапіць. Пытаюся пра стан яго здароўя ва Уладзіміра Някляева. Ён у адказ:
— З Бураўкіным я дамовіўся ў суботу выпіць тэкілы. Ён мне патэлефанаваў: «Валодзя, вось ляжу і ўспамінаю, што было ў жыцці? Шмат чаго было... А чаго не было? Чаго не піў, не еў? І ведаеш, успомніў: не піў ніколі тэкілы! І падумаў: калі нехта мяне і зможа зразумець і дапаможа з гэтым у цяперашняй сітуацыі, дык толькі Някляеў...» Я, канечне, дапамог бы. Ужо й тэкілу купіў і лімон, але Бураўкіна зноў паклалі ў рэанімацыю, куды нават з кефірам не пускаюць, а не тое што з тэкілай!..

Някляеў усё ж патрапіў да Бураўкіна, але калі яго ўжо выпісалі з бальніцы дадому паміраць. Прыйшоў з тэкілай, пра якую той прасіў. Жонка Юлія Якаўлеўна нарэзала лімон, падала соль, кілішкі. Генадзь Мікалаевіч насыпаў солі на левую далонь, лізнуў, урачыста, амаль рытуальна выпіў, заеў долькай лімона. Памаўчаў, смакуючы, і казаў:

— Я чакаў большага.

Распавядаючы пра гэта, Някляеў падсумоўваў:

— Гэтыя два словы на парозе смерці здаліся мне глыбокай-глыбокай метафарай. Усе мы чакаем большага. Ад усіх і ўсяго. Ад бацькоў, каханых, сяброў, жыцця... Ад Бога.

Апошняя просьба

З жонкай Юліяй Якаўлеўнай. Хатні архіў Г. Бураўкіна

Паміраючы, Генадзь Мікалаевіч папрасіў падрыхтаваць кнігу яго апошніх вершаў і зрабіць гэта, пакуль яшчэ жывы. Назваўшы тэрмін у два тыдні, ён не памыліўся ні на адзін дзень.

Той першы і адзіны сігнальны экзэмпляр «Нагаварыцца з зоркамі», які выйшаў за тры дні да яго смерці, жонка Юлія Якаўлеўна паклала пасля да яго ў труну. Рэдактар кнігі Уладзімір Някляеў тады ж напісаў: «Першы асобнік гэтай кнігі быў пахаваны разам з яе аўтарам а 15 гадзіне 31 траўня 2014 года на Усходніх могілках Мінска. Звычайна лёс так сканчваецца, а ў гэтай кнігі так пачаўся лёс».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: