«Я ўпершыню заплакала ў турме, калі атрымала стос лістоў»

Былая выкладчыца катэдры італьянскай мовы ў МДЛУ Наталля Дуліна выйшла на волю пасля 14 сутак адміністрацыйнага арышту, які адбывала ў ІЧУ ў Баранавічах. Яна сказала Свабодзе, што «катэгарычна» не вернецца ва ўніверсітэт і не будзе спрабаваць там аднавіцца.

«Па-першае, калі я туды вярнуся, то працягну рабіць тое, што я рабіла. Паколькі там нічога глабальна не памянялася, мы будзем хадзіць па коле, і мяне зноў, відаць, павінны будуць звольніць. Гэта бессэнсоўна. Па-другое, я ведаю дакладна, што мяне здала наша адміністрацыя. То бок я была затрымана пры яе судзеянні. Пасля гэтага мне туды наогул ня хочацца ісці».

Паводле Наталлі Дулінай, новую рэктарку ўніверсітэту паставіў Лукашэнка, і таму яна прымае рашэнні, як скажа ўлада.

Наталлю Дуліну звольнілі 29 кастрычніка, пасля таго як яна падтрымала страйк ва ўніверсітэце і студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці. Ёй паведамілі, каб яна распісалася ў загадзе аб звальненні і забрала працоўную кніжку. 30 кастрычніка яна прыйшла ва ўніверсітэт.

«У нас там цяпер стаяць міліцыянты, нібыта для аховы. Мы не зусім разумеем іх функцыю. Адзін з міліцыянтаў сказаў, што я ня маю права знаходзіцца ва ўніверсітэце, бо я звольненая. Я сказала, што нічога не падпісвала, цяпер страйкую. Ён пастаянна за мной хадзіў, некаму тэлефанаваў. Мы са студэнтамі пайшлі ў аўдыторыю, каб абмеркаваць свае планы, а міліцыянт стаяў на ўваходзе».

Потым Наталлю Дуліну выклікаў дэкан, які перадаў патрабаванне з аддзелу кадраў: здаць пасведчанне.

«Калі я зайшла на кафедру, мне патэлефанавалі, што на мяне аблава і я павінна прыдумаць, як мне сысці з універсітэту. Я выйшла за брамку ўніверсітэту, і да мяне падышоў чалавек: „Пройдзем з намі“. Спынілася машына ДАІ, мяне туды пасадзілі і павезлі ў РУУС. То бок універсітэт зрабіў усё, каб мяне паспець звольніць і каб я ў гэты момант знаходзілася за тэрыторыяй універсітэту. Гэта было зроблена з ведама кіраўніцтва».

Наталля Дуліна далучылася да страйку 26 кастрычніка і афіцыйна абвясціла студэнтам пра адмену заняткаў. Яна перадала рэктару ўведамленне ад імя выкладчыкаў, якія таксама падтрымалі страйк.

«Я папрасіла загадчыка катэдры і студэнтаў, каб яны не хавалі прычыну маёй адсутнасці, бо я была на страйку, каб уся краіна бачыла нашу салідарнасць. Фармальна мяне звольнілі за прагулы, але насамрэч з палітычных прычын, — кажа Наталля Дуліна. — Мяне прынялі за арганізатара, хоць я ім не была. Я ад пачатку падтрымала студэнтаў, якія вырашылі адкрыта выказваць свой пратэст, сваю грамадзянскую пазіцыю. За гэта яны пацярпелі на пачатку верасня, калі іх затрымлівалі ва ўніверсітэце. Я не магла не падтрымаць іх, як і многія іншыя выкладчыкі».

Наталля Дуліна брала ўдзел у відэазвароце ста сарака выкладчыкаў, якія патрабавалі спыніць гвалт і правесці сумленныя выбары.

Пасля затрымання ў пастарунку Наталля Дуліна падпісала пратакол, бо ў справе былі фатаздымкі, якія пацьвярджалі яе ўдзел у акцыі студэнтаў 26 кастрычніка ў дворыку БДУ. Потым яе адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе яна была да 5 лістапада. А потым разам з іншымі ў аўтазаках этапавалі ў ІЧУ ў Баранавічах.

«У нас была камера на 19 месцаў. У цэлым ніякіх злоўжыванняў я не заўважыла: турма гэта турма. Там ёсць жорсткія правілы, напрыклад, цэлыя суткі гарыць святло. Адзін раз нас вывелі на шпацыр на Акрэсціна і адзін раз у Баранавічах, астатняе рабілася па інструкцыях. Я была гатовая да таго, што гэта турма, і не чакала ніякіх прыемных сюрпрызаў».

Разам з Наталляй Дулінай сядзелі людзі па «абсурдных абвінавачаннях, ад якіх сціскалася сэрца». Але ўсе праходзілі па артыкуле 23.34.

«Гэта былі людзі розных прафэсій, і з імі было лёгка, бо ў нас многа агульнага: інтарэсы, кнігі, кіно, — кажа Наталля Дуліна. — Я ўпершыню заплакала ў турме, калі атрымала стос лістоў нават ад незнаёмых людзей. Я заплакала ад усплёску станоўчых эмоцый».

Наталля Дуліна кажа, што сваіх сваякоў рыхтавала да таго, што можа з ёй адбыцца, і псіхалагічна яе арышт ня стаў для іх нечаканасцю.

У турме Наталля Дуліна намалявала некалькі малюнкаў, адзін з якіх размясціла ў фэйсбуку.


«У камеры ў Баранавічах на памяць, фотаапарата не было, я намалявала алоўкам, як я гэта бачыла. Камера вялікая, і як я сядзела на сваіх нарах, я бачыла два шэрагі нар, пасярэдзіне доўгі стол і лаўкі. Дзяўчаты смяяліся і назвалі гэты малюнак „12 апосталаў“, бо на ім было 12 чалавек».

Адзін з малюнкаў Наталля даслала поштай сваякам.

«Адна з сукамерніц сумавала па сваёй котцы. Я спытала, як яна выглядае, і намалявала для яе гэтую котку».

З рэштак хлеба і мыльнай вады Наталля вылепіла фігурку коткі, медзведзяняткі і мышкі, але на волю іх вынесці не ўдалося, бо раскрышыліся.

«Проста хацелася там нечым заняцца, бо там магчымасці абмежаваныя. Можна запісаць нейкія думкі, а больш нічога. Іншым разам мне хочацца выказаць нейкую эмоцыю менавіта ў малюнку».

Для Наталлі Дулінай сёлета ўжо 30-ы навучальны год. Яна кажа, што раней студэнты баяліся і нічога падобнага не было. Цяперашнія пратэсты праходзяць мірна, без парушэння вучэбнай дысцыпліны.

«Пакуль яны трымаюцца, выказваюць сваю пазіцыю, не мяняюць сваіх перакананняў, яны паслядоўныя. Мірны пратэст ня стаў агрэсіўным ці навязлівым. Я захапляюся імі, што яны пранікліся і актыўна адгукнуліся на падзеі ў краіне. Нават на тое, што адбылося з Ромам Бандарэнкам, і стварылі свой мемарыял. Студэнты паводзяць сябе па-грамадзянску, я імі ганаруся».

Наталля Дуліна пакуль застаецца беспрацоўнай, але кажа, што будзе вырашаць пытанні з працай, «не чапаючы дзяржаўных структур».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: