«Я ўжо стаміўся жыць…» Памёр легендарны беларускі футбаліст Генадзь Хасін

Яго баяўся Леў Яшын, у яго закусваў Аляксандр Пракапенка.

Фота dinamo-minsk.by

Пра Генадзя Хасіна ёсць два апокрыфы, і абодва яны звязаны з пачуццём страха. Першы: яго баяўся вялікі варатар Леў Яшын. Другі: з ім у машыне баяліся ездзіць пасажыры.

І тое, і другое — праўда, хай і памножаная на час, які міфалагізуе любыя падзеі.

Яшыну ён сапраўды часцяком забіваў. Галкіпер маскоўскага «Дынама», лепшы варатар свету 20 стагоддзя і алімпійскі чэмпіён-1956, ён нічога не мог зрабіць са страшэнным ударам беларускага нападаючага-самародка. Толькі казаў: «Зноў у Мінску гэты Хас, не ведаеш, што ён будзе рабіць на полі…»

Забіць геніяльнаму Яшыну — гэта быў усесаюзны шык і блакітная мара для любога гульца той эпохі, і ўжо адно гэта ўздымала Хасіна ў вачах заўзятараў на недасяжную вышыню. Магутны ўдар гарманічна дапаўняў карціну, месцамі таксама пераходзячы ў фальклор. Кажуць, аднойчы ў Кіеве ён так улупіў па варотах, што мяч куляй заляцеў у сетку — і такой жа куляй адскочыў назад у поле. Усё адбылося імгненна — і суддзя нават не заўважыў, не зафіксаваў гол…

Машыну ён таксама вадзіў майстэрскі, яшчэ не ведаючы, што ў незалежнай Беларусі будзе ганяць на буржуйскім BMW да 80 з гакам гадоў. А тады, у адлігавыя 60-я, фарсіста круціў стырно айчыннай «Волгі», і часам рэальна запалохваў спадарожнікаў.

Прычына ў тым, што Хасін быў касавокім — і праз гэты свой дэфект насіў яшчэ адну красамоўную мянушку. «Бі, Касы!» — крычалі яму з трыбун балельшчыкі, а ён і не крыўдзіўся. Вока пашкодзіў падчас улюбёнага футбола — прыляцела буцай саперніка. Тыя, хто не ведаў пра гэтую траўматычную фізіялогію, палахліва ўжымаліся ў сядзенне яго рэактыўнага аўто. Кіроўца ліха гойсаў па мінскіх вуліцах, а ім здавалася, што ён зусім не глядзіць на дарогу…

Па тым часе ў яго была звычайная, тыповая біяграфія. «Дзіця вайны», ураджэнец Барысава, з прыходам гітлераўцаў быў звезены маці ў Самарканд — да родзічаў. Вярнуліся у 1944-м, у спаленую, зруйнаваную Беларусь, дзе футбол стаў аддушынай для цэлага пакалення падлеткаў. Удар ужо тады быў, што трэба, ён і вывеў у людзі — і давёў да мінскага «Дынама», мроі ўсіх беларускіх футбалістаў.

Пазней, ужо стаўшы ўлюбенцам мінскай тарсіды, Хас-Касы мог з’ехаць туды, дзе да хлеба з маслам дадалася б чорная ікра і агні сапраўды вялікага горада. Запрашалі кіеўскае і маскоўскае «Дынама», «Спартак» — адтуль і да сборнай СССР, дзе верхаводзілі Яшын са Стральцовым, заставался б зрабіць крок-другі.

Але ён застаўся дома, дзе ўсё сваё і ўсе свае. Пад асабістую гарантыю Пятра Машэрава вырашыць кватэрнае пытанне. Кіраўнік рэспублікі футбол любіў да адурэння і слова стрымаў. Генадзь Хасін з маладой жонкай-прыгажуняй — салісткай балета — стаў уладальнікам камфартабельных апартаментаў каля Плошчы Перамогі.

Так і дагуляў у правінцыйным Мінску — так і не рызыкнуў, не зведаў, на што быў здатны па гамбургскаму рахунку. Калі потым і задаваў на гэты конт пытанні, то толькі сам сабе. Беларускія заўзятары пра тое не пыталіся — доўгія гады хадзілі на стадыён («на Хаса») і няслі з сабой падзяку.

З «Дынама» ён сыйшоў даволі рана — у 28, але ж і век спартсмена ў тыя часы быў карацейшы. Не дацягнуў да «бронзавага» сезона-1963 — перабраўся ў Гомель, затым Яраслаўль, Запарожжа… Гэта ўжо была дарога з кірмаша, і вопытны Хасін тое разумеў. Да пасляфутбольнага жыцця ён падрыхтаваўся добра.

На «дэмбелі» звычайна жыццё бяжыць хутчэй, аднак былы форвард Хас і тут глядзеў наперад шырока адкрытымі вачыма. Ён выбраў нестандартны для ўчорашняга футбаліста шлях — пайшоў працаваць у агульнахарч, дзе і заставаўся да пенсіі. Мінскія бары «Свіслач» і «Нёман», пасля прыходу перабудовы і дэмакратыі — СП «Срайдзіс», «Іспанскі куток». На гэтай ніве Хасін не гуляў у камандзе — выключна кіраваў, знайшоўшы ў сабе годныя прадпрымальніцкія якасці.

У «Нёман» да яго забягаў з вядомай патрэбай «народны футбаліст» Аляксандр Пракапенка. «Хас, дай закусіць…» — і Хас, добрая душа, даваў.

Сваё апошняее інтэрв’ю ён даў у 2016-м. Двойчы адзначыў, што цалкам задаволены жыццём. Жанаты другім шлюбам, маладая, як сам сказаў, жонка — «57 гадоў». Дзеці, унукі. Здароўе, вядома, ужо не тое, але сілы хапае, каб давіць педалі BMW і глядзець на дарогу своеасаблівым сваім позіркам. Праўда, напрыканцы з языка нечакана сарвалося: «Скажу шчыра, стаміўся я ўжо жыць…» І наўрад ці гэта быў гумар.

І яшчэ Генадзь Барысавіч з горада Барысава тады нібыта падкрэсліў сваю беларускую самасвядомасць. Сказаў, што іншыя легенды той пары — Эдуард Малафееў, Міхаіл Мустыгін і Веніямін Арзамасцаў — «не нашы». Без крыўд: людзі выдатныя, сябравалі добра, футбалісты былі — ого-го. Аднак «не такога склада, як мы». Бо расіяне, якіх тады завозілі ў Мінск па дынамаўскай лініі цэламі пачкамі.

«Карэнных беларусаў з нашага пакалення амаль ужо не засталося, — сумна разважаў герой не нашага часу. — Толькі трое — я, Лёня Ерахавец да Ваня Савосцікаў».

Наступныя гады зруйнуюць нават гэтую кволую ідылію. Іван Савосцікаў сыдзе з жыцця летам 2018-га, Леанід Ерахавец — восенню 2019-га, Генадзь Хасін — 4 лістапада 2020-га.

Апошні карэнны з той плеяды, ён пражыве 85 гадоў.


Фота dinamo-minsk.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: