Як Кузьма Чорны быў Іванам Ферапонтавічам

Ці ведаеце вы, што Кузьма Чорны разыгрываў перад навакольнымі свае раманы, як тэатральны акцёр, што прыводзіла да кур’ёзаў? Прапануем семь цікавостак з жыцця пісьменніка.

1925 год, Кузьма Чорны на з’ездзе «Маладняка»


Нумар адзін

Бацька пісьменніка — Карл Раманоўскі, служыў за парабка ў Эдварда Вайніловіча.

«За паўкіламетра ад маёнтка Боркі, — піша пра сваё дзяцінства Кузьма Чорны, — стаяла хата і панскае гумно. Гэта называлася «фальварак Лапацічы». Там жыў мой бацька, ён даглядаў панскіх кароў узімку, а ўлетку […] бацька станавіўся […] аратым на полі. У гэтых Лапацічах […] і прайшлі мае шэсць гадоў жыцця».

Іх сусед, які жыў у адной хаце, толькі праз сенцы, таксама парабак, сілезец Леапольд Ешка, стаў прататыпам Леапольда Гушкі ў рамане Кузьмы Чорнага «Бацькаўшчына». А сам Эдвард Вайніловіч мусіў стаць прататыпам зямельнага магната Залеўскага (раман застаўся ў нататках).

Нумар два

Неяк у дзяцінстве будучы пісьменнік уначы разам з бацькам рабіў труну.

Аднойчы, калі ўсе паснулі, у іх хату пастукаўся сусед. Усе прачнуліся. «Прыйшоў я, браце, прасіць, каб маёй жонцы хату зрабіў — не хоча са мной жыць, аддзялілася», — звярнуўся па дапамогу сусед.

«Усе ўжо ведалі, пра якую хату ідзе гаворка, — апавядаў Кузьма Чорны Васілю Вітку. — Бацька сабраўся, узяў сякеру, гэбель і мяне ў памагатыя. Стаміўшыся, мы вышлі, помню, на прыгуменак. Стаім. Бацька маўчаў увесь час, але, відаць, у яго душы рабілася нешта такое, чаго ён ужо не мог стрымаць: «Якая ноч, зоры якія, а мы труну робім…»

Гэтая гісторыя з начною труной увайшла ў апавяданне «Хвоі гавораць».

Нумар тры

Кузьма Чорны прыдумаў незвычайную казку пра вязня, каваля і музыку — дый любіў яе расказваць іншым пісьменнікам.

У цямніцы сядзеў закуты ў ланцугі вязень. Прыйшоў да яго музыка: «Паслухай мяне — і ты набудзеш сілы ланцугі разарваць!» Граў, граў музыка, але нічога з гэтага не выйшла. Тады прыйшоў каваль. Ён не гаварыў ані слова, не граў і не спяваў, толькі паглядзеў уважліва, падпілаваў там-сям жалеза, стукнуў молатам — і чалавек стаўся вольным.

Нумар чатыры

Калі Кузьма Чорны быў рэдактарам, то здзіўляў моладзь акрабатычным трукам, які ніхто не мог паўтарыць.
Выходзячы пасля работы з будынку, пісьменнік вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Кіёк, грукочучы акутым канцом па прыступках, ляцеў ўніз, а Чорны заўжды паспяваў падхапіць яго ў апошнім пралёце. Нават маладзейшыя за Чорнага Максім Лужанін і Паўлюк Трус былі няздольныя на такі спрыт.

«Цельпухі, бегаць не можаце!» — казаў ім Чорны. «Гімнастыку раблю», — патлумачыў ён неяк гэтую сцэнку аднаму госцю-медыку, якога хуліганскі кій напалохаў.

Але ў сталінскай турме, куды Чорны трапіў увосень 1938 года, здароўе яго было падарванае. Чэкісты саджалі пісьменніка «на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, падымалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі».

Гэтыя кашмары пісьменнік занатаваў у сваім дзённіку.

Нумар пяць

Чорны быў вельмі праніклівым псіхолагам, што выглядала на тэлепатыю.

Пісьменнік Усевалад Краўчанка прыгадвае: «Памятаю, Мікалай Карлавіч незвычайна ўразіў мяне, даўшы тут жа наглядны ўрок, як сапраўдны мастак-псіхолаг павінен умець «чытаць» чалавека. Ён раптам спыніўся, павярнуўся да мяне і сказаў:

– А хочаце, я скажу вам, што вы зараз думаеце?..

І амаль дакладна раскрыў мой тагачасны душэўны стан, як быццам прачытаў усе думкі маладога збянтэжанага студэнта, якому ўпершыню трапілася сустрэцца з вядомым пісьменнікам».

Нумар шэсць

Чорны мог усё жыццё пісаць пра людзей, якіх добра ведае. Каб адкрыць цэлы свет, яму хапіла б і землякоў з Цімкавіч. Кузьма Чорны казаў, што мог бы напісаць аповесць пра кожнага цімкаўскага селяніна.

Максім Лужанін здзіўляўся здольнасці Чорнага усё прыкмячаць.

На сходах, пры гаворках, у шумных бяседах вочы пісьменніка «паблісквалі і няўтомна ўбіралі ў сябе позы і рухі суразмоўнікаў, іх вопратку, прыход новых асоб, узоры на сценах, лямпачкі пад столлю, мокрыя галіны за акном. І сапраўды, назаўтра пры сустрэчы Чорны расказваў пра ўчарашняе так, як быццам цябе там і не было. І ты са здзіўленнем адзначаў, што не зважаючы на тваю прысутнасць у тым ці іншым месцы, ты адсутнічаў там, бо толькі прымаў удзел. А ён рупліва назіраў».

Нумар сем

Кузьма Чорны «апранаў» на сябе ролі сваіх герояў — і гаварыў ад іх імя з сябрамі і незнаёмымі, шліфуючы такім чынам рэплікі і ацэньваючы рэакцыю. Пісьменнік станавіўся Міхалам Тварыцкім з «Трэцяга пакалення», краўцом, які маракуе, што выгодней яму пашыць — ці кім заўгодна яшчэ.

Аднойчы, калі Кузьма Чорны задумаў аповесць пра будаўнікоў, то папрасіў свайго сябра Міколу Хведаровіча прадставіць яго кладаўшчыком, «Іванам Ферапонтавічам, чалавекам справы». У Хведаровіча ў гасцях была акурат суседка, жонка прараба будаўніцтва Акадэміі навук.

Завязалася жвавая гутарка пра тое, як і што можна дастаць у горадзе з тавараў, пра поўныя склады Івана Ферапонтавіча, пра яго знаёмствы і хітрыкі.

«Рука руку мые, дык мы трымаемся адзін за аднаго», — вяшчаў Кузьма Чорны, які добра ўвайшоў у ролю. Кабета разамлела ад перспектывы, што ёй адкрывалася. Можа, і справа якая знойдзецца?

«Я то не ведаю прасветлае гадзіны, — скардзіўся «Іван Ферапонтавіч». — Я то выдаю, то прымаю, а дагледзець, дзе што робіцца, не маю часу. То можа да мяне пойдзеце весці складскую кнігу, а ў нас часта сёе-тое перападае…»

Жанчына так была захопленая гэтым знаёмствам, што пасля размовы тыдні са два забягала да Хведаровіча і ўсё пыталася, чаму не прыходзіць кладаўшчык Іван Ферапонтавіч.

Кузьма Чорны казаў, што гэта была рэпетыцыя, «спрабаванне асобных абразкоў жыцця на слых».

Пісаць можна ўсё жыццё не абавязкова ездзіць у творчыя камандзіроўкі, — уважаў Кузьма Чорны, бо для пісьменніка «патрэбна галава, якая працуе няспынна і добрае, чулае сэрца».

Цікавосткі ўзятыя з кніжак:
Кузьма Чорны: Зборнік матэрыялаў аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка, склаў І.К. Жыдовіч, Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959.
Чорны, Кузьма. Выбранае, укладанне і прадмова Міхася Тычыны, Мінск: Беллітфонд, 2000.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!