Язэп Варонка — прэзідэнт БНР

Гартаючы старыя нумары газеты «Беларускі голас», якую ў 1950-х-1990-х гадах выдаваў у Канадзе Сяргей Хмара і якая захоўваецца ў маім хатнім архіве, трапіў на адзін цікавы нумар. У №3 за 25 ліпеня 1952 года «Беларускі голас» надрукаваў на першай старонцы некралог, прысвечаны светлай памяці Язэпа Варонкі.


У некралогу напісана, што «Язэп Варонка быў адным з выдатнейшых дзеячоў першага перыяду існавання Беларускае Народнае Рэспублікі». Далей у тэксце паведамляецца: «Пасля акупацыі Беларусі, Язэп Варонка выязджае на эміграцыю, каб далей змагацца за незалежнасць свае Бацькаўшчыны. Па некаторым часе выязджае ў ЗША, арганізуе там Беларускую Нацыянальную Раду і выдае першы беларускі часопіс у Амерыцы «Беларуская Трыбуна».

Гартаю далей «Беларускі голас». І ў вочы адразу кінуўся вялікі партрэт у газеце за ліпень 1961 года (№83). Партрэт таго ж самага Язэпа Варонкі. На партрэце ўнізе з правага боку напісаны мастак: М.Rekucki. Карціна была намалявана ў 1937 годзе.

Рэдкі партрэт Язэпа Варонкі мала дзе друкаваўся. Я яго першы раз убачыў на вокладцы «Памятнага Альбома», прысвечанага 10-годдзю рускага радыё ў Чыкага (1933-1943). Альбом гэты выдаваў сам Варонка.

Аўтар партрэта знакамітага беларуса — вядомы польскі мастак Міхал Рэкуцкі (1884-1971). У той час, калі быў намаляваны партрэт, Міхал Рэкуцкі жыў у Чыкага, як і Язэп Варонка. Відаць, там яны і пазнаёміліся. Партрэт атрымаўся даволі сімпатычным. Дзе ён сёння знаходзіцца — невядома.

Нагадаў я пра партрэт Язэпа Варонкі таму, што сёлета 4 красавіка былому старшыні ўраду БНР, міністру замежных спраў БНР, міністру ўнутраных спраў БНР і міністру беларускіх спраў Летувы спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння.

…У першым нумары газеты «Вольная Литва» за 1921 год паэт Юрый Вегаў апублікаваў на рускай мове верш, прысвечаны Вільні. Першую і апошнюю строфы з гэтага паэтычнага твора хочацца працытаваць:

«Когда я вновь тебя увижу,

Когда твой шум услышу я?

О, ни к Берлину, ни к Парижу

Так не влечёт любовь моя…

…Нет, не прощу твои я стоны,

Людскую совесть разбужу,

Свои я кликну легионы,

И родину освобожу».

А радзімай паэта Юрыя Вегава з’яўляецца Кузніца на Сакольшчыне (Беласточчына), дзе ён нарадзіўся 4 красавіка 1891 года. Пад псеўданімам Юрый Вегаў падпісваўся не хто іншы, як беларус Язэп Варонка. Але Язэп Варонка пісаў не толькі рускамоўныя вершы, ён быў і застаўся ў гісторыі Беларусі, як палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху ў ЗША.

Дзіцячыя гады Язэпа прайшлі на Беласточчыне, а вось юнацтва і палітычны вопыт набіраліся ў Санкт-Пецярбургу. Там юнак пэўны час слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце мясцовага універсітэта, супрацоўнічаў з рознымі пецярбургскімі газетамі і часопісамі. Да 1917 года паэту і публіцысту Вегаву ў Пецярбургу жылося даволі нядрэнна і весела. Аб гэтым нават згадвае В.Ункоўскі ў рускім часопісе «Возрождение» (Парыж, жнівень, 1956 г.): «Сакратаром рэдакцыі быў сімпатычны студэнт-юрыст Пецярбургскага універсітэту Язэп Якаўлевіч Варонка — беларус з Беластока. Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Падкрэслена запаволены, заўсёды чыста паголены, валасы на прабор і нязменная памада. Ужываў дарагую «мужчынскую» парфуму й добра знаўся з ёю.

Жыў ён у памяшканні рэдакцыі (Неўскі праспект, нумар 3, насупраць Галоўнага Штабу), спаў на стосах непрададзеных газетаў (а іх тут былі горы). Заробленыя грошы прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай…

У Пецярбургу выходзіў невялічкі часопіс «Театральное обозрение», які каштаваў 5 капеек, дзе штодня друкаваліся падрабязныя афішы ўсіх спектакляў і канцэртаў, а таксама тэатральная хроніка. Варонка даваў інфармацыйныя зацемкі, а таму быў сталым наведнікам тэатральных грымёрных і, заляцаўся да артыстак». Далей аўтар успамінае: «Пазнаёміўся я з Варонкам у 1913 годзе, а эпісталярна мы былі знаёмыя з 1911 года. Тады я быў рэдактарам другога "Всероссийского Студенческого Сборника". Першы з’явіўся за колькі год перад тым пад рэдакцыяй І. Буніна і М. Целяшова. Варонка даслаў мне для зборніка падпісаную ягоным прозвішчам празаічную мініяцюру «Осеннее» і два вершы пад псеўданімам Юры Вегаў. Усё гэта я надрукаваў. Чысты прыбытак ад продажу зборніка прызначаўся Пяцігорскаму студэнцкаму санаторыю. Першае выданне разышлося, а калі зімою 1913 года я пазнаёміўся з Варонкам, мы задумалі выпусціць "Всеросийский Студенческий Сборник" другім выданнем. Так і сталася: увесну 1914 года другое выданне выйшла, дзякуючы незвычайнай энергіі Я.Я.Варонкі, — кніга з’явілася ў вітрынах кнігарняў Пецярбургу, Масквы, Харкава, Кіева і іншых гарадоў.

Мы з Варонкам сустракаліся не радзей як два-тры разы на тыдзень у рэдакцыі "Воскресной Вечерней Газеты" і ў мяне. Ён быў ня дурань кульнуць чарку, і, памятаю, мы добра гульнулі на маскарадзе "Ярылава ноч", дзе ўсё было дагары нагамі: Варламаў піў, а Давыдаў танцаваў, і ўсё было накшталт таго ж… І самы танны білет бяз месца каштаваў 25 рублёў, што па тых часох было страшэнна дорага. Я заплаціў за свой "уваходны", а Варонка, як заўсёды, "злаўчыўся". Мы весела прабавілі час, скакалі з маскамі, пілі каньяк, цешылі дурня да самай раніцы.

Вайна 1914 году. Мяне мабілізавалі як малодшага доктара ва ўласны санітарны цягнік імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, і з Варонкам мы больш не сустракаліся. Але ён часта пісаў мне і на адрас цягніка, і на маю харкаўскую кватэру. Мушу прызнацца, я адказваў не заўсёды. У ягоных лістах не было нічога актуальнага. Ён працягваў супрацоўнічаць з "Обозрением театров". Арганізоўваў штотыднёвыя часопісы — "Вереск", "Колосья", але яны спыняліся пасля выхаду першага ж нумару. Яму фатальна не шанцавала. Сябраваў з вядомым таленавітым паэтам Мікалаем Агніўцавым. Той хваліў вершы Варонкі, падпісаныя псеўданімам Юрый Вегаў» (пераклад тэксту з рускай мовы Лявона Юрэвіча)…

 З 1917 года Язэп Варонка пачынае сур’ёзна займацца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, пасля становіцца членам яе Цэнтральнага Камітэта. На розных расійскіх дэмакратычных нарадах і сходах выступаў з прадмовамі ў абарону Беларусі, а таксама супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі.

Жывучы ў Петраградзе, Язэп Варонка ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў гэтым горадзе па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У канцы 1917 года ён прыязджае ў Менск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года ён становіцца старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў.

25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Язэп Варонка быў яе адным з арганізатараў і ініцыятараў.

Першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Сядзіць другі справа Язэп Варонка


Наогул, Язэп Варонка заўсёды лічыў, што ворагамі беларускага адраджэння з’яўляюцца Расія і Польшча. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх і крытыкаваў. У сваёй кніжцы «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году» (Коўна, 1920 г.) Язэп Варонка сур’ёзна ўзняў пытанні роднай мовы, адносіны да яе палякаў, рускіх і немцаў. Ён пісаў: «Расейскія русыфікатары лаялі беларускіх дзеячоў за тое, што яны «польскія найміты» і так далей, але ў той самы час палякі ўсюды выступалі проці таго, каб ніякім спосабам не ўводзіць беларускай мовы ў касцёле, бо гэта ёсьць пераход да маскалёў і схызматыкаў. Такім чынам із аднаго і з другога боку беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала… А вось немцы падавалі вялікія надзеі ў дапамозе адраджэньню беларускае культуры і распаўсюджэньню беларускага руху. Не можна ўпусьціць з вока таго факту, што фэльдмаршал Гіндэнбург першы ў пачатку 1916 году асобным расказам абьявіў беларускую мову ў старой акупацыі мовай раўнапраўнай іншым мовам у краі: літоўскай, жыдоўскай і польскай. Пры немцах на беларускай мове друкаваліся адозвы, пашпарты, падтрымліваліся беларускія школы, школьныя выдавецтва…».

У 1923 годзе Язэп Варонка пакінуў Беларусь і эмігрыраваў у ЗША, дзе і пражыў усё сваё астатняе жыццё (памёр 4 чэрвеня 1952 года). Там наш суайчыннік быў адным з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху. Ён узначальваў Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету, арганізоўваў і вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. Больш шчыра пра амерыканскі перыяд жыцця Язэпа Варонкі напісаў у сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША» (Мн., 1993) Вітаўт Кіпель: «Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: