Ён адраджаў славу Бацькаўшчыны. Да 80-годдзя з дня народзінаў Анатоля Белага

10 снежня Анатолю Яўхімавічу Беламу споўнілася б 80 гадоў. Але познім вечарам 11 лістапада 2011 года згасла яго зорка, скончылася яго жыццёвая дарога.

Бо як ёсць у народа такія —
Не згіне давеку народ.
                          Ул. Караткевіч


Толькі акрамя жыцця фізічнага ёсць Жыццё Духоўнае, і яно працягваецца ў памяці жывых, у выніках дзейнасці-працы гэтага чалавека, ва ўспамінах аб ім. А якім яго будуць памятаць, што будуць успамінаць — гэта ўжо залежыць ад таго, які след чалавек пакінуў на зямлі: светлы ці цёмны.

След на зямлі Анатоля Белага можна назваць яскравым: чвэрць стагоддзя пад яго кіраўніцтвам дзейнічаў культурна-асветны клуб «Спадчына», выдаваліся кнігі, альбомы, каталогі і іншая друкаваная прадукцыя, з непасрэдным яго ўдзелам былі адкрыты помнікі слынным беларусам, памятныя знакі, уражвае мастацкі музей у Старых Дарогах і створаны ў апошнія гады яго жыцця сайт «Спадчына».

Ужо пасля смерці Анатоля Яфімавіча яго сям’ёй і сябрамі клуба выдадзены кнігі: «І паўстала «Спадчына», дзе коратка і ў храналагічным парадку падаецца дзейнасць клуба, звесткі аб сябрах і інш. (2014) і кніга ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны» (2015).

Прапануем вам выняткі з кнігі успамінаў і Кнігі водгукаў наведвальнікаў музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах.
 

Памятны справай, а не словам. Выняткі з кнігі ўспамінаў


За ўнёсак у развіццё беларускай культуры ён быў удастоены залатога медаля Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Парыж-Масква-Пекін). За дзейнасць па захаванні нацыянальнай спадчыны ён ўзнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Медаль імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі Анатоль Белы атрымаў у знак падзякі за супрацоўніцтва і паглыбленне беларуска-чэшскіх стасункаў (2007). А Міжнародны Біяграфічны Кембрыджскі Цэнтр (Англія) назваў Анатоля Белага чалавекам года (1999) і ўзнагародзіў яго дыпломамi «2000 выдатнейшых вучоных ХХ стагоддзя» (1999) і «100 славутых адукатараў» (2012).

...Феномен Анатоля Белага — як чалавека, творцы, грамадзяніна, арганізатара, яшчэ не зусім намі асэнсаваны. Ён бачыў наперад, быў мудрэйшы за ўладатрымальнікаў і мацнейшы за ўласны лёс. Ён увабраў у сябе ўвесь сусвет. Ён меў свой сусвет, які пакуль яшчэ неспазнаны і недаацэнены. Ён жыў у сваім часе, але і над часам.

Ён быў як руплівы матор нашага Адраджэння, як бел-чырвоны-белы штандар, які лунаў над краінай. Ягоная патрэба ў пастаянным самаабнаўленні, фарміраванні і выкананні новых праектаў па Адраджэнню была ўнутранай асновай, стрыжнем яго натуры, яго тытанічнай, па-сапраўднаму рэнесансавай постаці.
Святлана Белая
* * *
Цяпер дворык БДУ — флагмана беларускай навукі — выглядае на ўзроўні старэйшых еўрапейскіх універсітэтаў. Але, на вялікі жаль, нідзе афіцыйна не ўпамінаецца імя чалавека, які гэта стварыў...
Беларусь, мая родная маці!
Я не здраджу ніколі табе.
За ніякія ў свеце багацці —
Лепш злажу галаву ў барацьбе!  
...Гэтыя радкі С.Новіка-Пяюна з верша «Прысяга» прайшлі чырвонай ніткай праз усё жыццё майго мужа. Так, ён шчыра любіў Беларусь і быў адданы ёй да канца свайго жыцця. Я часам пыталася ў яго: «Толя, для чаго ты так многа працуеш? Калі ж ты адпачнеш? Трэба ж і сябе берагчы». Адказ у яго заўсёды быў адзін: «Я раблю гэта для Беларусі, для свайго народа». І гэта былі не проста пафасныя словы.
 Ала Белая
* * *
Асабліва ўражвала яго працаздольнасць, але вядома, што я, будучы падлеткам, не заўсёды разумеў гэтую рысу яго характару. Але дзядуля не падстройваўся пад мой узрост, а адносіўся да мяне як да малодшага сябра. Без усяго-усялякага дзед Анатоль быў мой лепшы сябра — «мой лучший друг, мой друг бесценный».
Алесь Белы, унук А.Белага,
* * *
...быць стрыечным братам было... І лёгка, і зручна, і прыемна, і, падкрэслю, павучальна. Анатоль Яўхімавіч — гэта цэлы свет, які мне адкрываўся ўсё болей і болей, як станоўчы і захапляючы. І, зноў жа падкрэслю, свет гэты трымаўся... на яго прынцыповасці.
А ён раскрыў духоўныя вочы і не толькі мне.
М. Белы
* * *
Рабіў усё,
Што было
Магчыма і немагчыма.
Са стомленымі вачыма
Пайшоў
Забываць сьвятло.            
             Р. Барадулін, паэт
* * *
Вакол А. Белага быў сабраны магутны творчы патэнцыял беларусаў. Гэты патэнцыял трэба было накіраваць адпаведна з творчымі магчымасцямі кожнага. Тут прыйшоў на дапамогу А. Беламу яго прыродны арганізатарскі талент
Я. Антанюк, прафесійны вайсковец
* * *  
...На наша шчасце, на Беларусі былі і ёсць яшчэ шмат людзей, якія пры нас сталі славутымі, заваявалі пашану ў людзей. І яны з’яўляюцца гонарам беларускай нацыі, хоць і не называюцца іх імёны па радыё і тэлебачанні, але іх мы ведаем... Адзін з іх Анатоль Белы...
С. Барыс, пісьменнік.
* * *  
...Ён быў адзін з рупліўцаў адраджэння мілай яму Бацькаўшчыны, Роднага краю. Ён не быў баязліўцам у гэтай справе, а ішоў цвёрда і мэтанакіравана па выбраным шляху.
А. Будзянок, урач
* * *  
...На яго імклівым і вельмі пакручастым шляху былі і перамогі, і няўдачы. Быў часам і нястрыманым, рэзкім з апанентамі, але толькі тады, калі ўзнікалі пытанні па праблемах беларускага нацыянальнага адраджэння і шляхах іх пераадольвання.  
А. Валахановіч, гісторык
* * *  
...творчасць А.Белага яшчэ не разгледжана, яшчэ патрабуе аналізу, асабліва ў музейнай і калекцыянерскай дзейнасці. Ён быў першаўзорам у літаратурна-музейнай працы, у зборы рэдкіх кніг і часопісаў, у зборы твораў беларускіх мастакоў. Пра яго пісалі артыкулы, але іх мала, ды і пісалі іх да нейкіх падзей, што было магчымасцю паказаць рэдкія творы з яго калекцыі. ...Жыццёвая і грамадска-філасофская падрыхтоўка дапамагала яму ў арганізацыі і кіраванні як клубам, так і ў яго калекцыянерскай дзейнасці. А дапамагалі яшчэ і яго чалавечыя якасці — добрыя адносіны да людзей, шчырая дапамога ім у розных справах.
А. Грыцкевіч, доктар гістарычных навук
* * *
...Ён вельмі любіў жыццё.
І клуб свой «Спадчыну»,
І свае кнігі, зборы, як нарогі, —
Ўсяго падсумаваць
Я не бяруся…
І нават дом уласны
У Старых Дарогах
Ператварыць ён змог
Ў абсягі Беларусі.
                     Я. Гучок, паэт
* * *  
... Яго імя можна было пачуць на ўсякім мерапрыемстве і ва ўсякай аўдыторыі ў межах Мінска амаль кожны дзень. ...Толькі вось амаль ніхто не пытаў: «Адкуль сілы, Анатоль Яўхімавіч?» А сілы браліся ад шчырага жадання служыць Памяці: ушаноўваць незаслужана забытых змагароў, несправядліва адрынутых паэтаў, збіраць унікальную скарбніцу доказаў нашага слаўнага мінулага. І ён тварыў Храм іх Памяці, ствараў усюды, дзе было гэта магчыма.
 Г. Запартыка, дырэктар БДАМЛІ
* * *
...З якой радасцю збіраліся беларусы на пасяджэнні клуба, а пасля заканчэння пасяджэння доўга не разыходзіліся, а ўсё гурточкамі спрачаліся — не пра футбол і машыны-іншамаркі, — а пра лёс Беларусі, пра яе знакамітых людзей, што ў розныя часы вымушаны былі пакінуць Радзіму, але дзейнасцю сваёй праслаўлялі іншыя краіны.
І. Кісялёва, журналіст
* * *
...Удзячны лёсу, што быў знаёмы з ім. Дзякуючы яму, я яшчэ больш наблізіўся да Беларусі... Вельмі знакава, што Сусветны Дзень правоў чалавека супаў з днём народзінаў А. Белага. Ён змагаўся за нашы правы, за нашу гісторыю, за нашу Бацькаўшчыну.
 І. Копыл, прафесійны вайсковец
* * *
...Ён умеў знаходзіць і запрошваць на сустрэчы людзей інтэлегентных, а самае галоўнае — гарачых прыхільнікаў беларускасці. Гэтыя сустрэчы-размовы дапамаглі мне разабрацца ў заблытаных лабірынтах гісторыі, па якіх нас вадзілі савецкія навукоўцы... Супрацоўнічаць з ім было лёгка і радасна...
А. Крывенка, мастак
* * *
  ...З восені 1986 г. партыйныя ўлады перапынілі легальную работу клуба, і да 1988 г. дзейнасць «Спадчыны» працякала нелегальна. У гэты час я ўбачыў іншага А. Белага: мужнага, вытрыманага, апантанага барацьбіта за беларускасць і вельмі ранімага...
І. Курыцын, даследчык
* * *
...тады было шмат выступоўцаў-патэтыкаў, якія ўзнёсла гаварылі пра нашу мову, чыталі патрыятычныя вершы...агітавалі тых, каго агітаваць не трэба было. Анатоль выступаў супраць такіх златавустцаў і заклікаў гаварыць па справе, рабіць справу. Прыкладам быў ягоны клуб.. ...Ён сам, нягледзячы на ўсялякія цкаванні, неўспрыманне ўсур'ёз яго дзейнасці, цягнуў сваю лямку, сваю гармату, якая стрэліла па дзяржаўнай абыякавасці да гісторыі, нацыянальнай культуры, беларускай мовы снарадамі, якімі з’яўляюцца музей, помнікі, артыкулы, кнігі…
М. Лавіцкі, журналіст
* * *
Мае частыя сустрэчы з Анатолем, сумесныя разважанні над перспектывамі далейшага існавання беларусаў як самабытнага этнасу, прывялі нас да думкі пра неабходнасць стварэння ў Мінску адмысловага Музея беларускай мовы. Меркавалася, што ён дзеля зручнасці для наведвальнікаў знойдзе сабе прапіску ў самым цэнтры сталіцы.
Уладныя гарадскія структуры нават і выслухаць нас не пажадалі, калі даведаліся пра што будзе весціся гаворка. ...Але ён не здаваўся і тварыў.
... І я ўдзячны лёсу за перакрыжаванне нашых шляхоў.
Л. Лыч, доктар гістарычных навук
* * *
У дворыку БДУ ...ужо ў 1990-я нечакана ўбачыў не толькі асобныя помнікі беларускім асветнікам, філосафам, прарокам, а цэлыя скульптурныя кампазіцыі. ...Не меншае было і здзіўленне, калі даведаўся, што гэтыя светлыя постаці беларускай мінуўшчыны з іх запаветамі да нашчадкаў паўсталі тут, увасобленыя ў бронзе, руплівасцю, канкрэтнымі захадамі менавіта старшыні клуба «Спадчына» Анатоля Белага.
...Ён памятны справай, а не словам...
А. Ліс, доктар філалагічных навук,  
* * *
...Ён умеў злучыць незлучальнае, сумясціць несумяшчальнае. Але як гэта атрымоўвалася — было яго сакрэтам. .... Некаторыя мастакі прытрымліваліся думкі, што Анатоль збірае мастацкія творы ў карысных мэтах. Але цяпер, калі гартаюць каталог калекцыі Старадарожскага музея «Раскрылі крылы музы», шкадуюць, што на яго старонках іх творы адсутнічаюць.
У. Мелехаў, мастак
* * *
...быў цікавым субяседнікам, добрым і вельмі адукаваным чалавекам з тонкім пачуццём гумару, гарачым патрыётам Беларусі ...даказваў, што Беларусь і беларусы — вельмі таленавітая нацыя ў свеце, што гісторыя Беларусі яшчэ не поўнасцю вывучана. ...У яго было моцнае пачуццё зямляцтва.
Я. Мурашка, экс-дырэктар СШ №2
* * *
...Як аўтары кнігі «Праз рок-прызму» мы даводзілі пра неабходнасць стварэння беларускамоўнай папулярнай музыкі, якая магла б стварыць канкурэнцыю тым музычным узорам, якія асабліва жорстка навязваюцца нам з Усходу. Некаторыя... выказвалі трывогу, што сучасныя музычныя напрамкі разбураюць традыцыйны фальклор. А. Белы мудра заўважыў: усё што выконваецца па-беларуску, асабліва ў сучасных поп і рок-напрамках, будзе толькі спрыяць павазе і распаўсюджванню роднага слова сярод моладзі, будзе на карысць яе адраджэнню.
А. Мяльгуй, музычны крытык
* * *
...Але з усёй адказнасцю мушу дадаць, што ўсе мастацкія творы, якія выйшлі з-пад маіх рук за гэтыя гады — вялікая заслуга А. Белага. Гэта ён сваёю неўтаймаванай энергіяй не даў, не дазволіў мне апусціць і злажыць рукі.
...У яго трэба вучыцца многім супрацоўнікам дзяржаўных музеяў, як трэба працаваць, як збіраць і захоўваць нашу мінуўшчыну, нашу багатую і самабытную спадчыну.
М. Несцярэўскі, мастак,
* * *
...Для меня, свято верующего в системность и технологичность настоящего творчества, организация всего музея, множества его тематических экспозиций и огромным количеством экспонатов, казалась невероятной. Почему невероятной? Потому что было ясно — в отсутствии штатных профессиональных сотрудников, вся музейная система, вместе с методологией… находится в голове одного человека!.. Это феномен!
В. Романовский, общество «Мемориал»
* * *
... Уяўляю, якім бы багаццем валодалі нашыя гарады і вёскі, каб у кожным з іх былі такія рупліўцы, што актыўна праводзілі працу па мемарыялізацыі нацыянальных асоб. І заслуга А. Белага не будзе ў баку гісторыі краіны. Яго апантанасць на гэтай ніве стане з цягам часу ў падручніках гісторыі і культуры прыкладам для ўсіх.
П. Русаў, археолаг
* * *
...яго настойлівасць не была імпульсіўнай, не была раднёй амбіцыйнай упартасці, а грунтавалася на паслядоўным і цвёрдым перакананні ў тым, што ён робіць справу патрэбную...
...Ён не быў цёплым, бо ў некаторых выпадках цеплыня з’яўляецца пажыўным асяроддзем для бацыл і мікробаў. Ён быў ці гарачым, ці халодным! Гарачым ён быў у адносінах да спраў дзеля адраджэння і самастойнасці беларускай нацыі, халодным — да ўсіх тых праяў у канкрэтным чалавеку і ў грамадстве, якія стаялі ўпоперак на гэтым шляху... А гэта ўжо не загана, гэта — подзвіг, здзейснены Асобай.  
Н. Сармант, педагог
* * *  
...Яшчэ адметнай рысай было тое, што ён мог бачыць, на што здольны той ці іншы чалавек, таму і патрабаваў працы і толькі працы, як ён заўсёды гаварыў, на карысць Беларусі.  
А. Саскавец, пісьменніца
* * *
Ён ішоў сваім, ім самім выбраным, зусім не лёгкім жыццёвым шляхам.
Вайсковец, затым выкладчык прэстыжнага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта… Здавалася б, працуй спакойна, выконвай свае прафесійныя абавязкі і будзеш абласканы і кіраўніцтвам універсітэта, і ўладамі.
Але не тое было закладзена ў яго беларускім сэрцы. ...яшчэ будучы школьнікам, ён цікавіўся сапраўднай гісторыяй свайго краю і ніяк не пагаджаўся з тымі скупымі звесткамі, якія давалі школьныя падручнікі. …і ўсё жыццё ўдасканальваў свае веды і вучыў іншых шукаць сваю сцяжынку да нацыянальнай спадчыны.
Яго дэвіз быў такі: «Любіць Радзіму — шанаваць родную мову — захоўваць спадчыну!»
У. Содаль, пісьменнік
* * *
...Сёння можна толькі дзівіцца, як А. Белы мабілізоўваў мастакоў, скульптараў, паэтаў, архітэктараў на рэалізацыю тых праектаў, за якія яны самі ніколі не ўзяліся б. ...Ідэі А. Белага былі лагічныя, прадуманыя — таму і стаяць сёння помнікі ва ўніверсітэцкім дворыку ў Менску і ў Яраслаўлі, у Старых Дарогах і Зэльве ды і шмат дзе яшчэ. ...Анатоль Белы мог прымусіць працаваць на Беларусь кожнага: і патрыёта, і гультая, і абыякавага, а, як пашанцуе, то і ворага.
С. Суднік, рэдактар газеты «Наша слова»
* * *
...Гісторыю Беларусі ён ведаў дасканала, бачыў і адчуваў час, супраціўляўся гвалту над усім нацыянальным. Божухна, каго толькі ён не імкнуўся ўвекавечыць! І не дзеля падзякі ці атрымання дывідэндаў, а па закліку сэрца, як быкаўскі герой — адзін супраць зграі, адзін — супраць усёй «Лініі Сталіна».
...На што ён разлічваў у сваім жыцці? ...Цяжка ісці сцяжынай праўды ў час бяспамяцтва, цяжка змагацца за тое, што не ацэнена ў грашах, маўкліва абмінута грамадскай думкай... Ён разлічваў на цікаўнасць грамадства да яго дзейнасці і ў першую чаргу — калекцыйнай. Скарбонцы яго музейных рарытэтаў можа пазайздросціць любы дзяржаўны музей.
В. Хурсік, журналіст  
* * *
...Цудоўна разумеючы ролю выяўленчага мастацтва ў гэтым, дзе будуць прадстаўлены ўсе асобы і падзеі, прысвечаныя патрыятычнай ідэі, на мой погляд, яму пашчасціла дасягнуць нават большага, чым напачатку марылася. ...Урэшце і тое, што ён дамогся... вельмі глыбока ўражвае...  
А. Цыркуноў, мастак
* * *
…У Доме рыпяць палавіцы,
Бы ў Храме вялікім, старым,
Які ты стварыў не ў сталіцы,
Які для Айчыны стварыў.

Навокал карціны… Партрэты…
Харугвы… Сцягі і крыжы…
І ўсё беларускае гэта,
І ўсё ад душы для душы.
                   
                   ...Нікому, нікому, ніколі,
Бо тут—Беларусь назаўжды,
Тут нашае Заўтра і Воля,
Тут нашы героі і ты
                             В.Шніп, паэт,
* * *
А. Белы выдаў тэарэтычны артыкул «Вытокі нацыянальнай свядомасці»... Вось на аснове аналізу гэтага артыкула я ўбачыў Анатоля Белага як даследчыка, які, аналізуючы гістарычныя факты, паступова раскрывае рост самасвядомасці беларусаў, іх нялёгкі шлях да незалежнасці, убачыў шырокую дасведчанасць яго не толькі ў сферы мастацтва, а і ў таямніцах гісторыі.
Г. Штыхаў, доктар гістарычных навук
* * *
...Без хітрыкаў, без падлашчванняў, проста, паважна, доказна і пераканаўча з нацыянальных мастацкіх пазіцый як гісторык і філосаф ён даводзіў аб годным месцы той ці іншай работы ў яго беларускім зборы. І, ведаеце, мне лёгка было аддаваць яму свае работы. Я ведаў, што яны пераходзяць у вартыя і надзейныя рукі.
 ...Ён быў вельмі нацыянальным чалавекам з шырокімі інтарэсамі. Дакладней, ён не быў так званым запечным патрыётам. Беларусь ён разглядаў у кантэксце сусветнага ўніверсума з яе «пачэсным пасадам між народамі».
   ...ён быў і рамантык, і рэаліст адначасова, як адначасова — сціплы і маторны, далікатны і напорысты.
Л. Шчамялёў, мастак
* * *
Яго праца яшчэ тут, на яго Радзіме не зусім поўна ацэнена з боку афіцыйных улад і грамадскасці Беларусі. ...гэта яго падзвіжніцкая працы, калі не цяпер, дык у будучым будзе ацэнена па заслугах.
Я. Шыраеў, прэзідэнт МАНЕ

Сябры клуба Спадчына ў гасцях у народнага мастака Леаніда Шчамялёва.

Сябры клуба Спадчына ў гасцях у народнага мастака Леаніда Шчамялёва.

«У гэтым доме цэнтр Еўропы». З Кнігі водгукаў музея


І сапраўды ён — складаны, амбітны, часам нецярплівы, але заўсёды самаахвярны, ініцыятыўны, паслядоўны і нястомны ў беларускіх справах. Мае шмат сяброў, але і нямала нядобразычліўцаў. Што б пра яго ні казалі, а ўклад Анатоля Белага ў беларускае адраджэнне выглядае вельмі салідна.
Захар Шыбека, доктар гістарычных навук
* * *
Музей унікальны! Гэта — вялікі подзвіг Анатоля Белага. Тут хочацца сказаць: Жыве Беларусь!
Кастусь Цвірка, этнограф
* * *  
Музей — гэта перамога над абставінамі жыцця, над няўвагай уладаў, а перш-наперш над сабой. Ваш музей — памяць і помнік. У старажытным мястэчку з’явіўся цэнтр культуры і гісторыі нацыянальнага значэння!
Сябры клуба «Чароўны ўспамін» з Магілёва
* * *  
Великое дело белорусской культуры сосредоточено в музее Анатолия Белого. Благодарность потомков да пребудет за сиим деянием.
Филарет. Митрополит Минский и Слуцкий
* * *
Ёсць некалькі месцаў на свеце, дзе Беларусь жыве на поўную моц і дыхае на поўныя грудзі. Адно з такіх месцаў — Ваша галерэя.
м.«Дома Ваньковічаў».У.Валодзін, Н. і У. Аляксандравы, В.Бельская.
* * *
Няма слоў, а толькі адчуванне нечага Вялікага, перад чым і перад кім схіляю сваю галаву. Жыве Беларусь!
З. Цімошык, грамадская дзяячка, г. Слуцк
* * *  
У гэтым доме — цэнтр Еўропы. У гэтым доме жыве БЕЛАРУСЬ. Наша сапраўдная Беларусь, якой нам ганарыцца.
Віктар Шніп, паэт
* * *  
Уражвае, колькі можа зрабіць той, хто шчыра любіць. Будзе дзень, калі тут будуць чэргі беларусаў, якім як вада спатрэбіцца нашая гісторыя.
Сябры клуба «Беларускае Кола» г. Наваградак  
* * *  
(Напісана па-нямецку, побач — пераклад) Усяго найлепшага зычу Вашай выдатнай калекцыі.
Інстытут імя Гётэ
* * *
Не так шмат куткоў у нашай роднай Беларусі, у якіх беларус сапраўды адчувае сябе гаспадаром сваёй зямлі. І музей, створаны вялікім рупліўцам Беларушчыны Анатолем Белым, якраз з тых мясцін, дзе душа беларуса па-сапраўднаму трапляе ў вырай. Беларусь — перадусім!
Бабруйчане: Віталь, Мікіта, Ганна, Глеб, Яўген.
* * *  
Не Бресту, не Мінску, не Могилеву, а Старым Дорогам повезло так, как может повезти, наверно, раз в жизни: мы даже представить не могли, что увидим воплощенный в лицах, фигурах, полотнах Труд всей жизни. Нам провели замечательную экскурсию по музею — спасибо большое Алле Николаевне... Удивительный человек был Анатолий Белый... Только такими людьми и делается истинная история края. Это наверно звучит пафосно, но так и выходит: без их мы рискуем растерять самих себя по дорогах жизни. Поэтому ЗА и чисто по-человечески: спасибо большое!!!
Программа «Записки на полях» телекомпании «Брест», А.Зеленко, А.Воронин, Г.Радевич.
* * *  
Вялікі дзякуй спадару Анатолю, сапраўднаму патрыёту, і ўсім, хто паспрыяў стварэнню гэтага ўнікальнага музея, за вандроўку па гісторыі і культуры Беларусі.
З павагай Стэфан Эрыксан, пасол Швецыі
* * *  
Заўсёды ў захапленні, калі наведваю музей паважанага Анатоля Яўхімавіча Белага, які жыццё сваё прысвяціў нашай роднай Беларусі. Гэты музей — выток нашай нацыянальнай ідэі, светач культуры і адраджэння Беларушчыны. Здароўя і поспехаў усім, хто захоўвае такую найвялікшую каштоўнасць для ўсяго свету.
Л. Мурашка, доктар юрыдычных навук.
 * * *  
Мы, ветэраны працы Старадарожскага раёна, наведалі сёння цудоўны музей А. Белага. Усе ў вялікім захапленні ад убачанага. Уражвае сваёй веліччу і зместам музей нашай гісторыі. Хочацца шчыра падзякаваць захавальнікам музея і Але Мікалаеўне за праведзеную экскурсію. Асабліва ўдзячны стваральніку велічнага музея за тытанічную працу і такую спадчыну, якая дае магчымасць дакранацца да нашай гісторыі. Удзячная памяць Анатолю Беламу. Хочацца, каб усе жыхары Старых Дарог наведалі гэтае святое месца.
Савет ветэранаў
 * * *  
Великолепное Духовное место всех Белорусов — это этот музей!!! Посетить его и по мере возможностей помочь сохранить потомкам — дело чести каждого знавшего это место или слышавшего о нём... Дай Бог здоровья достойнейшим из белорусов, хранящих и оберегающих это Святое место. Особая благодарность основателю музея и благодарная память!
Березко В. В. от имени экскурсантов АН РБ
* * *  
Великий человек, Великий Белорус! Светлая память герою, любящему свою Родину!
С уважением член международной ассоциации журналистов М. Скворцов
* * *  
Лепш позна, чым ніколі. Шкада, што раней тут не былі, але радасна, што сёння наведаліся сюды — у беларускі Луўр. Дзіву даешся, як гэта можна было стварыць: сабраць творы мастацтва, узвезці будынак музея і скампанаваць экспазіцыю — цуд з цудаў сярод музеяў Беларусі.
Мастацтвазнаўца Г. Мяшкова, паэты К. Мяшкова, Я. Гучок, дызайнер А. Шурубаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: