Ён чытаў зоры. Жменя згадак пра Алеся Пісьмянкова

Паэт, народжаны ў прыгожым краі, павінен паказаць людзям ягоную прыгажосць і хараство, так бы мовіць,  плаціць свой доўг. Хораша сказаў пра гэта яшчэ ў 1913 годзе ў «Нашай Ніве» мудры Вацлаў Ластоўскі: «Паэта павінен быць вучыцелем і прарокам свайго народа.


Быў светлы, трошкі зажураны, вераснёўскі дзень. Мы з Алесем выбраліся ў грыбы. Ён прыехаў да мяне на Вілейшчыну. Маю родную вёску Клеявічы, прыгожую, песенную, што маляўніча цягнулася паўз Бесядзь, знішчыў Чарнобыль. Алесевы Бялынкавічы, што стаяць таксама на Бесядзі, — наўпрост ад маёй кіламетраў дзесяць, — ацалелі.

Верасень у 2003 годзе быў грыбны. Алесь прыехаў павіншаваць мяне з 65-годдзем. Сабраліся суседзі, амаль усе жыхары невялікай лясной вёсачкі Пятрылава. Алесь быў у добрым гуморы, дасціпна, весела жартаваў, ягоны густы басавіты голас уладарыў у застоллі. Ён тады працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Вожык». Я слухаў Алеся, пазіраў на яго адухоўленае, паэтычнае аблічча: русявы чуб, пшанічныя вусы, сінія вочы, ды яшчэ прозвішча — Пісьмянкоў… Яму лёсам наканавана пісаць, думаць вершы — так вызначыў сваё крэда сам Паэт.

Пасля вячэры мы выйшлі на праходку. Ужо ацямнела, цёмнаю зубчастаю сцяною з усіх бакоў вёску абступаў лес.

— Ваша Пятрылава стаіць, як у вянку, — дзівіўся Алесь. — А ядловец вы пасадзілі?

Госця зацікавілі вастраверхія, нібы малыя кіпарысы, ядлоўцавыя дрэўцы паабапал гаражных варот, яны стаялі быццам вартавыя.

— Так. Ім ужо дзесяць гадоў. А ліпы пасадзіў у 1987-м. Тады ж набыў гэтую хату. Малыя ліпкі выкапаў на былым хутары, дзе перад вайною нарадзілася мая будучая жонка… Ліпавую алею — дванаццаць дрэўцаў — я пасадзіў насуперак Чарнобылю. У той год набыў пчаліны рой.

Цемра пагусцела, на небе высыпалі мігатлівыя зоры. Месяц тады ўзыходзіў позна, ягонае святло не перашкаджала зоркам выяўляць усю сваю моц. Вядома, што самыя буйныя і яркія зоркі бываюць напрыканцы лета і ў пачатку восені, быццам яны даспелі за лета.

— О, Кірэевіч, глядзіце: Палярная зорка акурат над вашай хатай, — узрадавана мовіў Алесь. — А якая Венера яркая! Добрая беларуская назва яе — Мілавіца. Вацлаў Ластоўскі вычытаў у летапісах, што Венера называлася — гвязда Чагір. А Плеяды — Сітца або Вуцінае Гняздо…

На паўночным Усходзе мы адшукалі мігатлівую купку зорак — Плеяды-Сітца, знайшлі сузор’е Касіяпеі, яркія зоркі Вялікага Воза і Малога Воза — сёмая зорка яго і ёсць Палярная. Алесь прызнаўся: са школьных гадоў любіць астраномію. Я зразумеў, што назва зборніка «Чытаю зоры» зусім невыпадковая.

Той ноччу, пасля паходу ў грыбы, чытання зораў я доўга не мог заснуць: успаміны агарнулі мяне. Прыгадаўся ўжо далёкі жнівень 1980 года. Я тады пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні на пасадзе галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграм. Першай перадачай, якую мне давялося весці, сталася перадача «Мой родны кут» — аб родных мясцінах славутага паэта Аркадзя Куляшова. Сцэнарый напісала ягоная дачка Валянціна. Мы наведалі Саматэвічы, родную вёску паэта, запісалі размову з яго настаўнікам Брыльянтавым, іншымі аднавяскоўцамі. Ад маіх Клеявічаў да Саматэвічаў сем вёрст. Падлеткам я хадзіў у Саматэвічы на кірмаш — у гэтым слынным мястэчку праводзіліся штогод кірмашы: на Іллю 2 жніўня і на Змітра 8 лістапада. Іллінскі кірмаш пачынаўся з усходам сонца — дарэчы, на яго любіў прыязджаць Куляшоў.

Алесь успамінаў, што часта ездзіў з бацькам, калгасным шафёрам, на кірмаш у Саматэвічы. Мы здымалі перадачу «Мой родны кут» — пра Куляшоўскія мясціны напрыканцы жніўня, калі кірмаш ужо адшумеў. У сцэнарыі быў запланаваны сюжэт пра маладога паэта Пісьмянкова. Я чытаў яго вершы ў раённай газеце, былі Алесевы радкі і ў сцэнарыі, але сустрэцца нам пакуль што не давялося.

Сонца ўжо звярнула з паўдня, калі мы прыехалі ў Бялынкавічы, вялікае прыгожае паселішча на беразе Бесядзі, ракі, якую Аркадзь Куляшоў уславіў на ўвесь свет. Думалася пра жыццядайнасць Прыбесяддзя, якое нарадзіла новага паэта.

Запісвалі сінхрон з Алесем у светлым класе мясцовай школы. Усхваляваны юнак з русявым чубам і пшанічнымі вусамі, валошкавымі вачыма, у светла-ружовай кашулі глядзеўся вельмі прывабна. Уразіў густым басавітым голасам, уразіў вершамі — кароткімі, ёмістымі. Іх так і хочацца цытаваць і цытаваць: «Над вёскай дымок гаркавы. / Размова касы з атавай. / У дом пад крылом бусліным / Жанчыны ідуць на радзіны. / Расчулены бацька надзіва — / Сын нарадзіўся. Радзіміч. / Маці трывожыцца: «Сыне…» / Вочы ў сына — сінія. /…Радзіны. / Радзіміч. /Радзіма»…

Слухаў я вершы, любаваўся прыгожым, адухоўленым абліччам юнага земляка, і сэрцам, і розумам адчуў: у прыгожай вёсцы з паэтычнай назвай Бялынкавічы нарадзіўся таленавіты паэт. На агульнастудыйнай лятучцы тэлеперадачу пахвалілі. Генадзь Бураўкін, тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё, — менавіта ён перацягнуў мяне з часопіса «Полымя» на БТ, — сказаў, што мой першы блін аказаўся не камяком, а хлопец, які чытаў вершы, яго вельмі зацікавіў.

Пасля гэтага мы сустракаліся з Алесем даволі часта, прычым часцей на радзіме, чымся ў Мінску. Урэзалася ў памяць сустрэча ў Касцюковічах. Запрасілі нас, літаратарў-землякоў (Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова і мяне) на юбілей вызвалення раёна ад фашысцкай навалы. Было тое свята 28 верасня 1993-га — дата самавітая, круглая — 50 гадоў з дня вызвалення Касцюкоўшчыны. Асабліва хваляваўся Іван Чыгрынаў: яму надалі званне Ганаровы грамадзянін Касцюковіцкага раёна, павязалі цераз плячо шырокую чырвоную стужку. Дарэчы, такую ж стужку павязалі і мне ў 2009 годзе. На вялікі жаль, Чыгрынава і Пісьмянкова ўжо не было з намі…

На юбілеі вызвалення Алесь прачытаў верш, прысвечаны ветэранам. Верш моцны, прачулы, і чытаў аўтар узнёсла, на ўсю моц голасу. І ўзнагародай яму былі воплескі шматтысячнай аўдыторыі — людзі сабраліся на пляцы ў цэнтры горада.

Далёка не ўсе паэты ўмеюць выразна, па-майстэрску чытаць свае вершы, у Алеся гэта атрымлівалася вельмі хораша. А калі яго абралі сакратаром Саюза пісьменнікаў, у яго раскрыўся талент вядоўцы вечарынаў у Доме літаратара. Яго прыемна было слухаць, і прыемна глядзець на яго зграбную постаць у строгім гарнітуры. Ён меў выдатную памяць і мог сказаць цёплую, змястоўную прамову пра юбіляра ці аўтара кнігі, з нагоды выхаду якой адбывалася імпрэза. І ён ніколі не чытаў з паперчыны, сыпаў дасціпнымі жартамі. Нездарма пазней яго прызначылі галоўным рэдактарам часопіса «Вожык». Цікавая дэталь: раней рэдагаваў гумарыстычны часопіс таленавіты журналіст, таксама выхадзец з Касцюкоўчышыны Аляксандр Данілавіч Раманаў. Значыць, у Прыбесяддзі жывуць самыя вясёлыя людзі. А вось па колькасці народных — у нас два: Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, — Касцюковіцкі раён саступае Ушацкаму. Адтуль выйшлі: Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін.

Але вернемся ў Дом літаратара на імпрэзу, дзе рэй вядзе Алесь Пісьмянкоў. А сабраўся народ на вечарыну, прысвечаную ўручэнню Літаратурнай прэміі Саюза пісьманнікаў: прэмію імя Івана Мележа ўручалі аўтару гэтых радкоў за кнігу «Ларыса, альбо Каханне аўтамабіліста», прэмію імя Аркадзя Куляшова — Сяргею Панізніку за падрыхтоўку дзіцячых кніг у выдавецтве «Юнацтва». Дыпломы ўручыла кіраўнік Саюза Вольга Іпатава, а вечарыну вёў Алесь. Вось тады, а было гэта ў сакавіку 2000-га, — я, так бы мовіць, — адчуў на сабе, як умеў Пісьмянкоў сказаць добрае слова пра калегу-літаратара. Хоць прэмію далі за «Ларысу…», вядоўца болей гаварыў пра мае раманы, а на той час ужо «вылецелі» кнігаю «Шчыглы», «Паводка сярод зімы», «Дзікая ружа». У «Полымі» надрукаванае «Сіняе лета» — адным з першых чытачоў гэтага рамана быў Алесь, ён тады працаваў у часопісе.

Напрыканцы вечарыны адбылася сяброўская замочка прэмій. Алесь вёў рэй і ў застоллі, на хаду прыдумляў каламбуры, расказваў анекдоты, усе рагаталі, звонка смяялася яснавокая прыгажуня Вольга Іпатава, гэта яшчэ болей натхняла Алеся. Такім вясёлым я не бачыў яго ніколі.

Жыць заставалася Алесю Пісьмянкову чатыры гады…

А. Пісьмянкоў з Н. Гілевічам і В. Зуёнкам


А цяпер пра тое, як мне пашчасціла рэдагаваць Алесеву кнігу. Так, менавіта пашчасціла, бо за дзяржаўныя грошы я меў чытацкую асалоду. А гісторыя вось якая.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало серыю «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», аналагічная серыя і для кніг прозы. Я тады загадваў самай вялікай рэдакцыяй — Збору твораў, выбраных твораў, перавыданняў, крытыкі і драматургіі. У перспектыўны план я ўключыў кнігу Алеся Пісьмянкова. На рэдкалегіі пачуліся галасы супраць, маўляў, зарана, малады яшчэ. Але дырэктар выдавецтва Серафім Андраюк падтрымаў: «Вы рыхтуйце. А там паглядзім». І я пачаў рыхтаваць…

У «Мастацкай літаратуры» я адпрацаваў больш за пятнаццаць гадоў, блаславіў у друк не адну сотню кніжак. Вельмі часта даводзілася адбівацца ад настырных аўтараў, скарачаць расцягнутыя рукапісы, адбіраць вершы з таўшчэзных папак.

З Алесевай кнігай усё было наадварот: даводзілася выцягваць па вершу, аўтар лічыў многія з іх слабаватымі, маўляў, яшчэ трэба пагабляваць, падумаць. Але я не адступаў, ведаючы выключную патрабавальнасць паэта- земляка. А яшчэ ў яго была дзіўная рыса характара: шкадаваў аддаваць свае вершы ў друк. Аднойчы прызнаўся: «Мне заўсёды шкада развітвацца з уласнымі вершамі. Аддасі — яны ўжо нібыта не твае. Узнікае адчуванне нейкай пустаты. А калі яна запоўніцца, невядома».

І ўсё ж, дзякуючы маёй настойлівасці, атрымалася самавітая кніга на 320 старонак, і наклад немалы — дзве тысячы асобнікаў. А вось угаварыць Алеся памяняць загаловак «Я не памру, пакуль люблю», не ўдалося. Мабыць, у глыбіні душы ён прадчуваў свой сыход, свой лёс, сваю планіду. Адна з яго кніжак так і называлася — «Планіда». Назва выбранага — апошні радок апошняга верша з гэтай кніжкі.

Мабыць, верш падабаўся аўтару. Ён кароткі, яго варта працытаваць цалкам:

Вада. На строме сосны.

У збажыне задумны гай.

Любіць бы вечна гэты край.

Журботны.

Родны.

Росны.

Любіць высокія аблокі,

Ад гора горкую зямлю…

Любіць прызначана мне лёсам:

Я не памру,

пакуль люблю.


Можна з поўным правам сказаць, што кніга Алеся Пісьмянкова ўпрыгожыла выдавецкую серыю «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя». Пра яе было шмат водгукаў і чытачоў, і крытыкаў. А я атрымаў кнігу з аўтографам: «Дарагому Леаніду Кірэевічу Левановічу — майму таленавітаму земляку і спагаднаму рэдактару з заўсёднай павагай. 13 сакавіка 2001 г.»


Неяк вясною, на Радаўніцу, мы з Алесем выбраліся на радзіму — пакланіцца магілам продкаў. Па дарозе завіталі ў Лапічы, вялікае мястэчка ля Бабруйска, дзе працаваў дырэктарам школы малодшы Алесеў брат Мікалай. Ехалі мы на маім «жыгулёнку». Браты сцішана гаманілі пра жыццё-быццё, пра палітыку, пра літаратуру і неўзабаве пачалі спрачацца. Басавіты Алесеў голас загучаў мацней, але ў ім адчувалася прыхаваная паблажлівасць, маўляў, хоць ты і дырэктар школы, а ў палітыцы, тым больш — у літаратуры, не разбіраешся.

Пасля Магілёва спыніліся на перакус. Браты кульнулі па кілішку за сустрэчу, а я мусіў піць адно гарбату. Паехалі далей. Браты зноў усчалі спрэчку. «Вось ты расхвальваеш Барыса Пастарнака, а я «Доктара Жывагу» ледзьве дачытаў. Прымушаў сябе», — гарачыўся Мікалай. «Пастарнак — вялікі талент. Ён не вінаваты, што ты лянуешся чытаць». — «Каб ты ведаў, колькі ў мяне клопатаў», — уздыхнуў дырэктар вясковай школы.

Я прывёз братоў у Бялынкавічы, увайшлі ў хату. Узрадаваная Марыя Сямёнаўна, маці братоў, кінулася накрываць на стол. Запрасіла мяне на пачэснае месца, але я адмовіўся: мяне чакала ў Касцюковічах старэйшая сястра Моця. З Алесем дамовіліся, што праз дзень я прыеду да яго.

Слова сваё я стрымаў, назаўтра пасля Радаўніцы прыкаціў у Бялынкавічы.

— Добра, што вы прыехалі, — узрадаваўся Алесь. — Пасля Радаўніцы заўсёды журботна на душы. Брат учора аўтобусам паехаў у Лапічы… Пойдзем на Бесядзь. Зараз пад’едзе Міхаіл Шаванда. Гэта — галоўны ляснічы лясгаса. Цікавы чалавек. Адданы лесу. Спрабуе пісаць прозу…

Неўзабаве мы ўтрох сядзелі на высокім беразе ракі. Расклалі цяпельца, у казане варылася юшка — лясны начальнік прытарабаніў шчупакоў і акунёў. Міхаіл Іванавіч Шаванда насамрэч зацікавіў мяне. Каржакаваты, рухавы, з абветраным, загарэлым тварам, на якім свяціліся розумам і досціпам валошкавыя вочы. Родам ён з суседняга раёна, ад звычайнага лесніка дарос да галоўнага ляснічага. Пра сябе, пра лясныя клопаты распавядаў нетаропка, не забываючы падкідваць у агонь сухія паленцы, якія прывёз з сабою.

Дзень быў сонечны, ветраны, такія дні часта надараюцца напрыканцы красавіка. Трохі воддаль стаяў белы, нібы абліты малаком, чаромхавы куст, дзесьці далей цёхкаў салоўка. Юшка неўзабаве зварылася. Пад яе кульнулі мы па кілішку — памянулі нашых продкаў.

— Алесь, мы з табой даўно не бачыліся. І вершаў тваіх даўно не чуў. Пачытай што-небудзь. З новых… — папрасіў Шаванда.

Алесь адкашляўся, быццам нешта пяршыла ў горле, і густым барытонам пачаў:


Калі марнею ад нягод

І сэрцу цесна,

Я ўспамінаю радавод

І продкаў песні…


Ён чытаў пра Вашчылу, пра Сож, пра бяроз дзявоцкую цнатлівасць і соснаў бронзавы загар, пра неба чыстае без хмар. І што мяне асабліва ўразіла — пра зоры. Я ведаў, што ў Алеся нядаўна выйшла кніжка «Чытаю зоры».

«Я хацеў дастаць з неба зорку і апёк сабе рукі…» — гучаў басавіты голас паэта. Яшчэ раз паўтаруся: слухаць, як Пісьмянкоў чытаў свае вершы, была вялікая асалода. А яшчэ падумалася: ён чытае зоры, каб зразумець свой радавод, нашы карані, гісторыю краіны. Я пазіраў на Алеся збоку і злавіў сябе на думцы: ён падобны да Байрана… Прачытаў Алесь і «Оду бярозаваму веніку». Расчулены Шаванда падняўся, абняў паэта.

— Ну, Алесь, дарагі ты мой… Я не крытык. Я — лесавод. Але мне здаецца, гэты верш — маленькі шэдэўр. Як вы, Кірэевіч, згодны?

— Цалкам згодны. Ваша думка — гэта голас народа. «Оду…» я ведаю на памяць.

Не я першы выкажу думку, што літаратар, асабліва паэт, павінен нарадзіцца ў прыгожым краі. Вось як пра гэта піша Алесь у эсэ «Пісьмянкоў Луг». Хай даруе мне чытач, але вынятка будзе даволі доўгая:

«Можа, я і пішу нешта сваё толькі таму, што ў мяне былі і ёсць Белы Камень і Мізырычы на Зубары, Бялынкавічы на Бесядзі, Канічы на Сураве… Нездарма ж сам Аркадзь Смоліч заўважыў у сваёй славутай «Геаграфіі Беларусі», што Касцюкоўшчына «ляжыць над Бесяддзю ў прыгожай мясцовасці». Можа, дзякуючы акурат гэтай прыгажосці тут і з’явіліся на свет пісьменнікі Якуб Брайцаў, Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Аляксей Русецкі, Масей Сяднёў, Васіль Хомчанка, Пятро Прыходзька. Леанід Левановіч, Сямён Пацёмкін, Віктар Патапенка, Міхась Губернатараў, Мікола Мельнікаў, выдатны мастак Антон Бархаткоў».

Тут трэба патлумачыць: назву Пісьмянкоў Луг людзі далі мясцовасці, якую расчысцілі, зраўнялі, высеклі хмызняк над Зубарам і ператварылі ў прыгожы раздольны луг працавітыя Алесевы бацькі.

Уранні, пасля паходу ў грыбы, Алесь прыткнуўся да стала на верандзе. Праз нейкі час падаў мне аркуш з нататніка, спісаны акуратным, прыгожым почыркам. «Гэта вам на ўспамін». Верш называўся «Пятрылава». Прыказку «Чакай Пятра — сыр з’ясі» аўтар узяў эпіграфам. Верш кароткі, лапідарны, як і ўсе творы Пісьмянкова: у іх няма ніводнага лішняга слова, таму цытую яго цалкам:


Певень залопаў крыламі,

Лясныя будзячы нетры.

Рана ўстае Пятрылава:

Пятрылаву трэба петрыць:


Петрыць і рупіцца шчыра.

За косы і граблі пара:

Нельга застацца без сыру

Пятрылаўцу да Пятра.


Вось так лясная вёсачка-шасціхатка Пятрылава ўвайшла ў літаратуру: твор пра яе надрукаваны ў кнізе «Думаць вершы». Раз ужо я ўзгадаў гэтую кніжку, а ўбачыла яна свет у 2005 годзе пасля заўчаснай смерці паэта, у ёй ёсць верш «Зямная аснова», прысвечаны мне. Верш таксама кароткі, лапідарны.

Зямная аснова

Трывалай была.

Прыручана слова.

Раіцца пчала.

Такая планіда

Ў майго земляка.

Пяро Леаніда

Натхняе рака.

Нішто не замуціць

У Бесядзі дно.

На ёй каламуці

Дасюль не відно.

Хоць свет і суровы,

Стае ў ім святла.

Прыручана слова.

Раіцца пчала.


Час ляціць хутка. Вось ужо пятнаццаць гадоў прамінула, як Алесева душа ўзляцела ў неба, да зор, якія паэт любіў чытаць. Ён цвёрда стаяў на Зямлі, любіў свой родны кут, сваю Бесядзь, але вельмі часта пазіраў у неба, мабыць, як ніхто з нашых творцаў. Вось гэткага нябесна-касмічнага падыходу да жыцця бракуе нашай літаратуры. Даволі рэдка героі нашых кніг углядаюцца ў неба і шукаюць сваю Зорку, як гэта рабіў на пачатку ХХ стагоддзя геніяльны юнак Максім Багдановіч. А ўслед за ім і Алесь Пісьмянкоў.

Паэт, народжаны ў прыгожым краі, павінен паказаць людзям ягоную прыгажосць і хараство, так бы мовіць, сплаціць свой доўг. Хораша сказаў пра гэта яшчэ ў 1913 годзе ў «Нашай Ніве» мудры Вацлаў Ластоўскі: «Паэта павінен быць вучыцелем і прарокам свайго народа, павінен быць суддзёй і цветам душы яго, павінен выяўляць красу свайго народа і краю». Алесь Пісьмянкоў гэта разумеў. Ён шмат вершаў прысвяціў сваім Бялынкавічам і Беламу Каменю, роднай Бесядзі і Зубару, пісаў пра кіраўніка паўстання Васіля Вашчылу і сваіх мужных працавітых продкаў. Ёсць у яго глыбока філасофскі верш, у якім паэт, наш сучаснік, выказвае сваё разуменне жыцця, часовасці чалавека, непазбежнасць адыходу ў вечнасць: мы станем «Зямлёй, травой, кустамі, І будзе дождж ісці над намі, І будзе снег ісці над намі, І будуць воблакі над намі. І будуць зоркі спець над намі. Як над зямлёй, як над травой, як над кустамі…»


Пра творчасць Алеся Пісьмянкова, пра яго як Чалавека, як Асобу напісана нямала. У пасмяротнай кніжцы «Думаць вершы» пра яго згадваюць зямляк і блізкі сябар Віктар Патапенка, калегі-літаратары Анатоль Зэкаў, Алесь Марціновіч, Навум Гальпяровіч, Таццяна Мушынская, Уладзімір Ягоўдзік ды іншыя. Не магу не адзначыць таленавітую кнігу Віктара Патапенкі «Шлях бярозамі значаны», якая прысвечана жыццю і творчасці нашага паэта-земляка. У цёплай прадмове яе высока ацаніў Анатоль Зэкаў. Піша В. Патапенка пра сям’ю паэта: жонку Алену, сыноў Максіма і Аляксея.

Мне думаеццца, што творчасць Алеся Пісьмянкова яшчэ чакае свайго прачытання, бо ягоная паэзія, так бы мовіць, яшчэ расце. Маю думку пацвярджае выдатны паэт Алесь Разанаў: у часопісе «Дзеяслоў» (№ 2, 2016) ён надрукаваў грунтоўнае даследаванне «Зацемкі з зімовага саду», у якім аналізуе верш «Мой сад у снезе па калена». Аўтар піша: «…верш просты і нават празрысты, усё ў ім для слыху і разумення вядомае, аднак у яго простасці і празрыстасці ёсць нешта тое, што затрымлівае ўвагу, што надае вершу глыбіню…» І гэтай глыбіні Разанаву хапіла на дванаццаць (!) часопісных старонак. Унікальнае даследаванне! Прачытаўшы яго, міжволі падумалася: беларуская літаратура мае права ганарыцца паэтам-мысляром Алесем Пісьмянковым і паэтам-інтэлектуалам Алесем Разанавым.

Дарэчы, артыкул яго публікуецца пад рубрыкай «Прачытанне». Значыць, насамрэч вывучэнне спадчыны Алеся Пісьмянкова, паэта, які чытаў зоры і які знічкаю дачасна ўзляцеў у нябёсы, яшчэ наперадзе.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!