Ён у адкрытым баі змагаўся за незалежнасць Беларусі

Да 130-годдзя беларускага ваеннага, палітычнага і грамадска-царкоўнага дзеяча Міколы Дзямідава.

"Мікола Дзямідаў" (мастак Андрэй Мікалаеў)

"Мікола Дзямідаў" (мастак Андрэй Мікалаеў)

Нарадзіўся Мікола Дзямідаў 10 снежня 1888 года ў Гарадку. Ён быў сынам Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозвішча меў па другім мужу маці.

У 1905 годзе Мікола здаў экзамен на настаўніка двухкласных пачатковых школ у настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1907 годзе паступіў, як вольны слухач, на вечаровыя курсы на гістарычна-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту; працаваў у канцылярыі службы руху Управы Прывіслянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 года Мікола Дзямідаў быў прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку.

З 1914 года ён знаходзіўся на ваеннай службе ў царскай арміі. А 1 лютага 1917 года скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў Навагрудскім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 года знаходзіўся ў нямецкім палоне.



Актыўна арганізоўваў беларускія аддзелы ў Вільні. А 1 снежня 1918 года яго накіравалі ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 снежня 1918 года да 1 чэрвеня 1919 года займаў пасаду каменданта Гродна.

У 1920 годзе ў наваколлях Беластока Мікола Дзямідаў набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек) і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. У складзе астроўскага пяхотнага палка другой пяхотнай дывізіі 10—14 лістапада вёў баі за Калінкавічы, 21 лістапада ўдзельнічаў у баях над Прыпяццю. Са сваім батальёнам працягваў барацьбу таксама пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю. Вёў баі да студзеня 1921 года, пасля чаго адышоў на польскі бок фронта і быў інтэрнаваны. Дарэчы, яго батальён у канцы 1920 года з’яўляўся апошнім беларускім падраздзяленнем, які ў адкрытым баі аказваў супраціўленне савецкім войскам за незалежнасць Беларусі.

У 1921—1922 гадах Мікола Дзямідаў працаваў настаўнікам у Гарадку, затым жыў у Латвіі.

У 1940 годзе беларуса арыштавалі і да 1941 года пасадзілі ў Маскве на Лубянку. Праўда, праз год яму ўдаецца адтуль вызваліцца і ён едзе ў Дзвінск.

У сярэдзіне вайны Мікола Дзямідаў пераязджае ў Ліду, дзе працуе акруговым інспектарам, ён арганізоўвае настаўніцкія курсы і батальён самааховы, куды ўваходзілі ў асноўным настаўнікі.

З восені 1944 года Мікола Дзямідаў жыве на эміграцыі. Ён быў адным з ініцыятараў склікання сабора Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у Канстанцы ў 1948 годзе і аднаўлення БАПЦ пасля адыходу Беларускага епіскапату да расійскай замежнай праваслаўнай царквы.

Мандат з 2-га Усебалускага Кангрэса.

У 1950 года Мікола Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў Лансінгу ў штаце Мічыган, але неўзабаве перасяліўся ў Чыкага. У тым самым годзе стаў сябрам кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскай Народнай Рады (БАНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў.

З 1950 года Мікола Дзямідаў вёў беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Ён быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штата Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе, а таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі св. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору.



Пазней, аднак, Мікола Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў. Памёр у беднасці ў 1967 годзе. Пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках ў Чыкага.

www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!