Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Юрый Шаўчук: «Маё Ватэрлоа яшчэ наперадзе»

«Я ніколі не буду генералам, бо не змагу адправіць чалавека на смерць. Лепш сам пайду і загіну, але адправіць некага не гатовы. Я шмат пра гэта разважаў у «гарачых кропках»…»

Юрый Шаўчук у Мінску. Хоць кажа, што не выспаўся (учора ў Гомелі быў канцэрт), але настрой не тое, што бадзёры — радасны. Вельмі ахвотна гаворыць пра новую праграму «Гісторыя гуку», з якой «ДДТ» ужо былі ў Віцебску і Гомелі, а 15-га выступяць у Мінску.

«У Гомелі і Віцебску зал перамог, я так і гаварыў: «Адзін — ноль на вашу карысць», — кажа Шаўчук. — Людзі вельмі добра сустракаюць нас у Беларусі. Але зразумела, што аддача ідзе з двух бакоў».

Дзесяць вітальных хвілін перад журналістамі і тэлекамерамі — і Шаўчук запрашае ў гатэльны нумар пагутарыць сам-насам. На двары сыпле і сыпле снег. Юра замілавана глядзіць у акно: «Прыехалі якраз да зімы. Канцэртнае надвор’е». Ён не дужа любіць інтэрв’ю: «Лепш пасля канцэрта пагаворым».

«ДДТ» (у гурта ўжо колькі гадоў новы, моладзевы склад, таму Шаўчук жартам называе сябе «Кашчэем Несмяротным») з восені працуе над новым альбомам, але, каб не патануць канчаткова ў матэрыяле (у некаторых песень ужо па дзве-тры мелодыі), вырашылі зрабіць невялічкі перапынак і выправіліся ў гастрольны тур — «праветрыцца».

«Новая праграма — яна вось тут», — Шаўчук дастае з сумкі вялікі сшытак, дзе ўсе запісы ад рукі, з падобных запісаў і пачынаецца звычайна любая праграма «ДДТ». Часам здаецца, што варта было б яшчэ папрацаваць над тэкстамі, над рыфмай, але калі доўга сядзіш над песняй, кажа Шаўчук, яе можна настолькі выпусташыць, што нерв, інтанацыя згубіцца. Дый песні павінны з’яўляцца своечасова, у адпаведнасці з момантам, што цяпер на двары…

Мы гутарым без дыктафона. Пра будучы альбом, пра канцэрт, што неўзабаве будзе, пра Васіля Быкава (некалі Шаўчук прысвяціў яго памяці «Пластуна»: «Мне страна ворковала о сыновней любви, вытирая платочком сухие глаза…»), пра Веніяміна Блажэннага (якога вылучалі Барыс Пастарнак і Арсеній Таркоўскі; дзякуючы Шаўчуку ў 1995 годзе выйшла кніга паэта «Сораспятье» і быў зняты дакументальны фільм), пра інтэрнэт і яго наведвальнікаў і ў звязку з гэтым — пра Міхаіла Задорнава і тую рэакцыю ў сеціве, што выклікала яго смерць…


Я люблю слухаць Шаўчука. Шкада толькі, што ўсё гэта сам-насам. Таму прашу дазволу ўключыць дыктафон хоць на пару пытанняў, што нібыта пэўны вынік падводзяць няўтаймаванага жыцця лідара «ДДТ», які гэтай вясной адзначыў свой юбілей.

Пакуль ехаў да цябе сёння, зноў у каторы раз узгадаў запіс расійскага крытыка Уладзіміра Огнева: «Пэўны час казалі, што Напалеона атруцілі мыш’яком англічане. Нядаўна высветлілі: атручвання не было, памёр смерцю натуральнай — рак страўніка. Прыгадваецца Герцэн: Напалеону сказалі, што ў яго рак унутры. Ён запярэчыў: «У мяне ўнутры Ватэрлоа». Ад чаго мы паміраем? Вядома, Напалеон мае рацыю. Толькі Ватэрлоа ў кожнага сваё». Дык калі карыстацца вызначэннем Огнева, у чым твая галоўная бітва і яна ж адначасова параза?

— Параза?.. Я думаю, мая параза яшчэ наперадзе. (Смяецца.) Маё Ватэрлоа яшчэ наперадзе, хачу спадзявацца… (Пасля паўзы задуменна.) Але гэта вельмі прыгожа — перажыць такі татальны, касмічны па маштабах разгром. Аднак не думаю, што мой арганізм ці я асабіста, мая падсвядомасць хацелі б гэта прайсці. Хоць, зрэшты, гэта вельмі цікава — перажыць падобную паразу. Але бачыш, найперш пры гэтым пацерпяць блізкія, што побач з табой, а гэтага не хацелася б. Дый мы ж не напалеоны! Я ніколі не буду генералам, бо не змагу адправіць чалавека на смерць. Лепш сам пайду і загіну, але адправіць некага не гатовы. Я шмат пра гэта разважаў у «гарачых кропках»… Таксама я буду не здольны адправіць на смерць блізкіх мне людзей толькі дзеля таго, каб выпрабаваць гэтую самую паразу, пра якую ты кажаш…

Вось так мудрагеліста адкажу табе.

Выдатныя беларускія пісьменнікі-сябры Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў некалі задаліся пытаннем: а ці хацелі б яшчэ раз пражыць-перажыць гэтае жыццё. І абодва пагадзіліся, што ўсё ж не, бо былі не ўпэўнены: а ці здолеюць зноў выстаяць, ці здолеюць супрацьстаяць знешнім абставінам?

— Яны — пераможцы. Яны ўзялі жыццё ў кулак і зратавалі гэтае сваё ўласнае жыццё. І, канешне, яны выстаялі. Іх смерць толькі пацвердзіла гэта. І я тут назваў бы яшчэ аднаго пісьменніка-сібірака — Віктара Астаф’ева. Усе яны разам — гэта проста тры такія глыбы…

А ўвогуле, нават не ведаю, як адказаць на тваё пытанне… Тут жа ў дадатак працуюць яшчэ генафонд і твая фізіка — якім цябе мама з татам нарадзілі: моцным характарам ці нясмелым?.. Калі ўявіць, што ты пачаў сваё жыццё з «бессознанки», немаўлём, які пускае пухіры, ты ўсё адно пражыў бы гэтае жыццё — нават у нейкіх іншых абставінах — прыкладна гэтаксама. І ўсе сілы тваёй душы, і ўсе слабасці спрацавалі б на адказ твайму жыццю, на ягонае рэзюмэ. Я чамусьці перакананы, што ў прынцыпе жыццё ўсё роўна было б такім жа самым — з прычыны ўсіх характарыстык, якія дадзены табе бацькамі і Богам. Таму які сэнс яшчэ раз яго пражываць і рабіць тыя ж самыя памылкі?.. Праўда, калі б я нарадзіўся ў Англіі і вучыўся ў Кембрыджы ці Оксфардзе, мабыць, разумнейшы быў бы. Хоць наўрад ці… (Смяецца.)

Я, шчыра кажучы, мала пра гэта думаў, але мяркую, што так яно і ёсць. І нават не істотна, дзе ты нарадзіўся, але вось гэтыя «тэхнічныя» і душэўныя характарыстыкі — яны, паўтаруся, спрацавалі б зноў. І ўсе твае ўзлёты і падзенні былі б прыкладна такімі ж самымі. Бо не ўсё ад цябе залежыць. Недзе ўсё адно ты даў бы «слабіну», недзе стаміўся б, а недзе, наадварот, падняўся б над самім сабой.

Сапраўды, чалавек па сутнасці сваёй мала мяняецца за жыццё. Той жа Огнеў гаварыў, што як у маленстве крыўдзіўся, так і ў сталым веку…

— Канешне! Проста ў семдзесят гадоў розум больш-менш трымае твой тэмперамент у цуглях. Але ўсё роўна куды тэмперамент падзець? — з якім ужо характарам нарадзілі цябе мамка з таткам, з такім і пайшоў-паскакаў. Ну, ці папоўз. Бо што было, тое, па сутнасці, і будзе. Дый жыццё наша складваецца не з адных матэрыяльных каштоўнасцей, а з таго найперш, з чым, з якім пачуццём будзеш паміраць: ты, безумоўна, будзеш узгадваць не тое, што зарабіў, а тое, як жыў. Гэта і важна.


Фота: newsgomel.by

 

Каментаваць