«Калі дэлегацыя з’ехала, мне сказалі, што я больш не працую»

Жыхарка Турава пабудавала ў родным горадзе аздараўленчы цэнтр з водалячэбніцай і за гэта аказалася без працы.

Ірына Сяргейчык

Так бывае, што на зробленае дабро адказваюць злом, і не кожны ў стане перажыць гэтую несправядлівасць. Некалі галоўны ўрач тураўскай бальніцы, а цяпер — гаспадыня аграсядзібы Ірына Сяргейчык не толькі здолела гэта зрабіць, але і змагла ўбачыць свет па-новаму.


«Нам не трэба было тлумачыць, што такое любоў»

Мы гутарым з Ірынай у доме яе дзядоў, які, праўда, у вайну згарэў і пасля быў адбудаваны наноў. Цяпер тут аграсядзіба «Коло Струменя» — гэта па-тураўску. Струмень — прыток Прыпяці, блізу яго і месціцца сядзіба. Тут няма банкетных залаў, більярдных і многіх іншых разлічаных на турыстычны паток складнікаў. Затое ёсць цёплая печка, светлая кухня, утульныя пакойчыкі з ложкамі з дзяцінства, пашытымі рукамі гаспадыні фіранкамі і саматканымі посцілкамі, вышытымі ўручную рушнікамі ды сурвэткамі, а таксама з вялізным дзедавым куфарам. Дом гэты мае сваю душу і, як прызнаецца Ірына, не ўсіх ахвотных яна тут прымае.

— Мама мая з Дварца, цяпер гэта частка Турава, а тата — з самога Турава. Яны сустрэліся ў школе пасля вайны, куды ён пайшоў з гэтага дому добраахвотнікам. Дзядуля, яго бацька, працаваў брыгадзірам абстановачнага ўчастка ад Давыд-Гарадка да Мазыра — адказваў за парадак на рацэ. Дома яго не было, таму тата з хлопцамі селі ў лодку, прычапіліся да баржы і паплылі ў Мазыр, бо ў Тураве не было прызыву. Сустрэлі дзядулю, які быў таксама ў лодцы. Каб паведаміць яму аб сыходзе на фронт, тата парэзаў палец і крывёй напісаў на кавалку кардону: «Тато, мы з хлопцамі на фронт. Вярнуся». І калі баржа параўнялася з дзедавым чоўнам, прывязалі да кардону каменьчык і перакінулі яго дзеду ў лодку. Яны нават не развіталіся.

Тата прайшоў усе гарачыя кропкі вайны. Скончыў яе на Халхін-Голе з чатырма ордэнамі і шматлікімі медалямі. Яму далі грошы, якія ён прывёз бацьку, каб той мог пабудаваць новы дом.

Пасля вайны збіраліся ісці ў сваты да дачкі дзедавага сябра. А тата прыйшоў па запрашэнні дырэктара ў школу, дзе ўбачыў маму. І сказаў бацьку, што ў сваты ён не пойдзе і без мамы нікуды не паедзе — а яму заставалася тры дні адпачынку, пасля якога трэба было ехаць служыць у Забайкалле.

Мама хацела вучыцца на настаўніцу, і тата сказаў, што яны будуць вучыцца разам. Назаўтра згулялі вяселле! А потым паехалі ў Забайкалле. Яны пражылі душа ў душу 27 гадоў. Таты не стала вельмі рана — у 52. Нас было пяць дачок у бацькоў, і тата заўжды казаў: «У мяне шэсць дзяўчатак». Нам не трэба было тлумачыць, што такое любоў — мы ў гэтым выраслі. І я шчаслівы чалавек, таму што змагла гэта бачыць і адчуваць.

Печка, лежбішча ля яе за пашытай уласнаручна фіранкай — утульна, як у бабулінай хаце

Як Васіль Быкаў паспрыяў будаўніцтву бальніцы ў Тураве

Скончыўшы ў Тураве школу з залатым медалём, Ірына паехала паступаць у Піцер у медінстытут, каб вучыцца на педыятра. Пасля заканчэння вучобы дзевяць гадоў працавала ў Расіі.

— У мяне нарадзіўся першы сын у Піцеры, другі — у горадзе Дзяцькава каля Бранска. І вось, я выходжу з дэкрэту і чытаю загад аб прызначэнні мяне на пасаду загадчыцы дзіцячай кансультацыі. Я — у слёзы: які з мяне адміністратар? У мяне маленькія дзеці, чужы край… Але нікога гэта не цікавіла. Ну і пайшла «з шашкай»: з кансультацыі стварыла паліклініку, потым дабілася новага памяшкання. Была самым маладым намеснікам галоўнага ўрача.

Потым хірург, траўматолаг Валодзя Волкаў прыехаў з Сібіры на радзіму ў Тураў, каб сваім людзям пабудаваць бальніцу. І сказаў мне: што ты там у Расіі робіш, калі патрэбная ў Тураве? Ён званіў мне паўгода праз дзень, і ў 1989 годзе я здалася, прыехала ў Тураў і стала яго памочніцай. А ён ужо быў ворагам для ўсяго кіраўніцтва, таму што патрабаваў і будаваў для людзей.

Тады ад нашай акругі абіраўся дэпутатам Васіль Быкаў, Валодзя з ім пазнаёміўся, і яны разам паехалі ў Маскву з праектам бальніцы дамагацца дазволу на будаўніцтва. І яны яго атрымалі.

Валодзя запісваў гісторыю будаўніцтва і перад смерцю перадаў яе мне. Яна вартая пяра! Я паехала да Быкава, яго жонка напякла піражкоў. Кніг у яго ў кабінеце было, апроч паліц, — ад падлогі да столі. Я размаўляла з ім як з бацькам. І ён сказаў мне: «Ірына, я б гэта надрукаваў. Але не надрукуюць!»

Валодзя перадаў мне свае сувязі і спытаў: «Ты даробіш тое, што я не дарабіў?» І я дала слова.

Ірына Сяргейчык


«Як так: пасол будзе па-беларуску, а я — па-руску?»

Ірыну кіраваць бальніцай не дапусцілі, бо разумелі, што з ёй будзе «нязручна». Але яна рабіла, што магла, і ў выніку прыдумала пабудаваць у Тураве водалячэбніцу, на якую знайшла спонсарскія сродкі. І за гэта апынулася на вуліцы.

— Мікалай Піліпавіч Румас, які тады быў намміністра фінансаў, усё ж запрасіў мяне ўзначаліць бальніцу, і я стала галоўным урачом. Да таго часу я ўжо была тройчы звольненая і адноўленая. Я сказала, што стаўленне да мяне вядомае, і іншай я не стану, але Румас сказаў, што дапаможа. Аднак падчас працы яго раптоўна не стала, і зноў пачаліся нападкі.

Ірына напісала праект па стварэнні ў Тураве водалячэбніцы і цэнтра аздараўлення пры бальніцы, які перамог сярод 15 іншых з усёй краіны і выйграў гуманітарны грант пасольства ЗША. У 2001 годзе пачалася праца, але штораз Ірыне ставілі палкі ў колы.


— Мне прапанавалі адкрыць валютны рахунак на гуманітарную дапамогу ў 200 тысяч долараў — атрымаць гэтыя грошы і самой аплачваць імі будаўніцтва цэнтра. Але я супраціўлялася. Звярнулася ў дэпартамент, і мне прапанавалі пабудаваць цэнтр і ўжо яго аформіць як дапамогу. А амерыканскае пасольства аплачвала ход будаўніцтва падрадчыку.

Зразумеўшы, што так проста грошы не возьмеш, мне прапанавалі набыць беларускія ванны для водалячэбніцы, а не чэшскія, і розніцу аддаць. Я адмовілася. Тады склікалі атэстацыйную камісію, атэставалі мяне як неадпаведную займанай пасадзе і звольнілі. Але пасля гэтага амерыканцы не далі грошай. Я падала іск, і суд аднавіў мяне на працы.

Тут жа пайшлі грошы, прымаць праект у тураўскую бальніцу прыехаў пасол ЗША Джордж Крол. У мяне была траўма нагі, гіпс. Але адзін раз у жыцці прыязджае амерыканскі пасол — і я буду ў тапках? Папрасіла накласці мне тонкую павязку, апранула туфлі і пайшла. Калегі, якія ведалі, якая ў мяне праблема, бляднелі.

Я яшчэ перажывала: як буду з паслом размаўляць? А мне адказалі: «Дык ён будзе гаварыць па-беларуску!» Як так — ён будзе казаць па-беларуску, а я — па-руску? Уся ноч пайшла на тое, каб перакласці мой падрыхтаваны выступ на беларускую мову.

Ірына ўсцешаная, што была знаёмая з Рыгорам Барадуліным і мае яго зборнік з аўтографам

Упасці, каб узняцца

Пасла прынялі, цэнтр з чэшскімі ваннамі і некалькімі відамі масажу адчынілі — праўда, па тэлебачанні выйшаў сюжэт, у якім распавялі, што апазіцыя ў Тураве стварыла базу для амерыканцаў. У той час якраз разгараўся канфлікт паміж Беларуссю і ЗША, неўзабаве пасля якога з нашай краіны былі высланыя амерыканскія дыпламаты.

Калі дэлегацыя з’ехала з Турава, Ірыне сказалі, што яна ў бальніцы больш не працуе. Заснаваны ёй цэнтр таксама так і не пачаў працу — ужо дзесяць гадоў ён стаіць з новым абсталяваннем зачынены.

— Мая кар’ера скончылася — і пачалася дэпрэсія. Не ведаю, як бы я перажыла гэта, каб не сябры. У гэты год я пазнаёмілася з Леанідам Каліценем, які каардынуе сетку сацыяльных прадпрыемстваў CINGO. І мы сталі думаць, чым займацца далей. У той час была магчымасць узяць ільготны крэдыт у «Белаграпрамбанку» для развіцця агратурызму. Хаця для мяне цэнавая палітыка — гіблая справа. Але паўстала пытанне рамонту дзедавага дому. Таму я ўзяла крэдыт.

Сама гаспадыня прызнаецца, што турызму як такога тут мала, карпаратываў яна не прымае — гэта, хутчэй, дамок для сяброў. А яшчэ ў яе тут месціцца кабінет: у свой час Ірына атрымала адукацыю ў галіне нетрадыцыйнай медыцыны. Лячэннем па-за пратаколам яна не займаецца, але можа нешта параіць, падабраць дыету, лекавыя зёлкі. На маё здзіўленне, хіба дактары не скептычна ставяцца да нетрадыцыйнага лячэння, Ірына адказвае: тыя, хто знаёмы з ім глыбока, разумеюць, што гэта сур’ёзна. Методыка Су Джок тэрапіі, якую засвоіла Ірына, ліцэнзаваная Мінздароўя, і яна нават у свой час унесла яе ў дзейнасць тураўскай бальніцы.

— Апроч іншых, я маю спецыяльнасць па дыягностыцы, 15 гадоў працавала за апаратам УГД. І вось у чалавека ў некалькіх месцах знаходзяцца камні. Як лячыць? Адны лекі, другія, трэція, пятыя — а чалавек адначасова можа ўспрымаць два — максімум тры прэпараты.

У гэты час мне трапілася аб’ява, я пачынаю вучыцца — і знаходжу адказы на свае пытанні. Бо мы, акрамя фізічнай, маем і энергетычную абалонку. І прычыны фізічных праяваў хваробаў — у ёй. І калі ўдаецца разгледзець прычыну, то і на фізічным узроўні хвароба распадаецца.

У нас першы прынцып — без лекаў. Я не адмаўляюся ад традыцыйных лекаў, але прымаю іх у крайняй неабходнасці. Канешне, калі працэс запушчаны, без іх не абысціся. Каб быў плён ад нетрадыцыйнага лячэння, патрэбны час. Я магу зняць боль, але вызваліць чалавека ад праблемы не магу — ён павінен сам гэтага захацець і ўключыцца ў працэс.

Гаспадыня паказвае сядзібу

Цяпер Ірына ва ўсім, што адбываецца ў яе жыцці, бачыць сусветную мудрасць.

— Я заўжды кажу пра тое, што нават калі здараецца нешта дрэннае, яно не бывае без добрага. Я доўга не знаходзіла сабе месца, калі мяне выгналі з бальніцы. Было б зразумела, калі б я здзейсніла нейкае злачынства, нешта скрала. Але за дабро — мне было незразумела, і ў гэтым быў вялікі ўнутраны канфлікт. А з іншага боку, я змагла яшчэ нешта зрабіць. Значыць, я вырасла. Я ўбачыла свет па-іншаму. А калі б я там засталася і пайшла б насуперак усяму, я б ужо магла быць у іншым свеце. Ужо тады я звалілася з крызам, потым была яшчэ адна страшная сітуацыя. А так — я жыву, у мяне дзеці, унукі, я змагла даглядаць за мамай — гэта ж шчасце!

Адзін з улюбёных вершаў Ірыны ў Рыгора Барадуліна

Мая суразмоўца адным са сваіх жыццёвых дэвізаў лічыць верш Рыгора Барадуліна (з якім мела шчасце быць знаёмай):

Хай будзе ўсё як будзе —

Рака цячэ ў вякі.

Хай вейкі асакі

Дрыжаць у перапудзе.


Хай людзіцца бязлюддзе,

І ў раніцы з рукі

Расу п’юць жаўрукі.

Хай будзе ўсё як будзе…


Тураўскія зоркі і бляск у вачах

Пра родны Тураў Ірына заўжды кажа з вялікім захапленнем. Яна ўвесь час узгадвае, што тут заўжды жылі мяккія людзі, ніколі не было п’янства і лаянак. Раней па выхадных у парку граў аркестр. А яшчэ ў даўнейшыя часы, распавядае гаспадыня, людзі з навакольных вёсак ішлі ў Тураў басанож, і перад уваходам у яго мылі ногі ў рацэ ды абувалі чаравікі — на знак павагі да гораду.

— Адметнасць Тураўскай зямлі ў тым, што яна заўжды нараджала вельмі моцных лю­дзей. Мы ведаем святых Кірылу, Лаўрэнція, Марціна, Барыса і Глеба. Гэта намоленае месца — спачатку язычніцкае, потым хрысціянскае.

Сапраўды, у Тураве адчуваеш нейкую невытлумачальную энергію гэтай зямлі. Ці тое ад усведамлення яе старажытнасці, ці тое ад разумення таго, колькі яшчэ таямніц яна ў сабе захоўвае. І, перакананая, у патрэбны час, калі мы зможам належным чынам абыходзіцца з гэтай схаванай спадчынай, яна яе выдасць.

Фіранкі, як і многае іншае ў хаце, пашытыя рукамі Ірыны


Тураў — гэта не толькі старажытны горад, сталіца аднаго з першых княстваў на беларускай зямлі. Гэта эпіцэнтр, у якім сыходзяцца ў адно культуры, звычаі, гісторыі, прырода. Менавіта ў гэтым месцы выяўлены адзін з цудаў Беларусі — каменныя крыжы, якія, лічаць вернікі, растуць з зямлі і маюць цудадзейную моц. Нездарма тут, ля старажытнай Усіхсвяцкай драўлянай царквы, знайшоў спачын вялікі гетман Канстанцін Астрожскі. Не дзіўна, што тут знаходзіцца пярліна беларускай прыроды — абмыты чароўнай Прыпяццю Тураўскі луг, дзе гняздуюцца сотні відаў птушак, у тым ліку рэдкіх. Асабліва славіцца гэты прыродны анклаў мноствам відаў кулікоў — у гонар гэтых птушак у Тураве сёлета ладзілі фестываль.

А яшчэ Тураў — гэта людзі. Незвычайныя, глыбокія, з асаблівым поглядам на гэты свет і тонкім яго адчуваннем. Мая тураўская суразмоўца перакананая: у кожным чалавеку закладзены нейкі талент, але для таго, каб ён праявіўся, патрэбная глеба.

— Калі да мяне прыязджае спадар Уладзімір Арлоў, ён кажа, што ў Тураве такія зоркі, якіх няма больш нідзе. І ён не першы гэта заўважыў. Я не магла паверыць, калі мне сказалі, што мой праект выйграў. А аташэ пасольства Злучаных Штатаў на маё здзіўленне адказаў: «Ірына, у цябе ж зоркі такія ў Тураве!»

Пасля гутаркі з Ірынай пранікаешся яе ўменнем па-­асабліваму бачыць і адчуваць гэты свет. Яна перакананая, што з’яўляецца шчаслівым чалавекам. Але шчасце, кажа Ірына, гэта вялікая праца. Бо нягледзячы на ўсе беды трэба ўмець дзякаваць за кожны светлы момант у жыцці.

— Шчасце — не быць раўнадушным. І калі блішчаць вочы — таксама шчасце, — кажа яна.

І вочы ў яе блішчаць.

Фота аўтаркі



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: