«Марціновіч, рэчы збіраем і на выхад»

«Пад ноч дзверы камеры адчыняюцца, і заходзіць… Павел Юхневіч! Я ў шоку гляджу на яго, ён на мяне, пачынаем рагатаць і абдымацца. Месяцы два ён казаў мне, што чакае арышту, я жартаваў у адказ: «Не перажывай, будзем яшчэ разам сядзець», — прыгадвае галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч сваё зняволенне на Акрэсціна.

— Ягор Аляксандравіч, навошта вам тут сядзець? Называеце імя журналіста, становіцеся сведкам і адразу дадому пойдзеце, — прапануе мне міліцыянер у кабінеце для допытаў на Акрэсціна. Гэта нефармальная «размова», адваката да мяне не пускаюць, весці пратакол ніхто не збіраецца.

— Я лепш пайду у камеру, там абед ужо прынеслі, — адказваю я.

— Ды вы не спяшайцеся. Падумайце, каму трэба, каб вы тут сядзелі? Пра вас усе забылі ўжо. Перадачу вам прынеслі хоць? Не? Ну канечне, ваша жонка там на свабодзе інтэрв’ю раздае адно за адным, а не перадачу складае. Вы падумайце над прапановай. Проста адно імя — і свабода.

— Нецікава. Я лепш пайду.


З часу адсідкі на Акрэсціна па крымінальнай справе за паклёп на Барсукова праходзіць усё больш часу. Нешта забываецца, нейкія ўражанні наслойваюцца, таму хочацца занатаваць іх.

На свабодзе як — перакінуўся з чалавекам парай словай і пабег далей. А тут хочаш ці не хочаш, праводзіш з людзьмі дзень за днём, прычым з тымі, з кім наўрад ці пазнаёміўся б у іншых умовах. Камунікацыя з кожным з іх — карысны вопыт.

Пра разгаворлівага Мішу, суседа па першай камеры, я ўжо пісаў, цяпер згадаю і астатніх суседзяў.


На другі дзень нам з Мішам скамандавалі: «Сабраць рэчы, праз пяць хвілін на выхад». Нас перавялі з 34-й хаты на двух чалавек у 37-ю хату, тут пяць спальных месцаў.

Пакуль тут толькі толькі Аляксандр, намеснік начальніка ўпраўлення нейкага завода з сістэмы Мінпрама. Ён ужо ў спартыўным касцюме — значыцца, сядзіць не першы дзень, бо паспелі прынесці перадачу. Аляксандру гадоў 45-50, ён у відавочным стрэсе, размаўляе проста няспынна. Звяртаецца на «вы», што трохі ламае сістэму — тут усе кажуць «ты» незалежна ад узросту.

У яго на заводзе ўзялі пяць чалавек, усіх падазраюць у нейкім эканамічным злачынстве. Аляксандр пераконвае, што ён нават тэарэтычна не можа быць ні ў чым вінаваты, бо не мае ніякіх паўнамоцтваў. Пачынае расказваць, хто насамрэч можа быць датычны да нейкіх левых схем, я раю яму не дзяліцца ні з кім у камеры гэтымі назіраннямі. Але Міша нават не слухае яго, яго цікавіць толькі арганізацыя працы ў «Нашай Ніве».

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр быў у складзе камісіі ад свайго завода. Ён кажа, што Лукашэнка ўсё адно тады перамог, я яму тлумачу ўсе механізмы фальсіфікацый, пра якія ён, член камісіі, мог і не здагадвацца. Аляксандр толькі ўздыхае — мог жыць у краіне, дзе яго не будуць кідаць за краты за тое, што ён не рабіў.

На гэтых выбарах яго сям’я, натуральна, галасавала за Ціханоўскую. Сын-айцішнік і яго жонка феміністка-эколаг паспелі пасля выбараў уцячы ў Чэхію. «Я Ягору кажу: едзь і ты! А ён патрыёт, не хоча», — рагоча Міша, які ўступае ў размову.

Ураніцы ў пятніцу Аляксандра ўвезлі ў следчы ізалятар у Жодзіна.

Неўзабаве пасля нас у камеру прывялі 30–35 гадовага Аляксея. Ён вядомы на ўвесь ізалятар, пра яго чулі ўсе — гэта ён выпадкова наехаў на даішніка, уцякаючы ад касманаўтаў на Грушаўцы.

Аляксея прывялі ўжо пасля вячэры, таму ў прынцыпе карміць не павінны. Але праз дзесяць хвілін адчыняецца акенца, і яму перадаюць ДЗВЕ порцыі вячэры. А зверху яшчэ і два памідоры. Мы ў шоку — гародніна ў ізалятары?! Работнікі Акрэсціна рэспектуюць Аляксею.

З ім мы абмяркоўваем палітыку, падарожжы. Аляксей трапіў у гэту дурную сітуацыю з даішнікам выпадкова, але мае такія ж погляды, як 97%. Вазіў ваду валанцёрам на Акрэсціна, развозіў вызваленых вязняў па дамах. Палітыкай зацікавіўся гэтым летам.

Аляксею знайшлі адваката, на допытах ён адмаўляецца ад паказанняў. Калі прыехалі даішнікі з пратаколамі (адваката на гэту сустрэчу не прапусцілі), то не стаў іх падпісваць: не памятаю!


У нас была магчымасць паглядаць у акно на чаргу тых, хто прыйшоў з перадачай. Аляксей раптам пабачыў там жонку. Ад шчасця не стрымаўся і закрычаў: «Таня!» Не ведаю, ці пачула яна яго, але Міша падхапіўся: «Ты што, не паліся, у карцар адправяць». Перадачу яму прынеслі даволі хутка. Для параўнання мне — толькі на наступны дзень.

Мішу вызвалілі датэрмінова, і мы з Аляксеем думалі, што будзем начаваць удвух. Раптам прывялі Дзяніса з нейкім армянскім прозвішчам, дзіўнага сядзельца па 328-м наркатычным артыкуле.

Ён казаў, што апошнія два дні адсядзеў за штосьці ў карцары, і толькі цяпер яго паднялі ў хату. Прычым канваір нібыта нават падарыў яму цыгарэты. У Дзяніса быў з сабой набор нейкіх клункаў і нават стаканчык са смятанай. Якая нафіг смятана на Акрэсціна?) Патлумачыць ён нічога не змог. Быў заведзены, праз пару гадзін стаў грукацца ў акенца і прасіць таблеткі ад ломкі. Выпіў і супакоіўся.

Паспеў расказаць, што сядзеў з Севярынцам: «Паша — глыба!» А пасля, маўляў, перадаваў інфармацыю яго жонцы. Я спецыяльна спытаў у яе: не згадала такога.

Дзяніс выйшаў з зоны некалькі месяцаў таму, сядзеў за наркотыкі. А тут нехта абрабаваў дачу яго сябра. Сябар выклікаў міліцыю, тыя прыехалі і знайшлі на стале пакецік з гераінам. А на ім адбіткі Дзяніса. Рабаваў не ён, канечне, але за распаўсюд наркотыкаў заехаў.

Пад ноч дзверы камеры адчыняюцца, і заходзіць… Павел Юхневіч! Я ў шоку гляджу на яго, ён на мяне, пачынаем рагатаць і абдымацца. Месяцы два ён казаў мне, што чакае арышту, я жартаваў у адказ: «Не перажывай, будзем яшчэ разам сядзець».

Губазік узяў штурмам кватэру актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», узялі пяць чалавек. «Стаю ў пакоі, а тут акно адчыняецца і адтуль выскоквае чалавек з аўтаматам», — кажа ён. Юхневічу напісалі той жа артыкул, што і Статкевічу з Ціханоўскім, адна групоўка.

Абмяркоўваем навіны, я пытаюся: «Слухай, а дзе Афнагель? Памятаю, што сядзеў на сутках, а пасля што?»

Праходзіць пару хвілін і ў камеру заводзяць Яўгена Афнагеля. Я пачынаю істэрычна рагатаць, Юхневіч і Афнагель глядзяць адзін на аднаго з неразуменнем: «Мы ж ціпа па адной справе ідзем? Мы не павінны сядзець разам».

Аляксей глядзіць на нас як на дурных: тры чалавекі выпадкова апынуліся ў адной камеры і стаяць братаюцца. Ціхенька пытаецца ў мяне: «Яны чымсьці вядомыя?» Я тлумачу, што яны арганізоўвалі пратэстную дзвіжуху апошнія 20 гадоў. «Уважуха, — кажа Аляксей. — Шкада, што раней пра іх не чуў».

Юхневіч з Афнагелем пераказваюць мне гісторыю з наездам на даішніка, наракаюць, што шкада таго збітага кіроўцу. Я моўчкі ківаю на Аляксея: «Ён!)» Яны рагочуць.

Разабраўшыся ў дакументах, Юхневіча праз хвілін 30 усё ж пераводзяць у іншую камеру. Афнагель яшчэ гадзіну ходзіць па камеры туды-сюды, асэнсоўваючы сітуацыю. Здзіўляецца, даведаўшыся, што ў камеры ёсць гарачая вада. «Можна жыць. Калі ў 2000-я сядзеў, нават нараў не было. Спалі на ўзвышэнні спіна да спіны. Адзін перавочваецца — астатнія перакатваюцца ўслед», — кажа ён.

Гэта вечар пятніцы, а я планую раніцай суботы выходзіць. Таму накрываем галоднаму Афнагелю стол з бутэрбродамі і пячэннем. Большасць рэчаў са сваёй перадачы я пакінуў яму.

Камунікацыя ў ізалятары — гэта не толькі суседзі, але і персанал, і следчыя.

Я не хачу ўяўляць, як на Акрэсціна было 9-12 жніўня, але ў час маіх сутак абыходжанне было прымальным. Канечне, перадачу прынеслі на паўсутак пазней, ні на адну прагулку не вывелі, кармілі нейкім гаўном, але фізічнага гвалту я не бачыў.

У сераду мяне затрымалі каля дома, на допыце ў СК я адмовіўся ад паказанняў. Следчы сказаў, што ў пятніцу запланаваны новы допыт — можа, паразумнею за кратамі і пагаджуся паразмаўляць.

У чацвер жа без дай прычыны прыйшоў міліцыянер. Я ж не ведаю, куды мяне вядуць — проста на выхад без рэчаў.

«Хачу з вамі паразмаўляць». — «Званіце адвакату». — «Навошта, у нас непрацэсуальнае дзеянне». — «Калі непрацэсуальнае, то я не ўдзельнічаю». — «Ну мы з вамі проста паразмаўляем». — «Магу з вамі пра футбол ці пра надвор’е паразмаўляць, але і тое лепш з адвакатам». — «Вы хоць скажыце, у пятніцу следчаму прыязджаць да вас?». — «Канечне». — «Што, будзеце ўсё ж паказанні даваць?». — «Падумаю». — «Ну вы скажыце адразу, калі не будзеце, чаго яму ехаць». — «Хай з’ездзіць, хоць заробак свой адпрацуе». Ну а пасля яго прапановы назваць імя журналіста і намёкі аб ад’ездзе «як Ціханоўская».

У пятніцу следчы ўсё ж прыехаў. Зноў «на выхад без рэчаў». Іду міма дзясяткаў пацаноў, якія стаяць тварам да сцяны і чакаюць афармлення пасля затрымання на пратэстаў. Мяне заводзяць у клетку, закрываюць на ключ: «Чакайце следчага». Думаю, а.

Прыходзіць следчы з адвакатам: «Паказанні даваць будзем?» — «Канечне, не». — «Эх, а я спадзяваўся». Карысць ад такой сустрэчы толькі ў тым, што адвакат можа перадаць навіны з волі. Расказаў, што ў панядзелак у мяне чарговы суд, за затрыманне пасля Плошчы.

У 9:35 суботы сканчваліся мае трое сутак утрымання. Ці вызваляць? Па гэтым крымінальным артыкуле больш утрымліваць не маюць права. Але ніхто ж не перашкаджае прыдумаць нейкую адміністратыўку.

Устаў а 6-й раніцы, прыняў душ у кране, паснедаў, адлічваю хвіліны, бегаю да акна паглядзець, ці прыйшоў нехта сустракаць. Але гадзінніка няма, таму пра час можна толькі здагадвацца. Нарэшце ў акне голас канваіра: «Марціновіч, рэчы збіраем і на выхад». На першым паверсе падпісваюся ў паперах на вызваленне. Гляджу на гадзіннік на сцяне: 9.36. Праз гучную сувязь у дзяжурнага чую голас Адар’і: «Ужо час прайшоў! Вы не маеце права ўтрымліваць! Выпускайце!» — «Зараз будзе». Канваір вядзе на выхад. Свабода.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: