Краязнаўца Алесь Юркойць выйшаў на волю пасля 6 год у турме

24 сакавіка пасля 6-гадовага зняволення выйшаў на волю вядомы беларускі асветнік з Астравеччыны Алесь Юркойць.

Алесь Юркойць пасля 6-гадовага зняволення


Вясной 2015 года былі затрыманыя больш за паўсотні супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны Лог». Супраць мытнікаў завялі пяць крымінальных спраў за спрыянне ў «кантрабандзе кветак».

У верасні 2017-га Алеся Юркойця асудзілі на 7 гадоў па так званай «кветкавай справе». Ён належаў да групы з чатырох мытнікаў, якія не прызналі віны і даказвалі, што яны не бралі хабараў.

Алесь Юркойць вядомы як грамадскі і культурны дзеяч, адзін з рухавікоў беларускага нацыянальнага жыцця ў рэгіёне. Праводзіў пленэры, курсы «Мова нанова», стварыў таварыства «Вільняр» — адзіную на Астравеччыне краязнаўчую суполку, якая вывучала і пашырала веды пра свой край.

Як перакананыя яго паплечнікі і аднадумцы, ён апынуўся за кратамі паводле прынцыпу «калектыўнай адказнасці».

Алесь Юркойць з вёскі Варняны Астравецкага раёна, з жонкай Ганнай гадавалі трох дзетак. Амаль 20 гадоў адпрацаваў інспектарам на Ашмянскай мытні.

Усталяваў памятныя камяні і шыльды паэтам Казіміру Сваяку ў Вільні і Янку Быліну ў Клюшчанах; адкрыў музей братоў Стаповічаў у вёсцы Барані; арганізаваў міжнародныя пленэры жывапісцаў і скульптараў, паэтычны слэм; правёў процьму лекцый, кніжных прэзентацый, вандровак і экскурсій; паставіў помнік у вёсцы Слабодка да юбілею паўстання Кастуся Каліноўскага; адшукаў 20-ы пункт Дугі Струвэ; арганізаваў «Касінерскі фэст».

Яму і судоваму працэсу ашмянскіх мытнікаў прысвечаная кніга Сяргея Дубаўца «Тантамарэскі», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» і летась стала пераможцай літаратурнай прэміі Ежы Гедройца.

«Хтосьці прачытае гэтую кнігу як гісторыю сучаснай Беларусі, хтосьці — як даведнік у судаводстве, хтосьці — як дэтэктыўны раман з многімі літаратурнымі алюзіямі. Маштабны “Кветкавы працэс” разглядаецца ўсебакова і ў драбніцах, нібы пад мікраскопам. Высновы прыводзяць аўтара да філасофскіх адкрыццяў», — гаворыцца ў прадмове выдання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: