Куля для «чырвонага памешчыка»

Яго называлі «чырвоным памешчыкам і ён вельмі любіў уладу. Быў перакананы, што эканоміку Беларусі трэба арыентаваць на Расію, а ўсе апазіцыйныя рухі, партыі, а таксама недзяржаўныя СМІ трымаць цвёрдай рукою. Яго забойства Лукашэнка назваў сведчаннем таго, што ў краіну прыйшла мафія, і яно дагэтуль нераскрытае.

Ён ледзь адчыніў калітку, калі побач раптам з’явіўся чалавек: нібыта вырас з-пад зямлі. У выцягнутай руцэ незнаёмца быў пісталет з глушыцелем.
— Мы ж цябе папярэджвалі, — ціха сказаў чалавек у цёмным і націснуў на курок.
Гаспадар дома ўскрыкнуў ад болю і схапіўся за грудзі. З пад ягоных пальцаў палілася чырвоная кроў. Закаціўшы вочы, ён цяжка паваліўся на зямлю.
Кілер знік, быццам яго і не было. Паранены ўсё ж устаў і, захлебываючыся ад крыві, даў рады дайсці да ганку. Жонка, убачыўшы крывага мужа, кінулася да тэлефона. Апошняе, што ён чуў, дык гэта ейны істэрычны крык: званіла па хуткую дапамогу. Шыкоўны гадзіннік на руцэ забітага бязлістасна паказваў: 20 верасня 1993 года, 21:10.

Ecce homo

Толькі праз два дні сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што забіты — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, старшыня выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя. І пакуль праваахоўнікі і эксперты варажылі (хто і навошта?), нябожчык Арцыменя стаў вядомы на ўсю краіну.

Дзмітрый Канстанцінавіч належаў да тых, хто зрабіў сябе сам. Нарадзіўся 28 верасня 1932 года ў в.Стайкі Баранавіцкага раёна і ў пятнаццаць год пайшоў працаваць фармоўшчыкам Баранавіцкага рамонтна-механічнага завода. Далей — Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум і Дзятлаўскае раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і нарыхтовак. Пасля службы ва Узброеных Сілах СССР (1953-1955) Арцыменя канчаткова асядае на Гарадзеншчыне: працуе старшым меліяратарам Зэльвенскага райвыканкама. Аднак у 1957 годзе робіць стаўку на ідэалогію: узначальвае зэльвенскіх камсамольцаў, а праз некалькі год — выканкам Свіслацкага райкама КПБ. З 1967 па 1976 гады Арцыменя працуе першым сакратаром Астравецкага райкама Кампартыі. Потым — намеснікам старшыні выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў. 1983 — зорны год Арцымені. Нарэшце, ён стаў гаспадаром Гарадзеншчыны.

Народны абраннік


Што яшчэ сапраўды падабалася Арцымене¸ дык гэта дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце Беларусі. Дзмітрый Канстанцінавіч працаваў народным абраннікам у Вярхоўным Савеце БССР 8, 10 і 11 скліканняў. З выбарамі сур’ёзных праблем не было, таму што грамадзяне заўсёды галасавалі за непарушны блок камуністаў і беспартыйных. Вось і на апошніх выбарах у Вярхоўны Савет БССР 11 склікання зімой 1985 года Арцыменя па Міхалішаўскай выбарчай акрузе №408 атрымаў 10445 галасаў, г.зн. 100%.

Уліковая картка Арцымені — кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Уліковая картка Арцымені — кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Аднак праз пяць год сітуцыя змянілася. За дэпутацкі мандат трэба было пазмагацца. Арцыменя вылучаўся па Астравецкай выбарчай акрузе №264. Акрамя Арцымені былі яшчэ тры кандыдаты: абодва — з Гарадзеншчыны і вядомы навукоўца, доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржпрэміі БССР, загадчык аддзела Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР Адам Мальдзіс.

Усе пытанні па выбарах узялі на сябе давераныя асобы Дзмітрыя Арцымені. Яны раз’язджалі па населенных пунктах, калгасах і саўгасах, распавядалі пра жыццёвы і працоўны шлях гродзенскага губернатара, распісвалі яго як працавітага і дзелавога кіраўніка, які з паразуменнем ставіцца да патрэбаў выбаршчыкаў. Людзі Арцымені ў асноўным казыралі тым фактам, што Гродзенская вобласць па вырабе сельскагаспадарчай прадукцыі знаходзіцца не толькі на перадавых пазіцыях у рэспубліцы і ў СССР у цэлым, але і на другім месцы ў Еўропе пасля Галандыі.

4 сакавіка 1990 года Дзмітрый Арцыменя быў абраны народным дэпутатам. Па афіцыйных звестках, ён набраў 10667 галасоў выбаршчыкаў (у галасаванні ўзялі ўдзел 20218 чалавек). Ягоны асноўны супернік, намеснік старшыні выканкама Астравецкага раённага Савета народных дэпутатаў Расцілаў Герт атрымаў 6047 галасоў. Герт зрабіў спробу аспрэчыць вынікі выбараў (маўляў, у дзень галасавання за Арцыменю праводзілася незаконная агітацыя), але беспаспяхова.

Адам Мальдзіс, які фактычна агучыў перадвыбарчую праграму Беларускага Народнага Фронта (БНФ), атрымаў найменшую колькасць галасоў.

У Вярхоўным Савеце 12 склікання Арцыменя належаў да тых сілаў, якія неўзабаве сталі называць кансерватыўнай парламенцкай большасцю. Яна была прадстаўлена высокапастаўленымі дзяржаўнымі і савецкімі работнікамі, кіраўнікамі аблсаветаў і старшынямі калгасаў і саўгасаў. Адпаведнай была і ідэалогія такой большасці: мінімум унутраных рэформаў і актыўная арыентацыя на Расію. Вось што, напрыклад, казаў Дзмітрый Арцыменя на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета 30 чэрвеня 1993 года: «Нам надо экономику ориентировать на Россию, чтобы мы могли иметь эквивалентный обмен товаров на сырье, так как наши товары неконкурентоспособные». У адказ лідар парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк заўважыў, што як раз патрэбныя рэформы, а не танная сыравіна.

Арцыменя быў цвёрда ўпэўнены, усе апазіцыйныя рухі, партыі, а таксама недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі трэба трымаць цвёрдай рукою. Калі 20 кастрычніка 1992 года парламенцкая апазіцыя БНФ вынесла на абмеркаванне праект пастановы аб дэманапалізацыі друку (Савету Міністраў, напрыклад, забаранялася выступаць у якасці заснавальніка выданняў і інш.), Арцыменя рашуча выступіў супраць.
Патлумачыць сітуацыю Арцымене паспрабаваў дэпутат, старшыня часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях, аглядальнік «Народнай газеты» Іван Герасюк. Герасюк даказваў Арцымені, што кожны мае права выказваць свой пункт погляду. А калі ўлада зменіцца, працягваў Герасюк, ці маецца гарантыя, што Арцыменя знойдзе трыбуну, каб выказаць свой погляд. Аднак «чырвоны памешчык» быў непахісны, ён абвінаваціў апазіцыю ў тым, што яна не прадставіла праект пастановы для экспертызы ў пастаянныя камісіі. Акрамя таго, па словах Арцымені, праект пастновы не быў разгледжаны Кансультатыўным Саветам (уяўляў з сябе фармаванне, у якое ўваходзілі ўсе дэпутаты, што працавалі ў парламенце на пастаяннай аснове; галоўная задача Кансультатыўнага Савета заключалася ў тым, каб абавязкова даваць заключэнні па законапраектах, якія прапаноўваліся пастаяннымі камісіямі; і хаця гэтыя заключэнні мелі для Вярхоўнага Савета рэкамендацыйны характар, было зразумела, што Кансультацыйны Савет выконвае ролю своеасаблівага «фільтра» законапраектаў, непрыемных для парламенцкай большасці; спецыяльнае палажэнне аб Кансультатыўным Савеце было зацверджана Прэзідыумам Вярхоўнага Савета 23 верасня 1992 года — Аўт.).

Праект пастановы, канешне, не быў прыняты. Супраць выступілі, напрыклад, кіраўнік праўрадавай дэпутацкай групы «Беларусь» Генадзь Данілаў і народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка.

Калі парламенцкая большасць вырашыла «зваліць» старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, Дзмітрый Арцыменя быў у авангардзе падзей. 30 чэрвеня 1993 года на паседжанні парламенцкай сесіі Арцыменя рэзка раскрытыкаваў Шушкевіча за тое, што старшыня быццам бы дэвольвіраваў працу Вярхоўнага Савета, а сам асабіста страціў сувязь з мясцовымі органамі ўлады. Аднак, вядома, што гэтая спроба не ўдалася. У выніку падзеяў 30 чэрвеня-1 ліпеня 1993 года Станіслаў Шушкевіч атрымаў 166 галасоў недаверу, аднак захаваў пасаду.

 Заява Арцымені аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 Заява Арцымені аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.



Будучы кіраўніком адной з развітых абласцей краіны, Арцыменя, безумоўна, меў павагу сярод наменклатуры, уплыў на самога Вячаслава Кебіча. Сярод спецыялістаў і экспертаў найноўшай гісторыі Беларусі існуе т.зв. «тэорыя змовы»: нібыта большасць дэпутатаў жадала бачыць на чале парламента менавіта Арцыменю (па словах Аляксандра Фядуты, дэпутаты называлі Арцыменю не іначай, як «бацька»), а не Станіслава Шушкевіча. І на сённяшні дзень вельмі папулярнай з’яўляецца легенда (пры адсутнасці крыніцаў), паводле якой, Арцыменя незадоўга да сваёй трагічнай гібелі быў «каранаваны» на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета на «тайнай вячэры» — сходзе большасці народных дэпутатаў пры ўдзеле Кебіча ў Заслаўі.

Сам Арцыменя, безумоўна, любіў уладу. На паседжаннях Канстытуцыйнай камісіі, Арцыменя, калі прысутнічаў, заўсёды выказваўся на карысць амерыканскай мадэлі кіравання.

Справы мясцовыя


Гродна і вобласць Арцыменя лічыў сваёй асабістай вотчынай. І крый Божа, калі хто-небудзь на гэтую вотчыну спакусіўся. Пасля пераможных выбараў 1990 года Арцыменя пазбавіўся былых супернікаў: Расціслаў Герт і старшы інспектар аддзела УС Астравецкага райвыканкама Сяргей Маўрын сышлі са сваіх пасадаў.

У кароткі тэрмін на ключавых пастах Арцыменя паставіў сваіх людзей. Так, яго непасрэдных намеснікаў стаў адзін са старшынь мясцовага калгаса Мечыслаў Гіруць. У крэсла мэра Гродна Арцыменя пасадзіў маладога і амбіцыёзнага Сямёна Домаша. Арцыменя цалкам кантраляваў мясцовае выданне «Гродзенскую праўду».

Аднак ціха жыць і рабіць свае справы не ўдавалася. Сапраўдным галаўным болем для Арцымені сталі дэпутаты ад апазіцыі БНФ, абраныя на Гарадзеншчыне. Дзейнасць Арцымені і ягонага бліжэйшага атачэння крытыкавалі Галіна Сямдзянава, Мікалай Маркевіч і інш. На мясцовым узроўні шмат праблемаў Арцымені даставіў дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета Аляксандр Горкаў.

Вялікай непрыемнасцю для Арцымені стала з’яўленне ў Гродна ажно трох незалежных выданняў, заснаваных мясцовымі прадпрымальнікамі і кааператыўшчыкамі. Штодзённыя «Гродненские новости», штотыднёвая «Перспектива» і штотыднёвая «Гродненская неделя» даносілі жыхарам абласнога цэнтра і рэгіёнаў інфармацыю пра палітыку і дзейнасць аблсавета, крытыкавалі самыя буйныя і дробныя памылкі губернатара.
Так, ужо літаральна з першых нумароў «Гродненские новости» пачалі «раскручваць» сітуацыю з продажам чатырох гаражоў па вуліцы Карла Маркса (пастанова Ленінскага раёна Гродна ад 17 кастрычніка 1989 года №615). Гаражы былі прададзены, як высветліла пракуратура, з парушэннем заканадаўства і зарэгістраваны на падстаўных асобаў.

Неўзабаве дабраліся і да самога Арцымені. З канца 1991 года «Гродненские новости» і «Перспектыва» пачалі серыю публікацый пра шыкоўны дом Арцымені і апартаменты ягонага намесніка Мечыслава Гіруця. Матэрыял передрукавала сталічная апазіцыйная газета «Свабода», што моцна псавала імідж Арцымені. Раз’юшаны гродзенскі губернатар гразіўся іскамі і судамі, а падчас прыватных сустрэч з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных газетаў адкрыта казаў аб магчымасці іх закрыцця.

Аднак журналісты не здаваліся. Менавіта дзякуючы іхнім высілкам сесія абласнога Савета ў студзені 1992 года паставіла пытанне аб недаверы намесніку Арцымені Мечыславу Гіруцю. А ў жніўні таго ж года Гіруць вымушаны быў пакінуць сваю пасаду, што стала моцным ударам па Арцымені.

Не менш моцным ударам было стварэнне часовай камісіі Вярхоўнага Савета па пытанні захавання маёмасці каманднага пункта (каля Ваўкавыска) былога штаба Аб’яднаных Узброеных Сіл краін Варшаўскага Дагавора. Камісія была ўтворана большасцю галасоў парламентарыяў, у склад яе ўвайшлі і прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ — Мікалай Аксаміт і Юрый Беленькі.

Будаўніцтва каманднага пункта штаба Узброеных Сіл Арганізацыі Варшаўскага дагавора пачалося ў 1983 годзе ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці. Кошт аб’екта да 1 студзеня 1992 года дасягнуў 6 млрд. рублёў.
На пачатку 1993 года часовая камісія зрабіла адпаведны даклад на закрытым паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета. І хаця справа не мела вялікага рэзанансу, тым не менш, «чырванець» павінен быў Арцыменя.

Цікавыя факты з гэтай справы апублікавала на сваіх старонках газета «Свабода», рэдакцыя якой сцвярджала, што неафіцыйным чынам атрымала копію даклада. Напрыклад, высветлілася, што ў сакавіку 1992 года Міністэрства абароны Беларусі вырашыла прадаць маёмасць і памяшканні пункта навукова-вытворчаму аб’яднанню «Воспак» за 18 млн. рублёў.

У красавіку 1992 года Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт абвясціў камандны пункт камунальнай уласнасцю, у выніку чаго ўзнікла судовая цяжба. Усё ж 27 жніўня 1992 года Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў продаж законным.

Аднак Кебіч падтрымаў Арцыменю: 11 снежня 1992 года рашэннем Савета Міністраў Беларусі пазначаны аб’ект быў пераведзены ў рэспубліканскую ўласнасць, а Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт абавязалі выдаць пакупніку грашовую кампенсацыю.

Дзмітрый Арцыменя быў рызыкоўным чалавекам. З другой паловы 1993 года па краіне папаўзлі чуткі аб буйных камерцыйных акцыях з удзелам Дзмітрыя Арцымені, яго сувязях ледзь не з крымінальным светам. Пры гэтым Арцыменя слыў чалавекам, на якога цяжка было аказаць ціск.

Пасля забойства Арцымені незалежныя журналісты і эксперты выказалі думку, што апошняй кропкай партнёраў нябошчыка стала затрыманне на мяжы цягніка з далёкага Шымкента з дваццацю цыстэрнамі жоўтага фосфара агульным коштам 1 млн. долараў. Па афіцыйнай версіі следства, фосфар ад імя гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот» быў закуплены фірмай-пасрэднікам «Белвнешпромсервис», аднак фосфар прызначаўся не для «Азота», а для адной швейцарскай фірмы, таму Кастрычніцкі суд Гродна арыштаваў увесь састаў.

Што пасля забойства?


Вельмі ўдалы крок зрабіў Станіслаў Шушкеіч. Старшыня адчуваў хісткасць свайго становішча ў Вярхоўным Савеце, таму меў патрэбу ў рэгіянальнай падтрымцы. Калі ў сярэдзіне кастрычніка 1993 года ў Гродне сабралася абласная сесія, каб выбраць новага кіраўніка, туды экстрана і нечакана для ўсіх накіраваўся Станіслаў Шушкевіч у суправаджэнні аўтаматчыкаў. Мэтай Шушкевіча палягала ў тым, каб падтрымаць кандыдатуру Домаша. Мэта была дасягнута: Домаш стаў новым гродзенскім губернатарам, а ў снежні 1993 года — народным дэпутатам.

Забойства Арцымені мела вялікі рэзананс (масла ў агонь падліла паведамленне пра тое, што ў сейфе нябожчыка знойдзена валюты на звыш 70 млн. тагачасных беларускіх рублёў; Шушкевіч заявіў тады, што на гэтыя грошы ён мусіў бы працаваць 30 месяцаў), таму на ягонае раскрыццё былі кінуты лепшыя сілы. Не абыходзілася і без канфузаў. Так, мясцовыя чэкісты ўзялі ў распрацоўку актывістаў — выкладчыка дзяржуніверсітэта (сацыял-дэмакрат) і інжэнера «Гроднаэнэрга» (член партыі БНФ).

Забойства Арцымені імкнуўся выкарыстаць на ўсю катушку народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. У сваім дакладзе 14 снежня 1993 года Лукашэнка заявіў, што забойства Арцымені — сведчанне таго, што ў краіну прыйшла мафія. Дэпутат настолькі востра прайшоўся па Арцымені, што своё пратэст выказалі міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў і шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі.

Аднак падчас першай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка ўсяляк крытыкаваў Арцыменю, казаў, Гарадзеншчына — беларуская коза-ностра. Нервы не вытрымалі нават у Кебіча. 5 чэрвеня 1994 года на паседжанні Полацкага гарвыканкама прэм’ер-міністр наступным чынам ахарактэрызаваў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку: «Этот человек на последнем сдвиге. Он в глаза человеку посмотрит и делает вывод, что человек вор. В этом человеке нет ничего констируктивного, у него все разрушительное У него Козловский (міністр абароны) — вор, Данько (міністр унутраных спраў) — вор, Арцименя — вор, бывший, покойный. Ну хотя бы его бы не трогал, ну, честное слово, не по-христански. Ну нельзя же трогать человека, который погиб все же. Ты меня извини, ты же идешь к власти, как же ты будешь работать?!».

Забойства Дзмітрыя Арцымені не раскрытае і сёння. Гэта забойства — яскрывы прыклад таго, як можа высока ўзляцець чалавек, а вось падаць прыходзіцца вельмі балюча.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксандр
  • 2018-09-29 12:11:47
Гэты комплекс "Арбіта" краін Варшаўскага дагавору знаходзіцца каля вёскі Ўадзілкі Свіслацкага раёна,і састаў с жоўтым фосфарам быў на станцыіі Свіслач,і ўжо тады казалі ,што Арцыменю забілі за жоўты фосфар!

Каментаваць