Сімфонія «Курапаты» павінна гучаць і быць пачутай

Узгадваю восеньскія Дзяды 1990 года. Пахмурны, сумны дзень, шмат знаёмых і незнаёмых неабыякавых людзей прыйшлі ў Курапаты, каб памянуць бязвінна расстраляных продкаў. Памятаю, як пасля набажэнства ля галоўнага, усталяванага першым, крыжа раптам з машыны з гукаўзмацняльнікам пачулася музыка...

Курапаты — гэта могілкі. Але могілкі не такія, дзе блізкія хаваюць і аплакваюць памерлых. Тых, хто ляжыць у курапацкай зямлі, бязлітасна расстрэльвалі сталінскія каты. А ахвяры не чакалі смерці, бо бралі з сабой посуд, грэбні, зубныя шчоткі. Жыць збіраліся… І забыцца пра гэта немагчыма…

Узгадваю восеньскія Дзяды 1990 года. Пахмурны, сумны дзень, шмат знаёмых і незнаёмых неабыякавых людзей прыйшлі ў Курапаты, каб памянуць бязвінна расстраляных продкаў. Памятаю, як пасля набажэнства ля галоўнага, усталяванага першым, крыжа раптам з машыны з гукаўзмацняльнікам пачулася музыка — шчымліва, нібы вельмі трывожнае прадчуванне, гучала флейта. Людзі паціху рушылі ўгару па дарозе, з якой калісьці з задавальненнем з’язджалі лыжнікі, калі яшчэ не ведалі, што абапал. Праз некалькі імгненняў ледзь чутныя размовы зусім сціхлі. Гучала толькі незнаёмая музыка ў выкананні сімфанічнага аркестра.

Усё вакол — туга шэрых нябёсаў, нячутныя рухі галінак хвоі, такія ж нячутныя крокі носьбітаў народнай памяці, кранутыя смуткам твары — гэтая музыка гарманічна з’яднала ў агульны боль. Незвычайная пранікнёнасць, часам пранізлівасць гучання адпавядалі трагічнасці месца. Пакладзеныя кветкі. Запаленыя свечкі…

На пытанне наконт пачутага твора мне адказалі: Кім Цесакоў, Сімфонія №4 «Курапаты».

Увечары мы сядзелі з сябрамі за сталом, размаўлялі пра рэпрэсаваных бацькоў і дзядоў. Адна прыяцелька запытала, ці ведаю я, што за музыка гучала ў Курапатах. Астатнія таксама выказалі цікаўнасць. Пытанне было да мяне як да музыканткі. Я прызналася, што пачутае і мне было незнаёмым, але пашанцавала даведацца. Назвала аўтара і твор.

Усе мае сябры адзначылі, што тую музыку немагчыма было не слухаць…

Як жа я была ўражаная, калі праз тры гады лёс звёў мяне з ім — аўтарам сімфоніі «Курапаты», вядомым беларускім кампазітарам Кімам Дзмітрыевічам Цесаковым.

На апошнім курсе навучання ў Беларускай Акадэміі музыкі мне прапанавалі пісаць дыпломную працу па ягоным творы — кантаце-дзействе «Купалле». Працавала я з натхненнем, бо твор вельмі кранаў. Як у такім выпадку не з’явіцца жаданню звярнуцца да кампазітара, каб высветліць узніклыя ў працэсе працы пытанні і, канешне, дзеля знаёмства з дзеячам такога маштабу? Мне пашанцавала дамовіцца пра кансультацыю ў Ліцэі пры Акадэміі, дзе выкладаў Кім Дзмітрыевіч. Мяне ўразіла цёплая прастата Цесакова, чалавечая абаяльнасць, уважлівасць і павага да суразмоўцы — якасці, уласцівыя толькі людзям высокай культуры.

А калі пытанні па дыплому былі вырашаны, на маю радасць, размова працягнулася наконт лёсу Беларусі. І я скарыстала магчымасць распавесці пра «Дзяды» 1990-га, пра тое, як непадрыхтаваныя да праслухоўвання сур’ёзнай сучаснай музыкі людзі так блізка да сэрца ўспрынялі сімфонію «Курапаты».

А далей адбылося тое, на што я не разлічвала, — маэстра распавёў пра гісторыю ўзнікнення твора.

Праўда пра ўрочышча Курапаты, адкрытая беларускаму грамадству Зянонам Пазьняком, і звязная з ёй тэма сталінскіх рэпрэсій узрушылі кампазітара да самых глыбіняў душы. Разважанні над трагедыяй не адпускалі ад сябе, і Кім Дзмітрыевіч вырашыў, што менавіта ён павінен напісаць музычны твор, прысвечаны тым падзеям, і што працаваць трэба ў самым сур’ёзным музычным жанры — сімфоніі.

Былі прапрацаваны практычна ўсе вядомыя на той час дакументальныя сведчанні масавых расстрэлаў грамадзян Беларусі. Згадзіцеся, звярнуцца ў творчасці да тэмы Курапатаў у канцы 1980-х гадоў быў здольны толькі чалавек з вельмі моцнай грамадзянскай пазіцыяй. Нават зараз, амаль праз 30 гадоў, гэтая тэма шмат каму не даспадобы. У той жа час быў нават выпадак, калі прадстаўнік ЦК адгаворваў Цесакова ад гэтай ідэі. Маўляў, тэма антысавецкая, а расстрэльвалі людзей не службоўцы НКУС, а немцы на пачатку вайны. Але перакананняў кампазітара работнік ЦК пераадолець не змог. Цесакоў упэўнена адстаяў сваё рашэнне ствараць на тэму рэпрэсій.

Тое, што творца жыве непадалёк ад Курапатаў, пасадзейнічала частаму наведванню сумнай мясціны. Кампазітар шматразова прыходзіў у лес і раніцай, і ўдзень, і нават ноччу запальваў свечкі, пранікаўся энергетыкай гэтага страшнага месца. Менавіта ўначы ён быццам пачуў аддаленыя жаночыя галасы, якія перагаворваліся паміж сабой, нібы скардзіліся…

Пасля двух гадоў працы 8 лютага 1990 года аўтарскі рукапіс партытуры быў завершаны. На першай яго старонцы такія словы: «Куропаты» — совесть и боль людская… В двух километрах под Минском покоятся останки четверти миллиона невинных жертв сталинизма, расстрелянных в 1937–1941 годах… Память им вечная… Автор».

Кім Цесакоў

Сродкамі сімфанічнага аркестра выразна агучаны і трывога, і жудасны страх, і халодная бязлітаснасць, і жах, што ахапілі безабаронных людзей, ды іншыя адценні пачуццяў, якія здольная перадаць толькі музыка. Менавіта тымі пачутымі жаночымі галасамі — дыялогам габоя, флейты і валторны, — пачынаецца другая частка сімфоніі. Амаль сорак хвілін хвалюючага гучання…

Прэм’ерным выкананнем сімфоніі «Курапаты» пад кіраўніцтвам любімага і паважанага музыкантамі і слухачамі маэстра Юрыя Яфімава быў адкрыты філарманічны сезон 1990 года.

Пасля былі іншыя выкананні, у тым ліку вядомым дырыжорам Генадзем Праваторавым. Сімфонія гучала і ва Украіне, і ў Расіі. У 1991 годзе за напісанне гэтага твора Кім Цесакоў быў адзначаны прэміяй прафсаюзаў Беларусі.

Значным з’явіўся ўдзел у лёсе сімфоніі «Курапаты» сусветна вядомага дырыжора Яўгена Святланава. Сталася так, што Кім Цесакоў і Яўген Святланаў сустрэліся ў адным з Дамоў творчасці ў Карэліі. У размове Святланаў пацікавіўся, над чым зараз працуе кампазітар. У той час якраз стваралася сімфонія. Пра трагедыю Курапатаў Святланаў ужо чытаў. Ён выказаў жаданне пазнаёміцца з творам па сканчэнні працы над партытурай. Такім чынам, у 1991 годзе сімфонія «Курапаты» была ўзятая дырыжорам у працу. Паколькі Святланаў у сувязі з гастролямі ў СССР бываў зрэдку, ён паабяцаў выканаць сімфонію ў іншай краіне. У 1992-м у Мадрыдзе слухачы пачулі твор, прысвечаны трагедыі беларускіх Курапатаў.

Кім Цесакоў

Пазней Цесакоў атрымаў ад Святланава афішу, на якой выдатны дырыжор пакінуў свой аўтограф: «Уважаемый маэстро, Вы написали сочинение мирового уровня».

Летась заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, сусветна вядомы кампазітар Кім Дзмітрыевіч Цесакоў адзначыў свой 80-гадовы юбілей.

Хочацца яшчэ дадаць некаторыя звесткі пра майстра.

Кім Цесакоў — адзіны з беларускіх кампазітараў мае ў дыпломе аб заканчэнні Новасібірскай кансерваторыі подпіс Дзмітрыя Шастаковіча, у якога меў шчасце вучыцца. Нагадаю, што карані Шастаковіча таксама з Беларусі.

Цесакова звязвала сяброўства з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным. Як мастак, ён звяртаўся да паэзіі Купалы, Танка, Панчанкі, Бураўкіна, Гілевіча, Грахоўскага, Прыходзькі, Вярбы, Бялевіча.

Запісаны пяць кампакт-дыскаў буйных твораў кампазітара, яны захоўваюцца ў бібліятэках Саюза кампазітараў, Беларускай Акадэміі музыкі і тэатральнай.

Кім Цесакоў — ганаровы грамадзянін горада Чэрвеня, дзе ён нарадзіўся. У Саюзе кампазітараў працуюць 17 яго вучняў. І, урэшце, ён — адзіны з беларускіх кампазітараў, які стварыў манументальны музычны твор на тэму Курапатаў.

Упэўнена, што гэту сімфонію здольныя сапраўды адчуць і ацаніць перш за ўсё людзі з дарам гістарычнай памяці і бязмежнай любові да Беларусі. Сімфонія «Курапаты» павінна гучаць і быць пачутай, а не ляжаць у сховішчах бібліятэкі. Тым больш, што за гэтыя гады з’явілася шматлікая цудоўная, адданая Беларусі моладзь, якая, хутчэй за ўсе, пра гэты твор і не ведае. Мару пра тое, як зноў з даўнімі і новымі сябрамі буду слухаць «Курапаты» ў Курапатах.

Нагадваем, што 13 чэрвеня з 17.00 да 20.00 працягнуцца працы па дабраўпарадкаванню мемарыяла Курапаты. Талака адбываецца па ініцыятыве "За ўратаванне мемарыяла Курапаты" па аўторках штотыдзень і будзе працягвацца ад 29 кастрычніка 2017 — Дня Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій . Далучайцеся!





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Марат Гаравы
  • 2017-06-13 07:15:51
Вялікі дзякуй, шаноўная спадарыня Алена.
за гэтую публікацыю!

Хацелася б мець Вашыя кантакты і
тэлефоны Кіма Цесакова для далейшых стасункаў
у справе мемарыялізацыі Курапатаў.

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы
"Эксперты ў абарону Курапатаў"
Марат Гаравы
8-029-27-64-0-64


.

Больш цікавага на «Новым Часе»: