Лісты за краты. «Яна, мы ганарымся табой!»

Амаль дзве сотні лепшых грамадзян Беларусі сёння за кратамі — сярод іх і студэнты, якія праводзяць сваю маладосць у турме. Ліставанне з імі ідзе з перашкодамі, і Яна Арабейка, якая нядаўна сустрэла 20-годдзе за кратамі, амаль не атрымлівае вестак ад блізкіх. Родныя і сябры перадаюць шчырыя прывітанні дзяўчыне ў адкрытым лісце.


Сям’я: Яшчэ крыху — і будзе адліга

Вітаем, наша дарагая Яначка! Наш горад урэшце заваліла снегам! Тэмпература падала ажно да -23 градусаў!
На двары дзеці гуляюць у снежкі і лепяць снегавікоў. Так здорава, што ўрэшце рэшт надышла зіма, бо гэта значыць, што яшчэ крыху — і будзе адліга! Час ляціць незаўважна, у цябе, спадзяёмся, таксама!
Лісты твае даходзяць зрэдку (апошняе, якое атрымала Аня, было за 03.01), але мы ўсё адно пішам табе! На Новы год у нас было адно жаданне: як мага хутчэй цябе пабачыць і абняць!


Мама: Я хвалююся і непакоюся за цябе, але ні на секунду не апускаю рук! Дочанька, прашу цябе не вешаць нос і ні ў якім разе нічога не баяцца! Я побач, я з табой!

Бабушка Іра: Ты мая маленькая зорачка і заўсёды ёй будзеш! Мяне ні на хвіліну не пакідаюць думкі, як ты там. Ці цёпла ты апранутая. Як ты сябе адчуваеш. Галоўнае, што ты ў мяне ёсць!

Дзядуля Лёня: Будзь моцнай, мая ўнучка! Кожны абдымак з тваіх лістоў я прыняў, але ведаеш, абняць цябе хочацца нават мацнее!

Сястра Аня: Вітанкі, прыгажуня! Я, як звычайна, усіх трымаю ў спакоі, але сама неспакойная і не дае палёгкі твая адсутнасць побач! Хочацца з табой паразмаўляць, вельмі шмат што хочацца распавесці! Я веру ў цябе, веру, што цябе не зламаць, бо ты наш найвялікшы гонар, ведаеш? Жора і Соня перадаюць гарачыя прывітанні і мноства паветраных пацалункаў.

Брат Ваня: Мінуў наш з табой дзень народзінаў, наш з табой юбілей! Бо мы заўсёды святкавалі яго разам! Сумую, крэпка абдымаю цябе, мая сястрычка!

Уся твая вялікая сям’я і кошка Мурка перадаюць табе прывітанні! Мы побач! Табе не аб чым хвалявацца! Будзь у добрым настроі, бо гэта самае важнае! Любім, абдымаем і чакаем цябе дамоў.

Валер Тамілін: Пасля таго як мы пазнаёміліся, я ўпершыню за вельмі доўгі час пачуваўся жывым, і пакуль ты за кратамі — я таксама несвабодны і мёртвы. Два месяцы ў мяне ў галаве пульсуе апошняе тваё паведамленне, за некалькі хвілінаў перад затрыманнем: «Мне будзе спакайней, калі ты працягнеш мне пісаць». І я пішу табе штодня, часам прапускаю дзень, а пасля — двойчы за дзень. Я так шмат яшчэ табе не сказаў своечасова... Сумую па тваім голасе і тваім паху, па тым, як ты смяялася і па тваіх ямінках на шчаках.

Кукурузка, ты пішаш, што дрэнна выглядаеш за кратамі — ведай, што ты спадабаешся мне любой. Мы з'ездзім пасля ў Чэхію ці літаральна куды захочаш, паглядзім колькі скажаш фільмаў, калі ты, вядома, захочаш гэта рабіць са мной. Даруй мне, калі ласка, усё, што было і што мала табе прысвяціў сваёй увагі і сілаў, асабліва апошнім часам перад тваім арыштам. Я люблю цябе, абдымаю і вельмі сумую.

Нават калі ты ў турме, бяры ад яе ўсё!

Аліна Болбас: Яна, сонейка, ты шыкоўная! Яшчэ раз віншую з днём народзінаў, калі не дайшоў ліст, і моцна-моцна абдымаю! Вельмі сумую па табе: не хапае размоваў, сустрэч штотыдзень, тваёй усмешкі. Спадзяюся, усмешка засталася з табой! Я веру, што ты моцная і што ты здолееш прайсці гэта, а пасля будзеш самай шчаслівай, бо дзясяткі людзей чакаюць цябе на волі і зробяць усё, каб табе больш не прыйшлося сумаваць! А мы яшчэ адзначым твой дзень народзінаў вялікай кампаніяй!

Рада, што ты не губляеш пазітыўны настрой. Спадзяюся, хутка пабачымся, а пакуль зноў абдымаю! Заставайся сабой, сонейка, і памятай, што шчырасць — гэта прам важна!


Паліначка: Дарагая Яна! Не губляй натхненне. Нават калі ты ў турме, спрабуй браць ад яе ўсё: чытай, малюй, пішы тэксты пра побыт. Потым гэта ўсё ўвойдзе ў гісторыю, а зараз у цябе знойдуцца цікавыя справы! І пішы нам, калі ёсць такая магчымасць. Нішто так не натхняе, як іншыя людзі.

Лізавета Даўгулевіч: Яна! За год знаёмства з табой я зразумела, што такога альтруістычнага чалавека яшчэ ніколі не сустракала. Ты выдатная і цудоўная! Калі ў мяне спытаюць пра самага добрага чалавека на свеце, то перш за ўсё я згадаю менавіта цябе. Яна, вельмі чакаю нашай хуткай сустрэчы, мне цяпер так не хапае тваіх жартаў і гісторый. Жадаю табе мужнасці, цярпення і свабоды. Мы разам.

Лізавета Лойка: Яна, гэта ўвогуле не пытанне, за што я цябе цаню! Ты цудоўная, светлая, шчырая і адораная дзяўчынка, побач з якой што заўгодна становіцца весялей і спакайней. Чакаю з усіх сіл. Няхай турботы і нястачы растаюць у святле твайго духу, нібы марозіва ў мікрахвалёўцы. Ты адна з самых вартых людзей у маім атачэнні. Не сумуй і часцей малюй мне малюнкі :)


Лёша: Дарагая Яна! Ты цуд хоць бы таму, што ўмудраешся ствараць неверагодныя рэчы, нягледзячы на тое што называеш сябе касячнай і дрэннай :) Нават не думай так казаць, калі мы пабачымся, я буду сачыць! А гэта будзе ўжо хутка. А пакуль я веру, што ты застаешся такой жа сонечнай, чулай, вылучаючай энергію і ўсё так жа прыгожа малюеш :) Але ўсё адно не забывайся на адпачынак!

Ксенія Залівака: Яна! Негледзячы на тое што мы не так шмат размаўлялі, цягам нашага знаёмства я зразумела, што ты вельмі сонечны і добры чалавек! Асабліва мяне ўражвае, як ты мадэруеш размовы і канфлікты (напрыклад, падняць руку, калі хочаш нешта сказаць). Жадаю мужнасці і веру, што хутка ты будзеш з блізкімі табе людзьмі. Тое, што зараз адбываецца, будзе ў кніжках па гісторыі :)

Кірыл, аднакурснік: Яна. Я вельмі па табе сумую і чакаю нашай сустрэчы. Падчас тваёй адсутнасці я зразумеў, чаму ты класная. Таму што ты цэльная. Ты складаешся з маленькіх кавалачкаў і атрымліваешся такой, якая ты ёсць. Крыху нязграбная, вельмі цёплая, мяккая, задуменная, усміхаешся, плачаш, смяешся. Гэта ўсё ты, і гэтага не змяніць нават засценкам. Вельмі цябе чакаем.


Маня: Яна, ты наша сонейка! Калі ты кінеш даваць святло, як мы будзем сагравацца? Не сумуй :)

Віка: Дарагая Яна! Дзякуй табе за то, што ты з’явілася ў маім жыцці. Дзякуючы табе, я здолела пераасэнсаваць шмат якія былыя перакананні. Я ніколі не думала, што існуюць такія людзі, як ты. Шчырыя, адкрытыя, гатовыя дапамагчы любым чынам, ахвяруючы свой час і інтарэсы. Я чакаю, калі ты выйдзеш, і са сваім катом буду цябе сустракаць. Упэўненая, вы адно аднаму спадабаецеся.

Лена: Прывітанне, Яна. Я рада, што пазнаёмілася з табой, і думаю, што шмат чаму я магу ў цябе навучыцца. Я буду вучыцца, ўважліва назіраючы, як сарамлівая вучаніца каля вакна, якая запісвае кожнае слова настаўніка. Трохі дзіўныя асацыяцыі, але гэта таму, што ты ўмееш трымаць дыстанцыю і бараніць свае межы, як мне здаецца) Ты можаш выслухаць мяне, паважаючы маё меркаванне і веды. А калі просіш дапамогі, потым шмат разоў просіш прабачэння і кажаш «Дзякуй», як быццам прынесла нейкія нязручнасці, але гэта не так. Цяпер мне падабаецца дапамагаць табе чым магу: лістом ці нечым смачным у перадачы.

Яна — прыклад бязмежнага святла і дабрыні

Антон: Яна ціхая і спакойная дзяўчынка, яны нібы Інь і Янь разам з Касяй. Розныя, заўсёды побач і заўсёды дапаўняюць адна адну. Яна вельмі добрая, падтрымліваючая і актыўная. Пішу ёй лісты, з нецярплівасцю чакаю адказаў і спадзяюся, што хутка яе адпусцяць і мы зноў пабачымся.


Дар'я Рублеўская: Я люблю Яну, таму што яна — гэта прыклад бязмежнага святла і дабрыні, бездакорнай любові да свету і людзей. Яна вельмі таленавітая і эмпатычныя. Калі толькі мы прыдумалі «Майстэрню паштовак салідарнасці», Яна адразу ж пагадзілася дапамагаць маляваць паштоўкі для палітвязняў і перадаваць пажаданні ад дзясяткаў людзей. Яна да апошняга дня турбавалася і аб усіх, хто быў побач, і аб тых, хто за мурамі СІЗА.

Я люблю Яну, таму што Яна любіць усіх.

Ольга Довгаль: Яна заўсёды гатовая выслухаць і падтрымаць. Яна вельмі спачувала ўсім, кожнаму вязню. Яна вельмі класная, і я ганаруся тым, што знаёмая з такім цудоўным і светлым чалавекам. Я вельмі спадзяюся, што хутка яе адпусцяць і мы здолеем разам выпіць кавы і згуляць у настолкі. Я ведаю, што Яна цвёрда стаіць на сваіх перакананнях. За гэта я яе моцна люблю і паважаю.


Ангеліна: Мне падабаецца Яна тым, што яна дзейнічае нягледзячы на ​​тое, якая перад ёй задача стаіць. Так, з ёй часам складана праз грэблівасць да іншых, але яна здольная быць адкрытай і ўважлівай да незнаёмага чалавека ў складанай жыццёвай сітуацыі. Мне падабаецца, што Яна такая, якая ёсць — дзіўна-добрая. Але Яна не Яна без сваіх замашак у галаве і вялікага аб'ёму дабрыні. Магчыма, мы не сышліся характарамі, бо занадта падобныя, але я люблю Яну.

Яна Арабейка — актывістка, сябра «Задзіночання беларускіх студэнтаў», студэнтка БДПУ. 17 студзеня за кратамі сустрэла свае 20-годдзе.

Яну затрымалі 12 лістапада 2020 года ў інтэрнаце. Яе абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ва актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК).

Спачатку дзяўчыну змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Беларускія праваабаронцы прызналі Яну палітвязнем.

Адрас для ліставанняў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1. Арабейка Яне Іванаўне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: