Лявон Баршчэўскі: «Я прэм’ер-міністрам мог бы стаць. Але не прэзідэнтам. І не дэпутатам»

4 сакавіка святкуе 60-годдзе Лявон Баршчэўскі. Філолаг, перакладчык, паліглот, які ведае каля трох дзясяткаў моў. Пэдагог, заснавальнік Коласаўскага гуманітарнага ліцэя. Палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, экс-старшыня партыі БНФ. Бацька трох паспяховых дачок.

«Я хутчэй — крызісны менеджэр. Дзе ёсць дзірка, дзе правал — там з'яўляюся я, стараюся гэта падцягнуць», — так адказаў юбіляр на пытанне Свабоды, кім ён сябе больш пачувае. — Я не лічу сябе суперталенавітым — я больш філолаг, чым перакладчык у творчым сэнсе, але паколькі ў Беларусі не хапае перакладчыкаў, асабліва з рэдкіх моў — я гэтым заняўся.

Калі трэба было адрадзіць беларускую школу, стварыць беларускі ліцэй (я ж да гэтага выкладаў і ў школе, і ў ВНУ) — я зразумеў, што гэта актуальна. Можна нешта новае зрабіць, паказаць шлях, якім павінна пайсці адукацыя. І я вярнуўся ў прафесію, з якой я пачынаў у 1979 годзе — дагэтуль настаўнічаю.

Я не збіраўся ісьці ў палітыку, балатавацца ў 1990-м у дэпутаты Вярхоўнага Савета. Але тады ў Наваполацку Сяржука Сокалава-Воюша не зарэгістравалі кандыдатам, узніклі праблемы. І я пайшоў „затыкаць“ акругу.

Так і са старшынствам у партыі БНФ здарылася. У снежні 2007 года на Х з'ездзе партыі сітуацыя „ўвайшла ў ступар“, тады я спантанічна сябе прапанаваў. Гэта той выпадак, калі я шкадую..».

На цырымоніі ўручэння прэміі "ПЭН-Цэнтру", 25 кастрычніка 2016

На цырымоніі ўручэння прэміі "ПЭН-Цэнтру", 25 кастрычніка 2016



Марыў вывучаць скандынаўскія мовы ў Ленінградзе, але паступіў у Мінскі лінгвістычны

— Лявон, асноўная ваша прафесія — філолаг, лінгвіст. Чаму выбралі такі шлях?

— Інстытут замежных моў быў запасным аэрадромам. Я хацеў займацца лінгвістыкай, мовамі, і марыў паступіць у Ленінградскі дзяржуніверсітэт на факультэт скандынаўскіх моў. Мне не пашанцавала — у той год, калі я заканчваў школу, набору на скандынаўскія мовы не было. І давялося пайсці ў так званы Мінскі «ін’яз» — каб не забралі ў войска. Мае асноўныя мовы — нямецкая і ангельская, а да скандынаўскіх ды іншых я ўжо сам дайшоў.

— І ўсё ж — колькі моў вы ведаеце? Мяркуючы па 28-моўнаму беларуска-лацінска-еўрапейскаму слоўніку, які вы выдалі да свайго 50-годдзя, прынамсі, каля 30-ці?

— Ой, на 6-7 мовах я свабодна размаўляю, астатнія трэба ўспамінаць. Я ведаю паліглотаў, якія свабодна размаўляюць на двух дзясятках моў, у Беларусі таксама такія людзі ёсць. Але я да іх не адношуся.

Я заўсёды вучыў мовы з практычнага пункту гледжання: каб чытаць літаратуру — мастацкую, навуковую, і разумець яе. Бо раней ніякіх «гуглаў-транслэйтараў» не было, і з тэкстам па-шведску ці па-партугальску ня справісся.

З еўрапейскіх моваў я, у прынцыпе, усе ведаю, акрамя фіна-вугорскай групы. Да вугорскай, фінскай і эстонскай у мяне галава не дайшла. А германскія, раманскія, славянскія я ведаю, пасіўна я ўсімі валодаю. Але, падкрэсліваю, пасіўна. Я некалі вучыў чэскую мову, 20 гадоў на ёй ні з кім не размаўляў, а калі давялося — выляталі польскія словы, бо практыкі не было. Патрэбна моўная практыка.

Але ёсць людзі здольныя — напрыклад, Валер Буйвал, які па адукацыі мастацтвазнаўца, а не філолаг, яму вусныя мовы лёгка даюцца; ёсьць паліглот — настаўнік з Гомельшчыны Мікола Бусел; перакладчык Якуб Лапатка свабодна гаворыць на 8-9 мовах; Сяргей Шупа — гэта самы красамоўны прыклад, які і вуснымі, і пісьмовымі мовамі валодае цудоўна! Я ў гэтым сэнсе не дацягну да Сяргея Шупы.

На літаратурных чытаннях у падтрымку музею Максіма Багдановіча, 16 снежня 2013

На літаратурных чытаннях у падтрымку музею Максіма Багдановіча, 16 снежня 2013



«Я філолаг. Мова для мяне — найперш сродак камунікацыі»

— Ці лёгка авалодаць некалькімі замежнымі мовамі? Павінны быць схільнасці, здольнасці, талент, ці мовы бяруцца «зубрэннем»?

— Мова — гэта найперш сродак камунікацыі. Гэта як гаечны ключ, але ён не для таго, каб вы паказалі, што ўмееце круціць ім. Трэба ўмець яшчэ скруціць нешта з ягонай дапамогай. Для мяне мова была сродкам для чытання тэкстаў. Яшчэ я слухаў заходняе радыё — па-ангельску, па-нямецку, па-польску. Вось так і засвоіў замежныя мовы

Але, паўтаруся, мова — гэта толькі сродак. Трэба засвоіць прафесію і імкнуцца ўсё, што па гэтай прафесіі ў свеце напрацавана, засвоіць на розных мовах. Для мяне ніколі мовы не былі самамэтай. Але я ж яшчэ лінгвіст. Я абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістыцы. Давялося спецыяльна вывучаць тэарэтычную лінгвістыку. Там ужо крыху іншы падыход да мовы — як да арганізму, сістэмы. Гэта іншае.

Таму калі спытаеце, якая ў мяне спецыяльнасць — я найперш філолаг. Шырокага профілю, таму што я і ў літаратуразнаўстве тое-сёе разумею, і ў мовазнаўстве.


«Кафка пісаў нецікавай мовай — канцылярскай. Кафка цікавы парадаксальным мысленнем»

— У 1985 годзе вы разам з Сяргеем Шупам стварылі клуб маладых перакладчыкаў «Бабілён». Чым ганарыцеся, якімі перакладамі?

— Францам Кафкам па-беларуску. Я ў сярэдзіне 1990-х пераклаў на беларускую мову кароткую прозу Кафкі. І дагэтуль лічу, што гэта самая дэфіцытная кніжка: у мяне толькі адзін экзэмпляр застаўся, дзясяткі людзей пытаюцца, дзе яе знайсці. Але чамусьці не здаюць майго Кафку ў букіністычныя кнігарні, хаця наклад быў немалы для Беларусі — 3 тысячы асобнікаў. Чамусьці Кафку больш не перавыдаюць.

Але, ведаеце, Кафка пісаў нецікавай мовай — канцылярскай. Кафка цікавы іншым — парадаксальным мысьленнем. Але ня мовай. Тады я выконваў функцыю: трэба, каб Кафка быў па-беларуску. Мне ён быў нецікавы як творца — я ж мовазнаўца! А трэба было гэту нішу запоўніць...

Альбо Алесь Бяляцкі замовіў перакласці кніжку Астрыд Ліндгрэн «Усе нашы дзеці з Булербю». Сказаў, што будзем бясплатна раздаваць беларускамоўным дзеткам. Наклад быў 10 тысяч. Я да гэтага ніколі не перакладаў дзіцячую літаратуру, але ўзнікла сітуацыя, і гэта місія — трэба, каб такая кніга зьявілася.
Шэсце ў Курапаты на Дзяды, 1 лістапада 2015

Шэсце ў Курапаты на Дзяды, 1 лістапада 2015

​

«Пераклад — ня вельмі ўдзячная праца, нават твайго імя на кніжцы няма»

— А цяпер у Беларусі дастаткова прафесійных перакладчыкаў? Моладзь з'явілася, нават альманах выдаюць «ПрайдзіСьвет»...

— Мала перакладчыкаў. Пераклад — ня вельмі ўдзячная праца, нават твайго імя на кніжцы няма. Па нормах імя перакладчыка трэба пісаць на трэцяй старонцы, нават не на тытульнай! Ты як мінімум год жыцця траціш на добры пераклад кнігі. Нават калі аўтар за свой кошт выдае сваю кнігу, на вокладцы імя сваё паставіў, задаволіў нейкія амбіцыі. А тут нават імя перакладчыка няма. Пры такой сітуацыі перакладчыкі ня могуць расці, як грыбы.

Павінна быць дзяржаўная праграма. Калісьці ў Паволжжы быў жудасны голад, а Луначарскі разумеў, што трэба заснаваць сэрыю «Усясветная літаратура» па-расейску. І ў той няпросты час плацілі перакладчыкам вялікія грошы. Міхаілу Лазінскаму стварылі неверагодныя ўмовы, ён год сядзеў на прыстойным утрыманні на ўрадавым лецішчы, калі перакладаў «Боскую камэдыю». У нас пра такое марыць немагчыма! Для такіх умоў у нас нават шмат перакладчыкаў. З'явілася здольная, таленавітая моладзь, якая ня можа не перакладаць. Дзякуй Богу, што яна з'явілася, бо мы думалі, што будзе проста канец.


«Разлічваць, што п’есу з маім прозвішчам як перакладчыка паставяць у тэатры, не выпадае»

— Вы пераклалі нават не дзясяткі — сотні твораў: прозу, паэзію, драму. Якія жанры вам самому больш цікавыя, што цяжэй даецца?

— Першая празаічная кніга, якую я пераклаў — Генрых Бёль, «Більярд а палове дзясятай». Туды я ўклаўся моцна, над кожным словам сядзеў, думаў, хаця Пётра Садоўскі мяне раскрытыкаваў, знайшоў там процьму хібаў. Таму гэта для мяне самая дарагая кніга прозы.

А сярод паэзіі — цяжка сказаць... Ведаеце, пакуль кніжка выходзіць, ты яе любіш, а калі выйдзе — бачыш усе яе хібы. Вось да самай кніжнай выставы выйшла вершаваная кніга «Вялікая драма Юліюша Славацкага». 4,5 тысячы вершаваных радкоў. Юліюш Славацкі — польскі клясык тэатра.

Я больш люблю драматычныя творы перакладаць, бо там простая мова. Вельмі цікава дыялёгі перакладаць, шукаць адпаведнікі, жаргонныя словы. Нядаўна выйшаў мой пераклад «Вяселля» Станіслава Высьпяньскага — гэта ключавая драма для польскай культуры, з нацыянальна-вызваленчым падтэкстам. Летась па ўсім свеце былі арганізаваная чытанні гэтага твору Высьпяньскага, у Мінску таксама былі чытанні, якія арганізавалі амбасада Польшчы і Інстытут Польскі, чыталі мой пераклад, было вельмі прыемна чуць.

Бо разлічваць, што п’есу з маім прозвішчам як перакладчыка паставяць на тэатральнай сцэне, не выпадае. Хаця раней ставілі. У Віцебскім драмтэатры «Танга» Мрожка ў маім перакладзе паставілі яшчэ ў 1988 годзе. Тады гэта было можна. А пасля 1994 года гэта нерэальна.

На прэзентацыі кнігі ў Магілёве 17 сакавіка 2016

На прэзентацыі кнігі ў Магілёве 17 сакавіка 2016



«Беларускаму ліцэю аддадзена 27 гадоў жыцця. Гэта для мяне як свежае паветра»

— Вы з'яўляецеся заснавальнікам і намеснікам дырэктара Коласаўскага ліцэя. Пастаянна там выкладаеце, правяраеце сшыткі. І дзеці ў захапленні ад вашых урокаў. Як усё паспяваеце? Можа, у вас там асаблівыя вучні?

— Усё залежыць ад асобы выкладчыка. Калі выкладчык асоба — то і самыя «адпетыя» хуліганы слухаюць. Я ж пачынаў настаўнічаць у звычайнай школе, дзе былі класы па 40 чалавек. Выкладаў у Наваполацкім палітэхнічным інстытуце. І ужо 27 гадоў — у Беларускім гуманітарным ліцэі.

Я не шкадую, хаця гэта вельмі шмат часу і энэргіі вымагае. Да трэцяй гадзіны ночы звычайна штосьці перакладаю, а яшчэ вялікі стос сшыткаў трэба праверыць. Але я ніколі не шкадаваў. Выкладанне дае выдатныя аратарскія навыкі.

І галоўнае, што дае выкладанне — ты сам лепш разумееш свой прадмет. Я, магчыма, пакрыўджу некаторых акадэмікаў, але пакуль ты прадмет не павыкладаеш, не патлумачыш іншым, ты сам яго да канца не зразумееш. Мне цяжка пакінуць гэту працу, для мяне як свежае паветра. Я ніколі не паўтараюся, у мяне не бывае аднолькавых урокаў.


«Не збіраўся ісці ў дэпутаты, але Сокалава-Воюша не зарэгістравалі»


— Ведаю, што вы ня любіце гаварыць пра палітыку. Але 5 гадоў вы працавалі дэпутатам першага і, бадай, адзінага дэмакратычна абранага Вярхоўнага Савету 12 склікання, уваходзілі ў фракцыю БНФ. Чаму тады пацягнула ў дэпутаты?

— Я не збіраўся тады балатавацца ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. Але Сяржука Сокалава-Воюша не зарэгістравалі. І мяне паслалі «затыкаць акругу», сказалі, што ў мяне ёсць шанец вылучыцца ад універсітэта. Я нечакана выйграў, гэта было амаль нерэальна, бо і рэктар, і прарэктар былі супраць мяне. Карацей, калі б Сокалава-Воюша зарэгістравалі, я б у лепшым выпадку балатаваўся ў дэпутаты аблсавета.

— А хто быў вашым канкурэнтам?

— Маім канкурэнтам быў першы сакратар Наваполацкага гаркама партыі Уладзімір Панталёў, дарэчы, ён не рэтраград, а з прагрэсіўных камуністаў. Але Наваполацк — горад настолькі прасунуты, што народ нават прагрэсіўных камуністаў не ўспрымаў, галасаваў заўсёды за апазіцыю. Я ўпэўнены, што нават цяпер, пры любых выбарах, дзе будуць сумленна лічыць галасы, у праўладных кандыдатаў у Наваполацку шанцаў няма. Гэта дакладна. Тады наш блок ва ўсіх трох акругах выйграў выбары ў Вярхоўны Савет. Тады народ палітызаваўся і рабіў свядомы выбар. Людзі пачалі цікавіцца палітыкай. Бо калі народ не цікавіцца палітыкай, ён ніколі ня выбярэ нармальную ўладу — гэта факт.
За трыбунай у парламенце

За трыбунай у парламенце



«На жаль, у нашай беларускай сітуацыі патрэбна катастрофа, каб людзі палітызаваліся»


— А ці магчыма цяпер вярнуць народу цікавасць да палітыкі?

— Так, палітызацыя адбываецца. На жаль, яна адбываецца пры нядобрых умовах. Ня выбухнуў бы Чарнобыль, не адкрылі б Курапаты — не было б такой палітызацыі. На жаль, у нашай беларускай сытуацыі патрэбна катастрофа, каб людзі палітызаваліся. Гэта бяда.

— Што вам, інтэлігенту, інтэлектуалу — дало гэта дэпутацтва? Чаму навучыліся?

—Я набыў прафесію. Прабачце, але паспрабуйце, знайдзіце ў сённяшняй Палаце прадстаўнікоў хаця б пяток чалавек, якія займаліся самі стварэннем заканадаўства. Сёння законы піша пэўны аддзел, інстытут, а дэпутатам тэксты законаў прыносяць з адміністрацыі прэзыдэнта толькі на зацверджанне.

А мы тады суткамі сядзелі, вывучалі заканадаўства пэўных краінаў, і ня толькі з былой савецкай прасторы. Памятаю, даслалі з Арменіі закон аб мясцовым самакіраванні, і мы вывучалі, што можам прымяніць у сябе. Гэта была работа, гэта было набыццё прафесіі заканадаўцы.

Канечне, была карысць. Іншая справа — што ў сухім астатку засталося. Тыя законы былі потым перапісаныя. А калі нават і засталіся...

Я скажу шчыра: першы раздзел сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — гэта мая моўная рэдакцыя. Да мяне як да філолага звярнуўся намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў з просьбай, каб я адрэдагаваў гэты тэкст. Яна захавалася. Але праблема ў тым, што цяпер гэта першая глава не выконваецца, правы чалавека, якія там зафіксаваныя, так і засталіся на паперы.

А з другога боку, я лічу, што ў жыцьці нічога не бывае лішнім. Калісьці навучыў мяне бацька печку скласьці, і я ведаю, што калі нешта здарыцца, у свеце адключыцца электрычнасць, то я печку складу. Яна, магчыма, будзе дыміць, але будзе і грэць. Таму я не лічу, што веды, уменне бываюць лішнімі. Так і ў заканадаўстве. Гэта вялікая школа была.


«У дэпутаты не пайду ні за якія пернікі»


— Калі цяпер былі б сумленныя дэмакратычныя выбары, пайшлі б у дэпутаты?

— Ня ў якім разе! У дэпутаты я не пайду — я ўжо перарос гэты ўзрост. Калі б спатрэбілася выканаўчай уладзе дапамагчы — я б з радасцю. Я ўжо набраўся вопыту, ведаю шмат людзей, ведаю шмат рэчаў. Я прэм’ер-міністрам мог бы быць. Але не прэзідэнтам. І не дэпутатам. Гэта ўжо пройдзены шлях. Туды я не пайду ні за якія пернікі.
На святкаванні 25-годдзя заснавання БНФ

На святкаванні 25-годдзя заснавання БНФ



«Я не збіраўся ўзначаліць партыю. Пра гэты эпізод я шкадую: два гады жыцця страчаныя»


— А як вы сталі старшынём партыі БНФ? Вы ж быццам бы не збіраліся, я нават загалоўкі газэтныя памятаю: «У змаганні Вячоркі і Міхалевіча перамог Баршчэўскі»...

— Усё было празаічна. Вы ж ведаеце наша заканадўства: калі партыйны з'езд не адбудзецца, новую ўладу ня выберуць. Арэнда залі — гэта таксама грошы, і немалыя. Мы на гэты з'езд у адной машыне з Вінцуком Вячоркам ехалі. І пра з'езд мы наагул не гаварылі. А тады на з'ездзе сітуацыя ўвайшла ў ступар, і я спантанічна сябе прапанаваў. Гэта той выпадак, калі я шкадую. Я прыйшоў без каманды, хаця я мог бы яе сабраць. Але я ж не збіраўся ўзначаліць партыю! Пра гэты эпізод я шкадую: два гады жыцьця страчаныя.

— Потым вы выйшлі з партыі БНФ. Партыйнае жыццё, палітыка цяпер вас зусім не цікавяць?

— Так здарылася, што я пачаў супрацоўнічаць з «Народнай Воляй», і сваё стаўленне, сваю крытыку рэжыму пачаў выказваць у публікацыях. Гэта таксама спосаб выказаць свае адносіны да таго, што адбываецца. Я пішу крытычныя матэрыялы, я паказваю, як чыноўнікі развальваюць сыстэму адукацыі. Я лічу, што гэта таксама палітыка, але палітыка ўжо ў журналісцкай іпастасі.

Калі былі падзеі ва Украіне, мне ўдалося ўзяць інтэрв’ю ў знакамітага экспэрта Цімаці Гартана Эша, чым ганаруся. Тое, што сказаў Эш пра Ўкраіну, адбылося.

Калі ў 2016-м быў утвораны аргкамітэт па сьвяткаваньні 100-годдзя БНР, я ўзяў на сябе абавязак рэгулярна пісаць артыкулы пра тыя гістарычныя падзеі. Вывучаю архіўныя матэрыялы, дакумэнты. Лічу, што я раблю карысную справу. Так што я не адмовіўся ад грамадскай дзейнасці. Але яна хутчэй публіцыстычная.
На прэзентацыі кніжнай серыі «Паэты планеты» ў кастрычніку 2016

На прэзентацыі кніжнай серыі «Паэты планеты» ў кастрычніку 2016

​

Два шлюбы, тры дачушкі, адна ўнучка

— Распавядзіце пра асабістае — пра сваю сям’ю.

— У мяне было два шлюбы. Першая жонка таксама скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт. У нас з ёй дзве дачкі — Алена і Вераніка.

У 1995-м я пабраўся шлюбам другі раз, жонка — настаўніца матэматыкі, у нас таксама дачка — Алеся.

Старэйшая дачка Алена працуе ў службе псіхалагічнай дапамогі. Хаця па адукацыі яна — філёляг. Але ў яе нейкі талент — яна так добра ўмее супакоіць чалавека, улагодзіць любы канфлікт! У яе насамрэч чароўны дар, нават талент. Яна, як тая Ванга, рукамі чужую бяду разводзіць.

Сярэдняя Вераніка працуе ў Нацыянальным аэрапорце на замежным тэрмінале, у яе вельмі добрыя ангельская і кітайская мовы. Яна з 13 гадоў ужо сама зарабляла, займалася з малымі дзеткамі, вучыла іх мовам. Надзвычай дысцыплінаваная і адказная дзяўчына. Таксама скончыла лінгвістычны ўнівэрсытэт.

Малодшая дачка Алеся доўга шукала сябе, спачатку вучылася па адной спецыяльнасці, памяняла на другую, потым скончыла паліграфічны каледж, працавала год у звычайным шапіку Белсаюздруку. А цяпер быццам бы знайшла сваё — вывучае турызм і рэкрэацыю ў Любліне. Усе дзяўчаты выхаваныя, ніколі не дазволяць сабе хамства, ніколі з імі не было праблем. А яшчэ ў мяне ёсць унучка, ёй хутка будзе 8 гадоў.

— А як будзеце адзначаць юбілей? Уся сям’я збярэцца?

— Урачыстай юбілейнай вечарыны ня будзе. Афіцыёзу ня будзе. Будзе «міжсабойчык», сціплы капуснік у Коласаўскім ліцэі, збяруцца настаўнікі, блізкія сябры, браты. У малодшай дачкі залікі, яна не прыедзе. Адзначым, пагаворым, паразмаўляем. Няма часу ладзіць вечарыны, імпрэзы адбіраюць шмат часу і сіл, лепш папрацаваць, за гэты час можна шмат чаго напісаць і зрабіць.

"Новы час" віншуе Лявона Баршчэўскага з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, натхнення і плёну!

Артыкулы Лявона Баршчэўскага ў "Новым часе"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!