«Людзі, якія выпраменьваюць любоў, не могуць не перамагчы»

У сакавіку Галіна Гулянкова адсядзела 20 сутак на Акрэсціна за тое, што чытала ў электрычцы кнігу Васіля Быкава. Да таго жанчына ўжо адбывала 7 сутак, а агулам за час паслявыбарчых пратэстаў яе затрымлівалі чатыры разы. Спадарыні Галіне аперавалі рак, яна назіраецца ў дактароў і пастаянна прымае лекі.

Але, нягледзячы на рэпрэсіі і стан здароўя, пенсіянерка (шчыра кажучы, язык не паварочваецца так называць гэтую элегантную і жыццярадасную жанчыну) працягвае насіць белае з чырвоным, ходзіць на судовыя пасяджэнні і не сумняваецца, што перамога абавязкова будзе.

«З прыходам Лукашэнкі не адчула розніцы паміж савецкім ладам і дэмакратыяй»

Галіна Гулянкова не пагаджаецца з тым, што пенсіянеры заўжды былі лаяльныя да Лукашэнкі.

— Даволі даўно існавала пэўная група пенсіянераў, якіх не задавальняла гэтая ўлада. Проста аб’яднацца яны ніяк не маглі. А цяпер гэта адбылося дзякуючы найперш Інтэрнэту і нашым лідарам — тая ж Ніна Багінская, Ян Грыб. Пры гэтым у нас вельмі розныя катэгорыі пенсіянераў: і прафесары, і прыбіральшчыцы, і працоўныя — уяўляеце, які пласт людзей? Нас 5 000 чалавек у нашым пенсіянерскім чаце.


Спадарыня Галіна нарадзілася ў Мінску, але ў 3-гадовым узросце з’ехала, паколькі тата быў вайсковец. Вярнулася ў Беларусь яна ў 24 гады. Галіна з маладосці зразумела, што савецкая сістэма нічога добрага не нясе, бо там усё трымалася на страху. Яна ўзгадвае, як аднойчы ёй не дазволілі выйсці замуж за фіна.

— Мы пазнаёміліся ў 1981 годзе, тата тады служыў у Будапешце, займаў высокую пасаду, муж сястры з’ехаў працаваць на сяміпалацінскі палігон на сакрэтную працу. Мяне папярэдзілі, што фіны — гэта нашы страшныя ворагі, а паколькі я ведаю замежную мову, то магу стасавацца са шпіёнамі. Таму, калі я выйду замуж за фіна, страцяць працу і бацька, і муж сястры. Давялося адмовіцца ад сустрэч і замужжа. А ў маёй сяброўкі бацька служыў у КДБ. І ёй забаранілі са мной камунікаваць.

Галіна Гулянкова зазначае, што з прыходам Аляксандра Лукашэнкі яна не адчула розніцы паміж савецкім ладам і дэмакратыяй. Адзінае — у крамах сталі прадавацца прадукты, якіх раней не было.

— Я працавала на «Гарызонце», у нас заўжды былі разнарадкі — колькі ад кожнага аддзелу пойдзе людзей на дэманстрацыю. Нам давалі за іх прэміі альбо адгулы — гэта было пры савецкай уладзе і пазней. Гэта было так сорамна! Разумееце, цяпер мы ходзім самі (на акцыі пратэсту і салідарнасці. — НЧ), нам за гэта ніхто не плаціць, гэта покліч душы і гэта так радасна!

За палітычнай сітуацыяй спадарыня Галіна таксама пачала сачыць і нават удзельнічаць у ёй задоўга да 2020-га. Так, у 2010 годзе яна ўваходзіла ў штаб кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

— Я разумела, што ён не пераможа, але ён хоць нешта спрабаваў рабіць. Як кажуць, лепш зрабіць хоць маленькае нешта, чым вялікае нішто.

Не выходзіць з дому без лекаў, зубной шчоткі і пасты

Выходзячы на пратэсты, Галіна была гатовая да таго, што яна можа сутыкнуцца з рэпрэсіямі. Першым з арыштам сутыкнуўся яе сын, які 29 жніўня набыў у глуханямога бел-чырвона-белы сцяжок і проста паклаў яго ў кішэню. Але да яго падышлі пяцёра сілавікоў і забралі на 5 сутак, 4 з якіх ён адбыў на Акрэсціна і суткі — у Жодзіне.

— Першы раз, калі мяне ўзялі, быў самы страшны. Гэта быў жаночы марш 19 верасня. Нас адмыслова туды завялі, да «Айсберга» на Сурганава, хаця мы збіраліся ісці да Камароўкі. Але чамусьці павярнулі туды. А там — ужо аўтазакі. Адной дзяўчыне сказалі, што, калі яна не пойдзе, зламаюць руку, — узгадвае жанчына. — Мы ехалі ў аўтазаку і падтрымлівалі адна адну, асабліва жанчыны ва ўзросце. Многія дзяўчаты плакалі, бо ў памяці яшчэ былі жывыя сведчанні, як збівалі і катавалі ў аўтазаках. А потым нас прывезлі ў Заводскае РУУС, і там быў яшчэ адзін аўтазак. І мы, як у час вайны, крычалі адна адной цераз кратаваныя вокны: «Дзяўчаты, трымайцеся, мы з вамі, усё будзе добра!» Потым нас перавялі ў іншыя аўтазакі, дзе былі «стаканы». Мы ехалі ўчатырох у адным «стакане», разлічаным на двух чалавек.  


Жанчын прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, спадарыня Галіна зазначае, што там да затрыманых ставіліся карэктна. Таму яна не верыць, што Рамана Бандарэнку забілі там. Увечары Галіну Гулянкову выпусцілі без складання пратакола.

Але з тых часоў жанчына не выходзіць з дому без неабходных лекаў і зубной шчоткі з пастай. Нават на інтэрв’ю яна прыйшла з «трывожным наборам».

Другі раз Галіну затрымалі літаральна праз тыдзень, і тады ёй прысудзілі 20 базавых штрафу.

Трэцяе затрыманне адбылося 23 снежня, калі жанчыны сталага веку сабраліся ля Камароўскага рынка са сцягамі і транспарантамі і пайшлі маршам з патрабаваннем новых выбараў — бо напярэдадні Лукашэнка «паабяцаў», што яны будуць. Галіна Гулянкова трымала вялікі сцяг. Паводле яе слоў, чалавек, якому давалі па рацыі ўказанне затрымліваць, адказваў свайму камандаванню, што ўжо ўсе разыходзяцца — і браць няма каго. Але Галіну ў выніку давялося затрымаць, бо яна была са сцягам. Паколькі жанчыну да гэтага затрымлівалі ўжо двойчы, гэтым разам ёй прысудзілі 7 сутак арышту.

Наступнае затрыманне — у электрычцы з томікам Быкава, якім жанчына захапляецца і лічыць яго прарокам беларускага народа, — скончылася ўжо 20-сутачным арыштам. Паводле слоў суразмоўцы, яе абурыла не столькі затрыманне за чытанне беларускамоўнай кнігі і нават не сам тэрмін, які ёй прысудзілі, а тое, што «мы цяпер зусім бяспраўныя».


— На станцыі да мяне падышоў «рыбак», але ў яго была вельмі характэрная знешнасць. І ён мне кажа: «Пройдземце». Я не стала нават запытваць дакументы, бо зразумела, хто гэта, і прайшла ў бус. Але калі на судзе міліцыянер, якога я ўпершыню ўбачыла ў Партызанскім РУУСе, сцвярджаў, што яны мяне цягнулі ўдваіх, а я ўпіралася і аказвала супраціў, я прапанавала суддзі паглядзець запісы з відэакамер. Суддзя сказаў, што гэта неістотна, і я зразумела, што мы ўсе ў такім становішчы — той жа Бабарыка, які нічога не здзяйсняў, той жа Севярынец, тыя ж рабяты, якія прыходзілі на пачатак працэсаў і іх затрымалі. Мы ж нічога такога не зрабілі, каб здрадзіць Радзіме! Разумееце, нас жа вучылі не ілгаць. Я не ўяўляю, чаму гэта адбываецца і чаму ўвайшло ў норму. Я гэтаму міліцыянту так і сказала: «Як вы спіце? Гэта ж ілжэсведчанне!»

Лічылі дні і ночы да вызвалення — «як у гатэлі»

Спадарыня Галіна гаворыць, што перажыць 20 сутак у зняволенні для яе аказалася не так складана — найперш дзякуючы кампаніі ў камеры.

— Такія цудоўныя людзі, цвет нацыі! Я да сёй пары падтрымліваю з імі адносіны, мы сябруем, і я атрымліваю ад гэтага задавальненне, — распавядае Галіна Гулянкова пра сукамерніц. Да слова, у камеры на 6 месцаў было 11 жанчын, 66-гадовая спадарыня Галіна была найстарэйшай.


Суразмоўца распавядае пра ізалятар так, што на хвіліну можа скласціся ўражанне, нібыта там — казка наяве. Але насамрэч проста гэтая жанчына сама выпраменьвае святло і любоў і ва ўсіх жыццёвых абставінах стараецца знаходзіць нешта добрае. І знаходзіць — нават у турме.

— Наверсе ляжала жанчына ў такім прыгожым белым паўшубку, — працягвае распавядаць пра сукамерніц спадарыня Галіна. — Яны разам з мужам ставілі подпісы пад зваротам да свайго дэпутата аб тым, што трэба зрабіць у іх акрузе. Прыехаў бус і іх забраў: яна аказалася ў адной камеры, муж — у суседняй. На 8 Сакавіка ён намаляваў і даслаў ёй паштоўку. У іх прозвішча Зайцавы, і ён намаляваў такога прыгожага зайца з морквай і напісаў: «Зайцы заўжды побач».

Прыводзілі ў камеру і жанчын, якіх этапавалі ў ЛПП, яны вельмі дзівіліся, што ў «палітычных» не было падушак, матрасаў і пасцельнай бялізны. А яшчэ дзівіліся таму, што з імі дзяліліся ўсім тым, што перадавалі ў перадачах.

— Калі цвярозыя — гэта нармальныя жанчыны, з імі можна размаўляць. Яны распавядалі, якія жахлівыя ўмовы ў ЛПП. Адна жанчына сказала, што ў мінулы раз яна 8 месяцаў разам з іншымі жанчынамі грузіла бярвенні, гэта было вельмі цяжка.
  

Тады, у сакавіку, жанчынам яшчэ даходзілі некаторыя лісты, можна было чытаць, разгадваць крыжаванкі. Гэтым, а таксама пастаяннай прыборкай у камеры ды раўнюткім складаннем «бакалеі» з перадач на паліцах, і бавілі час. А потым — «як у гатэлі» — лічылі, колькі дзён і начэй засталося да вызвалення.

— Самае жахлівае — што ты замкнёны ў гэтай прасторы. Нас не выводзілі на вуліцу. Але чалавечы арганізм прывыкае да ўсяго. Нядаўна мы з сястрой ляцелі адпачываць, і ў нас быў вельмі нязручны рэйс: давялося ноччу 7 гадзін прасядзець у аэрапорце. Я лягла на крэсле (а на Акрэсціна я спала на падлозе), накрылася курткай і заснула. А сястра здолела толькі 20 хвілін паспаць.

«Тэлефануюць і кажуць — “расстраляйце”, “забярыце”, “знішчыце”»

Як мы прыйшлі да таго, што той жах, у якім жыве беларускае грамадства апошні год, стаў нормай? Галіна Гулянкова мяркуе, што сярод сілавікоў гэта было нормай заўжды, проста людзі пра гэта не ведалі і не адчувалі так моцна на сабе.


На думку спадарыні Галіны, заўжды існавала і працягвае існаваць частка людзей, якія не лічаць здзек, здраду, прыніжэнне і нават забойства ненармальным.

— Я з жахам узгадваю часы рэпрэсій. У мяне дзядуля па кудзелі быў рэпрэсаваны. А дзядуля па мячы паходзіў з Заходняй Беларусі, ніводнага сваяка з яго боку не засталося ў жывых, — гаворыць Галіна Гулянкова. — Мой дзед па маці, Грыцан Фёдар Яўгенавіч, быў узнагароджаны імянной шашкай ад Будзёнага. Ён быў камуністам, верыў у бальшавізм, у яго было чацвёра дзяцей. Але ў 1934 годзе па яго прыйшлі. Арыштавалі… Пазней мы даведаліся, што вельмі доўга катавалі, але ён не зламаўся — не паставіў ніводнага подпісу, не назваў ніводнага прозвішча. Таму яму не змаглі паставіць у віну ўдзел у злачыннай групе, далі 10 гадоў і адправілі будаваць Волга-Балт. Колькі людзей там загінула! Бо індустрыялізацыя адбывалася за кошт бясплатнай рабскай сілы. Я да сёй пары не магу Сталіну гэтага дараваць.

Засталіся дзве сястры, бабуля памерла. Як дзеці ворага народа яны не маглі хадзіць у школу, іх адзенне рвалі, выкідалі. Але ж нехта данёс? Значыць, такія людзі былі, яны і цяпер ёсць, і гэта ўхваляецца, — зазначае суразмоўца.


А вось яшчэ адна сямейная гісторыя спадарыні Галіны: яе тата, які ўсё жыццё марыў быць вайскоўцам, даслужыўшыся да звання капітана, аднойчы быў выкліканы ў асобы аддзел і атрымаў прапанову даносіць на таварышаў. Ён адмовіўся — і амаль 10 гадоў заставаўся капітанам, хаця многія за гэты час паспелі прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. Але ў выніку бацька ўсё роўна здолеў сысці з войска ў званні палкоўніка і пры гэтым не запляміць свой гонар.

— Ён дажыў да 90 гадоў. Дарэчы, як толькі ён бачыў па тэлебачанні Лукашэнку, адразу пераключаў — ён яго не прымаў, — зазначае Галіна Гулянкова.

І ў той жа час — нядаўні прыклад, калі падчас аднаго з восеньскіх маршаў пратэстоўцы пабеглі хавацца ад сілавікоў у пад’езд, але адтуль выйшла бабулька і «здала» ўсіх 25 чалавек.

— Колькі ні запытвалася сярод «нашых», ці змаглі б яны так паступіць у дачыненні да «ябацек», — усе гавораць, што не, — дзеліцца жанчына. — Міліцыянт, які ў снежні прыходзіў да мяне на «гутарку», бо яму трэба было «адрэагаваць», казаў: «Вы не ўяўляеце: нам тэлефануюць і такія рэчы кажуць — “расстраляйце”, “забярыце”, “знішчыце”». Як правіла, так робяць людзі неадукаваныя альбо хворыя. Бо калі ты сваю пазіцыю адстойваеш, гэта трэба рабіць з гонарам. Нармальныя людзі разумеюць, што ў краіне адбываюцца падзеі, для якіх прыйшоў час.

— Мне здаецца, што людзі, якія выпраменьваюць любоў, не могуць не перамагчы. Любоў і дабрыня ратуюць свет. Не пакаранні, не забойствы, а любоў, — перакананая спадарыня Галіна.


Яна распавядае, што бацькі ніколі не білі яе, не прыніжалі, жылі ў любові, таму яна не разумее, як можна здзекавацца з людзей, і не прымае гвалту.

Суразмоўца ўзгадвае эпізод, калі яна сядзела на Акрэсціна, усім прынеслі перадачы, а ёй — не. І ноччу яна плакала, думаючы, што здарылася, калі дзеці нічога ёй не перадалі. Але а сёмай раніцы нечакана ахоўнік выклікаў яе і перадаў перадачу — аказваецца, яе чамусьці адразу прынеслі ў ЦІП, хаця жанчына сядзела ў ІЧУ.

— І ў мяне так шчыра і адвольна вырвалася: «Дзякуй вам, які вы добры чалавек!» Гэты ахоўнік так збянтэжыўся, а потым усё запытваўся: «Дзяўчаты, можа, вам дабаўкі? Ці ёсць у вас асадкі?» Такі клопат — толькі за тое, што яму сказалі, што ён добры чалавек. Я лічу, што сярод іх шмат недалюбленых, я чула, як іх прыніжае кіраўніцтва. Пры мне прыніжалі іншага чалавека — і мне было непрыемна, я не магу гэтага пераносіць. Нельга прыніжаць людзей. Але што мы бачым з экранаў тэлевізараў?..

«Я не магу дараваць сабе, што забілі нашых рабят»

Апроч любові Галіне Гулянковай надае моцы яшчэ адна рэч: жанчына кажа, што не можа здрадзіць тым, хто загінуў і тым, хто сядзіць у турмах.

— Я не магу здрадзіць тым, хто загінуў і хто бязвінна сядзіць у турмах. Я сядзела ў турме, але ў мяне было святло напрыканцы тунеля, я ведала, што я выйду. Але калі я ведаю, што людзям даюць такія дзікія тэрміны, у якіх яны ўмовах утрымліваюцца — гэта дае мне моцы, бо я нясу за іх адказнасць.

Я не магу дараваць сабе, што забілі нашых рабят, і мы яшчэ не ведаем, колькі насамрэч. Я кладуся спаць з думкамі пра гэта — што людзей няма. І як мы можам здрадзіць іх памяці? Я думаю, што, калі я супакоюся, я буду пакутаваць, калі буду паміраць, — працягвае жанчына. — Рому Бандарэнку было столькі ж гадоў, колькі майму малодшаму сыну. Я не падзяляю дзяцей на сваіх і чужых. Калі я ўяўляю, якія пакуты пераносілі гэтыя хлопцы, у мяне ўнутры ўсё сціскаецца. Я не магу атрымліваць асалоду, ежа мне нясмачная. Я схуднела на сем кілаграмаў.


Жанчына прызнаецца, што не можа зразумець адну рэч: у чыноўнікаў ёсць дзеці, але чаму ў іх разуменні іх дзеці — гэта дарунак, які трэба берагчы, а з астатніх дзяцей можна здзекавацца?

— У мяне перад вачыма дзяўчына, якая пабыла з намі ў камеры літаральна паўгадзіны, Насця. У яе нехта сядзеў на «Валадарцы», і ў дзень, калі яе затрымалі, павінен быў быць суд. Насця перажывала, што яе сябар на судзе яе не пабачыць. Яна паспрабавала напісаць яму запіску, каб перадаць праз таго, хто выходзіў, але там жа паўсюль камеры, гэта ўбачылі і не далі ёй гэтага зрабіць. А потым яе перавялі ў карцар, дзе яна правяла 8 сутак, — з болем узгадвае суразмоўца.

Трэба працягваць быць салідарнымі

Нягледзячы ні на што ў жанчыны не згасае вера, што дабро перамагае. За сваё жыццё яна не раз пераканалася: любому чалавеку, які ідзе супраць сумлення, гэта вяртаецца.

Спадарыня Галіна лічыць, што нам варта працягваць быць салідарнымі: падтрымліваць палітвязняў, пісаць ім, пераводзіць грошы, хадзіць на суды. Яна на сабе зведала, наколькі важная падтрымка ад знаёмых і незнаёмых людзей. Яшчэ калі затрымалі яе сына, на дапамогу прыйшлі валанцёры. Потым, сама знаходзячыся ў зняволенні, спадарыня Галіна змагла атрымаць некаторыя лісты ад тых, хто яе падтрымліваў, хоць далёка не ўсе. Затое калі жанчына вярнулася дадому, яе паштовая скрыня была літаральна заваленая лістамі салідарнасці, у тым ліку з-за мяжы. На жаль, некаторыя з іх былі ўскрытыя па патрабаванні мытні, і пры гэтым мытнікі пашкодзілі месцы, дзе былі напісаныя зваротныя адрасы. Таму некаторым адрасатам жанчына не змагла даслаць адказы.


Сама спадарыня Галіна таксама ўдзельнічае ў розных кампаніях салідарнасці. Сярод іншага, жанчына рэгулярна наведвае працэс над Віктарам Бабарыкам. Яна гаворыць, што пакуль там прысутнічаць досыць цяжка, бо на пасяджэннях зачытваюць пералік усяго, што рабіў банк.

— Але Віктар Дзмітрыевіч вельмі сабраны, вельмі прыязны, ён нам усміхаецца, мы паказваем яму сэрцайкі. Ён не зламаны. У мяне няма адчування адчаю ад працэсу, бо я ведаю, што гэта ўсё — няпраўда.

Сёння, 8 чэрвеня, спадарыня Галіна адзначае дзень народзінаў! Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе яе і шчыра зычыць шчасця, моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця ў вольнай і незалежнай Беларусі!

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: