Маці ўсіх папулістаў

Сто гадоў таму нарадзілася Эва Перон, першая ледзі Аргенціны, другая жонка 29-га і 41-га прэзідэнта Хуана Перона. У народзе яе называлі Эвіта, і яна была піянеркай і абсалютным рэкардсменам жанру палітычнага папулізму.

Нараджэнне ў правінцыі ад незаконнага шлюбу пасудамыйкі і фермера, які, дарэчы, не прызнаў бацькоўства. Беднае дзяцінства. Уцёкі ў сталіцу ў 15 гадоў. Праца мадэллю і афіцыянткай, здымкі для эратычных паштовак і ў эпізадычных ролях у кіно. Такія былі першыя старонкі біяграфіі Эвы Перон. Усе змянілася ў 1943-м, калі на нейкім прыёме яна (на той момант супрацоўнік радыё) падышла да палкоўніка Перона і сказала адну фразу: «Дзякуй, палкоўнік, за тое, што вы існуеце». Пасля гэтага яна не пакідала яго ўжо ніколі.
Эва ў 15 і ў 20 гадоў


Для самога Хуана Перона, які хутка стаў віцэ-прэзідэнтам, растанне з Эвітай было б катастрофай. Не толькі таму, што яна неўзабаве пераканае прафсаюзы дамагчыся вызвалення Перона, якога арыштавалі мяцежныя афіцэры. Яна згуляе важную ролю ў перамозе палкоўніка на прэзідэнцкіх выбарах 1946-га. Як раз на Эвіце будзе трымацца ўвесь палітычны рэжым пераністаў. Яна прыдумала, напэўна, самую арыгінальную формулу падтрымкі лаяльнасці ў народзе на адрас аўтарытарнай адміністрацыі.
Прэзідэнт Аргентыны Хуан Перон і Эвіта Дуартэ

Прэзідэнт Аргентыны Хуан Перон і Эвіта Дуартэ

Арыгінальнасць гэтай мадэлі ўжо ў тым, што сама Эвіта як бы не была фармальным кіраўніком краіны. Самым разумным і галоўным усё роўна лічыўся Хуан Перон. Эве ў існуючай сістэме адводзілася незвычайная функцыя забеспячэння шчыльнай эмацыйнай сувязі паміж лідарам і масамі.

Некаторыя лічаць, што ў гэтым ёй дапамагаў радыкальны дэмакратычны стыль. Для кожнага аргенцінца яна была «сваёй». Лёгка, без усялякіх фармальнасцяў, знаходзіла душэўны кантакт з кожным чалавекам, перш за ўсё з працоўнымі і кабетамі. Апошнія, у сваю чаргу, надзялялі яе такімі эпітэтамі як «сцяг прыгнечаных масаў», «надзея і вартаўнік рэвалюцыі», «маці справядлівасці».

Многія бачаць сакрэт папулярнасці Эвы Перон у наяўнасці шэрагу якасцяў. Маладосць, прыгажосць і энергія Эвіты нікога не пакідалі абыякавым. І нават яе шыкоўныя строі ад Дзіора, дэманстратыўнае багацце і высокае становішча не выклікалі зайздрасці і непрыязнасці. Наадварот, яе поспех парадаксальна ўвасабляў надзею на змены да лепшага для ўсіх простых аргенцінцаў.


Апошні пазл у сакрэт папулярнасці Эвіты — сацыялка. За яе адказваў фонд «Эва Перон», які надаваў дапамогу бедным шэрагам насельніцтва, не ахопленым дзяржпадтрымкай. Фонд, паводле статуту, афіцыйна існаваў на добраахвотныя ахвяраванні. Аднак «добраахвотныя» трэба пісаць у двукоссі. Тых бізнесменаў, хто не хацеў дзяліцца, проста «раскулачвалі». Сродкі фонду складаліся і ад адлічэнняў ад правядзення нацыянальнай латарэі, даходаў казіно, прафсаюзаў.


Да 1952 года гадавы бюджэт фонду ўзрос да $500 млн, што дазволіла праводзіць мерапрыемствы на нацыянальным узроўні. Вялося шырокае будаўніцтва пачатковых школ і жылля для працоўных. У спартыўныя секцыі было ўцягнута паўмільёна дзяцей. У дні калядных святаў маленькім аргентынцам раздавалася некалькі мільёнаў падарункаў. Фонд фінансаваў школьны турызм і экскурсіі, летні адпачынак школьнікаў, спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы (напрыклад, бясплатнае наведванне футбольных матчаў для дзяцей, маладзейшых за 12 гадоў), бясплатныя футбольныя секцыі, санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы ў школах і гэтак далей.


Усе тыя бонусы выклікалі ў народзе асацыяцыю выключна з Эвітай. Хоць у фондзе працавалі прыкладна 70 тысяч штатных і пазаштатных работнікаў, Эвіта некалькі разоў на тыдзень праводзіла асабісты прыём грамадзян. Яна таксама ездзіла па краіне, уласнаручна раздаючы кватэры, стыпендыі, прадукты, грошы, цацкі. Прычым кватэры, якія яна падаравала, яна тут жа абстаўляла мэбляй.

У выніку яна дамаглася, чаго хацела. Ужо пры жыцці яе пачалі ўшаноўваць як амаль святую, распавядаючы самыя дзіўныя казкі. Нібыта ў дзяцінстве па неасцярожнасці маленькая Эва выліла на твар і рукі кацёл з кіпячым алеем. Лекары баяліся, што застануцца жахлівыя раны, але калі бінты знялі, на белай скуры Эвы Дуартэ не засталося ніводнага рубца.

Апазіцыя спрабавала разбурыць культ Эвы, кажучы пра непразрыстасць фінансавых схем фонду Перон. Маўляў, большая частка сродкаў фонду ідзе на асабістыя рахункі яе старшыні. Звярталі ўвагу на дзікія прыклады карупцыі: сваякі Эвы атрымалі прыбытковыя пасады — брат Хуан стаў асабістым сакратаром Перона, а супругі сясцёр, адпаведна, сенатарам, старшынёй Вярхоўнага суда і дырэктарам Цэнтральнай мытні. Нарэшце, скарыстоўваўся самы забойны кампрамат — порначасопісы з пікантнымі фота маладой Эвы. Аднак КПД такой прапаганды заставаўся нізкім.

Яшчэ большую вядомасць здабыла Эвіта пасля смерці. У гісторыі ХХ стагоддзя дакладна не было такога маштабнага развітання з палітычным лідарам. На пахаванне 33-гадовай Перон у 1952-м прыйшлі мільёны. У краіне абвясцілі жалобу, што цягнулася 39 (!) дзён, на тры дні была спыненая праца прадпрыемстваў. Людзі душыліся ў чэргах да труны памерлай. Звычайнай з’явай сталі спробы самагубства на глебе пачуцця глыбокай страты. Па ўсёй краіне тысячы аргентынцаў бачылі твар Эвы на небе.

Буэнос-Айрэс. Партрэт Эвіты Перон усталяван на будынку міністэрства сацыяльнай абароны і развіцця.

Буэнос-Айрэс. Партрэт Эвіты Перон усталяван на будынку міністэрства сацыяльнай абароны і развіцця.



Падобныя сцэны развітання з правадырамі або кумірамі назіраліся і раней (напрыклад, у ходзе пахавання Леніна). Будуць яны назірацца і пазней (пахаванне прынцэсы Дзіяны). Аднак калектыўны шок аргентынцаў на смерць Эвіты Перон і яго наступствы пакуль не маюць сабе роўных.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!