Мечыслаў Грыб: бацька няўдалай беларускай дэмакратыі

Гэты год апынуўся багатым на юбілеі айчынных вядомых асобаў, былых дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў. Імя наступнага нашага героя не мае патрэбы ў асобым прадстаўленні. Ён падпісаў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі, стаў другім кіраўніком нашай краіны. 


Сваё захапленне гэтым чалавекам публічна не хаваў народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Ягоны доўгі жыццёвы шлях, канешне, не абыйшоўся без памылак, аднак на асабістым рахунку больш добрых спраў. Дастаткова ўспомніць затрыманне аднаго з самых жорсткіх савецкіх серыйных забойцаў Генадзя Міхасевіча, які на працягу 14 гадоў тэрарызаваў Віцебшчыну.


25 верасня святкуе сваё 80-годдзе Мечыслаў Іванавіч Грыб.

З міліцыянераў у парламентарыі

Калі ў сакавіку 1990 года ў рэспубліцы адбыліся выбары ў Вярхоўны Савета 12 склікання, то сярод дэпутатаў фігуравала імя Мечыслава Іванавіча Грыба. На той момант Грыб займаў даволі высокую пасаду — начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама. Па Віцебскай-Савецкай выбарчай акрузе №178 Грыб змагаўся за дэпутацкі мандат ажно з адзінацаццю кандыдатамі. Некаторыя супернікі былі даволі моцныя: дастаткова, напрыклад, прыгадаць рэктара Віцебскага медыцынскага інстытута (цікава, што па гэтай жа акрузе была зарэгістравана кандыдатура непасрэднага падначаленага рэктара — асістэнта адной з кафедр інстытута). 

4 сакавіка 1990 года з 22314 выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні, Грыба падтрымалі 3791. У другі тур, які адбыўся 14 сакавіка 1990 года, Грыб выйшаў не з вялікім начальнікам, а са сціплым археолагам, супрацоўнікам абласнога аддзялення «Белспецпраектрэстаўрацыя» Ігарам Цішковым, які набраў 3753 галасы. У выніку большасць прагаласавала за чалавека, які ў ліку іншых супрацоўнікаў праваахоўных органаў паставіў крыж на крывавых справах Міхасевіча.

Старшыня камісіі

Калі ў Вярхоўным Савеце 12 склікання была створана пастаянная камісія па законнасці, правапарадку і барацьбе са злачыннасцю, то лепшай кандыдатуры, чым Грыб, было не знайсці. 7 чэрвеня 1990 года дэпутат Аляксандр Лукашэнка заявіў: «В первую очередь мы должны обсудить личность товарища Гриба Мечислава Ивановича. Зная все нюансы, я преклоняюсь перед этим человеком». У гэты ж дзень дэпутаты большасцю галасоў зацвердзілі Грыба на пасадзе старшыні камісіі (18 чэрвеня 1991 года камісія была ператворана ў камісію па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю). У склад камісіі ўвайшлі 15 чалавек — прафесіяналы сваёй справы, у тым ліку і былы міністр унутраных спраў Віктар Піскароў.

Праз шмат гадоў у сваіх мемуарах пад назвай «Белорусский мост», выдадзеных у расійскіх Вялікіх Луках, Грыб сцвярждаў, што ягоная кандыдатура сур’ёзна разглядалася на пасаду намесніка старшыні Вярхоўнага Савета, аднак туды прарваўся намеснік пракурора Гомельскай вобласці Васіль Шаладонаў. 

Камісія Грыба ўдзельнічала ў распрацоўцы, экспертных абмеркаваннях усіх профільных законапраектаў. Так, 26 лютага 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання прыняў закон «Аб міліцыі ў Беларускай ССР». Важнасць дадзенага нарматыўнага прававога акта падкрэслівалася яшчэ і тым, што да гэтага дзейнасць беларускай міліцыі, у тым ліку і ў сферы барацьбы са злачыннасцю, рэгулявалася выключна агульнасаюзным заканадаўствам. З прыняццем гэтага закона ў беларускіх праваахоўнікаў істотна пашырылася поле для манеўру, праявы большай ініцыятывы барацьбы са злачыннасцю, яе прафілактыцы. Закон прымаўся ў абстаноўцы вострых дыскусій, асабліва ў той частцы, дзе гаворка ішла менавіта аб правах міліцыянтаў. Спрэчкі вяліся і пра назву закона. Ужо тады ў Вярхоўным Савеце была прапанавана альтэрнатыўная назва «паліцыя», якая, зрэшты, была адкінута большасцю парламентарыяў.

24 красавіка 1992 года дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання прыступілі да абмеркавання законапраекта «Аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю». У законапраекце ўпершыню былі дадзены спробы даць комплексныя вызначэнні карупцыі і арганізаванай злачыннасці, размежаваць гэтыя паняцці. З-за рознагалоссяў дэпутатаў гэты законапраект не быў зацверджаны, яго адправілі на дапрацоўку. Cупраць законапраекта ў такім выглядзе выступіў непасрэдна Грыб, які назваў законапраект «винегретом», зробленым з Крымінальнага кодэкса і Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У некалькі змененым выглядзе гэты законапраект пад назвай «Аб барацьбе з злачыннасцю ў сферы эканомікі і карупцыяй» Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў 15 чэрвеня 1993 года.

Разам з большасцю

Як старшыня пастаяннай камісіі і член Прэзідыума, Мечыслаў Іванавіч, безумоўна, быў у шэрагах т.зв. парламенцкай большасці, якая выступала за захаванне старога сацыяльна-эканамічнага ладу. У сакавіку 1992 года гэтая большасць інстытуцыяналізавалася ў шматлікую дэпутацкую групоўку «Беларусь», якая актыўна адстойвала палітыку тагачаснага старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча. У Вярхоўным Савеце «Беларусь» актыўна змагалася з апазіцыяй БНФ. Сам Грыб асабіста ніколі не сімпатызаваў БНФ. У ліпені 1990 года ён, напрыклад, выступіў супраць афіцыйнай рэгістрацыі Фронта: маўляў, БНФ выкарыстоўвае незарэгістраваную сімволіку.


Мечыслаў Грыб і Вячаслаў Кебіч, 1994 год, gazetaby.com 

Таму ўсе рашэнні, якія ініцыявала парламенцкая большасць, Грыб павінен быў падтрымліваць у сілу свайго становішча. Так, 3 лютага 1993 года Грыб прагаласаваў за адмену пастановы Вярхоўнага Савета ад 25 жніўня 1991 года аб часовай забароне дзейнасці КПСС-КПБ у Беларусі, стаўшы такім чынам аднім з «чырвоных рэаніматараў».

Чытайце таксама:

Чырвоныя рэаніматары

Канстытуцыя

Мечыслаў Грыб стаў актыўным членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета. З ліпеня 1990 года камісія пачала працу над новым праектам Асноўнага Закона. У Нацыянальным архіве захаваліся прапановы Мечыслава Іванавіча. Ён выказваўся за моцную прэзідэнцкую ўладу, аднак супраць таго, каб паўнамоцтвы прэзідэнта ў выпадку непрадбачных абставінаў пераходзілі да кіраўніка парламента. Грыб быў, бадай, адзіным, хто прапанаваў увесці пасаду віцэ-прэзідэнта. 

Мечыслаў Іванавіч рашуча выступіў супраць суда прысяжных для разгляду крымінальных спраў. Вось што казаў Грыб на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета 27 мая 1993 года на паартыкульным абмеркаванні канстытуцыйнага праекта: «В этом нет необходимости, ведь присяжные это не юристы, а уголовные дела — сложные. Зачем нам идти в девятнадцатый век и тянуть за уши то, что не соответствует действительности?»

Калі Мечыслаў Грыб стаў на чале Вярхоўнага Савета, то ўзначаліў і Канстытуцыйную камісію і стаў актыўна прасоўваць ідэю новай Канстытуцыі. На паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета 22 лютага 1994 года Грыб ультыматыўна заявіў, што калі парламент не зацвердзіць новую Канстытуцыю, то ён вымушаны будзе пайсці на рэферэндум.

Як вядома, рэферэндум не спатрэбіўся, бо Канстытуцыя была зацверджана Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 года. Грыб шчыра не хаваў сваёй радасці з гэтай нагоды, аднак гістарычную рацыю мела апазіцыя БНФ. 15 сакавіка 1994 года яе прадстаўнік Сяргей Навумчык заявіў, што Канстытуцыя — бомба, якая рана ці позна ўзарве грамадства. І сапраўды: супярэчнасці і недасканаласці новага Асноўнага Закона абумовілі ў краіне рэжым асабістай улады аднаго чалавека амаль на чвэрць стагоддзя.

Канфлікт з Лукашэнкам

Ён пачаўся тады, калі Лукашэнка 4 чэрвеня 1993 года заняў пасаду старшыні часовай камісіі парламента па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання. Грыб увогуле выступаў супраць такой камісіі: навошта, калі маецца пастаянная камісія Вярхоўнага Савета.

Канфлікт абвастрыўся, калі Лукашэнка ў спецыяльным дакладзе 14 снежня 1993 года моцна зачапіў малую радзіму Грыба — Гарадзеншчыну, назваўшы яе самай карумпаванай. Адмоўную рэакцыю Грыба выклікала тое, што Лукашэнка безапеляцыйна абвінавачваў нябожчыка, былога Гродзенскага губернатара Дзмітрыя Арцыменю і ягонага былога намесніка Мечыслава Гіруця.

Новы віток меў месца падчас першых прэзідэнцкіх выбараў. 17 мая 1994 года Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю «Беларускай маладзёжнай» і «БелаПАН» заявіў, што Грыб — злодзей і мае кантакты з нейкім Баданавым Амангельды Арэнтабекавічам. Па словах Лукашэнкі, Баданаў «вынашивает террористические планы, связан с чеченскими боевиками в Москве, имел контакты с Лисничуком (вядомы бізнесмен, былы старшыня Заслаўскага гарвыканкама; забіты ў Мінску ў маі 1993 года — Аўт.)».

27 мая 1994 года Грыб накіраваў Генеральнаму пракурору Васілю Шаладонову заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы. Аднак канфлікт удалося пагасіць. 22 лютага 1995 года Міхаіл Удавікоў — старшыня часовай камісіі па праверцы выкарыстання матэрыялаў аператыўна-вышуковай дзейнасці ў СМІ — заявіў, што інфармацыя Лукашэнкі «была необъективной и мягко говоря, досконально непроверенной». 

Узначаліўшы Вярхоўны Савет, Мечыслаў Грыб прыклаў усе намаганні, каб спыніць дзейнасць камісіі Лукашэнкі. У пачатку красавіка 1994 года Грыб афіцыйна заявіў, што камісія выканала сваю задачу. Гэта выклікала гнеў Лукашэнкі, які патрабаваў не толькі працягнуць дзейнасць камісіі, але надаць ёй пастаянны статус і больш істотныя паўнамоцтвы. На нечарговай чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета ў канцы красавіка 1994 года Лукашэнка заявіў, што «Мечислав Иванович погорячился», і заклікаў старшыню Вярхоўнага Савета аднавіць дзейнасць камісіі. Грыб адмовіўся, а Лукашэнка гэта запомніў назаўсёды.

На чале Вярхоўнага Савета

Мечыслаў Грыб быў абраны на гэтую пасаду большасцю дэпутатаў 28 студзеня 1994 года. За два дні да гэтага быў адкліканы Станіслаў Шушкевіч. Яшчэ раней на пасаду старшыні парламента разглядалі кандыдатуру гродзенскага губернатара Дзмітрыя Арцымені, аднак 20 верасня 1993 года ён загінуў ад рук кілера.

Апазіцыя БНФ абвясціла вылучэнне генерал-лейтэнанта Грыба (званне атрымаў у 1993 годзе) як спробу паўзучага дзяржаўнага перавароту. Так, Аляксандр Шут лічыў, што не трэба на чале краіны ставіць генерала.

Аднак парламенцкая большасць была няўмольная. Іншыя кандыдаты (Міхаіл Марыніч і Віктар Ганчар) не сумелі скласці сур’ёзную альтэрнатыву Грыбу. У сваёй першай прамове ў якасці старшыні вышэйшага заканадаўчага і прадстаўнічага органа Грыб заявіў, што настаў час вырашыць, што нам патрэбна: прэзідэнцкая ці парламенцкая рэспубліка. Цікава, што свой выступ Грыб зрабіў на беларускай мове, але нечакана скончыў на рускай: «Большое спасибо, дорогие товарищи!». 

Гэта было негатыўна сустрэта апазіцыяй БНФ, а фактычны орган БНФ — «Свабода» Ігара Герменчука пачала «мякка» крытыкаваць новага старшыню: маўляў, ён нават меў дачыненне да «псіхалагічнага тэрору».

Мог бы стаць выконваючым абавязкі прэзідэнта

І гэта сапраўды так. 23 чэрвеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка на першых прэзідэнцкіх выбараў набраў крыху больш за 44% галасоў і выйшаў з галоўным супернікам Кебічам (17%) у другі тур. Неўзабаве папаўзлі плёткі, што Кебіч можа зняць сваю кандыдатуру і выбары будуць прызнаны несапраўднымі. У такім выпадку, паводле тагачаснага заканадаўства, новая кампанія павінна была быць праведзена на працягу трох месяцаў, а выконваючым абавязкі прэзідэнта станавіўся кіраўнік парламента.

Па спіралі

Аднак цуд не здарыўся, а Лукашэнка заняў пасаду прэзідэнта. Мечыслаў Іванавіч, напэўна, са здзіўленнем назіраў, як чалавек, які ўзначальваў сярэдні правінцыяльны саўгас, пачаў хутка пашыраць свае паўнамоцтвы і нават наступаць на парламент. Але Лукашэнка яшчэ быў не настолькі моцны, каб дыктаваць свае ўмовы. Так, у канцы верасня 1994 года дэпутаты катэгарычна адмовіліся даць Лукашэнку надзвычайныя правы па зацвярджэнні ўказаў у эканамічнай сферы.

Лукашэнку, безумоўна, раззлавала адмова Грыба выключыць з парадку дня шаснаццатай сесіі Вярхоўнага Савета антыкарупцыйны даклад Сяргея Антончыка. Сам Лукашэнка 9 снежня 1994 года накіраваў на імя Грыба адмысловы ліст. І хаця даклад Антончыка (20 снежня 1994 года) не быў апублікаваны ў галоўных газетах, ён папсаваў шмат нерваў Лукашэнку і ягонаму бліжэйшаму атачэнню.


Чытайце таксама:


2 лютага 1995 года ў спецыяльнай прамове Грыб заявіў, што Вярхоўны Савет зазнае правакацыйныя выкіды з боку прэзідэнцкіх структураў. Але рашучы наступ на Вярхоўны Савет Лукашэнка павёў пасля правалу парламенцкіх выбараў і ўдалага рэферэндуму (май 1995 года). Лукашэнка ўсяляк аказваў ціск на дэпутаў, заклікаў іх да самароспуску, бо, маўляў, пяцігадовы тэрмін дзейнасці Вярхоўнага Савета скончыўся, прымаў антыканстытуцыйныя ўказы аб скасаванні дэпутацкай недатыкальнасці і г.д. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка, выступаючы перад ветэранамі, заявіў, што «Грыб развіваецца па спіралі і прасунуўся ад камуніста да нацыянал-радыкала».

Аднак дэпутаты трымаліся і даказвалі, што «стары» Вярхоўны Савет будзе дзейнічаць да абрання новага. Па запыце Грыба 11 кастрычніка 1995 года Канстытуцыйны Суд падцвердзіў легітымнасць Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Тады Лукашэнка вырашыў абрубіць парламентарыям кіпцюры. З «дапамогай» міністра фінансаў Паўла Дзіка фінансаванне парламента было фактычна спынена. У снежні 1994 года Грыб накіраваў заяву Генеральнаму пракурору Васілю Капітану аб прыцягненні Дзіка да адказнасці. 

Адначасова Лукашэнка зачыніў Грыбу шлях да дзяржаўных СМІ. У выніку ў снежні 1995 года Грыб звяртаўся на расійскае дзяржаўнае тэлебачанне. 

Дарэчы, Мечыслаў Грыб толькі ў верасні-кастрычніку 1995 года накіраваў у Канстытуцыйны Суд некалькі запытаў аб незаконных прызначэннях Лукашэнкам Генпракурора, міністра абароны, міністра ўнутраных спраў і інш.

Што было б, калі…

Гісторыя не трывае ўмоўнага ладу. Можна ўявіць, што самай непрыемнай старонкай у жыцці Грыба з’яўляецца збіццё і гвалтоўная эвакуацыя (у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года) з Вярхоўнага Савета дэпутатаў ад апазіцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку супраць лукашэнкавага рэферэндуму. Што было б, калі б Мечыслаў Іванавіч павёў сябе больш рашуча? Ці пайшла б наша гісторыя ў іншы бок? Вось што казаў лідар парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк на пасяджэнні нечарговай сямнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 14 чэрвеня 1995 года:

«Тое, што зрабіў прэзідэнт, гэта ўжо пытанне не толькі парушэння Канстытуцыі, гэта пытанне Крымінальнага кодэкса. I заведзена крымінальная справа. I ёй не будзе тэрміну даўнасці. Да яе вернуцца, колькі б часу ні прайшло, бо гэта дзяржаўны пераварот. Я лічу, Мечыслаў Іванавіч, што трэба, каб сабраўся Прэзідыум (Канстытуцыя вас абавязвае), распрацаваў план дзеяння для Вярхоўнага Савета, для тых дэпутатаў, якія на пастаяннай аснове. Павінен ажыццяўляцца кантроль над выкананнем Канстытуцыі і законаў, вы павінны выконваць свае функцыі. Інакш вы, Мечыслаў Іванавіч, і тыя, хто вас будуць падтрымліваць, будзеце расчышчаць шлях для дыктатуры на Беларусі. Вы не выказаліся пасля таго, як 12 красавіка збілі дэпутатаў. I вы прадаўжаеце гэту палітыку па сённяшні дзень. Я баюся, што вы будзеце адказваць за гэта разам з прэзідэнтам. Таму я яшчэ раз заклікаю вас і Вярхоўны Савет выконваць законы і свае канстытуцыйныя абавязкі».

У сваіх мемуарах Грыб абмінае гэтую старонку і толькі гаворыць пра тое, што павінен быў праводзіць лінію большасці.

І зноў у парламенце

Насуперак жаданням Лукашэнкі Вярхоўны Савет новага, 13 склікання быў усё ж абраны ў лістападзе-снежні 1995 года. У складанай барацьбе Мечыслаў Грыб атрымаў запаветны дэпутацкі мандат. Ён вырашыў паспытаць шчасця і зноў узначаліць парламент. Кандыдатура Грыба была вылучана маладым дэпутатам Паўлам Знаўцам. Знавец назваў Грыба «убеждённым державником». Але ж Вярхоўны Савет быў ужо не той. Кандыдатуру Грыба падтрымалі толькі 18 дэпутатаў. 

Мечыслаў Іванавіч не крыўдзіўся. У Вярхоўным Савеце ён увайшоў у склад пастаяннай камісіі па міжнародных справах Пятра Краўчанкі і ўступіў у сацыял-дэмакратычную фракцыю «Саюз працы». 

У апошнім Вярхоўным Савеце Грыб стаў адным з самых паслядоўных крытыкаў беларускага прэзідэнта, падтрымліваў Віктара Ганчара і інш. У маі 1996 года Грыб стаў старшынёй часовай камісіі па расследванні абставінаў затрымання 26 красавіка 1996 года дэпутата Паўла Знаўца (быў вызвалены на наступны дзень). Аднак камісія так нічога не выявіла.

Мечыслаў Грыб рашуча выступіў супраць новага рэферэндуму Лукашэнкі па пытанні зацвярджэння новай рэдакцыі Канстытуцыі, паводле якой кіраўнік дзяржавы атрымоваў неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Пасля рэфэндуму Грыб вымушаны быў пакінуць афіцыйную палітыку і зазнаць усе любаты рэжыму: маральны ціск, выгнанне з выкладчыцкай працы, маленькая пенсія і г.д. 

Неўзабаве пасля свайго абрання на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета 12 склікання Мечыслаў Грыб з аптымізмам заявіў пра тое, што мы будзем будаваць справядлівае грамадства. Якое грамадства пабудавана зараз? Ці гэта віна Грыба? Ці гэта віна ўсіх нас?

Прыклад Мечыслава Іванавіча Грыба — гэта прыклад таго, што заўсёды трэба ісці на рашучыя дзеянні, каб не плаціць занадта высокі кошт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!