Меліта Станюта: “Амбіцыйнасць, цярплівасць, настойлівасць — тры складнікі поспеху”

Меліта Станюта, праўнучка выбітнай беларускай актрысы тэатра і кіно Стэфаніі Станюты, не стала здавольвацца славай знакамітай прабабулі. Сваёй працай і настойлівасцю яна зрабіла сабе імя на іншай, не менш славутай ніве — беларускай і сусветнай мастацкай гімнастыцы.



Меліта Станюта


На чарговых выступах, якія праходзілі ў Італіі, Меліта сабрала цэлы ўраджай узнагарод вышэйшай пробы. Заваяваўшы 4 залатыя і 1 срэбраны медалі, беларуская гімнастка ўзнялася на першы радок сусветнага рэйтынгу ў індывідуальным шматбор’і.

TBW.BY сустрэлася са спартсменкай, каб даведацца, што яна адчувае з гэтай нагоды і якія яе далейшыя мэты.

— Меліта, падзяліцеся вашымі ўражаннямі ад спаборніцтваў, якія нядаўна завяршыліся ў Італіі.

— Выступаць у Італіі для мяне заўсёды прыемна. Італьянцы вельмі любяць мастацкую гімнастыку і ўсё, што з ёй звязана. Ды што казаць, калі на вуліцах італьянскіх гарадоў мяне пазнаюць даволі часта, а ў Мінску — толькі часам. Настрой, які зыходзіць ад італьянскіх гледачоў з трыбунаў падчас выступу, зараджае неверагодна!

Апошні этап Кубку свету праходзіў у Пезара. Гэта невялікі курортны гарадок, у 10 хвілінах язды ад якога, дарэчы, я праводзіла свой апошні адпачынак.

Варта адзначыць, што ў Італіі я выступаю даволі часта і вяртаюся адтуль з медалём не ўпершыню, але вось на верхнюю прыступку п’едэсталу на спаборніцтвах у гэтай краіне дагэтуль не ўздымалася яшчэ ні разу.

— І як гэта ўсведамляць, што ты з’яўляешся лепшай у свеце ў самай прэстыжнай з дысцыплін — індывідуальным шматбор’і?

— Прызнацца, ніколі не сачу за рэйтынгам, таму асаблівых эмоцый з гэтай нагоды не адчуваю. Прыемна, вядома, але зараз не час спачываць на лаўрах. Спаборніцкі сезон у самым разгары, а значыцца, неабходна засяродзіцца на новых выступах, а не цешыцца прамежкавым вынікам.

— Ці адчуваеце падвышаны інтарэс з боку процілеглага полу ў сувязі з апошнімі спартыўнымі дасягненнямі?

— Спадзяюся, я не вельмі здзіўлю вас, калі скажу, што гімнасткі не вельмі распешчаныя мужчынскай увагай. У нас вельмі насычаны графік: трэніроўкі, пералёты, спаборніцтвы … Такое, ведаеце, не да душы нават самым упёртым кавалерам. Думаю, мае цяперашнія дасягненні ніяк не паўплываюць на такое становішча спраў, і чарга паклоннікаў да мяне ў бліжэйшы час наўрад ці з’явіцца.

 

— Ваш ідэальны мужчына, які ён?

— Я не буду апісваць рысы яго характару, бо мае назіранні паказваюць, што ў выніку ты можаш звязаць сваё жыццё з чалавекам абсалютна процілеглым твайму ўяўнаму ідэалу. Я толькі хачу, каб побач з мужчынам я магла дазволіць сабе быць жанчынай: часам кволай, часам нелагічнай, часам капрызнай… І адчуваць яго ахову заўсёды і пры любых абставінах.

Калі казаць пра знешні выгляд, то колер вачэй і валасоў майго будучага абранніка не грае для мяне такога значэння, як ягоны рост. Я далёка не Дзюймовачка, мой рост складае 173 сантыметраў, да таго ж я люблю абутак на высокіх абцасах. Хочацца, каб, як мінімум, мой абраннік быў не ніжэйшы за мяне, а ў ідэале — на галаву вышэй.

— Распавядзіце, як звычайна праходзіць ваш дзень.

— Як правіла, я прачынаюся а палове восьмай раніцы і адразу ж адпраўляюся ў трэніравальную залу. Першая трэніроўка пачынаецца а палове дзевятай і доўжыцца чатыры гадзіны, затым настае перапынак. У чатыры гадзіны я зноўку з’яўляюся ў залі і трэніруюся да а восьмай вечара. Такі мой рэжым з панядзелка па пятніцу. У суботу адна трэніроўка, а нядзеля — адзіны выходны. Самі разумееце, з такім графікам асабліва не засвавольнічаеш: вольны час на вагу золата!

— І як вы яго праводзіце?

— Гадзінамі магу займацца шопінгам. Часцей за ўсё — падчас паездак у іншыя краіны, але здараецца, што спакушаюся на гэта і дома, у Мінску. Праўда, апошнім часам даводзіцца сябе стрымліваць, бо ўсё часцей стала знаходзіць у гардэробе рэчы, якія яшчэ ні разу не апранала.

У выходныя люблю бавіць час у кампаніі сябровак: хадзіць у кафэ, кіно ці тэатры. Таксама пры любой магчымасці стараюся знайсці час на працэдуры па догляду за сабой: сауна, басейн, масаж, манікюр…

— А макіяж перад адказнымі выступамі самі робіце?

— Сама. Прычым, калі раней я была самавучкай і «малявала» сабе твар самастойна, то ў мінулым годзе прайшла курсы візажу і значна палепшыла сваю тэхніку. Параўноўваю свае фота з больш ранніх выступаў і нядаўніх — адразу бачна розніца.

— Вашыя фізічныя параметры — гэта шчаслівыя гены альбо вынік працы над сабой?

— На жаль ці на шчасце, але тое, чым я займаюся, патрабуе пастаяннага падтрымання сябе ў форме. Фізічнай актыўнасці ў мяне хапае, а вось за харчаваннем сачыць даводзіцца. Да прыкладу, пасля вячэрняй трэніроўкі я часта адмаўляюся ад вячэры, таксама пазбягаю салодкіх ды газаваных напояў. Здобу я не ўжываю, а вось для шакаладу раблю выключэнне — ну вельмі люблю ім паласавацца!

— Прафесійны спорт — занятак не з лёгкіх, асабліва для дзяўчыны. Здараліся моманты, калі хацелася ўсё кінуць?

— Здараліся і не аднойчы. Аднак інакш як мімалётныя слабасці я іх назваць не магу. Я аддаю гімнастыцы большую частку сваіх фізічных сілаў і кідаць усё гэта толькі з-за хвілінных эмацыйных зрываў я, вядома, не стану.

— Якое спаборніцтва за вашу спартыўную кар’еру запомнілася вам больш за ўсё і чаму?

— Чэмпіянат свету 2010 года, які праходзіў у Маскве. Тады акурат падчас выступу са стужкай у мяне зламалася костка ў ступні. Я сабрала ўсю сваю волю ў кулак і праз боль завяршыла практыкаванне. Але наперадзе мяне чакалі яшчэ два выхады на гімнастычны памост. Лекары зрабілі мне некалькі абязбольвальных уколаў, і я працягнула выступ… Тады я ў літаральным сэнсе выпакутавала не адну, а цэлых тры ўзнагароды: срэбра ў камандным першынстве, бронзу ў індывідуальных практыкаваннях са скакалкай і першую ў гісторыі нашай краіны бронзу ў шматбор’і.

— А Алімпіяда? Што перашкодзіла ўдаламу выступу ў Лондане?

— Я б не назвала свой выступ няўдалым. Алімпійскія гульні — велізарны стрэс для любога спартсмена. У той момант я выступіла на мяжы сваіх магчымасцяў, але здарыліся збоі менавіта з-за вялікага ўнутранага напружання. Тым не менш, нягледзячы ні на што, я набыла вопыт удзелу ў Алімпіядзе і зрабіла для сябе пэўныя высновы.

— Якімі якасцямі характару неабходна валодаць, каб дамагчыся высокіх вынікаў у мастацкай гімнастыцы?

— Амбіцыйнасцю, цярплівасцю і настоўлівасцю — і не толькі ў гімнастыцы, але і ў любым іншым відзе спорту. Калі ў 2010 годзе мне была зробленая аперацыя на ступню, мала хто верыў у тое, што я вярнуся ў спорт. Але я ні на хвіліну не сумнявалася, ведала, што не толькі вярнуся ў гімнастыку, але і даб’юся ў ёй новых поспехаў. Так у выніку і атрымалася. А ўсё таму, што ў самы складаны момант — перыяд аднаўлення пасля траўмы — я не дазволіла зламацца свайму ўнутранаму стрыжню.

 

— Ці ёсць у вас кумір у спорце?

— Ёсць, і не адзін. Рафаэль Надаль, Алена Ісімбаева, Стэфан Ламбьель, Майкл Фэлпс і Усэйн Болт. Прыклад гэтых спартсменаў натхняе на тое, каб працягваць адточваць сваё майстэрства і ставіць перад сабой новыя мэты.

— Калі ў вас будзе дачка, аддасце яе ў мастацкую гімнастыку?

— Абавязкова. І найперш для таго, каб заняткі дапамаглі ёй выпрацаваць паставу і набыць грацыёзнасць рухаў. А займацца гімнастыкай на аматарскім альбо прафесійным узроўні — выбіраць, безумоўна, ёй.

— Вядома, што век гімнастак нядоўгі: большасць з іх завяршае спартыўную кар’еру ва ўзросце 22–24 гадоў. Рыхтуеце сабе глебу для будучыні?

— Зараз я вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і спорту на факультэце спартыўна-масавых відаў спорту. Задумваюся і пра трэнерскую працу, і пра судзейскую, і пра працу журналіста ці спартыўнага агента. Як бачыце, варыянтаў нямала, праўда, ні пра адзін з іх пакуль сур’ёзна не разважала.

— Жадаем вам поспехаў на гэтых выступах, будзем хварэць за вас!

— Дзякую!

Таццяна Куцко, tbw.by

Фота з архіву Меліты Станюты

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!