Мікалай Статкевіч: Цяпер надышоў час волі. Другога Крыму тут не будзе

Беларусы глядзяць на свет вачыма расійскай тэлевізіі, а, пераследуючы незалежныя СМІ, беларускія ўлады «самі расчышчаюць прастору для прапаганды». Тым не менш, другога Крыма ў Беларусі не будзе. Так сцвярджае адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч Фота AP

Паводле ягоных слоў, грамадства расколвае пытанне геапалітычнай арыентацыі, моўныя і сацыяльныя моманты. Статкевіч упэўнены, што ўлада вычарпала рэсурсы і ператварае Беларусь у «датацыйны філіял Расіі», у той час як беларусы ў большасці сваёй падтрымліваюць перамены.

«Мы гатовыя сябраваць з усімі суседзямі і ўлічваць іх інтарэсы. Але патрабуем улічваць і нашы правы. У тым ліку, нашае права на свабоду. Нагадваю, што ў нашай нацыі 500-гадовая традыцыя партызанскіх войнаў. Другога Крыму тут не будзе. Хутчэй, можна напароцца на другі Афганістан», — кажа ён.

Літоўскі партал DELFI пагаварыў з беларускім апазіцыйным палітыкам, які распавёў, што можа чакаць яго краіну, галоўнай праблемай для якой, мяркуе ён, зноў стала рэальная пагроза страты незалежнасці.

— Нягледзячы на вашае становішча ў краіне і агульную сітуацыю, жыццё ў вас працякае звычайна?

— Вядома, у жыцці трэба радавацца кожнаму дню. Мне дастаткова для гэтага самага звычайнага — блізкіх, сяброў, прыроды.

— У якой абстаноўцы жыве цяпер беларускі апазіцыйны лідар?

— Рэжым наносіць удар, найперш, менавіта па лідарах. Агулам, 8 гадоў я правёў не на волі. З іх — 5 гадоў у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пераважна — у закрытай турме. Паўтара года — у адзіночцы. З моманту вызвалення было мноства адміністрацыйных арыштаў.

Улада спрабуе прымусіць мяне замаўчаць. Афіцыйныя пагрозы новай крымінальнай справай і ананімныя пагрозы забойствам сталі штодзённасцю.

Робяць дробныя гадасці. Напрыклад, мне судом забаронена кіраваць аўтамабілем, бо я не плачу штрафы за арганізацыю акцый пратэсту. Пасля адной з дэманстрацый улады абвясцілі пра руйнаванне дома, дзе я жыву. Перад іншай акцыяй залезлі праз плот на двор дома, парэзалі шыны аўтамабіля ў жонкі. Перад трэцяй — разбілі лабавую шыбу.

Могуць у кожны момант раптам арыштаваць на вуліцы і потым некалькі дзён хлусіць блізкім, што не ведаюць, дзе я.

У 2017 годзе я адарваўся ад «сачэння» і схаваўся ў кватэры сяброў, каб пазбегнуць прэвентыўнага арышту і трапіць на ключавую акцыю пратэсту 25 сакавіка. Высачылі, затрымалі і трымалі ў турме КДБ тры дні. Вывезлі ў лес, адпусцілі — і потым доўга адмаўлялі, што я ў іх быў.

— Вы праводзіце акцыі ў цэнтры Менску і рэгіёнах ужо шмат гадоў. Якімі вы бачыце людзей, што праходзяць міма?

— Калі я выйшаў на волю ў 2015 годзе, то ўбачыў, што палітычны ландшафт стаў падобны на могілкі. Пакуль я сядзеў — 5 гадоў у цэнтрах беларускіх гарадоў не было ніводнага мітынгу апазіцыі. Каб знізіць страх у грамадстве і вярнуць у палітыку публічны пратэст, я стаў арганізоўваць масавыя акцыі ў цэнтры Менска.

Адваяваць прастору свабоды было вельмі важна. Бо пры адсутнасці рэальных выбараў адзіны дзейсны механізм уплыву грамадства на ўладу — гэта масавы пратэст.

У мінулым годзе ў нас былі досыць шматлікія акцыі. Мы арганізавалі першую акцыю супраць «дэкрэта аб дармаедах», калі беспрацоўных абклалі падаткам. На тое першае несанкцыянаванае мерапрыемства сабраліся 5 000 чалавек. Горад не бачыў такога з моманту прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пратэст падхапілі рэгіёны — і нам удалося скасаваць гэты падатак.

— Калі параўнаць настроі людзей яшчэ ў гады пратэстаў дзевяностых і цяпер, як гэта выглядае?

— У дзевяностых гадах, калі Лукашэнка хацеў здаць незалежнасць краіны, каб атрымаць галоўную пасаду ў Крамлі, на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч чалавек, былі жорсткія сутыкненні з міліцыяй. Тады нам удалося абараніць краіну. Але ў той момант у мяне было такое адчуванне: за спінай — дзясяткі тысяч, але ў краіне нас — меншасць.

Цяпер пакуль адбываецца адваротнае: збіраюцца некалькі сотняў ці тысяч чалавек, а глядзяць стрымы і падтрымліваюць нас мільёны людзей, якія пакуль не адважыліся выйсці на вуліцы.

Я пастаянна адчуваю гэтую падтрымку. Напрыклад, калі ты прыязджаеш у маленькі правінцыйны горад, то цябе тут жа абавязкова хтосьці пазнае, падыдзе, каб падзякаваць. Людзі ў адчайным становішчы, але яны ўзялі на сябе працу запомніць мяне. Гэта ўжо адказнасць і яна да многага абавязвае.

— Вы ўзгадвалі ў адным інтэрв'ю пра тое, як людзі падумалі, «дапусціць ці не дапусціць Лукашэнку да ўлады». Паміж чым цяпер беларусам давядзецца выбіраць у выпадку неабходнасці?

— Лукашэнка ўсё зразумеў у 2017 годзе, калі на плошчы невялікіх гарадоў выйшаў яго былы электарат. Без усялякіх дазволаў, якіх і так ніколі не даюць. Выйшаў і стаў казаць, звяртаючыся да яго. Словы часцей былі нецэнзурныя і, калі адрасат іх пачуў, да яго нарэшце дайшло, наколькі краіна яго ненавідзіць. Ён саступае выбары нават блазну, хоць на прэзідэнцкія выбары цяпер толькі блазнаў і пускаюць.

Я не люблю, калі мяне называюць апазіцыянерам. Гэта Лукашэнка цяпер у апазіцыі да большасці беларускага народа.

Пасля 2010 года ўлада надумала не дапускаць сапраўдных апанентаў на свае фальшывыя выбары, бо нават фальшывыя выбары ўсё роўна вядуць да палітызацыі грамадства. І сапраўдная апазіцыя можа гэтым скарыстацца, арганізаваць масавы пратэст, каб дамагчыся сумленных выбараў і перамагчы.

Цяпер улада чарговым разам вядзе зачыстку палітычнага поля ад рэальных кандыдатаў. Найперш, гэта тычыцца Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК), куды ўваходзіць і партыя «Народная Грамада», якую я ўзначальваю. Насуперак Канстытуцыі мне забараняюць балатавацца праз «судзімасць». Нядаўна сфабрыкавалі крымінальную справу супраць лідара прафзвязу Генадзя Фядыніча, які ўваходзіць у кіраўніцтва БНК.

На прэзідэнцкія выбары ўлада гатовая дапусціць толькі залежных ад яе псеўдаапазіцыянераў, задача якіх — публічна прызнаць перамогу Лукашэнкі і блакаваць масавую акцыю пратэсту супраць фальшывых выбараў.

За магчымасць удзелу ў выбарах сапраўдных апанентаў рэжыму і за прызнанне іх перамогі грамадству давядзецца змагацца.

Фота: AFP

— Ці можна весці гаворку аб дыялогу ўнутры краіны і з Захадам?

— Прынамсі, з Захадам вонкава ён адбываецца. Вядома, гэта аднабаковы дыялог, бо саступак з боку рэжыму мы не назіраем. Саступае толькі Захад. Калі заходнія палітыкі сцвярджаюць, што апазіцыя павінна весці дыялог з уладай, я згодны. Але наша ўлада пакуль не ідзе на рэальны дыялог. Яна пойдзе на яго, калі на вуліцы выйдуць сотні тысяч. Але тады ўжо будзе складана выратаваць гэтую ўладу ад народа. А цяпер з'яўляюцца дзеячы, якія толькі імітуюць дыялог. Яны просяцца на прыём да чыноўнікаў, нешта ім кажуць, публікуюць фатаграфіі з імі ў інтэрнэце, але гэта нічога не мяняе. Кажуць потым, што ўлада вядзе дыялог з апазіцыяй. Яны — не апазіцыя, а іх дыялог на каленях — гэта не дыялог.

Рэальны дыялог улада будзе весці толькі з рэальнай сілай. Свабоду нельга выпрасіць.

— А калі казаць пра дыялог з ЕС?

— ЕС, інтэграцыя ў які заўсёды была дастаткова папулярнай, раптам, насуперак сваім каштоўнасцям, стаў падладжвацца пад дыктатара. Я разумею, што гэта падлашчванне выклікана страхам перад Расіяй. Логіка тут простая: хай лепш такі буфер, чым ніякага. Маўляў, хай лепш у Беларусі будзе Лукашэнка, чым Пуцін.

Але пераважная большасць беларусаў ужо не бачыць Лукашэнку альтэрнатывай. Альтэрнатывай Крамлю ў Беларусі могуць быць толькі патрыятычныя сілы, калі ім удасца аб'яднаць большасць народа вакол сваёй праграмы і лідараў. Чым цяпер і займаецца БНК. Стаўка на вельмі непапулярнага дыктатара толькі падрывае рэпутацыю Захаду, яго каштоўнасцяў у вачах беларускага грамадства і абцяжарвае нашу барацьбу. ЕС страчвае аўтарытэт сярод беларусаў.

Цяпер людзі разважаюць так: Лукашэнка — наш вораг, а Захад робіць стаўку на Лукашэнку. Таму іх погляды паварочваюцца на ўсход. Цяпер унутры Беларусі рэйтынг Пуціна ў разы перавышае рэйтынг Лукашэнкі. Гэта небяспечная для краіны сітуацыя.

— Цікава, што ў Беларусі замяраюць стаўленне грамадства да расійскага прэзідэнта.

— Гэта гаворыць аб залежнасці Беларусі ад Расіі. Рэжым ператварыў Беларусь у датацыйны філіял Расіі. Ва ўсіх сферах. Наша пераважна дзяржаўная эканоміка ўжо не здольная выжыць без велізарных расійскіх датацый. Прычым гэтыя грошы бяздарна праядаюцца каласальным дзяржапаратам, выхаваным у духу ідэй інтэграцыі з Расіяй і нянавісці да ўсяго нацыянальнага.

І гэты рэжым Захад лічыць гарантам нашай незалежнасці? А што заходнія палітыкі будуць рабіць, калі людзі паўстануць? На чый бок стануць?

Мэта нашых пратэстаў у тым, каб паказаць грамадству, што гэта мы — альтэрнатыва рэжыму. Што мы змагаемся за інтарэсы людзей і супраць Лукашэнкі. Калі нашай адкрытай барацьбы не будзе, то ў людзей застанецца надзея толькі на Маскву…

— Тое, пра што вы кажаце, апазіцыя кажа ўвесь час і даволі даўно. Лукашэнка на месцы, выбараў няма, ЕС страчвае каштоўнасці, пагроза незалежнасці з усходу. Нешта змянілася?

— Я памятаю дзевяностыя гады. Прыхільнікаў незалежнасці сярод жыхароў Беларусі было 27%. Гэта значыць, у незалежнай дзяржаве менш траціны грамадзян былі прыхільнікамі незалежнасці гэтай дзяржавы. Гэта была жудасная лічба. Тады мы ўсялякім коштам спрабавалі ўтрымаць незалежнасць. Мы разумелі, што нават пры антынацыянальным рэжыме жыццё ў сваёй дзяржаве дазволіць нацыі ўмацавацца.

Цяпер больш за 90 адсоткаў, усё адно, у саюзе з Расіяй ці без яе, але за незалежнасць. Нацыя адбылася. Гэта самае галоўнае дасягненне. Змянілася стаўленне да нашай гісторыі, беларускай мовы.

Лукашэнка 20 гадоў стараўся знішчыць беларускую мову. У рускамоўных цяпер з'явілася разуменне таго, што трэба захаваць мову і культуру.

Змянілася стаўленне да ўлады наогул. Людзі хочуць дэмакратыі, эканамічных рэформаў — гэта ўжо іншая краіна, якая заслугоўвае іншай улады, нармальнага ўрада, сапраўдных выбараў і годнага жыцця.

Гэтая іншая Беларусь — наш галоўны поспех і самае важнае дасягненне. Нам удалося абараніць незалежнасць у дзевяностых і падтрымліваць сваёй барацьбой каштоўнасці свабоды, правоў чалавека. Людзі цяпер паварочваюцца да іх тварам. Краіна саспела для змены ўлады, палітычных і эканамічных рэформаў.

— Якія рэсурсы засталіся ў такім выпадку ў цяперашняй улады?

— Рэжым вычарпаў свой рэсурс. Электаральны, ідэалагічны, эканамічны. Нават датацыйны. Гэты цягнік далей не ідзе. Вельмі нядрэнная 25 гадоў таму савецкая вытворчая база састарэла і знасілася. Расійскіх датацый ужо нестае, каб кампенсаваць страты вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў і ўтрымліваць вялікую плойму «праваахоўнікаў».

Мы ўсё больш адстаём ад сусветных тэмпаў развіцця. Цэлыя рэгіёны бяднеюць і дэградуюць. Паводле звестак сацыёлагаў, 80% хочуць перамен.

Рэжым баіцца рэформаў, з якімі звязвае страту кантролю над краінай. Але калі ён паспрабуе павялічыць суму расійскіх датацый чарговы продажам суверэнітэту і паставіць пад пагрозу нашу дзяржаўнасць, то толькі паскорыць свой канец.

Цяпер не 90-я гады. На абарону краіны паднімуцца ўжо не дзясяткі, як тады, а сотні тысяч патрыётаў, за якімі будзе падтрымка пераважнай большасці народа.

— Якім вы бачыце стан сілавых структур?

— У сілавыя структуры, асабліва на афіцэрскія пасады, адбіралі тых, хто падтрымліваў палітыку Лукашэнкі. У тым ліку, яго ідэі аб «славянскім братэрстве», інтэграцыі з Расіяй і супольнай барацьбой супраць «праклятага» Захаду.

Цяпер мы апынуліся ў сітуацыі, калі самы папулярны палітык сярод беларускіх афіцэраў — гэта Пуцін. Ёсць прыклад Украіны, дзе дзяржава і войска былі раскіданыя. Але там дзяржава дала народу зброю і ён абараніў краіну. У нас сілавыя структуры могуць стаць на бок агрэсара.

Ранейшая ідэалогія і рыторыка Лукашэнкі пасля ўкраінскіх падзей паказалі сваю небяспеку для існавання краіны і ён ужо сыходзіць ад іх, але людзі ж з такімі поглядамі ў структурах засталіся. У гэтым вялікая небяспека. Галоўным гарантам незалежнасці ў такой сітуацыі з'яўляецца сам беларускі народ, які не дазволіць знішчыць сваю дзяржаву.

— У адным інтэрв'ю вы казалі, што пазнаёміліся з Лукашэнкам у будынку беларускага парламента...

— Гэта было ў вельмі даўнія часы. Цяпер у нас так — муляж парламента, муляж судоў і муляж зарэгістраванай апазіцыі. Лукашэнка знішчыў усе дэмакратычныя інстытуты. Што такое беларускія выбары? Гэта маляўнічы, добра пастаўлены спектакль з загадзя вядомымі лічбамі і адсоткамі. Галасы проста не лічацца. Але выглядае вельмі падобна. Выбарчыя камісіі складаюцца толькі з адабраных рэжымам людзей, якія загадзя падпісваюць пустыя пратаколы з «вынікамі галасавання». А назіральнікі не маюць права кантраляваць падлік галасоў.

— Як паўплываў на Беларусь Майдан? Што з'явілася ў беларускай рэальнасці новага?

— Грамадства было напалоханае. Раней мы выкарыстоўвалі фальшывыя выбары, каб мабілізаваць людзей на масавы пратэст і паспрабаваць дамагчыся сапраўдных выбараў. У 2014 годзе людзі спалохаліся, што гэта можа быць падставай для вонкавага ўмяшання, вайны і крыві. Але цяпер мы бачым, што гэты страх пераадолены. Мірная перамога пратэстаў у Арменіі таксама паўплывала на гэта.

— Чаму Лукашэнка так доўга ўтрымлівае ўладу?

— Лукашэнка прадаваў наш суверэнітэт Маскве часткамі наўзамен на фінансавую падтрымку. Без гэтай велізарнай падтрымкі з боку Расіі рэжыму ўжо даўно б не было. Ён прадаў стратэгічна важную газатранспартную сістэму, мову, культуру, незалежную знешнюю палітыку, тэлевізійную прастору. Бясплатны пакет тэлевяшчання — гэта 8 даступных усім тэлеканалаў. 5 з іх — расійскія.

Негатыўны ўплыў гэтага выявіўся ў 2014 годзе, калі дзве траціны насельніцтва палічылі правільнай анексію Крыма. Яны глядзяць на вонкавы свет вачыма расійскай тэлевізіі.

Незалежныя СМІ, якія стаяць на беларускай пазіцыі, пераследуюцца.Улады спрабуюць блакаваць самы папулярны беларускі палітычны сайт «Хартыя-97». Пераследуюцца журналісты тэлеканала «Белсат». Рэжым сам расчышчае месца для маскоўскай прапаганды.

Стала відавочна, што наша грамадства геапалітычна расколатае. Яшчэ ў 90-х я шмат пісаў аб гэтай праблеме, але рэжым толькі паглыбляў раскол. Трэба рабіць высновы. Расколатая краіна вельмі ўразлівая да знешніх уздзеянняў. Калі мы не кансалідуем наша грамадства, мы нічога не дасягнём. А на шляху да змен яшчэ можам нарвацца на агрэсію, грамадзянскі канфлікт і нават страту дзяржаўнасці.

— Як кансалідаваць грамадства?

— Рэжым спрабуе гвалтоўна кансалідаваць грамадства з дапамогай вялізнага апарата гвалту. Беларусь — еўрапейскі лідар паводле колькасці «праваахоўнікаў» на душу насельніцтва. У нас 8 спецслужбаў з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасці. Але такая «кансалідацыя» адымае велізарныя рэсурсы і пры зменшаных расійскіх датацыях яна спустошыць дзяржаву. Акрамя таго, здушэнне грамадства забівае творчую ініцыятыву людзей, без якой немагчымая сучасная канкурэнтная эканоміка.

Неабходная ўсвядомленая кансалідацыя. Умовы для яе саспелі. Ёсць базавыя каштоўнасці, якія ўжо падзяляе большасць: незалежнасць, дэмакратыя, абавязковая зменнасць улады, эканамічныя рэформы. Але ёсць пытанні, якія расколваюць грамадства — гэта пытанне геапалітычнай арыентацыі, моўнай і сацыяльнай. Тут трэба шукаць кампрамісы.

Наша галоўная мэта — пабудаваць нармальную краіну, свабодную, паспяховую, багатую дзяржаву для нашага народа. Зыходзячы з гэтай мэты, трэба шукаць кампрамісы ў пытаннях, якія падзяляе грамадства. Механізм кампрамісу — дэмакратыя. Пляцоўкі для пошуку кампрамісаў у дэмакратычнай дзяржаве — сумленна выбраны паўнамоцны парламент, органы самакіравання, сходы мясцовых супольнасцяў.

— Як дасягнуць такой мэты?

— Разняволіць творчую энергію нацыі і накіраваць яе на развіццё краіны. Выкарыстоўваць натуральную матывацыю людзей да асабістага ўзбагачэння і сумясціць яе з патрэбамі грамадства. Механізмы такога сумяшчэння ўжо выпрабаваныя нашымі суседзямі. Ёсць як пазітыўны, так і негатыўны досвед, які трэба ўлічваць.

Неабходныя ўмовы — незалежны суд, гарантыя правоў уласнікаў, зразумелая і стабільная падатковая сістэма, стымуляванне ўнутраных інвестыцый і экспарту, прыватызацыя малых і сярэдніх дзяржпрадпрыемстваў, рэформа сістэмы кіравання буйнымі дзяржпрадпрыемствамі, рэальнае самакіраванне рэгіёнаў і таварыстваў. Усё гэта прывядзе да высокіх тэмпаў развіцця краіны.

А, улічваючы нізкую стартавую базу рэформаў і ўціск прыватнай ініцыятывы дыктатурай, у першыя гады рэформаў гэтыя тэмпы будуць насіць выбухны характар.

З негатыўнага досведу, які таксама трэба вывучаць. Лозунг сусветнай сацыял-дэмакратыі гучыць так: Свабода, Справядлівасць, Салідарнасць. Дык вось — без справядлівасці і салідарнасці свабода не можа быць устойлівай. На грошы, атрыманыя ў выніку эканамічнага росту і скарачэння вялізнага дзяржапарату, неабходна правесці рэформы сістэм адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння.

Нарэшце, патрэбныя рэальныя, а не сімвалічныя дапамогі ў беспрацоўі. Патрэбная рэформа працоўных стасункаў са скасаваннем усеагульных кароткатэрміновых працоўных кантрактаў. І шмат яшчэ чаго.

Мы падрыхтавалі дастаткова аб'ёмную партыйную праграму рэформаў і цяпер вядзём аб ёй адкрытую дыскусію на форумах, каб улічыць меркаванні людзей.


Фота: Reuters

— У чым аснова вашых поглядаў на стасункі Беларусі і NАТО?

— Я з разуменнем і павагай стаўлюся да выбару нашых суседзяў, якія абралі гэты шлях гарантавання сваёй бяспекі. Але для Беларусі гэты шлях цяпер закрыты. Нашая партыя выступае за вайсковы нейтралітэт краіны, імкненне да якога запісана ў беларускай Канстытуцыі.

— Чаму, на вашу думку, людзі ідуць працаваць у сілавыя структуры, калі яны выкарыстоўваюцца ўладамі для здушэння незадаволенасці грамадзян. Вы кажаце, што беларусы незадаволеныя ўладай?

— Скажам шчыра, свядома жыве не большасць людзей. У кожнай краіне. Вельмі многіх проста нясе па плыні.

— Што для вас незалежнасць Беларусі, аб магчымай страце якой вы сёння не раз казалі?

— Я больш казаў пра яе абарону. Вобраз незалежнасці для мяне — свой дом для нашага народа. Калі беларусы захаваюць свой дом, тады рана ці позна мы прывядзём яго ў парадак, упрыгожым яго, зробім утульным і камфортным для жыцця. Адбяруць у нас гэты дом — нічога добрага не будзе.

Пагроза нашай незалежнасці цяпер зноў актуалізуецца. Але за гэтыя гады мы сталі нацыяй. І я ўпэўнены, што тут знойдзецца дастатковая колькасць людзей, гатовых у выпадку агрэсіі змагацца за сваю краіну са зброяй у руках.

Мы змагаліся нездарма і цяпер адчуваем глебу пад нагамі. Цяпер надышоў час волі. Я ўпэўнены ў вольнай будучыні маёй краіны і нікому не раю спрабаваць скарыстацца нашай барацьбой за свабоду, каб умяшацца сюды з якімі-небудзь рознакаляровымі чалавечкамі.

Мы гатовыя сябраваць з усімі суседзямі і ўлічваць іх інтарэсы. Але патрабуем улічваць і нашы правы. У тым ліку, нашае права на свабоду. Нагадваю, што ў нашай нацыі 500-гадовая традыцыя партызанскіх войнаў. Другога Крыму тут не будзе. Хутчэй можна напароцца на другі Афганістан.

— Калі вельмі коратка сфармуляваць адказ на пытанне. Зло ў Беларусі персаніфікуецца. Калі ў цэлым пра Беларусь гавораць за межамі краіны, то часцей за ўсё яе асацыююць з Лукашэнкам. Вы неяк сказалі, што асабістай нянавісці да яго вы не адчуваеце.

— Я ні да каго асабістай нянавісці не адчуваю. А да спадара Лукашэнкі ёсць вельмі шмат прэтэнзій з боку Крымінальнага кодэкса. Але я не суд і я не ахвяра. Я раблю тое, што сам для сябе абраў, і што блізка маёй чалавечай сутнасці. Я спрабую зрабіць сваю краіну свабоднай, лепшай. У мяне няма нянавісці. У мяне ёсць толькі любоў да сваёй краіны і пачуццё адказнасці за свой народ.

— Дзякуем за размову!


delfi.lt

 Пераклад charter97.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!