Мікола Дзядок: 10 фактаў у дзень народзінаў

Сёння, 23 жніўня, спаўняецца 33 гады вядомаму актывісту анархісцкага руху, блогеру, пісьменніку, даследчыку і журналісту «Новага Часу» Мікалаю Дзядку.

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні Міколу моцна збілі, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліка МУС.

Пасля затрымання адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. Ад Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.

1 ліпеня 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс па справе Міколы. Актывісту прад’яўлены абвінавачанні па:

  • арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 Крымінальнага кодэксу – Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 295 Крымінальнага кодэксу – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.


6 ліпеня працэс перапыніўся для правядзення комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы.

Прапануем вам некалькі цікавых і, магчыма, не ўсім вядомых фактаў з жыцця Міколы Дзядка.

Факт 1: анархіст, сын суддзі



Адзін з самых вядомых анархістаў Беларусі Мікола Дзядок — сын былога следчага, пракурора і суддзі Аляксандра Дзядка. Як сын прыйшоў да анархізму — пра гэта сам бацька распавёў у інтэрв’ю «Нашай Ніве». Аляксандр Дзядок шчыра лічыць сына адзіным тэарэтыкам сапраўднага анархізму ў краіне, які мае на мэце пабудову свабоднага грамадства і паслядоўна выступае супраць гвалту.

Факт 2: вядомасць па-за межамі Беларусі

Непрадказальны 2020 год паказаў нам шмат прыкладаў прыгожых і мужных беларусаў, якімі мы можам ганарыцца. Але гэта больш не «мясцовая субкультура»: векавыя традыцыі працягваюць пераймацца, і вось ужо ўвесь свет ведае не толькі Тадэвуша Касцюшку, Ігната Дамейку і Святлану Алексіевіч, але і Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву, Паўла Севярынца і многіх іншых герояў сучаснай Беларусі. Сёлета Мікалай Дзядок сярод 10 намінантаў быў абраны «Выбітным чалавекам года Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта», выпускніком якога ён з’яўляецца. Спадзяёмся, што хутка ўзнагарода знойдзе свайго героя ў вольнай Беларусі.

Факт 3: юрыдычная адукацыя і досвед працы судовым выканаўцам

Можа камусьці падацца дзіўным і супярэчлівым, але на нашу думку, гэты факт цалкам у прыродзе сённяшняга імянінніка і вельмі яскрава яго характарызуе: паводле адукацыі Мікола юрыст, ён вывучаў правазнаўства ў Юрыдычным каледжы БДУ і нават некаторы час працаваў судовым выканаўцам. Так што ён як ніхто іншы ведае, за што і супраць чаго змагаецца.

Факт 4: радыкальнае відэаблогерства

Дзядок — папулярны блогер. Да затрымання ўвосень 2020-га на яго ТГ-канал «MIKOLA» былі падпісаныя каля 15 тыс. чалавек. І нават пасля таго, як кантроль над каналам перайшоў у рукі сілавікоў, там усё яшчэ застаецца 1,5 тыс. падпісчыкаў, а абнаўленняў на YouTube-канале Міколы «Radix» па-ранейшаму чакаюць больш за 9 тыс. карыстальнікаў сэрвіса.

Факт 5: пісьменніцтва

Малавядомы. Мікалай Дзядок — аўтар некалькіх кніг: «Фарбы паралельнага свету» (2017), «Народные моджахеды: Муджахедин Хальк» (2019), «Теория интерсекциональности: анархистская критика» (2020). За кнігу «Фарбы паралельнага свету» ён атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча — за «найлепшы твор, напісаны ў няволі».



Факт 6: журналіст

Як журналіст Мікалай асвятляў не толькі судовыя працэсы над анархісцкім рухам, ён шмат пісаў пра пенітэнцыярную сістэму Беларусі, правы чалавека, экалогію. У кола яго інтарэсаў уваходзяць таксама міжнародная палітыка, гісторыя і яе постаці, культура. Напісаць ён можа пра што заўгодна: хоць пра бунты ў беларускіх турмах, ці пра лес у Новай Баравой, які не дае спакою ўладам ці нават пра... свінгераў! 

Вось яшчэ некалькі яскравых артыкулаў Міколы, якія ў свой час не пакінулі абыякавымі чытачоў «НЧ» і, упэўнены, захавалі сваю актуальнасць і сёння:




Іншыя артыкулы Міколы Дзядка ў «Новым Часе»

Факт 7: «Чачэнскі скандал»

Пра гэта таксама напэўна ведаюць не ўсе, але недабразычліўцы Міколы звярталіся нават да Рамзана Кадырава!
Інцыдэнт атрымаў назву «Чачэнскі скандал» — «пільныя грамадзяне» прасілі ў нязменнага кіраўніка Чачэнскай рэспублікі ініцыяваць праверку газеты «Новы Час» на прадмет «праслаўлення тэрарыстаў» у артыкулах Мікалая.

Факт 8: самаразвіццё за кратамі

У зняволенні Дзядок вучыць арабскую мову і займаецца ёгай (хаця апошняе яму нават спрабуюць забараняць). Магчыма, наступнай кнігай нашага героя павінен быць дапаможнік па правільным выкарыстанні часу ў зняволенні. У цяперашніх умовах гэта будзе бестселер.

Факт 9: тэлеглядач паняволі

З нядаўняга «ліста з няволі» мы даведаліся, што Мікола не любіць украінскія тэлешоу: на яго думку, яны спрыяюць дэградацыі.

Факт 10: вегетарыянства

Мікалай Дзядок — вегетарыянец і вернік. Так што гэта відавочна не той выпадак, калі кавалак сала будзе найлепшым падарункам зняволенаму.

А вось добрае слова — бадай што самае тое. Пішыце Міколу лісты на гэты адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу


У сваю чаргу, рэдакцыя «Новага Часу» шчыра віншуе імянінніка з Днём народзінаў і жадае незгасальнай моцы, заўсёднай стойкасці духу і нязломнасці праўды.
Няхай кожны дзень набліжае Міколу да жаданай волі і перамогі святла!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: