Мішачкін і Грышачкін. Да 80-годдзя Міхася Стральцова

Грыша Барадулін быў не проста самым блізкім чалавекам для Мішы — яны былі сябрамі не разлі вада. Завадатарам у гэтым дуэце быў, вядома, Барадулін — ці мо з-за ўзросту, ці з-за жыццёвай дасведчанасці.

МіхасьСтральцоў з Рыгорам Барадуліным. Фота Уладзіміра Крука

Дый сам Грыша лічыў Мішу маладзейшым за сябе. Маладзейшым і геніяльным, пра што не стамляўся паўтараць. І Стральцоў называў Барадуліна геніем — казаў, што пасля Купалы ён, канешне, таксама пацалаваны Богам. Невыпадкова ён прысвяціў Грышу гэты свой славуты верш:

Стаяў і я на гэтай кручы:

Бы звон, быў дзень — каціўся Сож

Туды, дзе гэты бераг злучан

З маленствам, — тым, што басанож,

З парою той, якою далі

Сваю сінечу і смугу

На развітанне мне аддалі —

Аддаць назад ім ці змагу?..

 

Хоць розніца ва ўзросце ў іх была ўсяго два гады, аднак Мішу здавалася, што Грыша на шмат старэйшы за яго, і яму было прыемна, што ён апекаваўся Грышам, які сапраўды ставіўся да яго, як старэйшы брат, што хоць і вырасціў гэтага малодшага, але па-ранейшемау глядзіць за ім. Разам з тым гэта былі, канешне, бязмерная павага і любоў. І калі мы часам жартаўліва сварыліся, Міша папярэджваў:

— Ленка, ты мяне не крыўдзі!

— І што будзе?

— Я Грышку паскарджуся, і ён з табой разбярэцца!

— Я і з Грышкам разбяруся, не хвалюйся! — адказвала я жартам.

Хоць не сказала б, што яны часта сустракаліся — звычайна бачыліся ці на дні народзінаў, ці на пісьменніцкіх з’ездах, ці з іншай нагоды. Аднойчы я міжволі аказалася сведкам адной такой іх сустрэчы. Міша ў той час зламаў нагу, і быў першы дзень, як ён выйшаў на вуліцу — пайшоў у Дом друку атрымліваць вялікі ганарар. І паклікаў мяне з сабой: «Ленка, я табе ганарар аддам, а мне трэба будзе яшчэ папрацаваць, дык бяры таксі і едзь дадому, каб ніхто грошы не скраў». Але я падумала: які дом, калі ЦУМ побач?! І вось, пашвэндаўшыся па ЦУМу, выходжу на вуліцу і бачу — Міша з Грышам «нарысаваліся»! Ну, і я — за імі…

Вось яны зайшлі ў кавярню «На ростанях»… Затым завіталі ў «Кулінарыю»… А трэба сказаць, што Грыша мяне добра яшчэ не ведаў — мо пару разоў бачыў, і цяпер, вядома, не пазнаў, але заўважыў, што следам кіруецца нейкая кабета, але адкуль яна можа быць? — вядома ж, з КДБ! У тыя гады іншай думкі і быць не магло. І вось цяпер Грыша ідзе-ідзе, потым раптам азірнецца, спалохаецца, прычым усёй сваёй істотай напалохаецца (ён адразу змяняўся з твару), але Мішу нічога не скажа, каб і яго не палохаць…

Міхась Стральцоў з жонкай Аленай і дачкой Алесяй. Дом творчасці «Каралішчавічы», 1978 г.

Побач з кінатэатрам «Мір» месцілася крама з вялікімі вітрынамі. Тут яны зноў зрабілі «прыпынак», прычым знарок сталі так, каб з вуліцы іх бачна не было. Але паколькі гутарка была, відаць, змястоўная, яны не заўважылі, як пачалі паціху набліжацца адзін да аднаго. Мішу дык ужо мора па калена было, Грыша ж пільнасць не губляў і, раптам спахапіўшыся, адхіляў Мішу назад, каб яго не было бачна з вуліцы. Зрэшты, праз нейкі час гісторыя паўтаралася…

Ужо калі яны накіраваліся ў рэдакцыю «ЛіМа», дзе тады працаваў Міша, я патэлефанавала яму — прапанавала пайсці ў кіно на італьянскі фільм. Міша ў адказ:

— Добрая ў мяне жонка! У мяне нага зламаная, а яна ў кіно цягне!

— А што ты цяпер робіш?

— Ды вось Грышка прыйшоў, нататкі свае прынёс, трэба вычытаць…

«Вычытвалі» яны тыя «нататкі» да ночы — Міша толькі а дванаццатай дадому прыйшоў… Ужо нараніцы — я ж шкодная была! — пытаюся:

— Мішэль, чаму ты ўчора ў кіно не захацеў пайсці?

— Дык нага ж зламаная! Я табе ўчора сказаў, а ты зноў завялася!

Але з гэтай хворай нагой ты прайшоў… — І апісала ўвесь іх з Грышам учорашні маршрут. — Прычым вы ж ідзяце і крычыце на ўсю вуліцу! Грыша хоць азіраўся, ці не кіруецца хто следам за вамі, праўда, усё адно не звяртаў ні на што ўвагі — хоць і палохаўся, але ішоў далей, а ты ж увогуле нічога не заўважаў!..

Міша так рагатаў тады!

Але бачыліся яны ўсё ж не так часта, затое перазвоньваліся штодня, прычым па пяць, па дзесяць разоў на працягу дня. У Грышы раніца традыцыйна пачыналася з пытання: «Мішэль, што ў цябе на сняданне?» І калі Міша ўсё падрабязна апісваў, чуў у адказ: «О, Мішэль, дык ты як пан жывеш!» А голас у Грышы быў прыгожы, сакавіты!

Звычайна ён зваў яго «Мішэль», зрэдчас — «лонданскі дэндзі». Адзін час прадаваліся імпартныя касцюмы з цвіду, на англійскія фрэнчы былі падобныя, з накладнымі кішэнямі, яны вельмі падабаліся Грышу. Ён увогуле любіў модна апрануцца, не так, як усе. Міша ж, наадварот, аддаваў перавагу класіцы. Ніякіх джынсаў не прызнаваў.

Памятаю, аднойчы набыла яму джынсы, ён узяў іх летам у Кактэбель, але і там хадзіў у штанах і пры гальштуку. Нават на пляжы. І ніколі не насіў басаножак — толькі туфлі. Трэба сказаць, што я імкнулася набываць яму выключна імпартныя рэчы, бо мне хацелася, каб ён добра выглядаў. Невыпадкова ж Грыша гаварыў: «Мішэль заўсёды так апрануты — ну, проста замежнік!» З-за гэтага і называў яго «лонданскі дэндзі».

Да таго ж Міша ніколі не насіў ніякіх галаўных убораў, толькі зімой вушанку. Але аднойчы з’яўляецца ў цёмна-сінім берэціку. Я была вельмі здзіўлена, бо ведала, што сам Міша не мог завітаць у краму і набыць той берэцік. Ён наогул сам сабе нічога не купляў — гэта было маім абавязкам. І тут раптам — у берэце! Пытаюся:

— Што гэта?

Ён смяецца, па-добраму, але хітравата:

— Гэта ж Грышка!..

— Што Грышка?

— Сустрэў мяне і кажа: «Такі холад на вуліцы, а ты ходзіш без капелюша!..» Ленка, не паверыш, але хоць ён і быў у берэце, аднак дастаў з кішэні яшчэ адзін берэт і надзеў на мяне. «Насі», — сказаў… От, Грышка мяне любіць!..

Між тым гэты берэт ён больш ніколі не насіў, але праз нейкі час прыйшоў ужо ў карычневым берэце і зноў хіхікае. Пытаюся:

— Ну, а гэты адкуль?

— Таксама Грыша! Зноў з кішэні дастаў…

А потым з’явіўся і чорненькі берэцік — з гэткай жа самай гісторыяй…

Калі Грыша быў рухавы і з гумарам, то Міша больш спакойны, хоць у яго, вядома, таксама было добрае пачуццё гумару, але ён тлумачыў: «Я баюся жартаваць і асцерагаюся смяяцца, бо потым мне бывае дрэнна». Не фізічна дрэнна, а ў тым сэнсе, што жыццёвая сітуацыя можа абярнуцца супраць яго… А можа, яму хапала майго гумару? Відаць, розныя полюсы ўсё ж прыцягваюцца, бо Міша быў маўклівы, я ж гаваркая дзеўка была. Хоць калі бачыла, што ён пра нешта сваё думае, тады, канешне, замаўкала, але ён мог спахапіцца: «Лена, а што ты маўчыш?!» Я часам нават падскоквала ад нечаканасці:

— Божа! Я ж бачу, што ты нешта сабе думаеш!

— Ты гавары…

Ён і Барадуліну не раз казаў, і Віктару Карамазаву: «Калі мая Ленка гаворыць, я ведаю, што дома ў мяне ўсё добра, калі ж маўчыць — у мяне сцены падаюць».

— Міша, дык я ж табе перашкаджаю! — гаварыла я.

— Не.

— Я табе расказваю, але ты мяне не чуеш, бо думаеш пра нешта сваё.

— Усё цудоўна чую. Толькі не маўчы…

З Грышам жа ён мог размаўляць бясконца, гутарылі, канешне, найперш пра літаратуру. Звычайна Грыша чытаў па тэлефоне свае вершы, Міша — свае, і яны рабілі адзін аднаму заўвагі, правілі адзін аднаго, і па Мішу было бачна, што яму гэта цікава, што для яго ў тым ёсць патрэба. Не раз я чула, як Міша казаў: «Добра… Добра…» А часам: «Грыша, паглядзі вось гэты радок — можа, вось так зрабіць… Падумай…» Тое ж самае адбывалася, калі Міша чытаў Грышу свае вершы. І зноў жа неаднойчы я была сведкам, як Міша гаварыў: «Добра-добра, дзякуй, што сказаў, я падумаю…»

Міхась Стральцоў з Рыгорам Барадуліным і Уладзімірам Кудзінавым. 1986 г.


Стэлефаноўваліся яны так часта, нібы не маглі жыць адзін без аднаго. Наша дачка Алеся, калі брала слухаўку, ужо па голасе ведала, што гэта «дзядзя Грыша» тэлефануе. Яна часта так і казала: «Тата, цябе дзядзя Грыша». Зрэдчас: «Мішачкін, табе Грышачкін тэлефануе!» Грышу гэта вельмі падабалася, ён смяяўся з гэтага.

Прычым яго цікавіла літаральна ўсё, а Міша мог стрымана спытацца: «Як Валя? Як Ілона?» Толькі аднойчы, памятаю, прыходзіць дадому і расказвае, што сустрэў у трамваі Грышаву дачку Ілону, якую не бачыў ужо гадоў дванаццаць, але дужа ўжо падобная на Грышу дзяўчына была. Міша нават Барадуліну пазваніў і ўсё распытваў: «У Ілонкі такая вось куртачка, такі капялюшык і каса заплеценая?.. Дык я вылічыў яе! Яна на цябе дужа падобная!»

Між сабой яны называлі мяне «малая», бо ў параўнанні з іншымі жонкамі я была самая маладая, хоць з Мішам у мяне невялікая розніца — восем гадоў, знешне гэта было не заўважна, але ўсе лічылі, што ў Мішы маладая жонка, таму і — «малая». Міша звычайна так і распавядаў Грышу: «“Малая” сказала тое… “Малая” сказала сёе…» Рыгор у адказ: «Я табе кажу: купі магнітафон, хадзі за ёй і запісвай, а пасля перакладай на паперу!»

З жонкай Аленай і дачкой Алесяй.


Грышу цікавілі літаральна ўсе Мішавы справы. Яму, напрыклад, вельмі хацелася, каб у Мішы быў спартыўны касцюм. Мо таму, што тады прынята было, што калі едзеш у санаторый, у Дом творчасці ці кладзешся ў бальніцу, абавязкова павінен быў узяць сіні спартыўны касцюм, у наборы якога былі штонікі з лямкамі ўнізе і куртачка з белымі палоскамі на рукавах. Гэта быў савецкі шык, які нам з Мішам быў не па кішэні, але Грыша сам набыў і падараваў Мішу такі касцюм.

У Мішы і бародка-«эспаньёлка» нейкі час была, як у Грышы. Нават гаварылі: «Дзе Барадулін? Дзе Стральцоў? — зразумець не можам!» Яны знешне падобныя былі — абодва насаценькія, з «эспаньёлкамі» і выглядалі дакладна як браты. Прычым ім вельмі падабалася, што іх блытаюць!.. Але аднойчы вяртаюся з працы, а Міша — паголены.

— Што здарылася? — пытаюся.

— Таму што ты хітрая.

— І чаму гэта я хітрая?

Вячэраем учора з Алесяй, і яна кажа: «Тата, наша мама такая хітрая! Яна ўвесь час табе гаворыць, што ёй даспадобы твая бародка, але калі б бародка была чорненькая, а не беленькая… — Слова «сівы» Алеся яшчэ не ведала. — І ты побач з ёй выглядаеш не як яе муж, а як яе тата. Ты згалі бародку, калі ласка».

У выніку Міша пагаліўся. А мне ягоная бародка сапраўды вельмі падабалася, бо была яму да твару.

Яны ж удваіх пайшлі і на Алесін выпускны, калі яна скончыла першы клас. Я не змагла быць, бо працавала, дык Міша з Грышам прыйшоў. Рыгор падараваў тады нашай дачцэ гадзіннік з выявай Карлсана, і ўсе разам пайшлі ў дзіцячую кавярню, дзе Алеся замаўляла ўсё, што хацела. Яна, вядома, была ў захапленні і пасля нават прызналася: «Ведаеш, мама, часам я не разумею, хто мой тата — дзядзя Грыша ці мой тата? Абое яны як два маіх таты».

Міхась Стральцоў ва Ушачах каля роднай хаты Рыгора Барадуліна

А з гэтай гісторыі я дужа потым смяялася. Яны паехалі выступаць на Ушаччыну, дзе завіталі ў мясцовы ўнівермаг, адкуль Міша і патэлефанаваў мне (а трэба сказаць, што набыць у той час імпартныя рэчы было дужа складана):

— Нас з Грышкам пусцілі на склад, дык мы вам з Валькай набылі сукенкі і калготкі з воўны.

Але я ведала, што Міша не тое, што маіх — сваіх памераў не ведае, таму запыталася:

— А якога памеру?

— Зараз пачытаю… Калготкі: рост 170, памер 52…

А ў мяне ў той час быў 46-ы, у Валі 44-ы.

Міша, мне яны з маім ростам будуць да самага носа, а Валю вы як у мех з бульбай пасадзіце, дый яшчэ зверху завяжаце!.. А сукенка якога памеру?

— Мы вам аднолькавыя набылі!

— Але ж мы не аднолькавыя з Валяй!..

Нават не памятаю, што мы з гэтым усім пасля рабілі. Праўда, такі клопат пра нас з Валяй яны праявілі толькі аднойчы…

А як быў рады Грыша, калі ў Мішы нарадзіўся сын, як ён віншаваў! Яны абодва радаваліся і ўсё прыгаворвалі: «Хлопчык, хлопчык!..» Усе былі тады рады — і Алесь Адамовіч, і Іван Антонавіч Брыль…

Зрэшты, яны радаваліся за Мішу і тады, калі мы з ім пабраліся шлюбам, бо ён ужо літаральна гінуў: ён быў у такім жахлівым стане, што калі мая мама ўпершыню ўбачыла яго, яна страціла прытомнасць ад аднаго яго выгляду… Ягоныя сябры даўно мне гаварылі: «Ён гіне… Ён цябе кахае…» Але я адказвала: «Я не Крупская, я не здольная перавыхоўваць»… Калі б не гэтая вядомая ягоная слабасць, я, напэўна, да самай смерці на «вы» яго называла б — такое ў мяне было да яго паважлівае стаўленне.

Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Грачанікаў, Раман Тармола, Васіль Сідарэнка, Іван Шальманаў, Мікола Маляўка і Рыгор Барадулін у гасцях у Міхаіла Ісакоўскага. Масква, 1964 г.

Але, апроч усяго іншага, у Мішы была на дзіва вар’яцкая інтуіцыя: калі толькі ўбачыў нашае немаўля, ён заплакаў. Заплакаў і сказаў:

— Ці геній будзе, ці рана загіне.

— Міша, ну што ты такое кажаш!..

— У яго старэчыя вочы. З такімі вачыма дзеці не жывуць… Ці вырастаюць геніямі, што таксама дрэнна...

І Міша не памыліўся — наша першае дзіця загінула ад алергічнага шоку, яму было каля чатырох месяцаў…

Дарэчы, мы ж разам з Грышам адвозілі ягоную дачку Ілону ў радзільны дом. Калі яна была цяжарная, яны з мужам здымалі кватэру ў Серабранцы. Ілона пазваніла мне гадзіны ў тры ночы:

— Цёця Лена, у мяне схваткі.

— Ілоначка, зараз бяру таксі і еду. А ты тату патэлефанавала?

— Так.

Але на ўсялякі выпадак і я пазваніла, Грыша ў адказ: «Я таксама еду!» Аднак я прыехала раней, і калі ўвайшоў Грыша, якраз з’явілася «хуткая». І ў радзільным доме першымі павіншавалі нас з Грышам: «Віншуем, бабуля і дзядуля, у вас унучка!» Мяне прынялі тады за Грышаву жонку… Дадому таксама вярталіся разам: ішлі пехатой і гаварылі-гаварылі — і пра Мішу, і пра ўсё на свеце…

З жонкай Аленай і дачкой Алесяй.

Грыша па першым часе нават баяўся браць маленечкую Дамінічку на рукі. Памятаю, як аднойчы схіліўся над ёй і сказаў: «Ай, такая малая! — І дадаў жартам: — Але чыста з мяне ўсё выцягне!»

…Ужо калі з Мішам здарылася гэтая бяда, Грыша ўвесь час пісаў яму… І калі Міша нарэшце дадому вярнуўся, дык па-ранейшаму тэлефанаваў яму, і не толькі таму, каб прачытаць новыя вершы, — ён баяўся, што Міша сарвецца. І калі я здымала тэлефонную трубку, кожнага разу пытаўся: «Лена, не браў?.. Ой, добра-добра!..» Ён па сабе ведаў, што гэта такое — сарвацца. Тым больш, што былі людзі, якія вельмі хацелі, каб так яно і адбылося…

І потым, калі, сур’ёзна захварэўшы, Міша патрапіў у бальніцу, Грыша — які практычна ні да каго ў бальніцу не хадзіў, бо проста містычна баяўся тых лякарань, — кінуў усе свае страхі і забабоны і прыйшоў да Стральцова…

І калі Міша паміраў… Я дык не памятаю гэтага, бо знаходзілася ў нейкай прастрацыі, толькі Міша быў у мяне ў галаве, але ўрачы потым распавялі… Тады ў вестыбюлі шмат ягоных сяброў і калег сабралася: Іван Антонавіч Брыль, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Карлас Шэрман — усіх не прыгадаю. Былі і Грыша з Валяй. А ў Мішы ўжо не засталося сіл, каб з кімсьці гаварыць. І калі я пералічыла, хто прыйшоў, ён сказаў: «Папрасі прабачэння і скажы, што я не ў стане нікога прыняць, толькі Івана Антонавіча і Грышу»…

Я выйшла з палаты, калі прыйшоў Брыль — ці мала якія пытанні яны хацелі абмеркаваць. Хоць Міша і сказаў: «Ты мне не замінаеш. Калі ласка, не сыходзь». А калі зайшоў Барадулін, я пайшла праводзіць Івана Антонавіча. Дасюль памятаю, што ён сказаў мне на развітанне: «Вы ведаеце, Лена, любы мужчына, калі ў яго ёсць стасункі з жанчынай, як бы яны ні складваліся, абавязаны гаварыць пра жанчыну добра. А тое, што мне зараз казаў пра вас Міша, гэта вышэй за ўсялякія ўяўленні пра добрыя чалавечыя стасункі…»

Ужо калі Міша памёр, я апынулася ў жахлівым становішчы, бо грошай на пахаванне не было — я ўсё аддала ўрачам. А трэба ж было Мішу не толькі пахаваць, але і апрануць па-чалавечы, бо калі ён клаўся ў бальніцу, у яго быў 54-ы памер, перад смерцю ж гэта быў ужо 44-ы (хоць я так і не адважылася набыць такі дзіцячы памер — набыла 48-ы)…

Мяне тады вельмі падтрымаў Грыша, бо менавіта ён сабраў з пісьменнікаў грошы, якіх хапіла не толькі на пахаванне, але і на памінкі, і на 9, і на 40 дзён, нават на першую гадавіну засталося… І калі Мішы не стала, Грыша па-ранейшаму тэлефанаваў, прычым быў адзіны, хто мне тады тэлефанаваў і пытаўся пра мяне, пра Алесю — ёй жа зрабілася дрэнна, калі Мішу хавалі, яна вельмі любіла бацьку і дужа цяжка перажыла яго смерць; да 16 гадоў гэтую тэму ў нашым доме нельга было чапаць


Барадулін не пакінуў нас ні тады, ні пасля. Не пакінуў практычна да апошняга свайго дня. Я ж была ў яго ў гасцях напярэдадні — 1-га сакавіка, а 2-га ён памёр. Гэта былі апошнія дні Масленіцы, і я напякла блінчыкаў з курыцай і капустай і паехала да Барадуліных. Мы вельмі добра тады пасядзелі. На наступны дзень я вырашыла іх не турбаваць, а назаўтра раніцай прачытала, што Грышы няма

У апошнія гады я даволі часта бывала ў Барадуліных і неаднойчы распавядала пра нашае з Мішам жыццё. І Грыша не раз казаў: «Табе трэба напісаць кнігу пра Мішу. Я падумаю, хто б мог гэта зрабіць». І прапанаваў звярнуцца да Міхася Скоблы.

Рыгор жа напісаў вялікае эсэ пра Мішу «Конь гуляў па волі…», дзе заўважыў, што «калі ўжо замінае чалавек, дык і жонка ягоная не такая», тады «кідаюцца камяні ў яе». І дадаў: «…ніколі не бачыў я такіх выплаканых, да паветра, вачэй, як у жонкі Міхася Алены». А я дык не памятаю пахавання… Памятаю толькі сонечны свет, калі хавалі… Грыша, канешне, за мяне заступаўся і тады, і пасля. І Мішу нават пасля смерці імкнуўся абараніць…

Зрэшты, Стральцоў быў варты такога высокага заступніцтва, бо быў светлым чалавекам. Калі ўпершыню яго ўбачыла, у мяне было ўражанне, што ў яго німб над галавой. Дасюль памятаю: ён адчыніў дзверы, у акно ззяла сонца, і я абсалютна выразна ўбачыла ў Мішы німб. Я яшчэ падумала: «Які прыгожы гэты німб!» Але доўгі час нікому пра гэта не гаварыла, бо думала, што не павераць. Першаму Грышу расказала…

 

Літаратурны запіс Сяргея Шапрана

Фота з хатніх архіваў Міхася Стральцова і Рыгора Барадуліна

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: