«Мяне часта затрымліваюць паліцэйскія і ахоўнікі»

Французскі фатограф Жан-Марк Карачы наведаў ужо 38 краін, ствараючы сваю серыю «Homo Urbanus Europeanus». Беларусь стала 39-й. Падарожжа ў Мінск адбылося дзякуючы «Новага Часу», якому фатограф даў эксклюзіўнае інтэрв’ю.

Мінск, 2016. Фота Жан-Марка Карачы


Па паходжанні Жан-Марк Карачы — сіцыліец. Калісьці яго бацькі пераехалі з Сіцыліі ў Туніс. Менавіта ў Тунісе ў 1958 годзе і нарадзіўся Жан-Марк. Пазней бацькі пасяліліся ў Францыі. Зараз Жан-Марк жыве ў Манпелье, на поўдні Францыі. Такім чынам, яго можна ўмоўна назваць грамадзянінам трох краін. А па завяршэнні праекта фатографа па праву можна будзе лічыць грамадзянінам Еўропы.

— Жан-Марк, раскажыце пра свой «Homo Urbanus Europeanus».

— Галоўная ідэя праекта — аб’яднаць усе еўрапейскія сталіцы мастацтвам фотаздымка. Я вялікі прыхільнік Еўрапейскага саюза. Падтрымліваю ўключэнне ў ЕС новых краін, у тым ліку хацеў бы бачыць тут Турцыю. Таму мой праект  можна лічыць своеасаблівым палітычным выбарам. Калі мы паглядзім на Еўропу ў цэлым і на яе асобныя сталіцы, мы ў бачым, што ўсе еўрапейскія краіны могуць аб’яднацца з дапамогай фатаграфіі. Фатаграфіі, зробленыя ў Сафіі, Варшаве або Мадрыдзе, характарызуюцца агульнай еўрапейскасцю. Я пазбягаю нацыянальных і культурных адрозненняў, наколькі гэта магчыма. Фактычна, на маіх здымках немагчыма вызначыць краіну альбо канкрэтны горад, але распазнаць Еўропу можна на кожнай фатаграфіі. Я рады, што магу сказаць пра свой «Homo Urbanus Europeanus»: «Я працую ў Еўропе».

Пры гэтым мне важна паказаць чалавека ў вялікім горадзе. Гэта новы чалавек, еўрапейскі, сучасны, чалавек XXI стагоддзя. Ён ходзіць адзін у пустэльных чорных і белых гарадскіх раёнах. І гэта яго не турбуе. Ён з’яўляецца часткай прыроды горада, можа быць, нават яго найскравай якасцю. Гэтыя самотныя людзі на самай справе не ёсць адлюстраваннем адчужэння, а наадварот: яны паказваюць свет сучаснага чалавека, які знаходзіць свабоду і шчасце паміж маналітнымі контурамі горада, пабудаванага з граніту, жалеза і шкла. Нягледзячы на тое, што чалавек падаецца такім маленькім на фоне архітэктурных формаў гораду, ён з’яўляецца гаспадаром горада. І не важна, якая гэта краіна, якая сталіца — яны ўсе аб’яднаныя гэтым гаспадаром.


 Жан-Марк Карачы  ў рэдакцыі НЧ 


— Напэўна, самае распаўсю­джанае пытанне да вас — чаму вашы здымкі чорна-белыя? Не буду арыгінальнай і таксама запытаю: чаму?

— Сапраўды, гэта пытанне пераследуе мяне ў кожнай краіне, дзе я даю інтэрв’ю (смяецца). І мне ўжо цяжка сказаць штосьці арыгінальнае. Можна было б абмежавацца кароткім адказам: мне падабаюцца чорна-белыя здымкі. Але справа не толькі ў гэтым. Адмова ад рознакаляровасці не распыляе ўвагу, дазваляе падкрэсліць еднасць чалавека і горада, яго натуральнасць сярод гмахаў. Дазваляе сфакусавацца менавіта на гармоніі чалавека і горада. Паглядзіце, колькі ў фота шэрых адценняў! А як выглядаюць персанажы! Яны моцныя, ведаюць, куды ідуць і чаго жадаюць, ганарацца сваім горадам, яны выглядаюць як каралі вуліцы. А рознакаляровасць толькі б перашкаджала, адцягвала б увагу ад галоўнага.

Магу яшчэ дадаць, што B&W вельмі пасуе вулічнай фатаграфіі, пазбаўляе гарады забруджанасці колерамі. З’яўляецца проста фантастычным для адлюстравання паэзіі гарадоў, прадметаў, людзей…

Мінск, 2016. Фота Жан-Марка Карачы


Акрамя таго, яшчэ раз скажу, што мне вельмі падабаецца працаваць якраз у чорна-белым стылі. Наогул, мой стыль фармаваўся пад уплывам такіх фатографаў, як Анры Карцье Брэсон, Эліёт Эрвіт, Раймон Дэпардон, а таксама пад уздзеяннем прац амерыканскага мастака Эдварда Хопера.

— Наколькі я ведаю, прафесійна фатаграфіяй вы пачалі займацца толькі 10 гадоў таму.

— Так, у 2006 годзе я страціў працу ў вялікай аўтамабільнай кампаніі. Зусім не цікавую працу, магчыма, таму і не асабліва сумаваў. Паўстала пытанне, што рабіць далей. І я вырашыў прысвяціць сябе фатаграфіі як прафесіі. Мне было 48 гадоў, і мне захацелася зрабіць нешта вялікае, нешта накшталт «праекту майго жыцця». У выніку ў 2007 годзе нарадзіўся мой «Homo Urbanus Europeanus». Так што сапраўды прафесійным фатографам я з’яўляюся толькі каля 10 гадоў, і зарабляю гэтым на сваё жыццё. Праўда, не вельмі шмат.

А наогул, цікавасць да фатаграфіі з’явілася дзякуючы майму старэйшаму брату. Мне было каля 15 гадоў, калі ён прымусіў мяне паглядзець у відашукальнік сваёй камеры (Kodak Brownie Hawkeye), і гэта мяне вельмі ўразіла, гэта быў проста цуд. Пасля брат даў мне пакарыстацца камерай, і я зрабіў свой першы здымак: сфатаграфаваў маю вялікую сям’ю — маму, тату, трох братоў і дзвюх сясцёр. Можна сказаць, што з таго часу здымкі людзей мне падабаюцца больш за ўсё. Хаця ў мяне ёсць і іншыя серыі, напрыклад, раслінны свет — праект «Грын», таксама, дарэчы, чорна-белы.


Жан-Марк Карачы ў рэдакцыі НЧ 


— Раскажыце пра сваю сям’ю. Як блізкія ставяцца да вашай працы?

— Прабачце, гэта вельмі асабістае пытанне. Я ніколі не адказваю на яго і не буду рабіць выключэнне зараз. Скажу толькі, што мяне заўсёды вельмі падтрымлівае мой брат.

— Тады вернемся да праекту. Як вы выбіраеце краіну для падарожжа? Чаму вы вырашылі прыехаць у Мінск?

— Таму што вы мяне запрасілі (смяецца). Гэта праўда. Я не магу дазволіць сабе цалкам аплаціць маё падарожжа, таму для мяне важна знайсці людзей ці арганізацыі, якія б аплацілі мне частку выдаткаў. Таму я вельмі ўдзячны, што ў мяне была магчымасць пажыць некалькі дзён у вашага журналіста. Падобным чынам я наведаў Вену, Браціславу, Рыгу, Вільнюс.

Звычайна я проста адпраўляю запыты ў розныя інстытуцыі некалькіх краін, а пасля чакаю адказу. «Новы Час» адгукнуўся, таму я змог наведаць Мінск.


Мінск, 2016. Фота Жана-Марка Карачы


— Няўжо з Беларусі больш ніхто вам не адказаў?

— І так, і не. Я напісаў яшчэ і ў Міністэрства спорту і турызму і ў пасольства Беларусі ў Францыі. І атрымаў таксама запрашэнне ад Міністэрства спорту і турызму. Яны сказалі, што ў іх ёсць праект, які называецца «Замежны погляд на Беларусь». У гэтым праекце павінны былі ўдзельнічаць 5 фатографаў з Іспаніі і Францыі. Спачатку мне сказалі, што аплацяць праезд, пражыванне і візу, а ўзамен  я павінен аддаць на 5 гадоў права карыстання  фотаздымкамі. Пры гэтым фота я мог бы рабіць любыя, мне ў гэтым даваўся карт-бланш.

Але за два тыдні да паездкі мне даслалі кантракт. І ў ім былі прапісаныя проста неверагодныя ўмовы, яны хацелі штодня 30 фота. Прычым не любых, цытую: «На фотаздымках павінны быць выяўлены гісторыка-культурныя, прыродныя аб’екты, а таксама аб’екты турыстычнай індустрыі Рэспублікі Беларусь. Названыя аб’екты павінны быць пазнавальныя, як аб’екты Рэспублікі Беларусь». Уявіце, па 30 здымкаў за дзень. Пры гэтым у кантракце нічога не казалася пра тое, ці збіраюцца мне наогул што-небудзь аплачваць. Кантракт гэты быў падпісаны першым намеснікам міністра спорту і турызму Гагіевым А.С. На словах мне было сказана, што могуць аплаціць толькі 4 дні пражывання.

Усе іншыя фатографы адмовіліся ад удзелу ў праекце міністэрства. Я патэлефанаваў у пасольства Беларусі і сказаў, што калі Міністэрства спорту і турызму хоча атрымаць такую колькасць фотаздымкаў бясплатна, то яно можа папрасіць каго-небудзь з беларускіх пачаткоўцаў. І таксама адмовіўся ад удзелу. Але паколькі акрамя міністэрства мяне запрасілі вы, я ўсё ж прыехаў у Мінск.

На жаль, першыя дні ў Мінску прайшлі для мяне не вельмі ўдала. Было пахмурна, і я не змог зрабіць ні аднаго здымка. Але пасля надвор’е ўсталявалася, і я магу сказаць, што зараз у мяне ёсць здымкі 39 еўрапейскіх сталіц.

Кішынёў, 2015. Фота Жана-Марка Карачы


— Для вас настолькі важна добрае надвор’е? Раскажыце, як вы працуеце над кадрам?

— У першую чаргу, я шукаю патрэбнае месца. А пасля чакаю патрэбнае святло. Пасля мне патрэбны сілуэт, які б упісаўся ў мой кадр. Такім чынам на адным месцы я магу заставацца некалькі гадзін, пакуль не дачакаюся неабходнага супадзення святла, ценю, самотнага чалавека. Бывае, што пасля некалькіх гадзін і некалькіх кадраў бачу, што нічога годнага не атрымалася, я не задаволены вынікам, таму магу вяртацца зноў і зноў на адно і тое ж месца, пакуль мне не ўдаецца зрабіць лепшую фатаграфію, захапіць неабходны мне характар.

Вы ведаеце, я часам адчуваю сябе стваральнікам нейкага фільма, але без якой-небудзь мадэлі або канкрэтных акцёраў. Любы чалавек у пэўны момант можа стаць маім героем.

Але бывае, што патрэбнае фота атрымліваецца за 30 секунд, калі ўсе гэтыя тры кампаненты раптам сыходзяцца, і я магу іх зафіксаваць. Праўда, гэта хутчэй выключэнне. Часцей за ўсё мой працоўны дзень — гэта шматгадзіннае стаянне на адным месцы. З-за гэтага, дарэчы, бываюць часам праблемы.

Напрыклад, у Мадрыдзе мяне затрымала іспанская жандармерыя (Guardia Civile). Аказваецца, я спрабаваў зрабіць здымак іспанскага Міністэрства фінансаў. Хаця на той момант нават не ведаў, што гэта за будынак. Праз паўгадзіны ў паліцэйскім участку яны пагадзіліся адпусціць мяне, але картку памяці забралі.

Наогул, менавіта з-за спецыфікі маёй працы над кадрам мяне вельмі часта затрымліваюць паліцэйскія ці ахоўнікі розных офісаў. Пасля доўга ім давожу, што я не шпіён, а звычайны фатограф, нават турыст. Але я іх разумею, даволі падазрона выглядае чалавек, які гадзінамі стаіць на адным месцы з камерай у руках (смяецца).

Вільня, 2007. Фота Жана-Марка Карачы


— У Беларусі вас не затрымлівалі?

— Не, я не здымаў каля Адміністрацыі прэзідэнта (смяецца). Але ў Мінску даволі цікавы выпадак адбыўся са мной у грамадскім транспарце. Я зайшоў у тралейбус і шукаў, як пракампасціраваць квіток. І ніяк не мог зразумець, як гэта зрабіць. Адзін малады чалавек запытаўся па-англійску, ці можа ён мне чымсьці дапамагчы.  Мы разгаварыліся, аказалася, што ён таксама прафесійны фатограф, яго завуць Андрэй. Мы з ім абмяняліся кантактамі. Ну скажыце, якая існуе верагоднасць сустрэць у двухмільённым чужым горадзе прафесійнага фатографа?

— А ці былі нейкія крымінальныя гісторыі?

— Так, былі. У Грэцыі, напрыклад, у мяне скралі мабільны тэлефон, і я на нейкі час застаўся без сувязі. А ў Капенгагене, пакуль я ехаў з аэрапорту, у аўтобусе з майго заплечніка выцягнулі партманэ. Я прыехаў у гатэль, і аказалася, што ў мяне нічога няма — ні банкаўскай карткі, ні грошай. Заўважце, гэта адбылося ў Капенгагене, а не на Сіцыліі.

У гатэлі я звязаўся з маім братам, ён пераслаў мне грошы, такім чынам я змог зрабіць сваю працу. Праўда, уражанне было сапсаванае.

Але былі і вельмі прыгожыя гісторыі. У Рэйк’явіку я сустрэў вядомага ў Ісландыі мастака. Ён сам з Каталоніі, але пакінуў Іспанію ў юнацтве з-за рэжыму Франка. Выпадкова апынуўся ў Ісландыі, пазнаёміўся з дзяўчынай, таксама мастачкай, і вырашыў застацца… Ён гаварыў па-французску. Яны з жонкай запрасілі мяне на абед у яго іспанскі дом у Ісландыі. Такі паўднёвы каларыт у паўночным кутку. Гэта было абсалютна цудоўным і нерэальным. Мы пасябравалі.

Ад Мінску ў мяне таксама застануцца цёплыя ўражанні. Мінск, я, дарэчы, наведаў упершыню.


— Якія яшчэ сталіцы вы плануеце наведаць?

— Я збіраўся яшчэ у Ерэван і Баку. У Баку была прыватная кампанія, якая брала на сябе ўсе выдаткі на маю паездку. Мы некалькі месяцаў абмяркоўвалі дэталі. Але пасля яны мне проста даслалі адзін сказ: «На жаль, наш праект не можа адбыцца». Тое ж самае адбылося ў Ерэване. Я, канечне, мог паехаць і самастойна, у мяне ёсць знаёмыя ў гэтых краінах. Але я чакаў афіцыйнага адказу, і час быў страчаны. Чарговыя краіны я наведаю ўжо ў наступным годзе. Справа ў тым, што з-за неабходнага святла, звычайна я раблю здымкі з мая па верасень, таму ў гэтым годзе ўжо больш нікуды не паеду.

Але мне ёсць чым заняцца. Я рыхтую да выдання фотаальбом. Але акрамя фотаздымкаў з 42 краін, якія я наведаю цягам праекту, там будуць і 42 гарадскія навелы. Караценькія гісторыі на 150 слоў ад пісьменнікаў тых краін, дзе я падарожнічаў. Навелы будуць надрукаваныя на французскай мове і мове краіны аўтара. На сённяшні дзень у мяне ёсць 29 такіх гісторый, і яны ўсе вельмі розныя і надзвычай цікавыя. Але адшукаць аўтараў не так проста. Таму праз вас я звяртаюся да аўтараў з Беларусі — тых, хто піша цікавыя гарадскія гісторыі. Магчыма, хтосьці захоча напісаць мінскую гісторыю пад мінскі цыкл фота. Адзінае, адразу хачу папярэдзіць, што гэта безганарарная праца.

Такім чынам, планую сфатаграфаваць яшчэ 3 сталіцы (Тбілісі, Ерэван і Баку) і выдаць альбом, над якім працую ўжо некалькі гадоў, ужо ў 2017-м. Праўда, калі атрымаецца зрабіць фота і знайсці аўтараў. Выдавец для гэтага альбому ўжо ёсць.


Жан-Марк Карачы ў рэдакцыі НЧ 


— Я ведаю, што ў вас ёсць і ненадрукаваны раман. Пра што ён?

— Цікава, што вы запыталіся пра гэта, бо зусім нядаўна я яго якраз перачытаў і вырашыў перапрацаваць некаторыя часткі. Раман сапраўды гатовы і, калі не знайду выдаўца, то буду спрабаваць выдаць яго за свае грошы. Пра што ён? Як звычайна, пра жыццё. На першай жа старонцы рамана галоўны герой памірае і з нябёс пачынае назіраць за сваёй каханай. І раптам адкрывае яе рэальнае жыццё. Спадзяюся, раман будзе цікавым для чытачоў.

А наогул, у мяне шмат планаў. Я стараюся ўдзельнічаць у шматлікіх фотафестывалях, як той, што прайшоў у Каўнасе. У кастрычніку 2017 года рыхтуецца выстава маіх прац на Кіпры. У мяне ўжо было некалькі дзясяткаў выстаў. Звычайна яны прымеркаваныя да Дзён Еўропы. Часта ўсе выдаткі, звязаныя з іх правядзеннем, бяруць на сябе адміністрацыі гарадоў, якія становяцца сталіцамі еўрапейскай культуры. Часам знаходзяцца прыватныя спонсары або фірмы.

— Ці плануеце вы выставу ў Беларусі?

— Калі знойдуцца спонсары, чаму не? Я з задавальненнем пакажу сваю Еўропу беларускім гледачам. І яны ўбачаць, што Мінск — такі ж еўрапейскі горад, як Мадрыд або Капенгаген.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: