«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч нарадзіўся ў перадваенным Мінску, бачыў Якуба Коласа, вучыўся з Барадуліным і Бураўкіным, працаваў зваршчыкам, служыў у войску ў Пячах. Склаў дзясяткі радаводаў, выдаў паўтары сотні навуковых прац па праблемах беларускай мовы, анамастыкі, генеалогіі, краязнаўства. Сёння айцец Леанід святкуе 80-годдзе.



Леанід Акаловіч з абразом святой Еўфрасінні (Афрасіні) Полацкай, патронкі мінскага прыходу БАПЦ.



Даваенны Мінск, філфак і служба ў Пячах

На інтэрв’ю айцец Леанід запрасіў мяне да сябе дамоў. Тут у яго і месца жыхарства, і малельны дом (БАПЦ не мае свайго памяшкання), і працоўны кабінет, дзе ледзьве змяшчаюцца кнігі і шафы з картатэкамі. Генеалогія — даўняе захапленне Леаніда Акаловіча.

Ён нарадзіўся 30 кастрычніка 1939 года. Род Акаловічаў гербу Астоя прыдомку Крывец — шляхецкі і вядомы ўжо амаль 500 гадоў.

Герб роду Акаловічаў Астоя, цесць і бацькі айца Леаніда.


— Я нарадзіўся ў Мінску на Старавіленскім тракце ва ўжо тады стогадовай хаце прадзедаў. У той час быў вялікі мароз, павымярзалі сады, і маці трымала мяне на печы, загорнутага ў вату, каб не змёрз, — узгадвае суразмоўца.

Вайну Леанід Акаловіч памятае цьмяна, бо быў зусім малы. Запомнілася хіба, што хаваліся тады на 4-м Загарадным завулку каля Кальварыі, на ўскрайку Мінска, у хаце дзядоў па маці — Александровічаў. Там жа ў 1946 годзе пайшоў у школу, яна была драўляная і стаяла ля самых Кальварыйскіх могілак, дзе пахаваныя дзяды і прадзеды айца Леаніда.

Хата на Старавіленскім тракце, дзе нарадзіўся Леанід Акаловіч. Стаяла насупраць сучаснай амбасады РФ.

У 1950-м сям’я вярнулася на Старавіленскі тракт, і будучы святар пайшоў у іншую школу, якая таксама месцілася ля могілак — Старажоўскіх.

— Ужо ў школе я праяўляў пэўную грамадскую актыўнасць: быў старастам класа, потым быў у вучкоме, удзельнічаў у самадзейнасці, гуртках, — узгадвае Леанід Акаловіч. — Тады ж пачалася любоў да роднай мовы. У старэйшых класах дзённік я ўжо вёў па-беларуску. Аднойчы ў Купалаўскім тэатры была вечарына, прысвечаная Адаму Міцкевічу, і на ёй у прэзідыуме сядзеў Якуб Колас. Мы тады, праўда, на галёрку трапілі.

Па-беларуску гаварылі і дзяды будучага святара. Ён памятае вечарыны, куды запрашалі родных і суседзяў, дзед граў на гармоніку і спяваў беларускія песні. Хлопец любіў чытаць беларускія казкі ды слухаць радыё. Мабыць, гэта паспрыяла таму, каб пазней ён абраў беларускае аддзяленне філфаку БДУ. Але першая спроба паступіць была няўдалай: здаўшы сем экзаменаў, Акаловіч не прайшоў па конкурсе.

Давялося ісці працаваць. Уладкаваўся на завод «Ударнік» — сённяшні «Амкадор» — слесарам-зборшчыкам і электразваршчыкам. Адпрацаваў два гады і зноў, не рыхтуючыся, падаў дакументы на філфак. У той час тым, хто ўжо працаваў, давалі палёгку пры паступленні, і Акаловіча прынялі. Тады ж на філфаку вучыліся Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, толькі яны былі на некалькі гадоў старэйшыя.

На фота з адкрыцця Камсамольскага возера ў Мінску бацькі, бабуля і цётка Леаніда Акаловіча. 

На фота з адкрыцця Камсамольскага возера ў Мінску бацькі, бабуля і цётка Леаніда Акаловіча. 

Студэнцкія гады сталі аднымі з самых незабыўных у жыцці Леаніда Акаловіча. Ён зноў выступаў у самадзейнасці, узначальваў дыялекталагічны гурток, ездзіў у экспедыцыі па Беларусі, збіраючы гаворкі. Потым паступіў у аспірантуру і правучыўся там год, пакуль «Хрушчоў не загроб у войска».

— У нас была ваенная артылерыйская кафедра, і на пятым курсе мусілі здаваць экзамены. Але Хрушчоў, прыйшоўшы да ўлады, разагнаў ваенныя кафедры, і мы не здалі экзамены і не былі прызнаныя прайшоўшымі вайсковую службу. І нас больш чым на год забралі ў Печы ў мотастралковы полк танкавай дывізіі. Тады, канешне, такой дзедаўшчыны не было, як цяпер. Хаця было некалькі забойстваў. У нашай роце быў хлопец з Палесся, які, калі мы паехалі на стрэльбішча, пайшоў у прыбіральню і застрэліўся. А яшчэ быў выпадак, як салдат зарэзаў нашага капітана роты.

Па дэмабілізацыі Акаловіч вярнуўся ў аспірантуру, якую скончыў у 1967 годзе. І з таго часу ажно да 2005 года (38 гадоў!) адпрацаваў выкладчыкам беларускай мовы на кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце імя Максіма Танка, а таксама намеснікам дэкана на факультэце дашкольнага выхавання.

 

Злева — маленькі Леанід з бацькамі, справа — падчас працы ў БДПУ.


Шлях да святарства, ганенні і штрафы

Калі пачалося Адраджэнне, Леанід Акаловіч з паплечнікамі вырашылі стварыць Згуртаванне беларускай шляхты. Выдавалі брашуры, ладзілі заняткі па шляхецкай культуры, складалі радаводы. Старшынёй Згуртавання да самага свайго сыходу быў гісторык Анатоль Грыцкевіч, а духаўніком — вядомы святар Ян Матусевіч.

Тады ж з’явілася ідэя адрадзіць у незалежнай Беларусі аўтакефальную царкву. За гэта ўзяліся Генадзь Кокар, Пётр Гушча і Леанід Акаловіч. У гэты ж час пачала стварацца Беларуская каталіцкая грамада, сярод заснавальнікаў якой быў вядомы мастак Фелікс Янушкевіч. Нягледзячы на назву, да грамады далучаліся і праваслаўныя — «бо там быў нейкі рух», тлумачыць айцец Леанід. Каталікі сталі патрабаваць, каб ім вярнулі касцёлы, і пакрысе дамагліся гэтага.

— Потым я адышоў ад грамады, тым больш, што я не каталік, а запісаўся проста як хрысціянін. Тым больш, што ў каталікоў справы пайшлі, і трэба было брацца за справы праваслаўных. Мы заснавалі парафію ў гонар святой Афрасіні Полацкай. Маліліся ў розных месцах, па хатах, і нават у драўлянай царкве ў музеі ў Строчыцах, пакуль нас адтуль не выгналі. Адзін час маліліся ў клубе ў Шчамысліцы. Але туды наслалі АМАПаўцаў і абклалі клуб. Потым мы аднаўлялі царкву ў Сёмкавым Гарадку, расчысцілі яе ад друзу, будавалі. Але нас зноў пачалі цягаць у пастарунак, мяне некалькі разоў каралі адміністрацыйнымі штрафамі.

Леанід Акаловіч на канферэнцыі ў падтрымку беларускай аўтакефаліі ў Чарнігаве, жнівень 2019 года.


У выніку шматлікія спробы займець свой храм скончыліся няўдачай — даходзіла нават да арышту святароў.

— Калі б мы падначальваліся Маскоўскаму патрыярху, усё было б нармальна. Але мы не падначальваемся, таму нас не прызнаюць, называюць ледзь не сектантамі, — кажа айцец Леанід.

Для яго самога пакліканне стаць святаром непарыўна звязанае з пачуццём патрыятызму і адраджэннем беларускай культуры і гісторыі. Але лёсавызначальным, як гэта часта бывае, стаў выпадак. Падчас аднаго з шэсцяў у Мінску напачатку 1990-х святар Пётр Гушча папрасіў Леаніда Акаловіча быць за дыякана.

— Так я, нявысвечаны на святара, апрануў дыяканскае аблачэнне. Але ж і Папа Рымскі сказаў, калі не хапае святароў, прыслугоўваць у касцёле могуць і жанатыя мужчыны, і нават жанчыны. Яны не могуць толькі імшу спраўляць. А ў нас тады якраз не хапала святароў.

Потым ужо адбылося рукапалажэнне Леаніда Акаловіча ў святары, ён атрымаў духоўную адукацыю. Але па сёння праблема недахопу святароў у Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве не вырашаная. Калі нехта мае такое пакліканне да служэння Богу і Бацькаўшчыне, ёсць магчымасць вывучыцца на дыякана, святара, рэгента ці рэгентшу ў Валынскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі ПЦУ ў Луцку. Вучоба для беларусаў на стацыянарным або завочным аддзяленнях бясплатная.

 


«Мы гатовыя ствараць свае цэрквы»

Ідэя аўтакефаліі ў Беларусі не новая, але яна не надта распаўсюджаная ў грамадстве. Упершыню яна аформілася напрыканцы XVIII стагоддзя. У 1791 годзе адбылася Пінская кангрэгацыя — сход праваслаўнага духавенства і вернікаў Рэчы Паспалітай з мэтай стварыць у краіне аўтакефальную царкву, незалежную ад Сінода Расійскай імперыі. Тады была створаная мітраполія ў Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Але планы па стварэнні незалежнай царквы былі задушаныя наступленнем на краіну войскаў Суворава і праз два падзелы Рэчы Паспалітай.

Спадзеў на адраджэнне незалежнай ад Расійскай імперыі дзяржавы і царквы з’явіўся быў падчас кампаніі 1812 года, але параза Напалеона не дазволіла яму спраўдзіцца.

Трэцяя спроба аўтакефаліі адбылася ў 1922 годзе. 23 ліпеня ў Мінску сабраўся епархіяльны з’езд, які вырашыў стварыць аўтаномную беларускую мітраполію і абраў мітрапалітам з тытулам Мінскі і Беларускі Мелхіседэка (Паеўскага). 18 жніўня 1922 года была абвешчана Беларуская аўтаномная царква. Мітрапаліт Мелхіседэк рабіў усё магчымае, каб спалучыць інтарэсы царквы з ідэямі беларускага нацыянальнага адраджэння, за што трапіў пад пераслед савецкай улады. Тым не менш, папярэднія падзеі паспрыялі таму, каб у 1927 годзе была абвешчаная Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква.

З кіраўніком БАПЦ архіепіскапам Святаславам (Логіным) падчас набажэнства ў Кацярынінскай царкве Чарнігава, жнівень 2019 года.

У 1942 годзе быў прыняты статут БАПЦ, але наступленне савецкіх войскаў вымусіла епіскапат Беларускай мітраполіі эміграваць у Германію.

Сёння БАПЦ мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове. БАПЦ займаецца таксама культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну. Айцец Леанід Акаловіч называе беларускую незалежную царкву «вандроўнай»: святары праводзяць багаслужэнні з розных нагодаў па ўсёй краіне, актыўна ўдзельнічаюць у акцыях ушанавання памяці рэпрэсаваных і герояў беларускай гісторыі.

— Мы ні ў каго не адбіраем цэркваў, гатовыя самі ствараць свае, мы не агрэсіўныя і вельмі паважаем святароў, якія ладзяць набажэнствы на беларускай мове — добра, што цяпер гэтая практыка з’явілася ў Беларускім экзархаце, — кажа айцец Леанід. — У нас адзін Хрыстос, і мы ў сваёй Бацькаўшчыне маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву.

Злева ў акулярах — Леанід Акаловіч, справа — брат Якуба Коласа Юзік.

581-я гадавіна Грунвальдскай бітвы ў Мінску. У чорным пінжаку з харугвай — Леанід Акаловіч.

Больш даведацца пра гісторыю хрысціянства і аўтакефаліі на Беларусі можна на пасяджэннях «Менскага хрысціянскага брацтва», дзе беларускія навукоўцы будуць выступаць з дакладамі. Лекцыі плануецца праводзіць прыкладна раз на месяц, абвесткі будуць, абяцае айцец Леанід.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: